«Жалейка» — песні Янука Купалы
«Жалейка» — песні Янука Купалы Аўтар: Уладзімір Самойла 1908 Крыніца: Уладзімір Самойла // Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / [уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі]. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — 692 с. — (Беларускі кнігазбор). |
Упершыню Наша Нива, 1908, №17 |
Да нядаўняга часу за беларускаю моваю ніхто ў нас не прызнаваў права на сваё асобнае жыццё, яе высмейвалі, называлі «дубоваю», «хамскаю»; ёй адводзілася самае незавіднае месца: далей мужыцкага задворка, далей убогіх мужыцкіх палёў не смела праходзіць мужыцкае простае слова. У школе і ў жыцці ўсё было зроблена так, што і сам мужык-беларус стаў цурацца і роднай мовы сваёй і свайго народа.
Народныя песні тапталіся ў гразь. І васьмімільённы беларускі народ, прыдушаны векавым уціскам, забыты Богам і людзьмі, рассеяны сярод непрытульных балот, лясоў, гор і пяскоў, не меў нават песняроў-«пячальнікаў» і заступнікаў сваіх, што ў песнях маглі б расказаць пра яго гора і радасці, пра яго надзеі, жаданне лепшага жыцця.
Толькі нядаўна над цёмнай і пахмурнай Беларуссю сталі крыху расхадзіцца хмары, вузенькі луч свету і цяпла пачаў ліцца ў змучаную душу мужыка-беларуса. Такі дачакаў народ наш сваіх «пячальнікаў».
Да гэтых «пячальнікаў» беларускага народа належыць першнаперш малады пясняр Янук Купала. Затрымаемся даўжэй на творах яго.
Творы Янука Купалы дагэтуль друкавала толькі «Наша ніва», але цяпер песні яго выйшлі ў свет у асобнай кніжцы, каторую малады пясняр наш назваў «Жалейкай». Песні Купалы — гэта люстра, у каторым свеціцца душа беларуса, яго жыццё, яго родны край; гэта праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы, гэта — «крык, што жыве Беларусь». І хто раней не верыў, каб беларускі народ мог прачнуцца і пайсці сваёй уласнай дарогай, той цяпер мусіць прызнаць, што беларусы яшчэ не ўмёрлі, яшчэ маюць сілу жыць і развівацца, што ўжо самі яны «нясуць сваю крыўду на свет цэлы», захацелі «людзьмі звацца».
Думкі і погляды «Жалейкі» — гэта тыя ж думкі і погляды, што жывуць у народзе. У надта харошым вершыку «Да мужыка» пясняр наш пытае:
Эй, скажы, мужычок,
Дзе ты долю падзеў?
Ці ўтапіў ў ручаёк,
Ці прапіў, ці праеў?
І мы ведаем, што ўсе беды папраўдзе так прыціснулі беларуса, што і дыхаць яму цяжка…
Добра ўдалося Купалу пералажэнне народнай казкі аб «Канюху», каторы быў пракляты богам і назначаны вечна прагнуць за тое, што з гультайства і сябелюбства адмовіўся ад агульнай работы «дабывання вады» — работы, каторую даў Бог усяму жывому. Гэты вершык пасвячаецца думцы аб супольнай, згоднай працы грамадскай, без каторай народу ніяк нельга палепшыць жыцця свайго. Пясняр моцна верыць у сілу грамады:
Грамада — вялікі гмах:
Адзін ляжа, сто ідзе,
А хто ж роўны грамадзе?!
У «Жалейцы» многа вершыкаў, дзе рысуюцца вобразы жыцця мужыцкага, роднай старонкі («Гэта крык, што жыве Беларусь»), вобразы родных бярозак, альшын, ліпы; і ўсюды поўна глыбокай жаласлівасці, цеплаты, любові да беднага, забітага краю:
Невясёлая старонка
Наша Беларусь:
Людзі — Янка ды Сымонка,
Птушкі — дрозд ды гусь!
У песні «Чаго б я хацеў» пясняр гаворыць, што не жадаў бы сабе ні багацтва поруч з бядою народа, ні шчасця ў забітай, прыніжанай старонцы:
Эй, сказаць жа, чаго я хачу?
За што нават бы сэрца аддаў?
З чаго твар я слязамі мачу?
Ці ж хто з вас калі гэта згадаў?
Дык жа знайце, чаго б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае:
Каб мой люд маю песню запеў
І пазнаў, аб чым песня пяе!
Мы шчыра падтрымліваем добрае жаданне песняра. Няхай яго думкі, «думкі-весялушкі», што ў сэрцы паэты народнага, «нібы птушкі песняй азваліся», знойдуць сабе дарогу ў кожную хату вясковага беларуса. Няхай «Жалейка» будзіць народнае самапачуццё, няхай памагае беларусам прачнуцца ад векавога сну, жыць новым жыццём, расці і развівацца ў добрай згодзе і разам з братнімі суседнімі народамі!