«Лес шуміць»
Апавяданьне
Аўтар: Уладзімір Караленка
1920 год
Арыгінальная назва: «Лес шумит» (1886)
Пераклад: Макар Краўцоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ул. КАРАЛЕНКА

Лес шуміць.“

(Палеская легэнда).


Пералажыў
Краўцоў Макар.



Выданьне Беларускай Цэнтральнай Школьнай Рады.



Менск.

1920

Друкарня „Інвалідаў“

Ул. КАРАЛЕНКА


Лес шуміць.“

(Палеская легэнда).


Пералажыў
Краўцоў Макар.



Выданьне Беларускай Цэнтральнай Школьнай Рады.



Менск.

1920

Друкарня „Інвалідаў“. Заказ № 94

I.

Лес шумеў…

Ў гэтым лесе заўсёды быў шум — роўны, працяжны, як одгук далёкага звону, спакойны і смутны, як ціхая песьня бяз слоў, як няясны ўспамін аб мінулым. У ём заўсёды быў шум, таму што гэта быў стары, гушчарны бор, якога не чапада яшчэ піла й сякера ляснога гандляра. Высокіе, сталетніе хвоі, чырвонакорые й магутные стаялі сумнаю грамадою, шчыльна стуліўшыся ўгары зялёнымі вяршынамі. На сподзе было ціха, пахло смалою; праз рудую посьцілку хваёвых голак, якімі была ўсыпана зямля, прабілася яркая папараць, раскошна стаяўшая пярэстаю ворсаю зусім нярухома, не варухаючы а ніводным лісточкам. У сырых куточках цягнуліся высокіе зялёные травы: белая кашка схілялася цяжкімі галаўкамі, та-як-бы стомленая. А ўгары бяз конца, а ні на момэнт ня сьціхаючы, цягнуў лясны шум, быццам сумные подыхі старога бору.

Але цяпер гэтые подыхі рабіліся ўсе глыбейшые і мацнейшые. Я ехаў лясною сьцежкаю, і хаця неба мне й ня відаць было, але па тым, як хмурнеў лес, я пачуваў, што над ім ціха паднімаецца цяжкая хмара. Час быў ня раньні. Паміж дрэвам дзе-ня-дзе прабіваўся яшчэ косы прамень захаду, але ў гушчарах распаўзаўся ўжо імглісты змрок, Пад вечар зьбіраліся грымоты.

На сягодня трэ‘ было ўжо пакінуць навет думку аб паляваньні: добра было-б толькі дастацца да грымотаў куды-нібудзь на начлег. Мой конь стукаў капытамі па голых карэньнях, хроп і прыслухваўся, ўстаўляючы вушы, як гучна ляскало лясное рэхо. Ён сам паддаваў шагу да знаёмае лясное будкі.

Забрахаў сабака. Паміж рэдкіх дрэваў маргацяць мазаные сьцены. Сіняя струйка дыму круціцца пад абвіслым зяленівам; пакрыўленая хата з касматаю страхою прытулілася пад сьцяною хвоек; яна нібы ўрастае ў землю, тым часам, як стройны й хванабарыстые хвоі высока хістаюць над ёю сваімі галовамі. Сярод палянкі, шчыльна прытуліўшыся адзін да аднаго, стаіць купа маладых дубоў.

Тут жывуць звычайные кампаны маіх паляўніцкіх экскурсыяў — лясьнікі Захар і Максім. Але цяпер, як відаць, абодвых няма ўдома, бо ніхто ня выходзіць на брэх вялізарнай аўчаркі. Толькі стары дзед з лысаю галавою і сівымі вусыма, сядзіць на прызьбе і калупае пастол. Вусы ў дзеда целяпаюцца немаль ні да пояса, вочы пазіраюць хмурна, быццам дзед ўсё ўспамінае нешта ды ня можа прыпомніць.

— „Дзень добры, дзеду! Ці ёсьць хто ў хаце?“.

— „Эгэ!“ — махае дзед галавою. — „Няма ні Захара, ні Максіма, дый Матруна пацягнулася ў лес па карову… Карова недзе ўцякла, — можа й медзьвядзі… задушылі… Вось яно як, няма нікога!“

— „Ну, нічога. Я з табою пасяджу, пачакаю“.

— „Пачакай, пачакай“, — ківае дзед і, пакуль я прывязваю каня да галіны дуба, ён углядаецца ў мяне слабымі й мутнымі вачыма. Благі ўжо стары дзед: вочы ня бачаць і рукі дрыжаць.

— „А хто-ж ты такі, хлопча?“ — пытаецца ён, калі я прысядаю на прызьбу.

Гэтае пытаньне чую я кожны раз, калі тут бываю.

— „Эгэ, ведаю цяпер, ведаю“, — кажа дзед, бяручыся ізноў за пастол. — „Вось старая галава, як рэшато, нічога ня трымае. Тых, што даўно памерлі, помню — ой, добра помню! А новых людзей усё запамінаю… Зажыўся на сьвеце“.

— „А ці даўно ты, дзеду, жывеш у гэтым лесе?“

— „Эгэ, даўно ўжо! Француз прыходзіў у царскую землю, я ўжо быў.“

— „Шмат чаго ты за век свой бачыў. Пэўне-ж ёсьць пра што расказаці.“

Дзед пазірае на мяне, — зьдзіўлены.

— „А што-ж мне бачыці, хлопча? Лес бачыў… Шуміць лес, шуміць і ўдзень і ўночы, зімою шуміць і летам… І я, як тая дзеравяка, век пражыў у лесе і не заўважыў… Вось і ў дамавіну час, а падумаю іншы раз, хлопча, дык і сам не магу скеміць: ці жыў я на сьвеце, ці не… Эгэ, вось як! Мо‘ й саўсім ня жыў“…

Край цёмнае хмары высунуўся з-за густых вяршынаў над лясною палянкаю; галіны хвоек, што замыкалі палянку, захісталіся ад ветру і лясны шум праляцеў, глыбокім ўзмацнеўшым акордам. Дзед падняў галаву і прыслухаўся.

— „Бура йдзе.“ — сказаў ён праз мінюту. — „Гэта вось я знаю. Ой-ой, загудзе ўночы бура, хвоі будзе ламаць, з карэньнем выварачаці пачне!.. Загуляе лясны гаспадар“… — дадаў ён цішэй.

— „А чаму-ж ты ведаеш, дзеду?“

— „Эгэ, гэта я ведаю! Добра ведаю, як дзераво гаворыць… Дзераво, хлопча, так сама баіцца… Вось асіна, праклятае дзераво, ўсё нешта лапоча, — й ветру няма, а яна дрыжыць. Хвойка ў бары ў ясны дзень іграе-зьвініць, а як пачнецца вецер, яна загудзе й застогне. Гэта яшчэ нічога… А ты вось слухай цяпер. Я хоць вачыма дрэнна бачу, а вухам чую: дуб зашумеў, дуба ўжо чапае на палянцы… Гэта на буру“…

Й сапраўды кучка нявысокіх, каравых дубоў, што стаялі сярод палянкі, заслоненые высокаю сьцяною бору, махала моцнымі галінамі, і ад іх цягнуўся глухі шум, які лёгка можна было адрозьніць ад гучнага шуму хвояў.

— „Эгэ! ці чуеш, хлопча?“ — кажа дзед і хітра па-дзіцячаму ўсьмяхаецца. — „Я ўжо ведаю: крануло гэтак вось дуба, значыцца гаспадар уночы пайдзе, ламаці будзе… Але — не, не зламае! Дуб — дзераво моцнае, й не на гаспадарову навет сілу… вось як!“

— „А які-ж гаспадар, дзеду? То-ж ты сам кажаш бура ломіць“.

Дзед памахаў галавою, хітра выглядаючы.

— „Эгэ, я гэта ведаю! Цяперака, кажуць, гэткіе людзі завяліся, што ўжо нічаму ня вераць. Вось яно як! А я-ж яго бачыў, вось, як цябе цяпер, а то яшчэ й лепей, бо ў мяне цяпер вочы старые, а тады былі маладые. Ой-ой, як яшчэ бачылі мае вочы з-замаладу”.

— „Як-жа ж ты яго бачыў дзеду, скажы мне?“

— „А вось, усе роўна, як і цяпер: спачатку хвоя застогне ў бары… То зьвініць, а то стагнаць пачне: о-ох-хо-о… о-хо-о! — і сьціхне, а пасьля йзноў, пасьля йзноў, ды часьцей, ды жаласьлівей. Эгэ, таму што шмат яе пакоціць гаспадар ўночы. А пасьля дуб загаворыць. А пад вечар усё больш, а ўночы і пайдзе круціць: бегае па лесе, сьмяецца і плача, круціцца, скача і ўсё на дуба налягае, ўсё хочацца вырваць… А я раз увосень і паглядзеў у ваконцо; вось яму гэта й недаспадобы: падбег да вакна, тр-рах па ём карчом хваёвым; немаль мне ўсяго твару не скалечыў каб яму пуста было; ды я ня дурань — адскочыў. Эгэ, хлопча, вось які ён злы!“…

— „А як-жа ён выглядае?“

— „А выглядае ён усе роўна, як старая вярба, што стаіць на балоце. Вельмі падобны!.. І валасы, як сухая амяла, што вырастае на дрэвах і барада таксама, а нос — як здаравенны сук, а морда каравая, быццам абрасла лішаямі… Цьфю, які нехарошы! А не дай Божа ніводнаму хрышчонаму падобным быць да яго… Далібог! Я, такі, другі раз на балоце яго бачыў блізка… Калі хочаш, прыходзь зімою, дык і сам яго ўбачыш. Залезь туды на гару, — лесам тая гара абрасла, — ды залазь на самае высокае дзераво, на самы верх. Вось адтуль іншы дзень і можна яго ўбачыць: ідзе ён белым стоўпам над лесам, так і круціцца сам, з гары ў даліну спаўзае… Пабяжыць, пабяжыць, а пасьля ў лесе і прападзе. Эгэ!.. А дзе пройдзе, там і сьлед белым сьнегам высьцілае… Ня верыш старому чалавеку, дык калі-нібудзь сам паглядзі.“

Разгаварыўся стары. Здавалося, што жвавая й трывожная гутарка лесу й грымоты, якіе навісьлі ў паветры разагравалі старую кроў. Дзед махаў галавою, ўсьмехваўся, маргаў зьліняўшымі вачыма.

Але раптам быццам нейкі цень прабег па высокім, згараным сказінкамі лобе. Ён таўкануў мяне лакцём і таямніча сказаў:

— „А ведаеш, хлопча, што я табе скажу?!. Ён, вядома, гаспадар лясны, — паскуднае стварэньне, гэта праўда. Хрышчонаму чалавеку крыўда ўбачыць гэткую нехарошую морду… Ну, але трэба толькі аб ім праўду сказаць: ён ліха ня робіць… Пажартаваць, з чалавекам, пажартуе, а каб ліхо рабіць, гэтага ня бывае“.

— „Ды як-жа, дзеду, ты сам казаў, што ён цябе хацеў ударыць карчом?“.

— „Эгэ, хацеў такі! Дык гэта-ж ён раззлаваўся пашто я на яго праз вакно пазіраю, вось яно як! А калі ў яго справы носа ня сунуць, дык і ён такому чалавеку нічога дрэннага ня зробіць. Вось ён які, лясун!.. А ведаеш, у лесе ад людзей страшнейшые бывалі справы… Эгэ, далібог!“

Дзед нахіліў голаў і з мінюту сядзеў, не гаворачы. Пасьля як ён паглядзеў на мяне, ў яго вачох праз муту, якая іх заслала, бліснула быццам як іскрачка абуджанай памяці.

— „Вось, я табе раскажу, хлопча, лясную нашу мінуўшчыну. Было раз от-дзе на самым гэтым месцы даўно… Памятаю я… нібы сон, а як зашуміць лес мацней, дык і ўсё ўспамінаю… Калі хочаш, раскажу табе, га?“.

— „Хачу, хачу, дзеду! Расказвай!“

— „Дык і раскажу, эгэ! Слухай вось!“

II.

Ў мяне, ведаеш, бацька з маткаю даўно памерлі, я яшчэ малым хлопчыкам быў… Пакінулі яны мяне на сьвеце аднаго. Вось яно як са мною было, эгэ! Вось грамада й думае: „што-ж нам цяпер з гэтым хлопчыкам рабіць?“ Ну і пан, гэтак сама, сабе думае… І прышоў на той час з лесу лясьнік Раман, ды й кажа грамадзе: „Дайце мне гэтага хлопца ў будку, я яго буду карміць… Мне ў лесе весялей і яму хлеб“… Вось ён як кажа, а грамада яму адказвае: „бяры!“ Ён і ўзяў. Гэтак я з тых самых часаў у лесе й застаўся.

Тут мяне Раман і выкарміў. Ота-ж чалавек быў які страшны, а ня дай Божа!.. Вялікі, вочы чорные й душа ў яго цёмная з вачэй пазірала, бо ўсё жыцьцё сваё чалавек гэты ў лесе жыў адзін: мядзьведзь яму, людзі казалі, ўсе роўна, як брат, а воўк — сыновец. Кожнага зьвяра знаў ён і не баяўся, а ад людзей ухіляўся і не глядзеў навет на іх… Вось ён які быў — далібог, праўда! Бывала, як ён на мяне гляне, дык мяне па плячох нібы кошка хвастом павядзе… Ну, а чалавек быў усё-такі добры, карміў мяне, няма што казаць, добра: каша, бывала, грачышная заўсёды ў яго заскварана, а калі качку забье, дык і качка. Што праўда, то праўда, карміў такі.

Гэтак мы й жылі ўдвайгу. Раман у лес пойдзе, а мяне ў будцы замкне, каб зьвер ня зьеў. А пасьля далі яму „жынку“ Аксану.

Пан яму жонку даў. Паклікаў яго на сяло ды й кажа: „Вось што“, — кажа: „Ромусь, жаніся!“ Гаворыць да пана Раман спачатку: „А на якога-ж гэта чорта мне жонка? Што мне ў лесе рабіць з бабаю, калі ў мяне ўжо й-без таго хлопец ёсьць? Не хачу я, кажа, жаніцца!“ Ня прывык ён за дзяўчатамі валачыцца, вось што! Ну, дый пан так сама хітры быў… Як прыпомню гэтага пана, хлопча, дык і падумаю сабе, што цяпер ужо такіх няма, — няма гэткіх паноў больш, — зьвяліся… Вось хоць-бы-й цябе ўзяць: так сама, кажуць, і ты панскага роду… Можа яно й праўда, а такі няма ў табе гэтага… як належыць… Так сябе, мізэрны хлапчына, ды больш нічога.

Ну, а той быў, як мае быць, з даўнейшых… Вось, скажу табе, гэткае на сьвеце бывае, што сотні людзей аднаго чалавека баяцца, ды й яшчэ як!.. Паглянь ты, хлопча, на каршуна й на кураня: абодва з яйца выйшлі, ды каршун зараз пад небо рвецца, ўгару, эгэ! Як крыкне ў небе; дык адразу ня то, інто кураняты — а й старые пеўні забегаюць… Вось-жа каршун — панская птушка, а курыца — простая мужычка…

Вось, помню, я малым хлопчыкам быў: вязуць мужынкі з лесу тоўстые бярвеньні, чалавек мо‘ з трыццаць. А пан адзін на сваім коніку едзе, ды вусы пакручвае. Конік пад ім гуляе, а ён пазірае навакола. Ой-ой! як звочаць мужыкі пана, вось дык забегаюць, коняў у сьнег схіляюць, самі шапкі скідаюць. Пасьля сколькі мурдуюцца, са сьнегу бярвеньні выцягваюць, а пан сабе едзе, — вось яму, бачыш ты, й аднаму на дарозе цесна! Павядзе пан брывом — ужо мужыкі баяцца, засьмяецца і ўсім весела, а нахмурыцца — ўсе засумуюць. А каб хто пану што сказаў напроці, — таго, напэўна, й ня бывала.

Ну, а Раман, вядома, ў лесе вырас, абходзіцца з людзьмі ня ведаў як, і пай на яго ня надта злаваў.

— „Хачу“, — кажа пан: „каб ты ажаніўся, а нашто пра гэта сам я ведаю. Бяры Аксану.“

— „Не хачу я“, — адказваў Раман: „ня трэба мне яе, хоць бы й Аксаны! Няхай з ёю чорт ажэніцца а ні я. Вось як!“

Прыказаў пан прынесьці бізуны, расьцягнулі Рамана, пан у яго пытаецца:

— „Будзеш, Раман, жаніцца?“

— „Не“, — кажа, — „ня буду“.

— „Сыпце-ж яму“, — кажа пан, — „ў матню колькі ўлезе“.

Засыпалі яму такі ня мала; Раман нашто ўжо здаровы быў, а ўсё-ж такі яму абрыдла:

— „Пакіньце ўжо, — кажа, — годзі ўжо! Няхай-жа яе лепей усе чэрці схопяць, ніж мне за бабу гэтулькі пакуты цярпець. Давайце яе сюды, буду жаніцца!“

Жыў у дварэ панскім даязджачы Апанас Швыдкі. Прыехаў ён на той час з поля, як Рамана жаніцца заахвочвалі. Пачуў ён пра бяду Раманаву — гоп пану да ног. Такі ўпаў да ног, цалуе…

— „Чым, — кажа, — вам, літасьцівы пане, чалавека мурдаваць, лепей я з Аксанаю ажанюся, слова не скажу…“

Эгэ, сам-такі захацеў ажаніцца з ёю. Вось які чалавек быў, далібог!

Вось Раман быў ўцешыўся, павесялеў. Падняўся на ногі, завязаў матню ды кажа:

— „Вось, — кажа, — добра. Толькі каб табе чалавечку, крыху раней прыехаць? Дый пан так сама — заўсягды вось гэтак!.. Й не распытацца было добра, а можа хто й ахвоч жаніцца. Зараз ухапілі чалавека й ну, яму сыпаць. Нешта, кажа, гэта пахрысьціянску рабіць гэтак? Цьфю!“

Эгэ, ён часамі і пану ня любіў змоўчаць. Вось які быў Раман! Калі ўжо зазлуе, дык да яго не падыходзь, хаця бы й пан. Ну, а пан быў хітры! Ў яго, бачыш, іншае ў галаве было. Прыказаў ізноў Рамана расьцягнуць на траве.

— „Я, — кажа, — табе, дурню, шчасьця хачу, а ты носам круціш. Цяпер ты адзін, як мядзьведзь у берлагу, і заехаць да цябе ня весела… Сыпце-ж яму, дурню, аж пакуль ня скажа: годзі!.. А ты, Апанас, вон пайшоў к чортавай маці. Цябе, кажа, на палудзень ня клікалі, дык сам за стол ня лезь, а то бачыш, як Рамана частуюць? Каб як і табе таго самага ня было.“

А Раман ужо й не на жарт усердаваўся, эгэ! Яго дуюць такі добра; таму што даўнейшые людзі, ведаеш, умелі спрытна бізунамі скуру спушчаць, а ён ляжыць сабе й ня кажа: годзі! Доўга трываў, а ўсё-ж такі пасьля плюнуў:

— „Не дачакае яе бацька, каб праз бабу хрысьціяніну вось гэтак сыпалі, ды яшчэ й ня лічылі. Годзі! Каб вам рукі паадсыхалі, чортава чэлядзь! Навучыў-жа вас чорт бізунамі працаваць! Ды я-ж вам ня сноп на таку, каб мяне, вось гэтак, малацілі. Калі так, дык, вось-жа, й ажанюся“.

А пан сабе сьмяецца.

— „Вось, — кажа, — й добра! Цяпер на вясельлі хоць сядзець табе й ня можна, затое скакаці будзеш больш…“

Вясёлы быў пан, далібог, вясёлы, эгэ! Ды тольмі пасьля з ім дрэннае здарылося, ня дай Божа а ніводнаму хрышчонаму. Сапраўды, нікому гэткага не пажадаю. Яно, бадай што й жыду ня варта гэткага жадаць. Вось я што думаю…

Гэтак вось Рамана й ажанілі. Прывёз ён маладую жынку да будкі, спачатку ўсё лаяў ды папікаў сваімі бізунамі.

— „Й сама ты, — кажа, — таго ня варта, колькі праз цябе чалавека мурдавалі“.

Прыдзе, бывала, з лесу і зараз пачне яе з хаты выганяць:

— „Йдзі сабе! Ня трэба мне бабы ў будцы! Каб і духу твайго ня было! Ня люблю, — кажа, — калі ў мяне баба ў хаце сьпіць. Дух, — кажа, — нядобры.“

Эгэ!

Але-ж пасьля — нічога, прытрываўся. Аксана, бывала, хату падмяце й вышмаруе чысьценька, судзе паразстаўляе: блішчыць усё, навет на сэрцы весела. Раман бачыць: добрая баба — патросі й прывык. Дый ня толькі прывык, хлопча, а й любіць пачаў яе, далібог, ня зводжу! Вось якая справа з Раманам выйшла. Як прыгледзеўся добра да бабы, пасьля і кажа:

— „Вось дзякуй пану, да дабра мяне давёў. Ды й я-ж такі неразумны быў чалавек: сколькі бізуноў дастаў а яно, як цяпер бачу, нічога дрэннага й няма. Яшчэ навет добра. Вось яно што!“

Прайшло вось некалькі часу, я й ня ведаю, сколькі. Лягла Аксана на лаўцы, пачала стагнаць. Пад вечар нядобра зрабілося, а назаўтра, ўстаўшы я чую: нехта тонкім голасам хніпае. Эгэ! — думаю я сабе, — гэта-ж мусі „дзітына“ нарадзілася. А яно дапраўды гэтак і было.

Нядоўга пажыло дзіця на бедным сьвеце. Толькі й жыло — ад ранку, аж да вечару. Ўвечары й пішчаці сьціхло… Заплакала Аксана, а Раман і кажа:

— „Вось і няма дзітыны, а калі яе няма, дык няма на што цяпер і папа клікаць. Пахаваем пад хвойкаю.“

Вось як кажа Раман, ды ня то, што кажа, а гэтак якраз і зрабіў: выкапаў магілку, ды пахаваў. Вось там стары пень стаіць, маланкаю яго спаліло… Дык то-ж і ёсьць тая самая хвойка, дзе Раман дзітыну закапаў. Ведаеш, хлопча, вось-жа я табе скажу й да гэтых час, як сонцо сядзе і зарніца-зорка над лесам стане, лётае пейкая птушка дый крычыць. Ох, і жаласьліва плача пташына, аж сэрцо баліць. Хто знаецца на тым, па кнігах вучыўся, дык, кажуць, можа ёй крыж даці й ня будзе яна больш лятаць… Ды мы вось тутака ў лесе жывём, нічога ня ведаем. Яна лётае, яна просіць, а мы толькі й кажам: „проч, проч, бедная душа, нічога мы ня можам зрабіць!“ Вось заплача ды паляціць, а пясьля ізноў прылятае, Эх, хлопча, шкада бедную душу!

Вось паздаровела Аксана, ўсё на магілку хадзіла.

Сядзе на магілцы і плача, ды так моцна, што па ўсём лесе, бывала голас яе ходзіць. Гэта яна так з свайго дзіцяці шкадавала, а Раман не шкадаваў дзіцяці, а Аксану шкадаваў. Прыдзе, бывала з лесу, стане каля Аксаны ды кажа:

— Маўчы ўжо, дурная ты баба! Было-б вось па чым плакаць! Памерло адно дзіця, дык можа другое будзе. Ды яшчэ мо‘ й лепшае, эгэ! Таму, што тое яшчэ, мо‘ й не маё было, я-ж такі й ня ведаю. Людзі кажуць… А гэта будзе маё.

Вось ужо Аксана й ня любіла, калі ён гэтак казаў. Сьціхне, бывала, плакаць ды пачне яго брыдкімі словамі лаяць. Але Раман на яе не злаваў.

— „Дый чаго-ж ты, — пытаецца, — лаешся? Я-ж нічога гэткага не сказаў, а толькі сказаў, што ня ведаю. Таму й ня ведаю, што раней-ты не мая была й жыла ня ў лесе, а на сьвеце, паміж людзей. Дык як-жа мне ведаць? Цяпер вось ты ў лесе жывеш, вось і добра. А такі казала мне бабка Тадора, як я на сяло хадзіў: „Нешта-ж у цябе, Раман, хутка дзітына пасьпела!“ А я кажу бабе: „Як-жа ж мне такі ведаць, ці скора, ці ня скора?“.. Ну, а ты ўсё-ж такі сьціхні галасіць, а то я засярдую, дык яшчэ мо‘ каб цябе й не адластажыў.

Вось Аксана палае, палае яго дый сьціхне.

Яна яго, бывала, й палае й па плячох дасьць, а як пачне Раман сам злаваці, яна й прыціхне, — баялася. Прылашчыць яго, абніме, пацалуе і ў вочы зірне… Вось мой Раман і сьцішыцца… Таму… ці бачыш, хлопча… Ты мусі ня ведаеш, а я, стары, хаця сам і не жаніўся, а ўсё такі бачыў за свой век: маладая баба вельмі соладка цалуецца, якога хочаш злога мужыка можа яна абмануць. Ой, ой… Я-ж такі ведаю, якавы яны гэтые бабы. А Аксана была гладкая такая маладзіца, што цяпер я ўжо гэтакіх больш ня бачу. Цяпер, хлопча, скажу табе, і бабы не такіе, як даўней.

Вось раз у лесе ражок затрубіў: тру-тру, туру, туру, туру-у!.. Так і разьліваецца па лесе, весела ды гучна. Я тады малы хлопчык быў і ня ведаў, што гэта такое; бачу: птушкі з гнёздаў падлётваюць, крылом махаюць, крычаць, а дзе і заяц прыгнуў вушы на плечы й бяжыць, як можа. Вось я й думаю: можа гэта зьвер які нявіданы гэтак хораша крычыць. А гэта-ж ня зьвер, а пан сабе на коніку лесам едзе, ды трубіць на ражок; за панам даязджачые конна і сабак навязгаўшы вядуць. А за ўсіх даязджачых харашэйшы Апанас Швыдкі, за панам у сінім казакіне гарцуе; шапка ў Апанаса з залатым вярхом, конь пад ім гуляе, стрэльба за плячыма блішчыць і бандура на рамені праз плечы пачэплена. Любіў пан Апанаса, бо Апанас добра на бандуры граў і песьні быў майстар сьпяваці. Эх, і харошы-ж маладзец быў гэты Апанас, страх які харошы! Дзе там было пану з Апанасам раўняцца: пан ужо і лысы быў, і нос у пана чырвоны, і вочы, хаця й вясёлые, але ўсё-ж не такіе, як у Апанаса, Апанас, бывала, як зірне на мяне, — мне, малому хлопчыку, й то сьмяяцца хочацца, а я-ж ня дзеўка. Казалі, што ў Апанаса бацькі й дзяды запарожаскіе казакі былі, ў Сечы казакавалі, а там народ быў усё гладкі, ды харошы, ды рухавы. Ды сам ты, хлопча падумай: ці на кані з пікаю па полі птушкаю лётаці, ці сякераю дзераво рубаць, гэта-ж ня ўсё роўна…

Вось я выбег а хаты, пазіраю: пад‘ехаў пан, стрымаўся і даязджачые сталі; Раман з хаты выйшаў, патрымаў пану стрэмя: ступіў пан на зямлю. Раман яму пакланіўся.

— „Як здароў?“ — кажа пан Раману.

— „Эгэ, — адказвае Раман, — дык я-ж, дзякую, здароў, што мне робіцца? А вы як?“

Ня ўмеў, бачыш ты, Раман пану, як трэба адказаць. Чэлядзь уся ад яго словаў засьмяялася і пан так сама.

— „Ну, і дзякуй Богу, што ты здароў, — кажа пан. — А дзе-ж твая жонка?“

— „Ды дзе-ж жонцы быць? Жонка, вядома, ў хаце“…

— „Ну, мы ў хату зайдзём, — кажа пан, — а вы, хлопцы, пакуль што, на траве дыван пасьцялеце, ды прыгатуйце нам усяго, каб было чым маладых на першы раз прывітаць.“

Вось і пайшлі ў хату: пан і Апанас, і Раман бяз шапкі за ім, ды яшчэ Багдан — старшы даязджачы, верны панскі слуга. Вось ужо і слуг такіх цяпер так сама на сьвеце няма: стары быў чалавек з чэлядзьдзю строгі, а перад панам, як той сабака. Нікога ў Багдана на сьвеце ня было, апрача пана. Кажуць, як памерлі ў Багдана бацька з маткаю, папрасіўся ён у старога пана на цягло і захацеў жаніцца. А стары пан не пазволіў, прыставіў яго да свайго паніча: тут табе, кажа, і бацька, і маці, і жонка. Вось вынасіў Багдан паніча й выгадаваў, і на каня сядаць навучыў, і страляці стрэльбаю. А вырас паніч, сам пачаў панаваць. Стары Багдан усё за ім сьледам хадзіў, як сабака. Ох, скажу табе праўду: шмат таго Багдана людзі пракліналі, шмат на яго людзкіх сьлёз упало… а ўсё праз пана. З аднаго панскага слова Багдан можа й мог бы навет роднага бацька на кавалкі разарваць…

А я, малы хлопчык, так сама за імі ў хату пабег: вядомая рэч, цікава. Куды пан павярнуўся, туды й я за ім.

Гляджу, стаіць пан пасярод хаты, вусы пакручвае, сьмяецца, шапку мне ў руках, а Ацанае плячом аб сьцену ўпёрся, стаіць сабе, небарака, як той малады дубок у непагоду. Нахмурыўся, нявесел…

Ды вось яны ўтрайгу павярнуліся да Аксаны. Адзін стары Багдан сеў у рагу на лаўцы, схіліў чуб, сядзіць пакуль пан чаго ня прыкажа. А Аксана ў рагу, каля печы стала, вочы спусьціла, сама пачырванела ўся, як той мак сярод ячменю. Ох, мусі, чула небарачка, што праз яе ліхо будзе. Вось так сама, скажу табе, хлопча: ўжо калі тры чалавекі на адну бабу пазіраюць, дык ад гэтага ніколі дабра ня бывае — нямінуча да чуба дзело дайдзе, калі ня горш. Я-ж гэта ведаю, бо сам бачыў.

— „Ну, што, Ромусь, — сьмяецца пан, — ці добрую я табе жонку высватаў?“

— „А што-ж, — Раман адказвае. — Баба, як баба, нічога!“

Паціснуў тут плячыма Апанас, падняў вочы на Аксану дый кажа паціху:

— „Але, — кажа, — баба! Хоць-бы й ня гэтакаму дурню дасталася“.

Раман пачуў гэтае слово, адвярнуўся да Апанаса, дый кажа яму:

— „А чым жа ж гэта я, пане Апанасе, вам за дурня здаўся? Эгэ, скажэце мне!“

— „А тым, — кажа Апанас, — што ня зможаш сваю жонку ўсьцерагчы, тым ў дурань…“

Вось якое слово сказаў яму Апанас! Пан навет нагою тупнуў, Багдан паківаў галавою, а Раман падумаў з мінюту, а пасьля падняў голаў ды паглядзеў на пана.

— „А чаго-ж мне яе сьцярагчы? — кажа Апанасу, а сам ўсё на пана пазірае. — Тут, апрача зьвера, ніякага чорта й няма, вось хіба міласьцівы пан калі заедзе. Ад каго-жа мне жонку сьцярэгчы? Глядзі ты варожы казача, ты мяце не драчы, а то я мо‘ й за чуб пацягну.“

Мо‘ такі й дайшло-б у іх ужо й да разбою, але пан зашкодзіў: тупнуў нагою, — яны й паціхлі.

— „Ціха вы, — кажа, — чортавы дзеці! Мы-ж сюды не дзеля разбою прыехалі. Трэба маладых вітаці, а пасьля пад вечар, на балото паляваць. Гайда за мною!“

Павярнуўся пан і пайшоў з хаты; а пад дзеравам даязджачые ўжо й закуску прышыкавалі. Пайшоў за панам Багдан, а Апанас стрымаў Рамана ў прымне.

— „Ня злуй ты на мяне, братко, — кажа казак, — паслухай, што табе Апанас скажа: бачыў ты, як я ў пана каля ног качаўся, боты ў яго цалаваў, каб ён Аксану за мяне аддаў? Ну, Бог з табою, чалавеча… Цябе поп акруціў, гэтакі лёс мусі! Дык ня стрывае маё сэрцо, каб люты вораг ізноў і над ёю і над табою пацяшаўся. Гэй-гэй! Ніхто таго ня ведае, што ў мяне на сэрцы… Дык лепей я й яго й яе стрэльбаю замест пасьцелі пакладу ў сырую землю…“

Паглядзеў Раман на казака ды пытаецца:

— „А ты, казача, часамі, з глузду ня з‘ехаў?“

Ня чуў я, што Апанас на гэта стаў Раману паціху ў прымне гаварыць, толькі чуў, як Раман яго па плячы стукнуў.

— „Ох, Апанас, Апанас! Вось які на сьвеце народ благі ды хітры! А я-ж нічога гэтага, жывучы ў лесе, й ня ведаў. Эгэ, пане, пане, ліха ты на сваю галаву надумаў!..“

— Ну, — кажа яму Апанас, — ідзі цяпер і не паказвай выгляду, найбольш за ўсё перад Багданом. Неразумны ты чалавек, а гэты панскі сабака хітры. Дык глядзі: панскай гарэлкі шмат ня пі, а калі адправіць цябе з даязджачымі на балото, а сам захоча застацца, вядзі іх да старога дуба й пакажы ім аб‘ездную дарогу, а сам, скажы, наўпрасткі пойдзеш па лесе… Ды чым барджэй сюды вяртайся.

— „Добра, — кажа Раман. — Зьбяруся на паляваньне, стрэльбу ня шротам набью і ня „лёткай“ на птушку, а добраю куляй на медзьвядзя…“

Вось і яны выйшлі. А ўжо пан сядзіць на дыване, прыказаў падаць пляшку і чарку, налівае ў чарку гарэлкі ды частуе Рамана. Эгэ, добрая была ў пана і пляшка, і чарка, а гарэлка яшчэ лепшая. Чарачку выпьеш — душа радуецца, другую выпьеш — сэрцо калоціцца ў грудзях, а калі чалавек няпрывычны, дык ад трэйцяй чаркі і пад лавай качаецца, калі баба на лаву не пакладзе.

Эгэ, кажу табе, хітры быў пан! Хацеў Рамана напаіць сваёй гарэлкаю дапьяна, а яшчэ такой і гарэлкі ня бывала, каб Рамана пакаціла. Пье ён з панскіх рук чарку, пье і другую, і трэйцю выпіў, а ў самога толькі вочы, як у воўка загараюцца ды вусам чорным пацягвае. Пан навет засердаваў.

— „Вось-жа, сын варожы, як здорава гарэлку локча, а сам і вокам не маргне! Другі даўно ўжо заплакаў-бы, а ён глядзеце, людзі добрые, яшчэ ўсьмяхаецца…“

А ведаў варожы пан добра, што калі ўжо чалавек ад гарэлкі заплакаў, дык хутка ўжо й саўсім чуба на стол павесіць. Ды на той раз не на такога напаў.

— „А з чаго-ж мне, — Раман адказвае, — плакаць? Навет, можа, гэта ня добра было-б. Прыехаў да мяне міласьцівы пан вітаці, а я вось дый пачаў-бы раўсьці, як баба. Дзякуй Богу, няма ад чаго мне яшчэ плакаць, няхай лепей мае ворагі плачуць…“

— „Значыцца, — пытае пан, — ты рад?“

— „Эгэ! А чаму я магу быць ня рад?“

— „А помніш, як мы цябе бізунамі сваталі?“

— „Як-жа мне ня помніць! Вось-жа й кажу, шчо неразумны чалавек быў, ня ведаў, што горка, што соладка. Бізун горкі, а яго лепей, як бабу, любіў. Вось, дзякуй вам, міласьцівы пане, што навучылі мяне, дурня, мёд есьці.“

— „Добра, добра, — пан яму кажа. — Затое й ты мне зрабі ласку: вось пойдзеш з даязджачымі на балото, настраляй чым болей птушак, ды непраменна глухога цецярука дастань.“

— „А калі-ж гэта пан нас на балото пасылае?“ — пытаецца Раман.

— „Ды вось, выпьем яшчэ. Апанас нам песьню пасьпявае, дый з Богам.“

Паглядзеў Раман на яго дый кажа пану:

— „Вось ужо гэта і трудна: час ня раньні да балота далёка, а да таго-ж яшчэ і вецер па лесе шуміць, на-нач будзе бура. Як-жа ж цяпер гэткую, асьцярожную птушку забіць?“

А ўжо пан падпіў, ды падпіўшы быў моцна злы. Пачуў як чэлядзь паміж сабой шаптацца пачала, кажуць, што, вось, — „Раманава праўда, загудзе хута бура“, — і засердаваў. Стукнуў чаркаю, павёў вачыма, — ўсе й паціхлі.

Адзін Апанас не спалохаўся; выйшаў ён па панскім слове песьні сьпяваць з бандураю, пачаў бандуру наводзіць, сам паглядзеў збоку на пана дый кажа яму:

— „Апамятайся, міласьцівы пане! Дае-ж гэта відано, каб на нач ды яшчэ ў буру, людзей па цёмным лесе за птушкаю ганяць?“

Вось ён які быў адважны! Іншые, вядомая рэч, панскіе „крапакі“, баяцца, а ён — вольны чалавек, казацкага роду. Прывёў яго невялічкім хлопцам стары казак — бандурысты з Украіны. Там, хлопча, людзі нешта нашумелі ў горадзе Умані. Вось старому казаку выпаралі вочы, абрэзалі вушы й пусьцілі яго такога па сьвеце. Хадзіў ён, хадзіў пасьля таго па местах і вёсках і забрыў у нашу старану з павадыром, хлопчыкам Апанасам. Стар пан ўзяў яго да сябе, бо любіў добрые песьні. Вось стары памёр, — Апанас пры дварэ й вырас, Любіў яго новы пан так сама і цярпеў ад яго, часамі, гэткае славо, за якое іншаму спусьцілі-б тры скуры.

Так і цяпер: засердаваў быў спачатку, думалі, што ён дасьць казаку, а пасьля кажа Апанасу:

— „Ой, Апанас, Апанас. Разумны ты хлопец, а таго, мусі, ня ведаеш, што між дзьвярэй ня трэба носу сунуць, каб як-нібудзь не зашчамілі…“

Вось ён якую загануў загадку! А казак такі адразу й зразумеў. І адказаў казак пану песьняю. Ой, каб і пан зразумеў казацкую песьню, дык можа быць яго пані над ім не разьлівалася-б сьлязьмі.

— „Дзякую, пане, за навуку, — сказаў Апанас, — вось-жа я тябе затое пасьпяваю, а ты слухай.“

І ўдарыў па струнах бандуры.

Пасьля падняў галаву, паглядзеў на небо, як у небе арол шыбае, як вецер цёмные хмары ганяе. Наставіў вуха, паслухаў, як высокіе хвоі шумяць…

Ды йзноў ударыў па струнах бандуры.

Эй, хлопча, не давялося табе чуці, як іграў Апанас Швыдкі, а цяпер ужо і не пачуеш! Вось жа й ня хітрая штука бандура, а як яна ў чалавека, які ўмее, добра гаворыць. Бывала, прабяжыць па ёй рукою, яна яму ўсё й скажа: як цёмны бор у непагоду шуміць і як вецер зьвініць у пустом сьцяпу па бур‘яне, і як сухая травінка шэпча на высокай казацкай магіле.

Не, хлопча, не пачуць ужо вам, як мае быць, музыку! Езьдзяць цяпер сюды ўсялякіе людзі, такіе, што не ў адным Палесьсі бывалі, але і ў іншых мясцох, і па ўсёй Украіне: і ў Чыгірыне, і ў Палтаві, і ў Кіеве, і ў Чаркасах. Кажуць, зьвяліся ўжо бандурыстые, ня чуваць іх ўжо па кірмашох і рынках. У мяне яшчэ на сьцяне ў хаце старая бандура вісіць. Навучыў мяне йграць на ёй Апанас, а ад мяне ніхто ігры не пераняў. Як я памру — а ўжо гэта скора, — дык, мусі, нідзе ўжо на шырокім сьвеце ня чутно будзе як зьвініць бандура. Вось яно што!

Й засьпяваў Апанас ціхім голасам песьню. Голас быў у Апанаса ня моцны ды сумны, — проста, бывала, аж у сэрцо льецца. А песьню, хлопча, казак мусі сам для пана выдумаў. Ня чуў я яе ніколі больш і калі, пасьля, бывала, да Апанаса прыстану, каб засьпяваў, — ён усё не згаджаўся.

— „Для каго, — кажа, — тая песьня сьпявалася, таго ўжо няма на сьвеце“.

Ў тэй песьні казак пану ўсю праўду сказаў, што з панам будзе і пан плача, навет сьлёзы ў пана цякуць па вусох, а такі ні слова мусі з песьні не зразумеў.

— Ох, ня помню я гэтай песьні, помню толькі трошкі.

Сьпяваў казак пра пана, пра Івана:

Ой пане, ой Іване!..
Разумны пан ды шмат ведае…
Ведае, што каршун у небе лётае, вароны забівае…
Ой пане, ой Іване!..

А таго-ж пан ды ня ведае,
Як на сьвеце ды здараецца, —
Як каля гнязда й варона каршуна забівае…

Вось-жа, хлопча, быццам і цяпер я гэту песьню чую і тых людзей бачу: стаіць казак з бандураю, пан сядзіць на дыване, галаву спусьціў ды плача; чэлядзь навакола стоўпілася, папіхаюць адзін аднаго лакцямі; стары Багдан галавою махае… А лес, як цяпер, шуміць і ціха ды сумна зьвініць бандура, а казак пяе, як пані плача над панам, над Іванам:

Плача пані, плача —
А над панам, над Іванам груган чорны скача.

Ох, не зразумеў пан песьні, выцер сьлёзы й кажа:

— „Ну, зьбірайся, Раман! Хлойцы, сядайце на коні! Й ты, Апанас, паедзеш з імі, — будзе ўжо мне твае песьні слухаць!.. Добрая песьня, ды толькі ніколі таго, што ў ёй сьпяваецца, на сьвеце ня бывае.“

А ў казака ад песьні размягчэло сэрцо, затуманіліся вочы.

— „Ох, пане, пане, — кажа Апанас, — у нас кажуць старые людзі: ў байцы праўда і ў песьні праўда. Толькі ў байцы праўда — як жалезо: доўга на сьвеце з рук да рук хадзіло, заіржавело… А ў песьні праўда — як золато, што ніколі яго іржа ня есьць… Вось, як кажуць старые людзі!“

Махнуў пан рукою.

— „Ну, мо‘ гэтак у вашай старане, а ў нас ня гэтак… Ідзі, ідзі, Апанас, — абрыдла мне цябе слухаці.“

Пастаяў казак з момэнт, а пасьля раптам ўпаў перад панам на зямлю:

— „Паслухай мяне, пане! Сядай на каня, едзь да свае пані; ў мяне сэрцо нядобрае чуе.“

Вось ужо тут пан засердаваў, піхнуў казака, як сабаку, нагою.

— „Ідзі ты ад мяне прэч! Ты, мусі, не казак, а баба! Ідзі ты ад мяне, а то каб як з табою ня было кепска… А вы што сталі, хамаво племя? Ці я ня пан вам болей? Вось я вам такое пакажу, чаго й вашые бацькі ад маіх бацькоў ня бачылі!..“

Ўстаў Апанас на ногі, як цёмная хмара, з Раманам пераглянуўся. А Раман збоку стаіць, на стрэльбу абапёрся, як ня ў чым ня бывала.

Стукнуў казак бандураю аб дзераво, — бандура ў друбязгі равьляцелася, толькі застагнало ад бандуры па лесе.

— „А няхай-жа, — кажа, — чэрці на том сьвеце вучаць такога чалавека, які разумнай рады ня слухае… Табе, пане, мусі, вернага слугі ня трэба.“

Ня ўскураў пан адказаць, скокнуў Апанас у сядло й паехаў. Дзязджачые так сама на коні селі. Раман закінуў стрэльбу за плечы і пайшоў сабе, толькі, праходзячы каля будкі, крыкнуў Аксане:

— „Пакладзі хлопчыка, Аксана! Час яму ўжо спаці. Дый пану прыгатуй пасьцель.“

Вось зараз і пайшлі ўсе ў лес вось па той дарозе; і пан у хату пайшоў, толькі панскі конь стаіць сабе, пад дзеравам прывязаны. А ўжо і цямнець пачало, па лесе шум ідзе і дожджык пакрапвае, вось такі саўсім, як цяпер… Паклала мяне Аксана на сене, перажагнала на-нач… Чую я, мая Аксана плача.

О, нічога-ж я тады, малы хлопчык, не разумеў, што накол мяне дзеецца! Скурчыўся на сене, паслухаў, як бура ў лесе песьню заводзіць і пачаў засынаць.

Эгэ! Раптам чую, нехта каля хаты ходзіць… падышоў да дзерава, панскага каня адвязаў. Захроп конь, стукнуў каптытам, як пусьціцца ў лес, хутка і тупат заціх… Пасьля чую, нехта йзноў па дарозе скача, ўжо да будкі. Пад‘ехаў зусім, саскокнуў з сядла на землю і проста пад вакно:

— „Пане, пане!“ — крычыць голасам старога Багдана.

— „Ой, пане, адчыні хутчэй! Воражы казак ліхо надумаў, мусі: твайго каня на лес пусьціў…“

Не пасьпеў стары дагаварыць, нехта яго ззаду схапіў. Спалохаўся я, чую — нешта упало…

Адчыніў пан дзьверы, са стрэльбаю выскачыў, а ўжо ў прымне Раман яго захапіў, ды проста за чуб, ды аб землю…

Вось, бачыць пан, што яму ліха, ды кажа:

— „Ой, пусьці, Ромусь! Гэтак ты маё дабро помніш?“

А Раман яму адказвае:

— „Помню я, воражы пане, і да мяне і да мае жонкі. Вось-жа я табе цяпер за дабро заплачу…“

А пан кажа ізноў:

— „Заступіся, Апанас, мой верны слуга! То-ж я любіў цябе, як роднага сына.“

А Апанас яму адказвае:

— „Ты свайго вернага слугу прагнаў, як сабаку. Любіў мяне так, як палка любіць плечы, а цяпер так любіш, як плечы палку… То-ж я цябе прасіў, я маліў, — ты не паслухаў…

Вось пачаў пан тут і Аксану прасіць:

— „Заступіся ты, Аксана, ў цябе сэрцо добрае.“

Выбегла Аксана, пляснула рукамі:

— „То-ж я цябе, пане, прасіла, пад нагамі качалася: пашкадуй маю дзявочую красу, не пагань мяне, жонку мужаву. А ты-ж не пашкадаваў мяне, а цяпер сам просіш… Ох, ліханько мне, што-ж я зраблю?“

— „Пусьцеце, — крычыць ізноў пан, — за мяне вы ўсе пагінеце ў Сыбіры…“

— „Не бядуй за нас, пане, — кажа Апанас: — Раман будзе на балоце раней за тваіх даязджачых, а я, па тваёй міласьці, адзін на сьвеце, мне пра сваю галаву думаць нядоўга. Закіну стрэльбу за плечы ды пайду сабе ў лес… Набяру рухавых хлопцаў ды будзем гуляць… З лесу пачнем выходзіць уночы на дарогу, а калі ў вёску забрыдзем, дык проста ў панскіе палацы. Гэй, падымай, Ромусь, пана, вынесем яго міласьць на дожджык!“

Забрыкаў тут пан, закрычаў, а Раман толькі гурчыць паціху, як мядзьведзь, а казак насьмяхаецца. Вось і выйшлі.

А я спалохаўся, кінуўся ў хату ды проста да Аксаны. Сядзіць мая Аксана на лаўцы, белая, як сьцяна…

А па лесе ўжо загула як мае быць бура: крычыць бор рознымі галасамі, ды вецер вые, а калі й гром жахане. Сядзімо мы з Аксанаю на ляжанцы, і раптам я чую, нехта ў лесе застагнаў. Ох, ды так жаласна, што я да гэтых час, як прыпомню, дык на сэрцы цяжка стане, а ўжо-ж таму шмат гадоў…

— „Аксана, — кажу, — галубка, а хто-ж гэта там у лесе стогне?“

А яна ўхапіла мяне на рукі й калыша:

— „Сьпі, — кажа, — хлопчык, нічога! Гэта так… лес шуміць…“

А лес і сапраўды шумеў, ой, як шумеў!

Праседзелі мы яшчэ некалькі часу, чую я: стукнуло нешта па лесе, быццам як са стрэльбы.

— „Аксана, — кажу, — галубка, а хто-ж гэта са стрэльбы страляе?“

А яна, небарака, ўсё мяне калыша і ўсё кажа:

— „Маўчы, маўчы, хлопчык, гэта гром Божы загрымеў па лесе.“

А сама ўсё плача й мяне моцна да грудзей прытуляе, калыша: „Лес шуміць, лес шуміць, хлопчыку, лес шуміць“…

Вось я ляжаў у яе на руках і заснуў…

А назаўтра, хлопча, прачхнуўся, гляджу: сонцо сьвеціць, Аксана адна ў хаце, апранутая сьпіць. Прыпомніў я ўчарайшае і думаю: гэта мне такое прысьнілося.

А яно ня прысьнілося, ой, ня прысьнілося, а было сапраўды. Выбег я з хаты, пабег у лес, а ў лесе птушкі шчабечуць і раса на лісьцях блішчыць. Вось дабег да кустоў, а там і пан і даязджачы ляжаць сабе ўпоруч. Панок спакойны і белы, а даязджачы сівы, як голуб, і строгі, якраз быццам жывы. А на грудзях і ў пана і ў даязджачага кроў.

...........

— Ну, а што-ж сталося з іншымі? — спытаўся я, бачачы, што дзед схіліў галаву і змоўчаў.

— „Эгэ! Вось-жа ўсё так і сталося, як сказаў казак Апанас. І сам ён доўга ў лесе жыў, хадзіў з хлопцамі па вялікіх дарогах, ды па панскіх сядзібах. Такі казаку лёс з роду быў прызначаны: бацькі гайдамачылі й яму тое самае на долю прыйшлося. Ня раз ён, хлопча, прыходзіў да нас у гэту самую хату, а часьцей за ўсё, як Рамана ня было ўдома. Прыдзе, бывала, пасядзіць і песьню сьпяе, і на бандуры пайграе. А калі й з другімі таварышамі заходзіў, — заўсёды яго Аксана з Раманам прымалі. Эх, праўду табе хлопча, сказаць такі й не бяз граху тут было дзело. Вось прыдуць хутка з лесу Максім з Захарам, паглядзі ты на іх абодвых: я нічога ім не кажу, а толькі хто знаў Рамана, ці Апанаса, таму адразу відно, які да якога падобны, хаця яны ўжо тым людзям ня сыны, а ўнукі… Вось-жа якіе справы, хлопча, бывалі з-за мае памяці ў гэтым лесе…

А шуміць-жа лес моцна, — будзе бура!..

III.

Апошніе словы расказу стары гаварыў, як-бы змучаны. Мусі яго абуджэньне прайшло і цяпер зрабілося ўтомаю: язык яго забратваўся, галава дрыжала, вочы сьлязіліся.

Вечар спусьціўся ўжо на зямлю, ў лесе сьцямнело, бор хадзіў хвалямі вакол будкі, як захадзіўшае моро; цёмные вяршыны калыхаліся, як хрыбты хваляў у страшную непагоду. Вясёлы брэх сабакаў абвясьціў, што прыйшлі гаспадары. Абодва лясьнікі, сьпяшаючы падыйшлі да хаткі, а сьледам за імі, задыхаўшаяся Матруна прыгнала, зблудзіўшую было, карову. Наша грамада была ўся разам. Праз некалькі мінют мы сядзелі ў хаце; ў печы весела трашчаў агонь; Матруна сабрала вячэраць.

Хоць я ня раз бачыў раней Захара й Максіма, але цяпер я зірнуў на іх з асобнай цікавасьцю. Твар Захара быў цёмны, бровы зрасьліся над крутым нізкім лобам, вочы глядзелі хмурна, хоць на твары можна было адрозьніць прыродную дабрату душы, якую заўсёды ў сабе мае сіла. Максім глядзеў адкрыта, як бы лашчачы шэрымі вачыма; калі-не-калі ён трос сваімі кучаравымі валасамі, яго сьмех зьвінеў неяк нязвычайна заразьліва.

— „А ці не расказваў вам стары, — запытаўся Максім, — старую бывальшчыну пра нашага дзеда?“

— „Але, расказваў“ — адказаў я.

— „Ну, ён заўсёды вось гэтак! Лес зашуміць мацней, яму старое і прыпомніцца. Цяпер цэлу ноч ніяк не засьне.“

— „Саўсім дзіця малое“, — дадала Матруна, наліваючы старому капусты.

Стары быццам і не разумеў, што гавораць, напэўна-ж, пра яго. Ён саўсім апусьціўся, калі-не-калі бяз-дай-рацыі ўсьмяхаўся, ківаючы галавою; толькі калі знадворку налятаў на хату вецер, што парывамі бушаваў па лесе, ён пачынаў трывожыцца і настаўляў вухо, прыслухваючыся да нечага з спалоханым выглядам.

Хутка ў лясной хатцы ўсе змоўкло. Мутна сьвяціў пагасаючы каганец, ды сьвяршчок званіў сваю аднастайна-крыклівую песьню… А ў лесе, здавалося, йшла гутарка тысячы магутных. Хаця й ня моцных галасоў, якіе аб нечым страшна пераклікаліся ў цемры. Здавалося нейкая страшэнная сіла, вядзе там, напоцемку, неспакойную нараду, зьбіраючыся са ўсіх бакоў наваліцца на бедную, закінутую ў лесе халупку. Калі-не-калі сумны рогат мацнеў, рос, прыліваў і тады дзьверы паддрыгвалі, ўсе роўна як бы хто, злосна сыкаючы, напірае на яе знадворку, а ў коміне начная бура з жалеснай пагрозаю выводзіла, за сэрцо хапаючую, ноту. Пасьля на час парываньні буры сьціхалі, страшэнная ціша таміла палахлівае сэрцо, пакуль ізноў пачынало гусьці, як быццам старые хвоі згаворваліся зьняцца раптам з сваіх мясцоў і паляцець ў невядомы прастор разам з размахамі начнога гурагану.

Я смутна задрамаў на некалькі мінют, але, здаецца, не на-доўга. Бура выла ў лесе на розные галасы і тоны. Каганец загараўся, часамі, асьвятляючы хатку. Стары сядзеў на сваёй лаўцы і мацаў вакол сябе рукою, як быццам спадзяваючыся знайсьці некага блізка ад сябе. Твар дзедаў выўляў сабою страх і немаль што дзіцячую слабасьць.

— „Аксана, галубачка, — пачуў я яго жаласны голас, — а хто-ж гэта там у лесе стогне“?

Ён трывожна памацаў рукою й прыслухаўся.

— „Эгэ! — гаварыў ён ізноў, — ніхто ня стогне. Гэта бура ў лесе шуміць… Больш нічога, лес шуміць, шуміць…“

Прайшло яшчэ некалькі мінют. У маленькіе вокны раз за разам заглядалі сіняватые агне маланкі, высокіе дрэвы бліскалі за вакном паказнымі зданямі і зноў зьнікалі ў цемры сярод злога гурчаньня буры. Але, вось белы сьвет на момэнт зацьміў белые бляскі каганца й па лесе разлёгся адрывісты недалёкі стрэл Пяруна.

Стары йзноў трывожна заварушыўся на лаўцы:

— „Аксана, галубанька, а хто-ж гэта ў лесе страляе“?

— „Сьпі, стары, сьпі“, — пачуўся з печы спакойны голас Матруны. — Вось заўсёды гэтак: як бура, дык ён по-начы Аксану кліча. Й запомніў, што Аксана ўжо даўно на том сьвеце. Ох-хо!

Матруна зяўнула, прашаптала малітву, і хутка йзноў у хатцы настала ціша, якая перарывалася шумам лесу, ды трывожным мармытаньнем дзеда:

— Лес шуміць, лес шуміць… Аксана, галубанька…

Хутка пайшла цяжкая навальніца, пакрываючы шумам дажджавых ручаёў і парываньні ветру і стагнату хваёвага бору.


2 чэрвеня 1919 року
Менск.

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.