«Крывіч»
«Крывіч» Аўтар: Уладзімір Самойла 1924 Крыніца: Выбранае / Уладзімір Самойла. — Мінск : Кнігазбор, 2017. — 288 с. - с. 65-72 |
Месячнік літаратуры, культуры і грамадзкага жыцьця.
Пад рэд. В. Ластоўскага і К. Дуж-Душэўскага. №№1–6
Трэба перадусім шчыра прызнацца ў вялікай віне: больш, як паўгода, істнуе адзіная па гэты бок усходняга кардону беларуская часопісь, беларуская прэса ў Заходняй Беларусі ані разу не адгукнулася на гэтае, у кожным разе вельмі выдатнае ў нашым бедным культурным жыцьці зьявішча…
Пэўна-ж былі тыя ці іншыя прычыны доўгага маўчаньня… Але трэба прызнаць і тое, што запраўдная вартасьць культурнай працы ковенскіх “крывічоў” усё-ж перамагла…
Мы ня будзем тутака дашуківацца гэтых прычын, скажам толькі, што галоўная зь іх ляжыць у тых аб’ектыўных варунках — парэзу і падзелу беларускай тэрыторыі і беларускага грамадзянства на 4-5 кавалкаў, ня лічучы эміграцыі, якія воляй лёсу змушаны жыць і працаваць у вельмі розных палітычных варунках. Ужо адно гэта выклікае пэўныя, часам вельмі глыбокія і прыкрыя непаразу меньні.
Трэба-ж прызнаць, што ўсюды, ува ўсіх бяз вынятку “заборах” Беларусі няма запраўднага, зусім нармальнага палітычнага жыцьця, якое магчыма толькі ў незалежнай і непадзельнай дзяржаве… Паўсюль маюцца свае асобныя для кожнага “забору”, дэнармуючыя свабоднае ў сваім нацыянальным адзінстве жыцьцё, уплывы і цісьненьні, свае “ражыянальныя” — дыплёматычныя ці палемічныя — “ор’ентацыі”…
Палітычны падзел прымушае да раздрабленьня, але беларускае грамадзянства якраз і павінна — насустрэчу гэтаму вонкаваму прымусу — процістанавіць сьвядомую волю да падтрыманьня, а нават паглыбленьня і ўмацаваньня нацыянальнага адзінства…
І калі лёкальная палітыка ор’ентацый заўсёды дзеліць, дык культурная праца, імкнучаяся да тварэньня агульна-нацыянальнага, агульна-людзкога значэньня вартасьцяў, заўсёды лучыць, збліжае, яднае…
Таксама здарылася і ў тым выпадку, аб якім мы пачалі мову: калі “крыўская” палітыка ковенскіх беларусаў падзяліла, дык беларуская культура “Крывіча” ізноў спыніла падзел — злучыла ізноў і, як мы казалі, — перамагла…
Можна нават наагул сказаць, што нават выракшаяся з тых ці іншых прычын палітычных мэтадаў чыста культурная праца часта мае ў канцы канцоў палітычныя вынікі шмат вялікшага значэньня, чым чыста палітычная дзеяльнасьць, асабліва — у тых палітычна-ненармальных варунках, аб якіх мы казалі вышэй…
І наадварот, чыста палітычныя мэтады, не падмацованыя культурнай працай грамадзянства, наагул ня могуць тварыць палі тычных фактаў, колькі небудзь трывалага значэньня.
Кожнаму ясна, што наагул усякая палітычная дзеяльнасьць беларускага грамадзянства ў варунках, ня створаных свабодна народам для сябе, як для самамэты, але якраз наадварот — створаных для яго ў мэтах таго палітычнага арганізму, у які папала тая ці іншая частка беларускага грамадзянства, — наагул вельмі небясьпечна і часта можа прынясьці вялікую шкоду для суцэльна-нацыянальнага жыцьця і яго разьвіцьця як адзінага арганічнага цэлага…
Дзеля таго наагул ніколі ня трэба зашмат захоплівацца палітычным дзействам у “чужой хаце”, бо нават пачаўшы з найбезадказьнейшай опозыцыі, акурат дойдзеш да “ўгоды”… Найлепшы прыклад гэтага даюць “найвытраўнейшыя” польскія палітыкі з аўстрыяцкага забору, якія патрапілі іграць вельмі значную ролю ў Аўстрыі, але зусім не прыдаліся ў дажыўшай да неза- лежнасьці Польшчы…
Палітыка для нас павінна быць усюды толькі спосабам для павялічэньня багацьця народу…
Культурна-эканамічная незалежнасьць грамадзянства ў данных граніцах таго ці іншага забору і культурна-нацыянальная непа дзель насьць — паверх усіх палітычных граніц — вось тое, чаго можна бяз усякага страху і рызыкі дабівацца і дасягаць самымі мірнымі і нармальнымі мэтадамі — пры ўсялякіх варунках, як гэта відаць з прыкладу жыдоў…
І трэба зразумець, што ў гэтым ня толькі няма здрады беларускаму палітычнамі ідэалу, але якраз наадварот: гэта найвярнейшы шлях дасяжэньня апошняга…
Гэта добра зразумелі кіраўнікі “Крывіча”, і ў гэтым іх вялікая моц, як бы і з кім не дзяліла іх тая ці іншая іхная “палітыка”…
І вось дзеля чаго іх дзеяльнасьць выходзіць далёка за межы іх частковага палітычна-“крыўскага”, заборнага жыцьця і іх часопісь вырастае да разьмераў значнага агульна- і супольна-беларускага на цыянальнага факту.
Вось як тлумачаць сваё новае становішча рэдактары “Крывіча”. Увесь час рэвалюцыі ўсе нашы сілы былі скіраваны ў бок абароны палітычных пазіцыяў, клалася на гэты бок многа ахвярнай і труднай працы: ніва-ж нашай культурнай працы была пакінута выключна ініцыятыве і захадам паасобных дзеячоў.
У выніку атрымалася значнае папярэджаньне працы палітычнай перад культурнай. Настаў вялікі час, калі беларускай адраджэнскай думцы, ані на момант ня спыняючы ні зь якога боку змаганьня, патрэба акапацца на здабытых дагэтуль пазыцыях: прыступіць да творчай працы ў дзедзіне нашага самапазнаньня, самаацэны і самакрытыкі.
І так, культура — папярод палітыкі, вось — першая галоўная рыса часопісі, маючая, як мы бачылі, як агульна беларускае абаснаваньне, таксама і сваё поўнае лёкальнае апраўданьне…
Але пад знакам найменьня “Крывіч”, у зьвязку з пэўным адходам ад актыўнай палітыкі, ствараецца вельмі моцны характэрны ўклон часопісі ў вобласьць гісторыі…
Найбольшая частка артыкулаў і заметак у “Крывічу”, згодна, так сказаць, зь першаю любоўю галоўнага рэдактара В. Ластоўскага, зварочаны ў бок роднай мінуўшчыны…
І гэта таксама — зусім зразумела…
Як толькі грамадзянства ставіць сабе мэты нацыянальнага самапазнаньня, дык адразу павінна зьвярнуцца да шуканьня крыніц і каранёў таго, што істнуе ў сучаснасьці, бо кожнае жывое, арганічнае, індывідуальнае зьявішча мае сваё разьвіцьцё ў часу і дзеля гэтага можа быць пазнана цалком толькі гістарычна… Але ня толькі ў самапазнаньні тут рэч…
Тэрмін “культура” запазычаны навукай у хлебароба ці садавода: культура і складае сабраньне добрых, правераных, аснаваных на ізучэньні гісторыі разьвіцьця таго ці іншага арганізму, спосабаў, якія маюць наагул мэтаю найвышэйшую дасканаласьць гэтага свабоднагa разьвіцьця…
Ясна адсюль, што гістарычнае самапазнаньне як частка грамадзянскай культуры ставіць сабе галоўную для грамадзянства мэту: самаўзгадаваньне…
Вельмі важным і сумным вынікам таго, што беларускі народ быў падбіты праз колькі вякоў і праз увесь гэты час ня жыў гістарычным жыцьцём, зьявілася тое, што ня толькі яго жывыя адзінкі і яго тэрыторыя пераходзіла з рук у рукі, рэзаліся і дзяліліся, як рызы Хрыста, паміж тымі ці іншымі крыжаваўшымі яго “воінамі”, але таксама, як яго Бацькаўшчына, дзялілася і аставалася ў заборцаў, як адарваныя ад цэлай сьвятарнай рызы шматы і кавалкі, і яго мінуўшчына — яго суцэльнае культурна-гістарычнае разьвіцьцё…
І вось для гістарычна сьвядомага культурнага самаўзгадаваньня грамадзянства паўстае задача — вярнуць з гэтай роднай мінуўшчыны ўсё тое, што прысвойвалі сабе нашы суседзі-дабрадзеі, якія пазапісывалі, гэтак кажучы, сабе на прыход вельмі значную част ку гістарычнага даробку беларускага народу…
Гэтай вельмі важнай працы ахвяруе многа вучонай увагі і таленту “Крывіч”.
Так бязспынна ідзе гэтае “зьбіраньне Зямлі Беларускай”, толькі перакінулася ў мінуўшчыну, у гістарычна-нацыянальнае самаўсьведамленьне — як толькі рэальна-палітычнае зьбіраньне сталася цяпер немагчымым…
А можа якраз гэтае культурна-нацыянальнае “зьбіраньне зямлі” і павінна папярэдзіць — моцна толькі яно і трывала акрэсьліць дзяржаўна-тэрыторыальнае…
У кожным разе праца гэта — першараднай вагі для запраўднага адраджэньня Беларусі… ня менш важная, як тая “палітыка”, якой пераважна заняты мы ўсе ў нашай Заходняй Беларусі…
Бо мы ведаем, што ўсё тое, што пазахоплівалі нашы суседзі-дабрадзеі, — ці “ваенныя трофэі”, ці як навучна “цікавыя памятнікі”, ці, папросту, як нягодны хлам — валяецца па кутох у іх музэях, — даючы толькі шкодную страву для іх нездаровага шовінізму, для беларускай душы зьяўляецца тэй роднай асярэдзінай, у якой яна толькі і можа нармальна разьвівацца — тым здаровым паветрам, якім беларус павінен дыхаць, — безь якіх ён чахне і замірае…
Для беларуса гэтая “старыня” — ня мёртвы архіў, не засушаны калекцыянерам-любіцелем гэрбарый, але жывы, пахнучы сад, у якім кожная расьліна гавора зь яго душой сваёй і яго роднай мовай — складаючы зь ім адно арганічнае цэлае — адзіны ў часе і прасторы беларускі сьвет…
І ў гэтым напрамку ковенскія “крывічы” робяць вельмі многа. Цікавыя і важныя ў гэтым сэнсе працы самаго рэдактара Ластоўскага і п. п. Юра Верашчакі (асабліва), Брачыслава Скарыніча, Ружанцова і інш.
Вельмі цікавы артыкул п. Ю. Верашчакі “Хто ў каго пазычае”, які, апіраючыся на працы пераважна польскіх аўтараў навейшай об’ектыўнай, “рэальнай” школы, Бран[іслаў] Хлебоўскі, а таксама расейскіх і нямецкіх вучоных, зусім пераварочвае “найбольш папулярную, але і найбольш непраўдзівую басьню аб польскай цывілізацыі на Беларусі”... «Паводле гэтай басьні да прыходу палякаў у Беларусь быў тут край дзікі, з простай мовай, якую польская цывілізацыя “ўшляхотніла”»…
Аўтар чарадою довадаў і цытатаў з Хлебоўскага і інш. даводзіць, што якраз наадварот — сама польская мова і польская культура былі ў тыя даўнія часы бедныя — яшчэ шмат бядней за беларускія…
Да гэтай вельмі важнай працы мы йшчэ вернемся; цяпер адзначым толькі важныя ўказаньні аўтара, што не Беларусь у Польшчы, але наадварот — Польшча пазычыла ў Беларусі — і ня толькі ў далёкія дахрысьціянскія часы, зь якіх Польшча згубіла ўсё багацьце, усю спадчыну народнай творчасьці, гэтак багата захаванай іншымі славянамі, у тым ліку і беларусамі, але гэтыя сыстэматычныя пазыкі адбываліся і пазьней… Нават пышнае “польскае ьАдраджэньне чэрпала жывыя сокі з Русі”… А нават «найбольшыя захваты беларускага лексычнага (слоўнага) матар’ялу прыпадаюць на XX стагодзьдзе, калі палякі, утраціўшы палітычную незалежнасьць, пачалі дасканаліць сваю літаратуру і мову пры помачы “правінцыялізмаў”», — гэта значыць, — беларускай і ўкраінскай духоўнай стыхіі…
Цікавы рад гістарычных справак з расейскіх аўтараў аб найменьні “крывічы” як запраўднай і найстарэйшай назовы “беларусаў”, даў той самы п. Верашчака.
Аўтар, можа, давёў вядомую рэч, што найменьне “беларус” — пазь нейшае, не давёў толькі аднаго: магчымасьці карыстаньня гістарычным найменьнем “крывіч” заместа сучаснага, маючага бязпрэчнае прызнаньне і сусьветную вядомасьць, дзеля таго і вялікае палітычнае значэньне тэрміна “беларус”.
Вельмі важны рад артыкулаў ахвяраваны беларускай этнаграфіі — пераважна працы самога В. Ластоўскага. Працы гэтыя — пакуль што толькі адарваныя часткі ці матар’ялы, але маюць бясспрэчную важнасьць і цікавасьць.
Нязьмерна цікавая з тых, бо заўсім арыгінальная, праца — аб “Беларускім іменьніку”. “Адкрыцьцё” аўтора зьмяшчаецца ў тым, што імя, дадзенае беларускаму дзіцяці пры хрэсьбінах, зусім заканамерна, паводле агульнага закону, зьмяняецца ў нашай жывой мове, дапасовываючыся да веку яго — як быццам расьце і разьвіваецца разам з чалавекам.
Напрыклад, навахрышчаны Анастасій — да “першых парток” завецца Насьцік. Пэрыяд “пастускага стану” і веку адзначаецца формай Настук. Дзяцюк, маладзён — ужо Настась: форма ветлівай узаемнай пашаны і — флірту. Пераход зь “дзіцячага стану ў мужчынскую славу” адзначаецца цьвёрдай, энэргічнай формай — Настас, гэта — жанаты гаспадар і воін. Далей Настас ужо ажаніў сына, і прыйшоўшая ў чужую хату нявестка зь ветлівай жаноцкай увагай зьмякчае гэты мужаска-баявы гук у форму — Насташ.
На жаль, гэты старадаўні звычай-закон неяк ужо выветрываецца ў нашага народу.
П. Ластоўскі справядліва кажа, што гэтае зьявішча дае цэнныя данныя для зразуменьня паходжаньня многіх гістарычных імёнаў і прозьвішчаў.
Таксама вельмі важную працу, хаця таксама адарвана і несыстэматычна, дае аўтар па ізучэньні беларускіх аднасловаў, беларускага зельніка і інш.
Усё гэта пакуль што толькі пачаткі, але-ж, як мы ведаем, добры пачатак часам варты палавіны дзела: па праложанаму першаку лягчэй пасьля будзе ехаць другім…
Можа больш спрэчнымі зьяўляюцца спробы п. Ластоўскага ў напрамку стварэньня беларускай навуковай тэрміналёгіі — па фізыёлёгіі, анатоміі і г. д.
Дапраўды — устанаўленьне тэрміналёгіі тэй ці іншай навучнай галіны — справа і компэтэнцыя камісіяў і зьездаў спэцыялістаў. Але ковенскія “крывічы”, з шануючай сябе і навуку скромнасьцю, дадаюць, што праца іх у тым напрамку зьяўляецца ў сьвет “у дыскусыйным парадку”. Але і тутака — першая спроба зьяўляецца вельмі важнай і заслугоўвае на ўсякую ўдзячнасьць.
Можа, слабейшай галіной у “Крывічы” зьяўляецца аддзел прыгожага пісьменства. Аддзел паэзыі складаецца пераважна, калі ня выключна, з твораў самога рэдактара Ластоўскага. Вершы разнастароннага аўтара, часам вельмі цікавыя, перадусім “шванкуюць” з боку формы, а часта “вольны верш”, з прыпадкам падвярнуўшайся паміж “белымі канцамі” рыфмай, прадстаўляе напісанную “вершам” прозу…
Гэтая проза, часам вельмі цікава ўзбагачана мадэрнізаванымі аўтарам архаізмамі, наагул пісана моцнай мовай. У аўтара відаць часам вельмі цікаваю барацьба са слоўным матар’ялам, чуваць гэтыя дабрародныя высілкі, якія часам даюць і бліскуючую перамогу… Але яго дасяжэньні наагул ня маюць таго, без чаго, як гэта цяпер ужо ўсюды зразумела, няма паэзыі, няма галоўнага ў вершу — музыкі…
З арыгінальнай бэлетрыстыкі на шчыце запраўднага мастацтва стаіць вялікае апавяданьне — “літэратурны нарыс” Янкі Палына — “Аднабочнікі”.
Нарыс аўтара з жыцьця інтэлігэнтнай моладзі — стаіць ня толькі на вышыні запраўднай інтэлігэнтнасьці дасьледчыка-псыхолёга, але і на вышыні сучаснай апавядальнай тэхнікі, так што можа быць пастаўлены нароўні з падобнымі творамі любой з эўрапэйскіх літаратураў. Суровы прысуд (самазабойства), вынесены аўтарам свайму “аднабочнаму” герою паказывае, што аўтар глядзіць на жыцьцё ня толькі глыбокім вокам псыхолёга-мастака, але і з пачуцьцём маральнай адказнасьці мысьліцеля…
І ў гэтым — залог яго далейшага разьвіцьця на карысьць роднай літаратуры і маладога беларускага грамадзянства. Не сумлеваемся, што рэдакцыя “Крывіча” выдасьць гэты нарыс асобным выданьнем; прыпадковага характару зьяўляюцца ў часопісі пераклады з чужых літаратураў. Рэч, на якую варта было-б зьвярнуць асаблівую ўвагу.
Вельмі важным і карысным аддзелам у часопісі зьяўляюцца Запіскі — сабраньне драбнейшых гістарычных, філёлёгічных, этнаграфічных і інш. заметак, датычучых пераважна беларускай мінуўшчыны — часамі цэлых маленькіх, але ўсё-ж ня менш важных і цікавых “монографіяў” — матар’ялаў да таго “зьбіраньня Беларусі”, у часе, калі ня ў прасторы, аб якім мы казалі вышэй.
Можа менш, як мінуўшчына, зьвяртае на сябе ўвагу і энэргію рэдактароў часопісі беларуская сучаснасьць. Але й тутака трэба прызнаць, што аддзелы — “Агляды культурнага жыцьця”, — “дзейнасьці беларускіх палітычных арганізацыяў і партыяў”, — “беларускага грамадзкага жыцьця” — “пад Расеяй”, “пад Польшчай”, “у Латвіі”, “у Літве” і “па ўсім сьвеце” — як гэта і абяцала Рэдакцыя ў сваім праспэкце — выпаўняецца вычарпаюча і об’ектыўна.
Можна толькі заўважыць, што часам у аглядзе прэсы не паказываецца крыніца, як, напрыклад, у № 5 арт. “Рожнымі меркамі”, што перадрукаваны зь віленскай беларускай газэты.
Як бачым, часопісь і задумана паводле добра ўложанай шырокай праграмы і выпаўняюць яе сумленна і з адпаведнымі ўвагай і талентам…
Пэўная “аднабочнасьць” — гістарычна-культурная — часопісі зьяўляецца зразумелым вынікам таго, што грамадзка-палітычнага жыцьця ў ковенскай “Крывіі” амаль ўжо няма… Дзеля гэтага ня можа быць і яго жывога, бьючага гарачай кроўю, адбіцьця ў тамтэйшым органе прэсы… Публіцыстыкі апошні амаль ня зусім пазбаўлены…
Але і за тое, як мы бачылі, вельмі патрэбнае багацьце, што даюць беларускаму ўсяму грамадзянству перакаваўшыя “палітычныя мячы” на “культурныя аралы” ковенскія “крывічы”, яно павінна прынясьці шчырую падзяку і падтрыманьне.
Пажадаем ім — хай аруць і барануюць, калі ня беларускую народную цаліну, дык — запушчаны і заросшы, захоплены суседзямі беларускі “гістарычны дзерван” — пад родную азімую рунь…
Прыйдзе і для апошняй вясна… Дачакаецца і яна свайго красаваньня… дачакаецца і яна — сабранай Зямлёй — Беларускай Грамадой — як зажынак, таксама і дажынак, — на сваім вольным полі Бацькаўшчыны.