Ад радасьці
мне хочацца сьмяяцца дзіцем,
галоў схіліўшы
на прыпол вякоў.
Мне хочацца дзівіцца і дзівіцца,
як чокаюць кілішкі
буйных слоў.
Я іх люблю, —
яны мне блізкія
з дзяцінства.
Узяў я з імі шлюб,
і сэрца радасьць цісьне,
і ў сэрцы зоры бліскаюць.
І я, —
я не адзін такі —
нас шмат.
Хто хоча, поглядам акінь…
Які бунтоўны
штаб!
Якія ў песьнях тоны!
Чаго-ж яшчэ нам болей?
А вось:
давалі гымны нюняць,
каб радасьць ня ўпілася болем
па сялянскіх пунях…
Хлапцы!
сягоньня з намі сонца, —
мы з ім ў дарозе ня прыстанем.
Ці-ж можа пахкасьць ў нас астыць?
Ніколі, не!
Пал хмелем моцна-моцным
мы прыдзем на паўстанак
новага сталецьця…
Няхай мінуўшчына нас не кляне,
наш сьпеў ад сэрца льлецца.
Затым
мне й хочацца сьмяяцца дзіцем,
галоў схіліўшы
на прыпол вякоў.
Мне хочацца дзівіцца і дзівіцца,
як чокаюць кілішкі
буйных слоў.
|