«Лучынка»
Верш
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/59023
Бач адпаведны артыкул Вікіпедыі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З «Лучынкай» паволі ў зімовую ночку
З хаты да хаты пойдзем шукаць,
Мабыць, забыты людзьмі у куточку,
Хлопец-сіротка дзе хоча чытаць.

Можа, дзяўчына, спраўшы кудзельку,
Будзе ў запечку маркотна сядзець
Або ў зімовую нудну нядзельку
Праз выбіту шыбу на поле глядзець.

Падойдзем да іх мы з «Лучынкай», пасьвецім,
Аб роднай старонцы сьцікавіма іх, —
Можа, з «Лучынкай» іскры разьнецім
У думках і ў сэрцах сіл маладых.

І мо з «Лучынкі» іскры гарачы
Асьвецяць цёмны хлопцаў куток
І распраменяць вочы даяўчаці, —
Ахвотней сядзе прасьці лянок.

Паволі, ціха, у роўнай меры
Будзем з «Лучынкай» наперад сьпяшаць
Зь вёскі у вёску, праз кожныя дзьверы
Клікаць, каб моладзь сьвятло выйшла ўзяць.

Моладзь, вы — сіла ў кожнае хаце,
Вы — сонейка, радасьць для бацькі, для маці,
Вучыцесь, старайцесь, багацьцесь у сілы,
Бо жджэ вас з надзеяю край наш радзімы.

(1914)