Ня пісаў я ніколі летапісаў
і пісаць, напэўне, ня буду…
Пазварочвала бура слупы ўсе,
а ў дарозе ўсё роўна ня зблудзіш.
Што капацца ў архівах стагодзьдзяў
ды трывожыць заснуўшую цень…
Паглядзі, як жыцьцём карагодзіць
сэрца Белае Русі — Менск.
То ня месяц з-за хмар прычаліў
ды над Сьвіслаччу лёг у траву.
Будавалі Менск палачане,
будавалі на сваю галаву.
А Менск толькі бровы нахмурыў,
ашчацініўся стрэламі труб.
Глянь-жа, глянь, як пад белым мурам
за слупом бліскавічыць слуп.
А мядзяныя дроты бальконам
напяваюць пра сьвята жыцьця.
Пахаваліся па стайнях коні —
самалёты над Менскам ляцяць.
Сонца золатам ў дах барабаніць
адбівае сталёвы рытм…
Як у казцы — вясёлая раніца
вечарамі на бруку гарыць.
Дзе вы, дзе, мінулыя годы!
Вам ня ўстаць з-пад конскіх падкоў,
А цяпер вось грымяць заводы.
Будзяць горад сотні гудкоў.
Хай другія па сьвеце брадзяжаць
ды шукаюць багатых зьмен.
Ах, як многа, як многа кажа
беларускаму сэрцу Менск.
|