«Наш край» штомесячнік Ц.Б. краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры (Ластоўскі)

А. Шлюбскі. «Крашаніна (набіванка)» „Наш край“ штомесячнік Ц. Б. краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. № 1 (4) 1926 г. Студзень. Менск. 4-ка, 72 балоны ў мастацка выкананай вокладцы.
Крытыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 115-116
«Школьная праца»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Наш край“ штомесячнік Ц. Б. краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. № 1 (4) 1926 г. Студзень. Менск. 4-ка, 72 балоны ў мастацка выкананай вокладцы.

Зьмест амаўлянага нумару часопісі „Наш край“ вельмі ня роўнацэннага зьместу. Побач артыкулаў ніякай вартасьці (Апісаньне Койданаўскага замку), маюцца артыкулы першараднай вартасьці (М. Шчакаціхін—Дрэварыты і орнамант у выданьнях Скарыны). Аднак агульна бяручы часопісь зьяўляецца цэннай спробай утварыць выданьне па краязнаўству. Толькі непрыемна ўражае чытача нястача рэдактарскай рукі ў часопісі дзякуючы чаму ў тэксьце красуюць, гэткія кветкі, як: пачытаюцца (зам. чцяцца), асьвяшчэньня (зам. асьвячаньне), якой пароды (зам. якога гатунку) выпятрыўся (камень!!!?) паверьі, запісаныя веды высылаюць па адрэсу… і г. п. (бб. 43—46, а такжа падобнае і ў іншых некатарых артыкулах.

У артыкуле М. Шчакаціхіна зьмешчана некалькі (каля 8-мі разам з застаўкамі і літарамі) цікавых дрэварытаў з выданьняў Ф. Скарыны. Гледзячы на гэты высокай вартасьці забыткі нашай старой культуры, напрашаецца сама сабой мысьль аб патрэбе поўнага выданьня ўсіх скарынаўскіх дрэварытаў і шрыфтоў асобнай кніжкай. Гэткая кніжка была-бы аграмадным ўкладам у скарбец нашага адраджэньня: яна популярызавала-бы скарынаўскія дасьціжэньні ў краю і заграніцай ставячы крывічоў нараўне з іншымі культурнымі народамі. Але ці будзе гэта выканана, кім і калі?

Цэнна „Інструкція ла зьбіраньня беларускіх народных тэрмінаў па анатоміі жывёл“. Мы толькі думаем, што апытальнымі лістамі цяжка будзе сабраць тэрміналёгію. Практыка паказуе, што народную тэрміналёгію трэба падслухаць і падмеціць у народзе, а гэта могуць зрабіць толькі людзі добра да гэтага прыгатаваныя, з прыродным талентам да падмячаньня і з замілаваньнем да данай галіны веды. Знача лепшыя вынікі можа даць аднаведнае ўзгадаваньне зьбірачоў.

З маючыхся ў нас ведамак, сабраных у Браслаўскім павеце (даўней Новаалександраўскі, Ковенскай губ), да анатоміі птушкі можамо падаць гэткія тэрміны: грахея—гдырха, гдырка, пицепровод—глонка, зоб—валё, лёгкія—ўздушша, ўздухі, семенник—яечнік, мышечный желудок—пуп, почкі—ныркі, клоака—кезаўка. Да тэксту анкеты мы прымушаны зрабіць папраўку. Слова „цягніцы“ нам ніколі не прыходзілася чуць у народнай мове: народ кажа „{{Разьбіўка|сьцягны“ або мускулы (сьцягны і жылы“).

У канцы мы павінны адзначыць заслугоўвуючае пахвалы імкненьне Рэдакціі да аздобнасьці выданьня: эстэтычныя застаўкі і канцоўкі здольнага мастака А. Тычыны, аздабляюць пачаткі і канцы артыкулаў.

С. Т.