Фэльдфэбель, напужаны незразумелым яму зьнікненьнем аўстрыйцаў, бо двор-жа вось толькі быў поўны людзьмі, якіх ён лічыў за аўстрыйцаў, канцом спалохаўся і, заікаючыся, прамармытаў:
— Так точна, ваша благародзьдзе! А як-жа? Сапраўды так!
— Вось я табе, курынаму сыну, зараз пакажу, колькі тут аўстрыйцаў, — ужо троху мякчэй сказаў капітан. — А ну, згані іх на тым баку зноў у адну кучу…
Ён узяў у фэльдфэбеля паперку і адлучыў немцаў, чэхаў і іншыя народы ды народзікі лапікавай монархіі адзін ад аднаго, як казлоў ад авец. І калі пасьля італьянцаў, якія засталіся на месцы, ён выклікаў: «аўстрыйцы» — пачуўся нейкі адзін хоць і гучны голас:
— Тут!
Гэта быў удалы ваяка Швэйк, які вызнаў, што ён аўстрыйскай нацыянальнасьці. Пасьля ён апраўдваўся:
— Не хацелася мне крыўдзіць нашага дзядульку, каб непрыяцель мог падумаць, нібыта ў яго апостальскай вялікасьці няма ніводнага вернападданага. Мне прышлося замазаць слабыя бакі нашай айчыны, як гэта рабіла мадам Пакорні з Лубачэва са сваей дачкой, калі ішла з ёй на танцы, каб мужчыны ня бачылі таго, што ім бачыць ня трэба.
Капітан Кукушкін сказаў Швэйку па-расійску, што найшлася, як відаць, між гэтага інтэрнацыянальнага быдла, прынамсі, хоць адна аўстрыйская сьвіньня, а потым узяў свайго фэльдфэбеля за каўнер, Швэйка за вуха, і стукнуў іх ілбамі, каб яны лепш пазнаёміліся і іншым разам пазнавалі адзін аднаго. Пры гэтым Швэйк сказаў:
— Так, так! Правільна! Хай ведаюць, як пазнаваць ворага, і з чаго ён складаецца!
Пасьля Швэйк сказаў, што кучка хлеба, аддзеленая аўстрыйцам, павінна дастацца яму, адзінаму прадстаўніку гэтага насельніцтва Аўстрыі. Гэтая заява, перакладзеная капітану унтэр-офіцэрам русінам, выклікала самую зацятую лаянку з боку капітана, які аддаўся сваім разрахункам, колькі аўстрыйцаў паказаць яму ў харчовай ведамасьці, і колькі можна на гэтай справе выгадаць, бо ў натуры іх было так мала. А калі Швэйк ня сунімаўся і ўсё намагаўся свайго, спасылаючыся на тое, што ўсе