Слуцкія песьняры (1926)/А. Атава/Эй, зьвіні

Вышай Эй, зьвіні
Верш
Аўтар: Апанас Атава
1926 год
⁂ Гэй, мой конік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЭЙ, ЗЬВІНІ

Эй, зьвіні, мая коска сталёвая,
ад мянташкі зьвіні!
Сёньня праца пасьпела ўжо новая —
вось зірні…

Хараством сваім кветкі любуюцца,
ў люстра неба глядзяць,
і ад подыху ветра цалуюцца,
пахацяць…

Паміж траваў кусты паўсядаліся,
чуць шапочуць лістом,
і здаецца яны закахаліся
хараством…

Разьляглося ты, сэрца прывольнае,
як кілім, сенажаць.
Вось дзе можна і моц сваю здольную
паказаць…

Вось дзе можна і плечы шырокія
на ўсю моц разьвярнуць,
вось дзе можна і грудзі высокія
адсапнуць…

Эх, сьвішчы, мая коска бліскучая,
па траве па густой.
Няхай хіліцца траўка пахучая
пад табой…

А я песьню магутную, звонкую
запяю, як поэт.
Няхай чуе мэлёдыю гонкую
увесь сьвет.

Няхай песьня касецкая коціцца,
на шырокі прастор,
няхай працаю — потам узносіцца
аж да зор…

Эй, зьвіні-ж, мая коска сталёвая,
ад мянташкі зьвіні,
сёньня праца пасьпела ўжо новая, —
вось зірні…