«На Антокалі»: Да першай пастаноўкі 26—ХІІ—1916

«На Антокалі»: Да першай пастаноўкі 26—ХІІ—1916
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 29 сьнеж.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«На Антокалі» — гэта абразок з запраўднага жыцьця віленскага дробнага мяшчанства, нарысаваны аўтарам з поўнай псыхалягічнай праўдай, з захаваньнем мяйсцовага калярыту.

У гэтай першай ды бясспорна удачнай «пробе пяра» п. Ф. Аляхновіча разыгрываецца старая, як сьвет, але вечна новая гісторыя. Дзяўчына, дачка шавецкага майстра Вінцэнтага Сьліжыка пагналася за грашыма і, забыўшыся аб шчыра любіўшым яе Язэпе Жалейцы, работніку ў бацькаўскім варштаце, маладым і гожым хлопцу, не задумываючыся гатова выйсьці замуж за паджылага, брыдкага і скупога чыноўніка з пошты, катораму быццам-то яго «амэрыканскі дзядзька» адпісаў паўмільёна даляраў. Калі ж аказалася, што той памершый «дзядзька» зусім не радня Ігнату Радзівіловічу. Зоська (так завецца дачка Сьліжыка) зразу адварачываецца ад няўдачлівага «багатыра» і вяртаецца да свайго пакінутага Язэпа.

Гісторыя гэта нарысована жывымі красачнымі колерамі, і здаецца, быццам усе асобы п’есы: Сьліжык, жонка яго, Зоська, адаратар апошняй Язэп, Ігнат Радзівіловіч і доўгі рад іншых — усё гэта жывыя тыпы, недзе ўжо бачаныя, спатыканыя. Але ўдачу п’есы дапоўнілі артысты, іграючы жыва, вельмі натуральна, з тэмпэрамэнтам.

Вінцэнтага Сьліжыка — старога п’яніцу — знамяніта іграў сам аўтар і рэжысэр п’есы Ф. Аляхновіч, ужо даволі знаны са сцэны. Ён зразу ўзяў правільны тон і абдумана, бяз шаржу правёў сваю роль ад пачатку да канца, вызваўшы гарачыя оплескі ўжо самым сваім выхадам на сцэну. Дужа добры быў і Ігнат Радзівіловіч (Ф. Жукоўскі) — тып акуратнага да пэдантызму служакі, скупога, ды ня злога чалавека, каторы, атрымаўшы вестку аб мільённай спадчыне, не дзярэ носа ўверх, а прыродная скупасьць вызывае ў душы яго ўнутранае змаганьне. Трэйцюю з глаўных мужчынскіх ролей — Язэпа Жалейкі — іграў П. Бароўскі. Тут, апрыч сцэнічных здольнасьцей, патрэбен быў добры голас, і з гэтага боку п. Бароўскі заслужыў шчырай пахвалы. Дый голас яго ўжо шмат каму ў Вільні знаёмы, і мы сваімі пахваламі толькі будзем паўтараць агульны пагляд на яго.

Добрай партнэркай Язэпа была ў ролі Зоські п. Ляля Мэнке. Яе ігра адзначывалася поўнай свабодай і натуральнасьцю, хоць гэта было першае выступленьне яе на сцэне. Дуэты, адсьпяваныя ею разам з п. Бароўскім, публіка наградзіла доўгімі оплескамі. Шкада толькі, што ў часе сьпеву трудна было дачуцца слоў, каторыя становяць часьць акцыі. — Другі жаноцкі тып: пані майстровай Міхаліны Сьліжыкавай — іграла п. К. Стафанавічанка. Артыстка выявіла незвычайны тэмпэрамэнт і свабоду, стварыўшы як ігрой, так і характарызацыяй вельмі жывы і характэрны тып. Добра іграла сястру Міхаліны, Барбару, каторая ў канцы выходзіць замуж за Ігната, п. А. Сакавічанка. Мы ўжо ня раз бачылі яе ў ролях старых баб, каторыя ей заўсёды ўдаюцца, — і тут ігра яе магла кожнага здаволіць. Але трэба шчыра сказаць, што Барбара была залішне маладая.

Апрыч гэтых глаўных асоб п’есы, на сцэне прайшоў доўгі рад вельмі характэрных эпізадычных тыпаў. Тут была і язычлівая крамніца Мацяёвая (п. С. Камінская), зьверхны выгляд каторай так добра адпавядаў яе характару; і спрытны гандляр Арон (п. Г. Кодзь), і рэпартэр мястовай газэты (п. Пуоджунас), і зарубач Ануфры (п. J. Валаховіч), і іншыя болей ці меней удачныя другарадныя фігуры — лікам больш 20. Усе яны стварылі ўдачную цэласьць, ды толькі статысты не адпавядалі стаўляным ім вымогам.

У трэцім акце, каторы разыгрываецца ў Вэрках — у рэстаранным садочку, былі дзьве вельмі сымпатычныя атракцыі. Першая — гэта характарыстычная полька, якую танцавалі 4 пары; гэты танец артысты на жаданьне публікі павінны былі танцаваць два разы, вызываючы доўга нямоўкнучыя оплескі. Другая — то была пара жабракоў, акурат такіх, якіх можна ў нас бачыць на фэстах у Кальварыі (пп. К. Юхневіч і Э. Блажавічанка). Пры знамянітай характарызацыі і ігры жабракі, аднак, сьпявалі крыху задоўга, ды лішнім шаржам жабрачкі паменшылі сымпатычнае наагул уражаньне.

Аркестр споўніў сваю задачу як сьлед. Музыка, наагул, мэлядыйная, аснованая на знаёмых матывах, вельмі ажыўляла акцыю. І цэласьць — пры ўдачным даборы сіл і пад добрым кірункам самога аўтара — дала адзін з найлепшых беларускіх драматычных вечароў, якія мы бачылі дагэтуль у Вільні.

Цырк быў повен публікі, каторая горача вітала артыстаў і заслужанага аўтарарэжысэра. Апошняму былі пададзены: вялікі кош з кветкамі і цэнны падарунак. Разыходзіліся ўсе з поўным здаволеньнем і з надзеяй, што «На Антокалі» ня скора зойдзе са сцэны беларускага тэатру. Як мы чулі, у часе сьвят п’есу гэту будуць іграць другі раз (на Новы год).