Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Прэч каталіцтва!

Добрае сэрца чырвонага крыжу Прэч каталіцтва!
Раман
Аўтар: Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны
Швэйк служыць у Сібіры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2

ПРЭЧ КАТАЛІЦТВА!

Айцец Іоакім, настаўнік закону божага ў Омскай жаночай гімназіі, быў багабаязны, адданы справе праваслаўя і здольны захапляцца чалавек.

Гэта ён узьвёў на думку ваеннага камэнданта трымаць праваслаўных салдат асобна ад іншых; ён езьдзіў з дэпутацыяй ад папоўства да губарнатара, каб выклапатаць ваеннапалонным, асабліва чэхам, якія выракліся хлусьлівага вучэньня каталіцкай царквы, дазвол перайсьці ў праваслаўе. І як толькі пасаджанае ім і старэнна дагледжанае дрэва зацьвіло, дакляруючы даць багатыя плады, у галаве гэтага папка зарадзілася неадступная думка, што на ім ляжыць абавязак перавярнуць усіх славян на праўдзівы шлях, гэта значыцца вырваць салдат іншай веры, салдат недавяркавай аўстрыяцкай монархіі з кіпцюроў каталіцтва і далучыць іх да расійскае дзяржаўнае царквы.

Да Гаршыны, які выказаў ахвоту, каб яго прынялі ў лона праваслаўя, ён паставіўся з шчырым захапленьнем. Пачуўшы, што ў лягеры некалькі чалавек ваеннапалонных прышло да перакананьня, што між аднэй і другой верай вялікая розьніца і што праваслаўная вера — самая прыемная богу, ён горача абняў Гаршыну і сказаў:

— Цудоўна, цудоўна! Пагавары з тваімі таварышамі, на якіх сышоў сьвяты дух, а пасьля зноў прыходзь да мяне. Мы вас усіх адразу ў царкве й ахрысьцім. Тут непадалёку — сталярная майстэрня Мікалаенкі, Кузьмы Іванавіча. Схадзі да яго і папрасі яго ад мяне быць за твайго хрышчонага бацьку. А таварышам скажы, каб яны адпрасіліся ў камэнданта ў горад — таксама падшукаць сабе хрышчоных бацькоў.

Калі Гаршына вярнуўся ў лягер і пераказаў гэтыя словы сваім, там панавала не малая ўзбуджанасьць. Перад складам наперадзе былі выстраены немцы, а за імі мад’яры, румыны і італьлянцы. Яны па чатыры ўваходзілі ў барак, і калі выходзілі адтуль, кожны з іх трымаў у руках клунак з бялізнаю, новы шынель, коўдру, боты, пачак запалак, тутунь і папяросы.

Навокал гэтых шчасьліўцаў шпалерамі стаялі расійскія салдаты, каб да іх ня ўбіўся як-небудзь хто з сэрбаў ці чэхаў. «Браты-славяне» схлупіліся тут-жа, з зайздрасьцю паглядаючы на немцаў, і, пераступаючы ад нецярплівасьці з нагі на нагу, з выглядам знаўцаў аглядалі падарункі і падхвальвалі:

— Добры тавар. Пацьдзесят рублёў на рынку за яго заўсёды дадуць.

Прапанова Гаршыны, каб як мага больш народу перайшло ў праваслаўе, не спаткала аніякага водгуку ў гэтым хаосе, і, калі Гаршына, не шкадуючы фарбаў, пачаў расхвальваць, як добра жывецца праваслаўнай дружыне, як яе кормяць пірагамі з капустай і гуляшом, і што кожны новахрышчаны атрымлівае ад свайго хрышчонага бацькі, апроч запрашэньня на гарбату і піражкі, яшчэ прынамсі тры рублі, яму гукнулі:

— Добра, браце, сьціхні. Бачыш, у нас іншыя клопаты, апроч твайго бога. Глядзі што тут даюць, дурань. Вось гэта дык падарункі!

Выдача адбывалася вельмі шпарка, хоць было ясна, што шмат-хто занасіў рэчы ў барак і зноў прыходзіў, каб, згаварыўшыся, відаць, з расійскімі салдатамі, прадаць ім тое, што атрымае другі раз. Палкоўнік Клягэн запрапанаваў быў выдаваць рэчы згодна сьпіскаў ваеннапалонных пад іх расьпіску. Але дамы чырвонага крыжу з усьмешкай адхілілі гэтую прапанову, кажучы:

— Усё гэта людзі нашы, і ўсе атрымаюць роўна.

— От бачыце, хлопцы, — гаварыў хтосьці ў натоўпе ля барака. — Гэтакая штука, як чырвоны крыж, — найлепшая рэч. Яму дапамагаюць нэўтральныя дзяржавы, а тыя могуць не баяцца гаварыць праўду і ўсіх контраляваць. Кажуць, з імі прыехаў швэцкі консул… А от мне, напрыклад, жонка ўжо тры разы прысылала грошы, якія ніяк не дайшлі да мяне. Цяпер яна мне напісала, што дала дваццаць крон на чырвоны крыж, і за гэта мяне адзенуць з галавы да ног. Што-ж, у гэтакіх графіняў усяго даволі, ім ня трэба красьці.

— Заўтра мы ўсе будзем выглядаць як жаніхі, — дадаў Швэйк, а Пісклявы, здагадаўшыся, што народу чакала больш, чым было тых падарункаў, шапнуў яму:

— Унь ідзе палкоўнік, які неўзабаве будзе наш начальнік. Зьвернемся да яго; зьесьці ён нас ня зьесьць, а ў лепшым выпадку дасьць памордзе.

Яны дагналі камэнданта і, стаўшыў ва фронт, гэтак ляснулі абцасамі, што палкоўнік са зьдзіўленьнем узьняў вочы. Выцягнуўшыся ў струнку, Пісклявы адрапартаваў:

— Ваша высокаблагародзьдзе, пане палкоўнік! — сказаў ён па-нямецку. — Я той самы кравец, які будзе шыць вашай жонцы. Майго таварыша вы зрабілі ласку ўзяць сабе за дзяншчыка. Пане палкоўнік, з пакораю просім вас, загадайце паставіць нас сёньня з мад’ярамі, якія атрымліваюць падарункі.

— Вы-ж чэхі, хіба ня праўда? — з непаразуменьнем запытаў палкоўнік. — Чаму-ж вы хочаце стаць з мад’ярамі.

— Дазвольце далажыць, пане палкоўнік, толькі таму, што чэхі нічога не атрымаюць, — адказаў з хітравай усьмешкай Пісклявы. — А нам, пане палкоўнік, ваша ласка сама бачыць, няйначай трэба новае абмундыраваньне.

— Дамы ўпэўніваюць, што ўсім давядзецца роўна, — з прыкрасьцю заўважыў палкоўнік. З хвіліну ён хістаўся, а пасьля рашуча павярнуў назад. — Хадзем. Я зараз даведаюся.

Ён увайшоў у барак, прыпыніўся ў дзьверах і, паказваючы расійскаму фэльдфэбелю на Пісклявага і Швэйка, загадаў:

— Паслухай, браток. Гэтых дваіх паставіш у першы шэраг.

— Слухаю, ваша высокаблагародзьдзе! — адчыканіў фэльдфэбель, абхапіўшы кожнага за стан і паставіўшы іх наперадзе мад’яр. Праз пяць хвілін пасьля гэтага яны вышлі з цэлым бярэмям рэчаў і, прышоўшы да сябе ў барак, Пісклявы заўважыў:

— Усё гэта толькі нам адным. Так загадаў палкоўнік, бо мы будзем у яго служыць.

— Мы, так сказаць, належым цяпер да каманднага складу. — сказаў Швэйк таварышам, якія абкружвалі іх цяпер шчыльнай сьцяной і разглядвалі рэчы. — Эй, ты, пакладзі фуфайку на месца, каб яна ў мяне не загубілася… Усё гэта нам павінны былі выдаць, але што будзе далей, я, браткі, ня ведаю. А ты там чаго шкарпэткі ў кішэню хаваеш? Думаеш, ня бачу, дурань!.. Ну, боты мне якраз на нагу? Я баронэсе так і сказаў, што мой памер — сорак трэці нумар. Бач, кавалачак мыла і мазь ад вошай… Слухай, браце, пакінь споднікі, не чапай, пакінь, кажу я!.. Жадаю вам, браткі, каб і вам давялося атрымаць гэтак, але толькі здаецца мне, што з вамі, чэхамі, ні чорта ня выйдзе.

Калі тыя, што так сабе прастоялі ля складу, вярнуліся й паведамілі, што румын таксама адзелі, і італьлянцаў, але што раздача на сёньня ўжо скончана, прычым апошнія румыны атрымлівалі ўжо толькі адну пасылку на дваіх, і хто атрымліваў шынель, той ужо не атрымаў коўдры, і наадварот, — барак стаў падобен да разварушанага кіем асінага гнязда. У ва ўсіх куткох шумела, гуло, на нарах стварыліся групы, і хоць прамоўца, што расхвальваў нядаўна працу чырвонага крыжу, запэўніваў цяпер, нібы ён уласнымі вушыма чуў, што рэчы чэскаму бараку адкладзены асобна, усё-ж было вырашана паслаць раніцаю дэлегацыю да камэнданта з просьбаю ужыць захады да больш правільнага разьмеркаваньня падарункаў. Палкоўнік Клягэн выслухаў скаргу, а пасьля, паціснуўшы плячыма, сказаў:

— Ну вось, вы-ж сталыя людзі. Скажэце-ж мне, што я магу тут зрабіць! Дамы прыехалі з Аўстрыі, рэчы прысланы з Аўстрыі, вы ўваходзіце ў склад аўстрыйскае арміі… Я, вядома, разьмеркаваў-бы рэчы ня гэтак, але я ня маю аніякага права ўмешвацца ў распараджэньні дэлегатак чырвонага крыжу.

Тут палкоўнік успомніў, што ён не разгледзеў яшчэ Марэкавае справы ў тым, што той дазволіў сабе ў яго прысутнасьці брыдкі ўчынак на словах супроць гэтых дэлегатак.

— Я, здаецца,загадаў даставіць да мяне з самае раніцы таго ваеннапалоннага, якога я накіраваў учора пад арышт, — сказаў ён да старэйшага пісара. — Чаму гэта дагэтуль яшчэ ня выканана?

Калі Марэка прывялі, яму быў зроблены вельмі кароткі допыт з вельмі доўгім пасьля яго эпілёгам. Гутарка ішла на нямецкай мове, але пад канец палкоўнік прачытаў Марэку, дапытліва гледзячы яму ў вочы, цэлую казань па-расійску:

— Нядобра, нядобра, малады чалавек. Тое, што вы зрабілі, было недалікатна. І з вашага боку зусім не па-геройску выходзіць, калі вы парушаеце прысягу і неахвотна ваюеце на нашым баку супроць вашых-жа братоў. Я-б гэтага не дапусьціў. Я ведаю, наш урад мае тут пры гэтым адмысловыя політычныя мэты, але ад гэтага зьмяншаецца дысцыпліна ў нашым войску. Гэтакі салдат ня лічыцца тады ўжо ані з якай прысягай… Ну, а вы каталік ці праваслаўны? Я скажу айцу Іоакіму, каб ён прыняў вас у сваю праваслаўную дружыну. Там вы будзеце вольны. Вы чалавек з асьветаю і можаце знайсьці сабе заняткі ў горадзе.

Тымчасам чэхі атрымалі ў лягеры падарункі: па пачку запалак, па шасьці папярос і па бляшанцы зялёнага мыла, ці па мяшэчку сьмярдзючага парашку ад блох. Прадстаўніцы чырвонага крыжу ўжо паехалі і ўвесь барак роў ад злосьці. Таго, хто хваліў гэтую ўстанову, лаялі на чым сьвет стаіць, і, нарэшце, запатрабавалі, каб ён зараз-жа выносіўся з барака. Калі ён задумаў протэставаць і стаў даводзіць, што ён таксама чэх, і мае права аставацца з сваімі землякамі, яго агульнымі сіламі выкінулі на мароз. Галава ў яго пасьля гэтага была чамусьці ўся ў гузох, і, падняўшыся на ногі, ён злосна гукнуў:

— А ну вас к д’яблу. Вы хочаце быць землякамі чэхамі? Вы хочаце быць адукаванымі? Падлы! Шэльмы! Гады вы, вось што! Каб вы былі паважныя людзі ды з асьветаю, дык у вас-бы і ўчынкі былі іншыя. Што? Узялі? Глядзеце, як я пайду да немцаў. Галадранцы! Пацалуйце мяне ведаеце куды?

Убачыўшы, што ніхто ня мае намеру карыстацца яго запрашэньнем пацалаваць яму туды, куды ён сказаў, ён панура пашоў, раз-по-разу аглядаючыся назад, на барак, на якім была дошчачка: «Аўстрыйская армія: Немцы».

— Швэйк і Пісклявы, узьдзеўшы новенькую форму, раздавалі свае транты тым, хто найбольш меў у іх патрэбу; Пісклявы журботна разглядаў пляшачкі і пушачкі, раздумваючы, што яму рабіць з гэтай колекцыяй.

— З сабою ўзяць я не магу яе, — варашыў ён нарэшце, — а голадам марыць іх таксама шкада… Браткі, хто мяняе парашок ад блох на хлеб?

Дваццаць рук падалі яму ўверчаны ў паперу «падарунак» і пацягліся па хлеб. Пісклявы разарваў пакуначак, адкаркаваў пляшачкі і трагічным голасам сказаў:

— Прападайце-ж, няшчасныя! Я атручу вас, як труцяць салдат на фронце ядавітымі газамі.

Ён насыпаў парашку ў пляшачкі і скалышнуў іх. Вошы весела заскакалі ў ва ўсе бакі, клапы пацягваліся соладка, нібы іх толькі што пабудзілі… Пісклявы пачаў лаяцца, але Швэйк яму парадзіў:

— Паспрабуй узяць вош у рукі і сунуць ёй парашку ў горла. Разумееш, тут забыліся дадаць тлумачэньне, як гэтай штукай карыстацца… Вось пабачыш, што вош здохне.

Пісклявы злосна накінуў на сябе шынель і, сабраўшы свае пляшачкі, мармынуў:

— Пайду я адно і выкіну ўсё гэта ў сарцір.

У другім канцы барака Гаршына размаўляў пра тое, як добра жывецца ў праваслаўнай дружыне, і запісваў у адмысловы сьпіс усіх, хто дайшоў да канчатковага вываду, што тут, у гэтым лягеры, вельмі кепска і што трэба шукаць сабе новага бога, бо стары ўсемагутны і ўсюды даступны каталіцкі бог не клапаціўся пра іх нават і нагэтулькі, каб ім выдалі новыя фуфайкі і споднікі.

— Дзевяноста сем, — падлічыў кандыдатаў Гаршына. — Давай, хлопцы, яшчэ трох. Каб была круглая сотня… Ну, хто яшчэ хоча хрысьціцца?

— Добра, пішы ўжо й мяне, — пачуўся чыйсьці голас з нар. — А нам за гэта пасьля нічога ня будзе?

— Ды хто-ж гэта ў нас ведаць будзе! — аказаў яго сусед і адразу-ж загаварыў далей:

— Ну, тады пішы: Ян Пакорны. Я буду хрысьціцца пад чужым прозьвішчам.

— Трэба яшчэ дваіх. Весялей, хлопцы, весялей! — паддаваў ён жару.

— Ну, добра, пішы й мяне. Кажуць, у іх і цукар выдаюць. Пішы: Венцаслаў Захацеў.

— А мяне запішы апошняга: Франц Поллак. Я тут на рынку ўкраў кавалачак сала, дык мяне здорава адкалацілі. А праваслаўных, чуў я, ня гэтак моцна б’юць, калі зловяць, бо яны іхнія.

З вартаўнічага памяшканьня прышоў расійскі салдат і патушыў лямпу. У цемені хтосьці запрапанаваў:

— Хлопцы, давайце засьпяваем. Толькі што?

— Што-небудзь рэволюцыйнае, — пачулася з розных кутоў.

І праз пяць хвілін шыбы задрыжэлі ад прыпеву:

Бэрлін і Вену няхай зямля глыне,
Аўстрыйская дынастыя няхай згіне,
А праскіх паліцэйскіх перадушым…