«Звоніць сэрца жарам» (Бабарэка)
„Звоніць сэрца жарам“ Артыкул Аўтар: Адам Бабарэка 1925 Крыніца: „Савецкая Беларусь“, 1925, 22 сак |
(Контуры творчага шляху Алеся Гурло)
Што яшчэ ўчора здавалася марамі, |
Накапляецца ў сьвядомасьці паэты пэўны духоўны капітал. Дасягае пэўных межаў і, ня могучы ўжо вымясьціцца ў рамках свайго эмоцыянальнага стану, выбіваецца на сьвет у формах мастацкіх твораў. Нараджаюцца песьні ці то сумныя, ці радасныя, вясёлыя. Узыходзяць кветкі мастацкай творчасьці, каб, уплываючы на пачуцьці другіх асоб, выклікаць родныя паэту адчуваньні, каб арганізоўваць пачуцьці, думкі і волю на супольнае з паэтам змаганьне за станаўленьне пэўнага ідэалу ў жыцьці.
Такою кветкаю мастацкай творчасьці Алеся Гурло „на доле, пад кустамі, між сухіх лістоў і трэсак“ вырас „Барвёнак“ з шасьцю „лісткамі“: „Трывогі і надзеі“, „Хараство прыроды“, „Гоман мора“, „Родныя вобразы“, „Чары каханьня“ і „Звоны працы“.
Вынікі ўзаемадзеяньня сіл надворнага сьвету (аб’ектыўныя сілы) і сіл унутранага сьвету паэты (суб’ектыўныя сілы) — гэта аснова таго духоўнага капіталу, таго зьместу сьвядомасьці Алеся Гурло, які ім матарыялізаваны ў вобразе „Барвёнка“.
Пагодны дзень і ветру шум |
кажа паэта ў сваім вершы „Мой сьпеў“, і вынікі гэтага ўзаемадзеяньня ён сынтэзуе ў вобразе „жар сэрца“.
Самы працэс гэтага ўзаемадзеяньня, самы характар дзейных сіл гэтага працэсу азначаецца паэтам як „жар сэрца“.
З аднаго боку, на поле сьвядомасьці паэта падаюць праменьні вакольнага сьвету як прыроды ў цэлым, так і людзкога жыцьця, з другога — праменьні сваіх уласных эмоцый, сваіх трывог, надзей, імкненьняў і жаданьняў і — вось у выніку нараджаецца „жар сэрца“ з яго вечным шуганьнем полымя і іскраў увысь, угору, з яго разьніманьнем ушыр на прасторы.
Жар сэрца прагне ўвысь нябёс, І поруч з гэтым паэта вызначае і канечны пункт імкнённасьці „жару сэрца“. Да хараства імкнецца ён, |
Вось у аснове той духоўны капітал Алеся Гурло, які ён матарыялізуе сродкамі мастацкай мовы ў форме невялічкіх лірычных вершаў–песень, з якіх складаецца і ўвесь „Барвёнак“.
Ключ да зразуменьня, якімі прынцыпамі карыстаецца паэта пры матарыялізацыі праз слова свайго „жару сэрца“, паказвае сам Гурло ў вершы „Песьні–думкі“.
Песьні–думкі я складаю |
Сынтэзаваньне надворнага, вакольнага сьвету з сьветам душэўным, унутраным, сынтэзаваньне праяваў „не я“ з праявамі „я“ — вось у аснове прынцып А. Гурло аб’ектывізацыі „жару сэрца“.
Гэты прынцып мастацкай творчасьці да некаторага стопня вызначае сабою і праблему, якую паставіла жыцьцё перад паэтам.
Сэрца стамілася цяжкай няволяй, |
кажа так паэта ў вершы „Думкі аб шчасьці“. Вось гэта процівастаўленьне сьвету вакольнага і самога сябе, свайго „я“, што ня мае ні долі, ні шчасьця, ні волі, парадзіла пытаньні.
Хіба я лішні на белым сьвеце?
Хіба радзіўся, каб плакаць — ня пець?
|}
У гэтых пытаньнях і тая праблема, якую высунула жыцьцё перад паэтам. Гэта — здабыць, дамагчыся шчасьця і волі для чалавека, такога–ж шчасьця, пра якое ў прыродзе многа пяе галасоў.
У зьлітнасьці ўсіх сьпеваў і прадстаўляецца паэту станоўленьне шчасьця і хараства як канечных ідэалаў жыцьця. Задача прыбліжэньня жыцьця людзкога да шчасьця і хараства становіцца для Алеся Гурло задачай і яго ўласнай мастацкай творчасьці.
Струны свае я наладжу нарэшце — |
Такім чынам, А. Гурло цераз аб’ектывізацыю свайго „жару сэрца“ ў мастацкіх творах разьвязвае адну праблему жыцьця — гэта зрабіць яго шчасным, прыблізіць яго да хараства.
Сваю ролю ў разьвязаньні гэтай жыцьцёвай задачы паэта вызначае праз верш „Сяўба“:
Павіннасьці сяўца на ёй (зямлі — А. Б.) свае спаўняю.
І шэпча ласку мне надзейная вясна…
Яна гаворыць мне, што ўзыдзе зелень руні,
Аб долі шаматнуць пасьпеўшы каласы,
І жыцьця лепшага прабуджаныя струны
Сальлюцца ў гымн з усім для шчасьця і красы.
Ужо ўсё азначанае вышэй пралівае сьвет на тую эмацыянальную ідэёвасьць, у якую паэта адзяе вобразы свайго матэрыялізаванага зьместу сьвядомасьці. У вершах А. Гурло вельмі рэдка спатыкаюцца закліканьні або дыдактычны тон. Гэта не адпавядае сутнасьці тэй задачы, якую ён ставіць перад мастацкай творчасьцю. Ён творыць песьні так, каб яны самі сабою выяўлялі шлях да ідэалу, каб самі сваім гучаньнем павялічвалі кола хараства, каб самі зьяўляліся сродкам для дасягненьня шчасьця людзкога на зямлі. Адгэтуль усе творы А. Гурло прасякнуты жывой малюнковасьцю і звонам музычнасьці.
У бегу дзён я чую звон, |
Адкрываньне жыцьцёвай красы ў зьявах як надворнага, так і ўнутранага сьвету, каб „жыці ёй адной“, — вось якою імкнённасьцю павявае ад вобразаў матарыялізаванага стану эмоцый паэты.
Цяпер апошняе пытаньне — каму служаць песьні Алеся Гурло, якім клясавым групоўкам дапамагаюць яны сябе пазнаць, а праз тое павялічваць сілы і энэргію ў барацьбе за ажыцьцяўленьне клясавых ідэалаў? Сам паэта так гаворыць:
На рубе двух міроў: між горадам, палеткам |
Так і песьні яго падзяляюцца між рабочым горадам і сялянскаю вёскаю і служаць тым, хто пра песьню так сьпявае:
Песенька мая харошая, |
Песьня Алеся Гурло зьліваецца ў адзін сьпеў з тымі сьпевамі, якія аздабляюць, успрыгажаюць і робяць лягчэйшаю працу, ці будзе яна ў полі за сахою, ці ў горадзе на заводзе за варстатам.
Пад дзьмух мяха і іскраў сьвісты |
Вось гэтай зьлітнасьці сьпеваў мужыка, пастуха і каваля Алесь Гурло і зьяўляецца песьняром. І ўся яго мастацкая творчасьць у цэлым прадстаўляе сабою гэты сынтэз працы рабочага і працы селяніна. Яна ад „звону ў далі палеткаў сярпа і гострае касы“, з аднаго боку, і „машыннага звону“ заводу — з другога. Песьня Алеся Гурло гэтыя звоны сынтэзуе. А таму яго песьні — гэта песьні рабоча–сялянскія.
Паэта здолеў узьняцца на вяршыну над горадам і вёскаю, адчуў сугучнасьць сьпеву абудвых „міроў“ і распалены гэтай зьлітнасьцю сьпеваў вяршынны „жар сэрца“ матарыялізаваў пад вобразам першай кветкі „Барвёнак“. Гэта вобраз першых усходаў таго, што „ўчора здавалася марамі, а сёньня — здабытак жыцьця“.
Алесь Гурло — паэта–маладняковец. Гэта ўжо вызначае і яго далейшы шлях творчасьці. Узьнімацца вышэй, каб сынтэзаваць у сваіх песьнях шматфарбныя тоны працы рабочых і сялян, каб шырэй атуліць „жарам сэрца“ свайго імкнённасьць будаваць шчасьце на зямлі праз сацыялізм. Такі творчы шлях Алеся Гурло.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.