«Залёты», аперэтка Вінцука Дуніна-Марцінкевіча

"Залёты", аперэтка Вінцука Дуніна-Марцінкевіча
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
1915
Крыніца: Наша Ніва, 1915, №5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«ЗАЛЁТЫ», АПЕРЭТКА ВІНЦУКА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА

...у адраджэнні ўсякага народа (украінцы) тэатр - сіла непамерная, а ў адраджэнні беларусаў, пры іх псіхіцы, пры іх дэмакратызме, ён можа сыграць вялікую ролю. Максім Гарэцкі

25 студзеня Беларускі музыкальна-драматычны гурток выставіў на сцэне аперэтку «Залёты», напісаную каля паўвека таму назад (у 1870 г.) праз В. Марцінкевіча, - толькі музыку да слоў аперэткі п. М. Кімант дапасавала цяпер.

Змест аперэткі дужа просты: Сабковіч, дабіўшыся праўдай і няпраўдай «з пастуха» да панства, дзеля збольшання свайго багацця хоча жаніцца з Адэляй, дачкой шанаванага ў павеце суддзі. Але дзякуючы сваёй хцівасці, Сабковіч па дарозе ў сваты к Адэлі купляе крадзенага каня, што і губіць яго ў тым часе, калі ён госціць у суддзі. К таму ж Маршалак раскрывае перад суддзёю ўсю горкую мінуўшчыну Сабковіча.

Аўтар аперэткі В. Марцінкевіч, сам шляхціц, шчыра стаяў на стражы інтарэсаў гербоўнай шляхты-паноў, і хаця бачыў усе іх недастаткі, усё ж такі ў сваіх творах выказваў думку, што ўся бяда беларускай беднаты паходзіць не ад паноў, а ад панскіх слуг: аканомаў, цівуноў і іншай марноты. Пры шчырай сваёй прыхільнасці да народа Марцінкевіч не мог стаць усёй душою на старане дэмасу, на старане толькі што выпушчанага з-пад панскай няволі мужыка-беларуса. Для Марцінкевіча гэты мужык ёсць мужык: можна даць яму і асвету, можна яму пазволіць дайсці да сякога-такога дабрабыту, але няможна дапусціць яго да раўні з панамі. Нават у сваіх літарацкіх працах гэта дзяльба панскіх ад мужыцкіх душ перабягае скрозь чырвонай нітачкай, асабліва ў творах сцэнічных. Гэтак у «Залётах» паны, і той нават пан з мужыкоў Сабковіч, павінны гаварыць па-польску[1], а толькі слугі іх гавораць па-беларуску, ды нягледзячы на тое, што ў той час шмат дзе па якіх дварах паны гаварылі паміж сабой па-беларуску.

Марцінкевіч бачыў, што сярод мужыкоў пачынаецца эвалюцыя, што колькісотлетняя паншчына не забіла да апошняга ў мужыцкай душы жадання падняцца вышэй са свайго паніжэння, са сваёй беднаты-цемнаты. Паяўляюцца сабковічы, тыя сабковічы-мужыкі, што багацеюць дабром з крыўдай для разбагацеўшых паноў на мужыцкім дабры. Калізіі гэтай Марцінкевіч яшчэ не хоча ці не можа ўразумець, яшчэ аўтара не патрапіла захапіць хваля вызвольнага ветру з Захаду. І Сабковіч у «Залётах» - гэта ёсць шэльма з шэльмаў, узвялічаны аўтарам да нейкага горшага гатунку карыкатуры, а не чалавека з яго добрымі і благімі старонамі. Марцінкевіч не мог падмеціць другі сабковічаў, другіх дарабковічаў, дарабковічаў не золата, а духу! А ужо былі на Беларусі і такія, - узяць бы хоць Сыракомлю. Для тых часоў, для сучасных Марцінкевічу чытачоў і слухачоў, «Залёты» напэўна мелі вялікую вартасць, бо напісаны былі не для шырокага беларускага грамадзянства, а толькі для часткі яго, для той касты, што умела чытаць і мела за што хадзіць у тэатры. Для цяперашняга беларускага грамадзянства «Залёты» ёсць ні болей ні меней як сумны ўспамін тых часоў, калі людзі думалі і верылі, што ў адных станоў белая косць у целе, а у другіх - чорная. Сягоння пачынае рунець другая рунь, выходзяць на поле бітвы за лепшую долю для чалавецтва іншыя сабковічы, сабковічы духу, і чакаюць не «Залётаў», а вяселля, на якім бы адбылося вялікае свята, свята беларускай вызваленай з пут векавечных душы. Былі залёты пакляпаць мужычка белай рукой па зморшчаным твары ды паказаць яму, як гэта нягодна выбівацца з мужыкоў у паны, дый толькі залёты і засталіся.

Выстаўлены «Залёты» на сцэне былі старанна. Відаць, працаўнікі гуртка не жалелі ні працы, ні часу, каб толькі ўсё добра сышло, каб толькі добра... Але, дзе гэтага «але» няма, апрача двух-трох артыстаў, аб іншых трудна было падумаць, што гэта іграюць беларусы і па- беларуску са сцэны гавораць. Бедная ты мова беларуская, як цябе людзі не ўмеюць шанаваць!

Ігра артыстаў была добрая, або, скарэй, добрае старанне, каб добра сыграць. К. Душэўскі пастараўся стварыць Сабковіча такога, які нябожчыку аўтару напэўна падабаўся бы. Ягучанская ў ролі Даміцэлі троху заядавіта, як выпадае для сястры, кпіла з брата, але ўсё ж такі міла вабіла вока сваёй ігрой. Дужа быў сімпатычны Страздэс, каторы такога слаўнага адтварыў Петрука, што не адна паненка у залі пальчыкі, гледзячы, аблізвала. 3. Бядуля даў тыповага нашага беларускага Мордку і сваёй стараннай ігрой вызываў у публікі шчыры «смех скрозь слёзы». Баневічанка сумленна старалася выказаць настроі пакрыўджанай праз Сабковіча Марысі. Вітась складна прадставіў Гапона, бацьку Марысі, у каторага апошнюю кабылку ўкралі, Маркевічанка, выказаўшая ўжо сваю артыстычную здольнасць у ролі Паўлінкі, міла выпаўніла ролю Куліны, жонкі Гапона. Слабодскі за добрыя спевы ў ролі студэнта Стася атрымаў ад публікі пахвалу - «брава!». Адэлю вытварыла Марачэўская добрай і кахлівай дзяўчынай. Маркевіч важны быў бы Маршалак, каб толькі не гаварыў са сцэны, як прадвадзіцель дваранства, «врэмя», «судья». Бурбіс, як і заўсёды, не папусціў сябе ў крыўду і ў ролі суддзі. Барташэвіч быў ключвойтам, як і трэба быць ключвойту. У сімпатычным Адольфку грым здрадзіў Бурбісовую, каторая, паміма вялікай працы каля устройства гэтага вечара, патрапіла яшчэ і добра сыграць сваю ролю на сцэне.

Вось гэтак болей-меней выдаецца ігра артыстаў. Месца не пазваляе выказаць тут болей лепшыя ці слабейшыя староны іх ігры.

Музыку, як я ўжо ўспомніў, напісала да «Залётаў» п. М. Кімант і сама, не жалеючы працы і часу, павывучвала, як трэба пяяць, артыстаў, падчас не знаючых нотаў. За гэту шчырую працу п. М. Кімант належыцца шчырае дзякуй. Што да самай музыкі, то трудна большага вымагаць. Каб у нас быў свой Манюшка і свае Шаляпіны, то, можа, усё іначай было бы, а так прыходзіцца дзякаваць за тое, што ёсць, ды чакаць не «Залётаў», а «Вяселля».


  1. «Залёты» у арыгінале напісаны мешанай мовай - беларускай і польскай.