Слуцкія песьняры (1926)/А. Атава/Вышай

Мае думкі — то жыцьця шаптаньне Вышай
Верш
Аўтар: Апанас Атава
1926 год
Эй, зьвіні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫШАЙ

Вышай, вышай к страсе
падымайся ты, цэп!
і ў снапы з непамерным размахам.

Засьвішчы, загудзі,
ды з размаху ўпадзі,
каб аж пошчак пашоў па-над дахам!

Бі, каб сноп ядраны,
яравы, аржаны,
ад удару твайго калаціўся,

Бо нядарам-жа ён,
залаты мой загон,
ў полі хваляй марской каласіўся.

Бі! Шырокі мой ток,
Каб салома, як шоўк,
стала мяккай, пляскатай, цягучай.

Я правею зярнё,
як пястун-дзіцянё
любавацьмуся буйнаю кучай.

Дык-жа вышай к страсе
падымайся, мой цэп!
Бі ў снапы з непамерным замахам!

Засьвішчы, загудзі,
ды з размаху ўпадзі,
каб аж пошчак прашоў па-над дахам!