Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Уладыслаў Галубок/Парабкі
← Чакай, браце… | Парабкі Апавяданьне Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1927 год |
Званы → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Парабкі (Галубок). |
Парабкі.
Усяго дзесяць рубельчыкаў згадзілі Прануся на службу ў двор.
— „Глядзі-ж“, — казала адыходзячы маці, — „глядзі, шануйся; у людзей — гэта ня дома; тут добра, добра, а і не на ласцы“.
— „Добра!“ — гледзячы ў вочы, адказаваў ён: „буду, буду“. А што „буду“, так і сам ня ведаў. Ніколі ня служыўшы, усё дзіка паказалася; здаецца, і людзі ня гэткія, і ўсе, як адзін, чмыхаюць, абмінаючы яго, сірату.
Стоячы, як прыклеены, пры сьцяне і аглядаючы ўсіх з ног да галавы, ён ня ведаў, што распачаць; заплакаў-бы, ды позна; маці даўно адыйшла; спытацца тож[1] баяўся, можа ня можна, і гэтак, перакручываючы ў руках шапку, ледзьве не заснуў, каб не адазвалася да яго нейкая кабеціна, што поркалася ў печы, перакідаючы галавешкі, як чорт добрую душу.
— „Пэўне есьці хочаш?“ — адазвалася яна; — „вось запалю лямпу, накармлю цябе“.
Жоўценькі аганёк зазьзяў у лямпачцы і асьвяціў твар Прануся. „Еш, хлапец, — нябось галодны, як воўк“ — і пры гэтых словах паставіла місу з параю на стол.
Пранусь падсунуўся к сталу, скінуў армяк[2] і павесіў на цьвек. „Крупнік то ёсь[3], гэта добра“, памысьліў ён, „а хлеба-то няма, няўжо тут звычай гэтакі?“ і так ня ведаючы, як у паноў ядуць, спаражніў місу да капелькі.
— „Лоўка, лоўка!“ — прышоўшы ізноў, адазвалася яна, углядаючыся на дно міскі.
— „Цяпер кладзіся спаць, а заўтра за працу, досыць лынды біць[4]“, і, згасіўшы агонь, вышла ў другую палавіну, пакінуўшы Прануся ў пацёмках.
Разаслаўшы армячок і кінуўшы пад галаву нейкі камяк ануч, ён закрыўся гунькай[5] і лёг.
— „Гэта-ж я і не маліўся“, — памысьліў ён: — „ды ці ёсь тут абраз? нешта ня бачыў“, — але, як успомніў, што калісь чытаў, што бог на кожным месцу, падняўся, стаў на каленкі і пачаў маліцца, углядаючыся ў цемнату.
Маліўся за нябожчыка бацьку, за матку, і мысьлі яго перабягалі к сваім розным, дзе хоць бедна, але ціха праводзіў дзяцінны час.
Прыпомнілася тая раптоўная вядомасьць аб сьмерці бацькі, затым хаўтуры, тая глыбокая яма, куды ўставілі дамавіну, і як нейкі барадаты дзядзька закідаў пасьля зямлёй.
Мысьлі блукалі там і сям і нарэшце ўсё зьмяшалася, быццам нехта сьмяяўся, трубіў ражок, нейдзе выў сабака, і сон узяў сваё.
Была ўжо раніца, са двара данасіўся скрып жураўля[6], мыканьне кароў, а Пранусь яшчэ, скорчыўшыся, як вожык, смачна спаў у куточку.
— „Годзе спаць!“ — праз сон пачуў голас кабеціны. Як-бы швайкай жыганулі яго. Усхапіўшыся на ногі, ён насунуў армяк, падперазаўся і гатоў быў, як відзіш[7].
— „Які тут хлапец ёсь?“ — пачуў ён голас з двара і затым у дзьверах паказалася лахматая барада.
— „Пэўне гэты? — спытаўся барадач. — „Гэты, гэты!“ — адказала кабеціна. — „Ну дык пойдзем, карантыш[8], будзем разам гараваць“.
Вышлі на двор. — „Ну скажы, мой сынок, за сколькі згадзілі цябе?“
— „За дзесяць рублёў!“
— „Трудна, братка, трудна!“ — пудліва азіраючыся, казаў барадаты дзядзька. — „Тут гамані, ды за вуха трымайся[9], бо прыляціць чмель, за вуха хопіць“.
Пранусь паверыў, што тут зімой чмялі жыгаляць, і насунуў пры гэтым ніжэй шапку.
На двары было шмат людзей: хто выбіраў гной, хто зганяў ваду, ляніва сноўдалася[10] быдла, падбіраючы дзе-ня-дзе растрэсенае сена.
Пранусь з дзядзькам прайшлі двор[11] і павярнулі за хлявы.
— „Вось, браце, запражэш жаробку і каменьня пазвозіш туды, а я пайду к пану за інтарэсам“.
Вазоў з дзесятак зьвёз Пранусь, пакуль вярнуўся дзядзька і паклікаў к сабе.
— „Дось[12] будзе, пойдзем сьнедаць, нябось галодзен, як воўк, вось пабачыш нашых працаўнікоў і будзеш ведаць, з кім як абыходзіцца.
Падыйшлі к дзьверам. Барадач атрос сьнег і нясьмела пераступіў парог. Тут ужо была сям’я вялікая. Чакалі, калі пададуць полудзень. Пранусь, аглядаючы ўсіх паасобку, перавёў вочы на сьценку і доўга лічыў прусакоў, што шпацыравалі[13] па сьцяне.
Нарэшце тры вялізныя місы паставілі на стале, і галодныя парабкі накінуліся на яду.
— „Але-ж сёрбаюць“, — мысьліў Пранусь; — „далёка шчырэй, як у нас. Асабліва гэты сусед, як смаргане, здаецца, з лавы сьцягне“, — і каб ужо быць пэўным на гэтым месцы, аднэй рукой трымаўся за лаву, а другую спрытна закідаў у місу.
— „Ці пад’еў?“ — спытаўся барадач, як выйшлі на двор; — „тут брат, варон ня лічы[14], а гані, як можаш, бо абмылкі посьле[15] не паправіш“.
За працай дзень ня ў знак прайшоў, і не агледзеліся, як надыйшоў вечар.
— „Дзядзька! — адазваўся Пранусь, — дзе вы сьпіцё, можа й я з вамі як-небудзь прымасьціўся-б: аднаму дужа нудна, учора ледзьве не звар’яцеў, гэтак шорахна[16] было“.
— „Не, браце, танцуй так, як музыка грае: казалі там, ну і там“.
Прыкра было згаджацца, але што-ж зробіш. Панура ўвечары ішоў на адпачынак і, як куля, вылятаў на раніцы, весела смяючыся, убачыўшыся з дзядзькам.
Патроху зганяла з поля сьнег, і дзе-ня-дзе рунелася мураўка. Яшчэ тыдзень, другі — і Пранусь павінен быў узяцца за пасту.
— „Вось тады будзе шмат спакайней, — радуючыся, казаў ён: зраніцы пайду, пасьпяваю,[17] хто будзе чуць? гэта ня тое, што тут: уздыхні, зараз зеркачы[18] адвярнулі, там сам сабе пан, вогнішча разлошыш, тупнеш, сьвісьнеш, як дома, час ня ў знак прабяжыць“.
Даўно чаканая пара падыйшла; неба паласкавела, павесялела, сонца, як мае быць, прыпякло, наляцела птушак, лес зазелянеў, быдла, рыкаючы, весела пабегла ў поле, і Пранусь, як няпрытомны, пагайсаў[19] сьледам.
Барадаты дзядзька, седзячы на прыгорку, пыкаючы люльку, глядзеў і радаваўся, як яго памочнік шпарка бегаў то ў адзін, то ў другі бок за быдлам, зганяючы яго ў вадно месца.
— „Хопіш гора, сынку, хопіш, сколькі ўлезе, над сіратой усякі назьдзекуецца, ведаю, бо сам ужыў смаку гэтага; раней устанеш, пазьней ляжаш, штурханцоў нададуць, а ты, сірата, як бура, усё зьнясеш. Эх, жыцьцё! — марматаў барадач, плюючы са злосьцю на бакі. Усе мы людзі, а ня ўсім бог роўнае шчасьце даў“.
— „Пранусь! Пранусь“! — гукаў ён, не вынімаючы люлькі з зубоў, „адгані Красулю, ды бульбінку хадзі зьеш, дось будзе, дзень вялікі, нагайсаешся“, — і, разгарнуўшы жар, пачаў даставаць пячоную бульбу.
— „А мой сынок, еш-жа, еш, — чаго, чаго, бульбы не бракуе. Бог ведаў, каму бульба: нам, братка, мужыком, каб елі ды цешыліся“.
— „Не сьпяшайся, не сьпяшайся! звольна: над каркам не стаяць“, казаў ён, гледзячы на дзіцянё, падпершы рукамі бараду.
— „Расьці сынок, расьці! шануйся, падрасьцечц, якім яшчэ чалавекам будзеш; казаў — маці жыва, так вось на яе не запамінай: яна-ж цябе гадавала, гаравала; нябось, ня ўломак, — прыгожы, як ягадка.
А тут што? тут вось адбразгаеш[20] сваё, ды да дому… свой хлеб хоць не такі смашны, але ім не падавішся[21]. Праўду, кажу, праўду: тут ня ўслужыш, я ўжо спрактыкаваўся, было ўсяго.
Жыву і чакаю, як вол доўбні“.
Тым часам сонца ня ў знак апушчалася над лесам, і быдла пачало паглядаць у той бок, дзе хлявы.
— „Ганяй, дось будзе, дзень ад’жылі, дзякуй табе, божа!“ камандаваў дзед. Ідучы з дзядзькам, Пранусь углядаўся на хату, з каторай выпаўзаў стужкай дым, і пры гэтым мысьліў, што зараз сядуць вячэраць, то ўжо мух лавіць ня будзе, а падчэпіць самую большую лыжку, і ну яе і туды і сюды.
Жывёлу ўгналі ў двор і размясьцілі па хлявох.
— „Ну, пойдзем, зачэрпнем, што дадуць!“ — адазваўся дзядзька і адчыніў на кухню дзьверы. Там была сама гаспадыня.
— „Во і мы тут, панічка, галодныя, як ваўчкі“, зьбедніўшыся, адазваўся ён: „калі ласка крупнічку лыжачку, я ня проч, ды і хлопчык не адкіне“. Як падалі вячэру і ўставілі на стол, падыйшло яшчэ пяцёх парабкаў і звольна паселі на даўгіх лавах.
— „Ну, хлапец! мая панюхна“, адазваўся барадач, „каб бачылі, што з яго вырабляецца! матыль ды толькі, бяжыць ды бяжыць, увесь час на нагах.
Крыкнеш на сабаку: „Жук, у шкодзе“, пакуль той Жук раскурстаецца, ён ужо бяжыць; дзяцюк, так дзяцюк, а галава, гляньцё, як цэбар, мазгоў поўненька ў ёй, гэта не раўня нашым салапякам.
А гамонка, каб чулі, праўду рэжа, быццам з ксёнжккі[22] чытае, пракурор[23] ды і толькі.
Кажуць, мужык, дык анучка, — вось не! Ён з якім хочаш панам разгаманіцца“.
— „Ну дось-жа, дось хваліць!“ адазвалася гаспадыня. „Табе на руку, старому абібоку,[24] цяпер толькі сядзі, ды варон лічы, што ляцяць над полем, вось гэтак век зжыў, нічога ня робячы, вандруеш[25] па сьвеце, як Марка па пекле“.
— „Які там сьвет!“ з крыўдай, адказаў барадач. Толькі ўсяго і бачыў мужыка чорнага, мужыка рудога, хату з падпоркай, хату без падпоркі. З нас усякі так, у брудах радзіўся, бруд еў, у брудах памёр, мужыкі ня людзі, так і чэзнуць без пары“.
— „Ну а чаго вам лепшага? сілу маеш, зарабі, гарэлкі ня пі, капейку зьбярэш“, сакатала пані.
— „Хто яе п’е, няхай на яе звод! тут кашуля паўзе з плеч, лата на лаце і ў лаце дзюрка, не да гарэлкі, калі так горка!“
— „Усе вы так кажаце, а як дабраўся-б каторы, то як свіньня нарэжацца“.
— „Праўда, панічка, праўда! Пад’еў, так уставай“, перарваў размову парабак Халімон.
Гаспадыня закусіла палец і вытрашчылася. Відаць, Халімонава размова не спадабалася.
Ей хацелася пагаманіць, даняць, высказаць, што мужыкі і так здураны, а тут Халімон слова рэкнуў,[26] паказаў сьпіну, і ўсе за ім.
Застаўся толькі Пранусь.
Сьцямнела. Кругом было ціха, ціха, толькі праз адчыненае вакно данасіўся хрыпаты голас дзеркача.
— „А, і ты тут?“ з радасьцю адазваўся Пранусь, гледзячы ў цёмны абшар. „Можа ты з Красналук завітаў сюды, з матчыным жаданьнем, а можа твой брат дзяркачыў у нас у хмызьнячку?
Ну, яшчэ раз дзергані, яшчэ, яшчэ!“
І яму ўспомнілася родная вёска, маці, дзеці і, хоць беднае, але спакойнае жыцьцё.
— „Скора Пятрок, пасьля Каляды, годзік адматаюся, а там мае грошыкі сюды, куплю коніка, пайду зарабляць, а мо” пашчасьлівіцца“.
І, мысьліўшы пра новае жыцьцё, яму стала дужа радасна, як ён, узяўшы ў пана грошыкі, пойдзе к матцы і скажа: „вось, мамачка, я прышоў, я грошы зарабіў, вось яны, а ці ведаеш, што купіць намысьліў? коніка, мамачка, коніка, буланчыка. Эх, запрагу, ды ў лес, дроў набяру, вывезу, мамка, аднаго рубельчыка перахаплю, другога і гэтак будзем змагацца з бядой. Служыць ня буду, ня буду!“
І так у гэткіх салодкіх думках заснуў, палажыўшы галаву на падваконьніку.
— „Чаму-ж ты тут спіш?“ спыталася, увайшоўшы, ахмістрыня[27] „Мусіць то нудзішся, дамоў зажадаў?!“
Пранусь адскочыў ад вакна, зьняў з калка армячок і хацеў прылегчы ў кутку.
— „А не, а не! не пара, жывёлу выганяй, у полі высьпішся ўсё роўна ўдваіх гультаіце“.
Пранусь зьняў пугу, торбу і вышаў на двор. На двары напаткаўся барадач з заспанымі вачыма.
— „А! І ты тут! вось маладец, ну, адчыняй вароты, едзе чорт з балота“.
Вароты са скрыпам адчыніліся, і скаціна пабегла ў поле, а барадач, ідучы ззаду, зацягаваў нейкую песьню, закаціўшы вочы к небу.
Пранусь бег упры-кочку, пазіраючы ў той бок, дзе былі Красналукі.
Эх, баржджэй-бы мухі белыя, тады і я ня парабак, конь буланы, сам гаспадар, толькі абы бог дапамог, — і, быццам-то трымаючы ў руцэ лейцы, пугаўём сьцёбаў сябе на армячку і крычаў: „но, но, но!“
Барадач здалёку пазіраў на хлапца і ў душы сьмяяўся з яго дзяцінай забавы, а таго ня ведаў, што тут была зусім сталая думка.
— „Туды, сынку, туды!“ камандаваў дзед, прыплюшчыўшы вока, гані, гані Красулю, у шкоду пойдзе. Вось так! вось так! ну, а цяпер хадзі-тка сюды, у мяне і сальца скібінка ёсь“.
Пранусь угрыньнём[28] падбег к дзеду, весела пазіраючы яму ў вочы. „Як табе лепей падабаецца, ці са скурай, ці не?“
— „У, мне ўсё роўна, як дасьцё, так і добра“. Дзед, адшматаўшы[29] кавалак сала, падаў Пранусю, а сам сквапна[30] ўглядаўся, як спраўлялася галоднае дзіцянё.
— „Не сьпяшайся, сынку, не сьпяшайся! у карк ніхто ня валіць.
„А, любіш, гапцюль[31], сала, нібы кот. Гэта-ж кума, дай божа ёй здароўя, патрактавала,[32] а ты пэўне падумаў, што пані раздабрухалася… не, гэткай ласкі ніводзін не даслужыўся. Тут так: добра, добра, а не — каленкам, ды вон. Ну, пагонім дамоў, пара, здаецца“.
Пранусь узарваўся, як пчала, і заляскаў пугай па мураўцы — „Дамоў! дамоў!“ разьлягаўся яго звонкі голас па полі.
— „Ну, ты напаі быдла, а я пайду гляну, можа крупнік заждаўся на нас“, і барадач зацюхціў[33] лапцямі па зямлі, падымаючы слупы пылу за сабою.
— „Што, выхартаваўся?“[34] спыталася пані, як убачыла яго пакалмачаную бараду, ў дзьверах.
„Заві[35] хлапца сюды! трэба пабачыць яго“.
— „Зараз, панюхна зараз! Эй, карантыш, сюды, сюды, косьці, госьці, гвозьдзі[36] усё паядзім“![37]
Пранусь увайшоў. — „А, і ты тут, ну, а як-жа служба? я і ня пыталася“.
— „А нішто сабе, але каб свая гаспадарка была, ведама лепей“, бойка адказаў Пранусь.
— „Што-ж бы гэта было, каб усякі сваю гаспадарку меў, гдзе-ж бы работніка набралася?
Так вось, маленькі гаспадарок, да восені паганяеш быдла, а посьле я цябе сюды забяру, да цяжкай працы; слабы яшчэ, а для мяне якраз паслугач“.
— „Добра, пані добра!“ марматнуў Пранусь, перажоўваючы на астатку нейкі храшч, што нянацкам папаў на зубы.
— „Пойдзем, братка“, адазваўся барадач.
— „Вось, дзядзечка, казала пані, у паслугачы забярэ, мусіць горш далёка будзе“.
Чуў, сынку, чуў, я толькі маўчу, ды думаю, што з гэтага будзе? Тут ня ўежна, ды ўлежна, а там — хоць часьцей зловіш перапечку, дык і гупліка[38] падвабіць, толькі трымайся[39].
Гэта, брат, не навіна! Нашто ўжо мне старому ў злосьці, калі ўклеіла мяшалкай па зубох, то вось адзін па адным тры зубы выбраліся, і здаровыя, як звон, Ну, і маўчу, як-бы нічога ня было. Ці адзін назьдзекуецца над бедным!..
Нас усюды б’юць. Пашоў раз у горад; іду вуліцай, вядома пасярэдзіне, аж дзесяцкі за карк: сюды, кажа. Я гоц у бок, аж — на табе — узьбіўся на нагу нейкай пані, і што, здаецца, пашкодзіў, калі лапцем крыху наступіў на ваксаваны боцік, дык як яна, браце, пачала вудзіць мяне парасолікам, аж пыл курэў; па той раз — плаці, — не пайду.
Так і табе. Пакуль малы, — сілы няма, а будзе сіла, права няма, ну і ануча анучай.
Але кажуць ісьці за паслугача, ідзі, адказаў няма“, — і дзед, закінуўшы на патыліцу шапку, уздыхнуў і запеў:
Вып’ю я чарку, забуду пра гора, засмагшыя губы хоць чуць прамачу. |
— „Вось песьня, дзядзечка, так песьня, нейдзе чуў яе, быццам-то татка мой пяяў, але ня ўспомню; маленькі быў. Навучэце, дзядзечка, мяне, навучэце, надта-ж падабалася“.
Прануся больш ня пусьцілі з барадачом, казалі, каб спраўляўся, калі хоча служыць — адзін.
— „Спраўляюся, спраўляюся!“ — марматаў ён, патрасаючы кулакамі, седзячы на выгане і прыслухоўваючыся к рэху, быццам-то чакаў адказу ад таго, з кім сварыцца.
— „Вам патрэбен, а мне не! Пабачым, ці доўга пабудзе? Зараз пойдзе гамонка, што сьмятану зласаваў, то падмазку зьеў, то ступіў ня так, то глянуў ня так, ня ўгодзіш, каршун вас дзяры.
А дзіця, што дзіця, каму пажаліцца? богу аднаму вядомы зьдзек над ім.
Хіба памру, то замоўчу, а жыць буду, скажу праўдачку ў вочы“.
Пранусь першы раз на сваім жыцьці ўвайшоў у пакоі; застыў у задзівеньні і замысьліўся.
Гэта ня тое, што ў нашых куранках, тут і цёпленька, і сьветленька, падлога бліскучая, суфіты гладкія і абразы ласкавейшыя, як нашы. А птушак — птушак, жоўценькіх і чырвоненькіх, сьвяргочуць, як у лесе.
„Шкода, няма дзядзькі, а то разам паглядзелі-бы, як жывуць людзі! але-што чужым багацьцем глуміць галаву, мне мая куранка таксама не благая.
Пранусю казалі скінуць лапці і на месца іх далі нейкія скураныя боты, сказаў-бы з аборамі, дык не, далёка не, яны і цянейшыя і чорныя, а ня рудыя. Усклаўшы іх, ён доўга марудзіў, пакуль прылаўчыўся ўкручаваць, а посьле набраўся прыкрасьці, пакуль ашмуляліся пяты, з няпрывычкі скура муляла пальцы і дужа высака выціскаліся ў гару пяты.
„Не, такі ліпаўкі далёка раскашнейшыя, разуваючыся ўвечары, казаў ён. Там ні стуку ні груку, а тут ідзеш і азіраешся, быццам ззаду на пяты наступаюць“.
Пражыўшы тыдзень, другі на лягчэйшым хлебе, ён нібы крыху ўжо звыкся і толькі часьценька нудзіўся па свайму барадачу, каторага дзён колькі падрад ня бачыў.
Праца, хоць была няцяжкая, але ўвесь дзень на нагах, туды штурхель, сюды штурхель, там прымі, туды пастаў, зьмяці пыл, мый падлогу, а то бяжы ў мястэчка, адпачынку няма, толькі ўночы.
Пранусь лічыў дні, калі будуць Каляды, і часамі, спатыкаючыся з дзядзькам, казаў яму, што засталося ўжо дзесяць дзён, а то сем, і менш таго.
— „Незадоўга, сынку, незадоўга“, — адказваў ён.
— „Учора, дзядзечка, страху набраўся і мысьліў, што будзе гасьцінца, аж бач не, бог зьлітаваўся нада мной, далі-далі ды нямнога“.
— „Што, нябось загінула што-небудзь? Гэтак, гэтак, бывае запрапасьціцца, ну, і даюць, на каго больш увагі, а посьле — тыц — нашлося, туляюцца, як ваўкі, воч недзе падзець, задобрыць ужо хочуць, але крыўду з сэрца не дастаць.
Ну, што-ж было з табой? Я і забыўся“.
— „А вось нехта зласаваў сьмятану, ды так, што толькі збан застаўся, як сіраціна адзін, ну, ведама, да мяне, ты ды ты!
Аж пасьля выявілася, сама гаспадыня забылася ключы, а нехта дабраўся і страпежыў усю, як мае быць, сьмятану ды масла, салятырку[41] згроб у дадатак.
І пакуль там разьбіралі справу пра масла і сьмятану, мне добра ўклеілі па зубох, і цяпер ныюць, быццам, хто цэглай абязьвечыў“.
— „Чытаў сынок ксёнжкі?“
— „Чытаў“.
— „Памятуеш, што Хрыстос казаў: даруй вінавайцу і не рабі помсты, так і ты, пажаліўся мне і дось“.
Надыйшоў дзень Каляд, Пранусь з дзедам радзіліся, як быць.
— „Ведаеш, сынок“, — казаў дзед; надта-ж жадаю ўбачыць вашу вёску, зямельку і ўсё, што толькі маеце“…
— „Пабачым, дзядзечка, пабачым, вось толькі-бы разьлічыцца“.
— „Ты, сынок, маленькі яшчэ, але я цябе шчыра люблю за твой розум; сэрца маё вось так і хіліцца да цябе, сіраціны“.
— „Пойдзем, дзядзечка, разам адсюль, пойдзем; я ня гультай, буду працаваць, і дзядзька што-небудзь яшчэ здалееце“.
— „Каб бачыў, сынок, лясы павярнуў за свой век, гэтымі круччамі, яшчэ і цяпер сіла ёсьць, усяго не аддаў ім, толькі зубы прышлося волей-ня-волей заставіць на памятку, што вылецелі ад спагаднай рукі пані.
Мне ў жыцьці ня пуціць[42]; нас толькі было двое, я ды брат, і той загінуў за крывавы мазоль.
Казалі, дзеткі засталіся, а дзе, бог сьвяты ведае“…
Пранусь слухаў і маўчаў; мысьлі яго блукалі ў роднай вёсцы, дзе год таму назад усіх пакінуў, як адыходзіў на чужы хлеб.
— „А што, дзядзечка, за здарэньне было з братам?..“
— „А вось, дзеткі, ня тут кажучы, шула ў лесе абярнулася, і няжывога дасталі, і як там далей было, ня ведаю; далёка тады быў я“…
— „А!!… і майго-ж татку дрэва прыбіла, як я быў маленькі“.
— „Ад раптоўнай сьмерці сьцеражы нас, божа“, — зьняўшы шапку, шаптаў дзед. — А памятаеш хоць крыху, які быў твой татка?“
— „Не памятаю, не памятаю, адно толькі засталося, як нашу Насту ён калысаў, то пяяў: Люлі люлі люлі! прыляцелі куры, селі на вароцех у чырвоных боцех“…
Мусіць то, дзядзечка, і ня ведаеце, дзе пахаваны брат, а я таткаву магілку, як цяпер, бачу, націснутую каменьнем“.
— „Так, браце, так, ціснуць нашы грудзі пры жыцьці, ціснуць і па сьмерці“…
— „Пані кліча… пабягу“, — адазваўся Пранусь…
— „Вось здружыліся!“ — адазвалася яна; — „як вас ужо і разьвесьці, ня ведаю, хіба вадою прыдзецца“.
— „А не, панічка, ня варта! самі пойдзем“, — адазваўся Пранусь…
— „Калі-ж рушыце?“
— „А хоць і зараз, дзень вялік“.
— „Добра!..“ і пані выйшла ў другую палавіну, а Пранусь бяз шапкі выбег на вуліцу.
— „Дзядзечка!“ — захлебываючыся з радасьці, казаў ён: — „расстаўляй кішаню, грошы зараз дадуць, ухіо я нарыхтаваў усё к ладу“.
— „Ці-ж так? — ня веручы, пытаўся дзед; — ну, калі ў дарогу, то ў дарогу; старцу сала не ў наклад“.
— „А папалуднаваць трэба, я сваё не дарую“…
Пасьля паўдня іх разьлічылі і далі падводу да мястэчка.
Пранусь, стоячы на сьнягу, глядзеў, як масьціўся на санках дзядзька, а посьле і кажа: „хоць і дрэньненька было тут, але падзякаваць мы павінны; так ня можна“.
Барадач нязразу скрануўся, абмацаўшы скрыўленую сківіцу і пустое месца ў зубох, ён усё чмыхаў ў нос, але, як убачыў, што Пранусь скрыўся ў дзверах, пайшоў і сам туды.
— „Даруйце нам“, казалі яны; можа мы ўгневалі паноў, ведама, простыя людзі“…
Падабаўся дужа паном дзяцінны падзякуй, у ім яны бачылі шчырую, непадрабляную праўду, і за гэта Пранусь дастаў гасьцінца два рублі, а барадач рубель.
Скрануліся…
Мінуўшы браму, барадач зьвярнуўся да Прануся і кажа: „ведаеш, сынку, хоць і казала пані, што я гультай і п’яніца, але гэта няпраўда, сам-жа бачыў, год разам жылі, капейкі ня пусьціў нікуды, зьбіраў, як мог, і праз гэткае жыцьцё, дзякаваць богу, маю з сабой капейку; усё, сынку, табе аддам, не пакінь толькі мяне старога“.
Пранусь маўчаў і цалаваў дзеда рукі. — „Пакуль буду жыць, не пакіну, дзядзечка, вас“.
Прыехалі ў Красналукі і ўвайшлі ў хату. Маці з радасьці аслупела,[43] як убачыла, што сын, як сарока, падбег к ей.
Пыталася пра ўсё, што толькі прышлося яму ўбачыць на службе.
— „А хто-ж будзе гэта?“ — спыталася яна ў Прануся, паказываючы на барадача, што поркаўся па клумках.
Пранусь з малога да вяліка давёў матцы пра асаблівую шчырасьць гэтага чалавека і пры гэтым сказаў, што даў слова не пакінуць яго аж да сьмерці, як-бы ні жылося.
Старая ўглядалася на госьця і ня ведала, што распачаць: твар яго надта быў падобны да нябожчыка мужа і наводзіў на яе сэрца тую боль, каторая крыху прызабылася.
Далей болей разгутарыліся пра жыцьцё яго брата.
— „Ня памятаю, казаў барадач, хлопцамі ў сьвет разыйшліся, казалі людзі, памёр пад дрэвам, а дзе і як, ня ведаю…
Адна памятка ў мяне ёсьць, крыжык выцінаны, надта даўны, гэта яшчэ бацька, як нас благаславіў, то абодвым на шыі панадзяваў, мой то вось дзе, а братні пэўне разам у магіле“.
Глянуўшы на крыжык, у старой затрасьліся рукі і сьлёзы пасыпаліся з вачэй. Нічога ня кажучы, яна пагяла рукою па грудзях, дастала адтуль крыжык і кажа: „ня гэты?“
Барадач глянуў і заплакаў. „Гэты сам, гэты, знача тут мой брат жыў і памёр, так во’ дзе яго кроў, во’ як. „Хапіў Прануся на рукі і пачаў моцна цалаваць…
- ↑ Лепей — таксама.
- ↑ Сярмягу.
- ↑ Ёсьць.
- ↑ Значыць — даволі гультаяваць.
- ↑ Дзяружкай, пасьцілкай.
- ↑ Вінды пры студні.
- ↑ Значыць — ураз.
- ↑ Малыш; ад — кароткі.
- ↑ трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
- ↑ Хадзіла ўзад і ўперад.
- ↑ Правільна — надворак.
- ↑ Досіць, полён. — даволі.
- ↑ З ням. — прахаджваліся.
- ↑ Значыць — не зявай.
- ↑ Ужываецца болей — пасьля.
- ↑ Жудасна, — боязна.
- ↑ Ужываецца болей — папяю.
- ↑ Значыць — вочы.
- ↑ Паляцеў, пабег.
- ↑ Значыць — адбудзеш.
- ↑ Русіц. — задушышся.
- ↑ Кніжкі.
- ↑ У судзе асоба, якая мае на абавязку абвінавачваць падсуднага.
- ↑ Гультаю.
- ↑ З ням. — wandern, падарожнічаць, туляцца, цягацца.
- ↑ Сказаў, урэзаў.
- ↑ Гаспадыня ў панскім палацы.
- ↑ Вугром, вельмі хутка.
- ↑ Адрэзаўшы.
- ↑ Полён. — ахвоча
- ↑ Значыць — малы, карантыш; запраўды — дзеравянны гузік, брызгуль, як ўкладзецца ў гаптачку, адсюль — гапцюль.
- ↑ Пачаставала.
- ↑ Зачасьціў.
- ↑ Згаладнеў, ад хорт, сабака які нібы галодны заўсёды з падцягнутымі бакамі.
- ↑ Лепей — кліч.
- ↑ Рус. — цьвякі.
- ↑ Рус. — паямо.
- ↑ Штурхача.
- ↑ трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
- ↑ Рус. — грудзях.
- ↑ Знарочная талерка да салаты.
- ↑ Ня шчасьціць
- ↑ слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…