Гай мой сіні Трыпціх
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1927 год
Я не чакаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Трыпціх (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТРЫПЦІХ

I

Адцьвілі ў барваваньні сады,
забялелі вятры у пялёстках.
Пашарэў, як над хатамі дым,
У душы кармазынавы росквіт.

Забялелі вятры у пялёстках…
Пажаўцеў, бы увосень трава,
у душы кармазынавы росквіт,
і жаданьні ляглі далавах.

Пажаўцеў, бы увосень трава,
дум мурожных квяцісты вянок,
і жаданьні ляглі далавах, —
значыць, шлях загубіў у пясках.

II

Не сагнуць маладосьць маю ветры,
хоць наземяць пялёсткі сады,
і журба захлынецца у нетрах —
буду зноў, як калісь, маладым.

Хоць наземяць пялёсткі сады, —
зацьвіце мая радасьць — шыпшына,
буду зноў, як калісь, маладым,
бо ніхто яшчэ з песьняй ня згінуў.

Зацьвіце мая радасьць — шыпшына,
вецер пах у палёх разьнясе,
бо ніхто яшчэ з песьняй ня згінуў,
не адзін — хто маліўся красе.

III

Я пайду ў паплавы ды мурожныя,
разьнясе вецер песенны звон.
сіні вечар на жытневай пожні
прыгалублю дзяўчынку ізноў.

Разьнясе вецер песенны звон,
у дуброве адклікнуцца жнеі.
Прыгалублю дзяўчынку ізноў
і журбы тады будзе ўжо меней.

У дуброве адклікнуцца жнеі,
засьпяваюць бяздонныя нетры,
і журбы тады будзе ўжо меней —
не сагнуць маладосьць маю ветры!

Сьнежань 1925 г.
Менск