«Ня ўсе-ж разам, ягомосьці!..» (1914)

«Ня ўсе-ж разам, ягомосьці!..»
Апавяданьне
Аўтар: Язэп Лёсік
1914 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!..»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А. ЛЁСІК.



„НЯ ЎСЕ-Ж РАЗАМ,
ЯГОМОСЬЦІ!..“


Вільня1914.

БЄЛАРУСКАЯ КНІГАРНЯ

Вільня, Завальная, № 7.

Вядзе агульніцкі і дробны гандэль беларускімі кніжкамі, дастаўляе кніжкі аб Беларусі у другіх мовах, прыймае да друкаваньня рукапісы.
Кніжкі беларускіе кнігарня высылае і накладной платай. Хто выпісывае накладной платай — даплачывае ешчэ 10 кап. за накладную плату і 7 к. за заказ.

Прыймаецца падпіска на газэты.

Гандляром Беларуская кнігарня дае вялікую уступку.

Каталогі высылаюцця дарма.

Выходзіць што год рускімі літэрамі і другое выданьне польскімі літэрамі. Цэна 15 кап., с перасылкай — 20 к. Прадаецца ва ўсіх беларускіх рэдакціях і кнігарнях.

Беларускае Выдавецкае
Таварыства у Вільні.

прыступаючы да выдавецкай працы паведамляе усіх, каму дорага справа беларускаго адраджэньня, аб тым, што таварыства ставіць сабе мэту у першы чарод выпускаць у сьвет па сіле магчымасьці такіе кнігі:
Пісьмо сьвятое цэлае, Гісторыю старога і новаго закону для дзяцей у школах, Кніжку да набажэнства, Эвангелічку на сьвяты і нядзелі, Гісторыю касьцёла для школ, Граматыку беларускую, Географію, Слоўнікі, Арытмэтыку, Кнігі для навучаньня у школах, Кнігі популярные аб сельскай гаспадарцы. Выдавецтво звертаецца с просьбай да шаноўных пісьменьнікоў прысылаць як можна найхутчэй свае ру­капісы выжэй азначэных кніжэк.

Адрэс: Вільня, Каштановая № 5, кв. 4., Беларускае Выдавецкае Таварыства.

А. Лёсік.


„Ня ўсе-ж разам, ягомосьці!..“



Вільня 1914.
Друкарня М. Кухты.

Беларускае Выдавецкае Таварыство у Вільні.


I

Дзеля прынады у карчму людзей, а мо і дзеля сваей ўласнай уцехі, трымаў шынкар заморскую птушку, папугая. Клетку с птушкай пачапіў ён пад стольлю, якраз каля тае шафы, дзе стаялі уселякіе пляшкі з гарэрлкаю. Падчас гарачавата крыху дый нават чадна было пад стольлю, дык затое ня холадна і супакойна. Але ня гэта меў на увазі шынкар, як вешаў так клетку. Ён ведаў натуру папугая, робячы гэтак, мяркаваўся с тым, каб яму зручней было бачыць, што дзеялося ў карчме. З гэтаго боку лепшаго мейсца нельга знайці, і папугай добра разумеў выгаду сваей „пасады“. Дык ён часу дарэмна не бавіў, але пільна усім цікавіўся, шчыльна да ўсяго прыглядаўся, і нічагутка не магло высьлізнуць ад яго прагавітаго вока. Сачыў ён гэтак шчыра ды сумленна, што іншы раз — ня трэтаіцца — не пад густ прыходзілося самому шынкару. Трапіцца там што колячы прыкупіць тайна або, напрыклад, закрасіць гарэлку вадой, дык хоць ты да склепу хавайся: утаропіцца, бэстыя, як німа ведама на што. Яно, ёсць ведама, птушка — не чэлавечае вока, — бачыць, але не скажэ, а усё-ж неяк ня добра робіцца, калі дужа прызіраецца ды назаляецца: здаецца пакруціць галавою ды скажэ: „Ну, і шэльма ты, Моўша“. А Моўша — что Моўша? Моўша на дзіва чэлавек сумленны! Круцельства, ашуканства, альбо якога шальмоўства, ні разочку ніхто ад яго ні бачыў. Ён і с простым чэлавекам, як с панам, заўсёды прыветны, ласкавы; усім паслуе, наровіць усім роўна дагодзіць і заўсёды ахвотна чэлавеку раду падасьць. Ніхай людзі скажуць, калі сказаў ён што кепскае каму, ці зрабіў якую прыкрасць каму, а калі трошкі разводзіў гарэлку, дык — вада-ж не атрута, ды-й рабілося гэта, спагадаючы людзям, дзеля іх-жэ ўласнае карысьці: і больш выпьюць і ня прудко упьюцца. А колькі ён дабра людзям, зрабіў, — дык, каб яму гэтулькі рублёў, даўно-б пэўна карчмарство, пакінуў… Вун Шлёма — крыжам расьцягніся, — ані на грош нічога на павер не дасьць…

Але папугай, як і людзі, нічога не казаў, а толькі цікаваў. Гэткім чынам, ня ў доўгі час ён з усім чыста азнаёміўся, спазнаўся, і ўсё чыста укеміў, што датычыло гаманліваго карчомнаго жыцьця, яго норову і цікавых звычаёў. Урэшці, стаў, падла, пазнаваць у твар карчомных „жыхароў“ ды налажыўся „дзень добры“ даваць і кожнаго клікаць па імені і па прозвішчу. Скончылося тым, што яму ўжо ня трэ’было турбаваць вачэй, каб даведацца, што першы з ранку, як толькі атчыняцца дзьверы, ўходзіць войкалаты Сёмка. Сёмка пастаянна бяз вопраткі, у шарачковых, с чырвонымі латамі на каленях, портках і ў чорнай, як земля, згрэбнай кашулі. Шапка на ём, бадай ці ня кожны дзень была іншая, але заўсёды — у летку зімовая, а у зімку летняя.

Цікавасць брала папугая, дзе ён іх даставаў? Ці ня краў, як часам даводзілося і яму, калі што кепска лежало, або здавалося занадта прынадным?.. З зубоў у Сёмкі заўсёды стырчэла даўжэзная, накшталт кульбакі, люлька. Яна выймалася з губы ласьне у той момэнт, як трэ’было высмаркацца, або выпіць чарку гарэлкі, бо ён спаў з ёю ў зубах, заліхвацка умеў плёваць, не выймаўшы люлькі, аткапыліўшы лупу, і, калі не брэхалі, дык аднакраць на хаўтурах сваей жонкі, прыпёрся ў цэркаў, пыхкаючы з яе, як с кадзіла. Колькі часу назад папугай прымкмеціў, што раней меў Сёмка іншую люльку. Тая, як ён памятае, была невялічкая ды з маленькім, як у імбрычку рыльцам, касьцяным цыбуком. Зваў яе Сёмка „гарнушкам“. Забрамны маскаль шкіліў, што той „гарнушак“ Сёмка страціў у бойцы с „туркам“. Шкада гнявіць, але нічога ня зробіш; прышлося да рэчы, дык трэ’ мусі, сказаць, з якім гэта туркам была бойка у Сёмкі. Ніхай ласкава, выбачае; сам, здароў, ведае, што с песьні, кажуць, слова ня выкінеш.

Страх, як не любіў Сёмка сварыцца, і да таго здарэньня хваліўся нават, што і завядзеньня таго німае, каб лаяцца з Антоляю. Дзе там! Спрэчак, гневу жаднюткаго у іх не траплялося, хоць спытайця у людзей. Але ня брэшуць, мусі людзі, калі кажуць: мей ды не выхваляйся. Вось зухаўство гэта і ўздрантавало чорта; дзеля таго ён і прыстаўлены, каб зводзіць добрых людзей на сваркі ды на бойкі. Ня чорт, кажэця? Дык хто-ж гэта назвадыяшыў, хто-ж, як ня чорт, адвярнуў розум ды засланіў яму вочы? Нешта думаеця, што сам ён завёўся? Дык ён памятаў-бы, як гэта і за што пачалося, а то, хоць забій, нічагутка ня ведае. Памятае толькі, што нябошчыца, ухапіўшы с качарэжніку чэпялу, як шалёная, рынулася на яго, калі ён выбіваў аб стол попел з „гарнушка“. Ведама, выцяць сябе ён не даўся; чэпялу атабраў ды шпурнуў пад лаву. Тады Антоля уляпілася абаруч за валасы, а ня здолеўшы пакаціць, вырвала з зубоў люльку ды ў момэнт здрабязіла яе таўкачом на калодцы на малюсенькіе друзгі.

— Ось як табе, булава, памятай! — засопшыся, як мех, крычала яна, паказваючы пальцам на чэрапкі ад „гарнушка“. Слова на гэта не прамовіў Сёмка; пашоў ды маўчком лёг на тапчане. Мо брыдка было у вочы людзям паказацца, ці надта ўжо зазлаваў ён на жонку, — няведома, а толькі тры дні нікуды ня сходзіў с тапчана. Спалохалася Антоля ды кінулася шукаць рады. Сьвятым Духам надало ей забегчы да Чылінавае Пранцэлі, Тая паслухала, пабедавала ды, дзякуй ей, нараіла: — „Купі, нябога, новую люльку: ці не паможэ?“ Дык ня йсьці-ж блізкі сьвет дзеля люлькі на рынак?! Яна абегала усю вёску, і нейдзе-такі растаралася. Не самавітая гэта была люлька, шчэрбатая, без цыбука і без вечка, але зрабіла цуда: Сёмка устаў. Ён зараз-жэ вышмаргнуў з-за паяса капшук, набіў люльку, прыціснуў крыху кіпцям, каб ня сыпалася табака; Антоля выгарнула ды падала яму вугаль, а ён прыпаліўшы, аддаў назад вугаль ды задыміў, як с коміна, трымаючы люльку у жмені, Анатолі і яму, абоім, мусіць, адлягло і пасьвятлело у ваччу, бо хутка пачалася лагодная размова.

— Мо-б ты, мой саколік, капустачкі, або скварачку зьеў? — ласкава пыталася Антоля, лісьліва зазіраючы яму ў вочы.

— Дык дай, калі ёсьць; — казаў Сёмка, сядаючы за стол.

У зіму на вячорках, каб чым-колечы аддзякаваць Сёмку за тое, што заўсёды ахвотна і лэпска бубніў на ігрышчах, хлопцы высмалілі яму цыбук даўжынёю з локаць. Яны спадзеваліся, што ён адрэжэ колькі трэ’ на звычайны цыбук, а рэшту схавае на ўселякае здарэньня. Але Сёмка паглядзеў на справу з другога боку: каб не псаваць, дык ён цэліком насадзіў яго на люльку.

Вось гэтым цыбуком, калі не было чаго рабіць, Сёмка меў звычай штурхаць пад бок папугая, і папугай добра ведаў, што канец яго абсусьлены і сьлізкі, так што дужа непрыемна робіцца.

Хоць і крычаў папугай, „дзень добры, Сёмка“, але той не звертаў на гэта увагі: абрыдла бо што-дня здароўкацца с птушкаю. Ці ён, ніхай Бог крые, блазан які, або што, каб патураць усякаму глупству?! Ды агульна Сёмка быў негаворкі чэлавек. Ён моўчкі садзіўся за доўгі карчомны стол, аблегаўся, ды нешта, мусі, рахаваў. Потым азіраўся, мармытаў, пазіхаючы, ды раптам, грукнуўшы кулакамі, сіпата гукаў, праз цыбук:

— Моўша, паўкварты!

Атрымаўшы гарэлку, не спешаўся з ёю, але спаважне, мяркоўна, як газу, наліваў у чарку, скрыва, бытцым на нешта цудоўнае, паглядаў на яе, а ўжо потым, мэрам, рыхтуючыся лічыць зоры, задзіраў галаву ды ня піў, а, заплюшчыўшы вочы, выліваў сабе чарку ў губу. Пазіраючы з боку, здавалася, што, заміж гарэлкі, Сёмка праглынуў кілішак воцыту, бо так крэктаў і крывіўся, што аж млосна рабілася глядзець. Затым, абмацаўшы на стале шчыпту хлеба, падносіў яго пад нос ды, нюхнуўшы разоў колькі, казаў, выціраючы рукавом вусы:

— Ядавітая, падла! Брр—э!..

Ешчэ, бывала, не ўправіцца ён наліць другую, як зараз нехта загрукаціць на ганку. А папугай ўжо пэвен, што гэта ніхто іншы як бязногі Карусь Ратуй… І тож хітрушчы быў гэты папугай! Крый Божэ, каб ён памыліўся ды абазваў Каруся Ратуем. Спанатрыў, што гэта мянюшка, а ня прозьвішчэ. Не раз-бо яму даводзілася бачыць, як бязногі пёрся да бойкі, калі хто, не ўсьцярогшыся, аклікаў яго гэтак. — „Я табе нос падатру!“ — крычаў тады бязногі, замахнуўшыся кульбаю: — „Ты ў мяне язык прыкусіш, нябось!“ — Знаў папугай, за што й прадражнілі Каруся Ратуем. Вось як, разгаварыўшыся, апаведаў Сёмка.

Неяк а поўначы, крыху мусі пад чаркаю, немач яго, ці якое ліха, прымусіла несьці смольны корч да дому. Па-пацёмку чэрці яго насунулі на студню, Зруб яму прыдаўся парканам, а „баба“ — шулой каля хаты. Не разгледзіўшы, падняў ён, як звычайна, нагу ды цьвёрдаю ступою стаў, ведама, перэлазіць, але трапіў не да сябе на двор, а… на дно студні, — „Ратуй! — залямэнтаваў ён на ўсю вёску „хто ў Бога верыць, ратуй!” На гвалт пазбегаліся людзі с кіямі, з ліхтарамі, с качэргамі. Угледзь гэта с калодзізі і Карусь, дык ён абамлеў-бы с спалоху. Біць не давялося нікога, а Каруся выратавалі. Ён паламаў сабе ногі, расквасіў нос і патыліцу, а на заўтра не далічыўся чатырох пярэдніх зубоў. Дзеля гэтаго, — дадаваў апаведаўца; — загадалі абгарадзіць калодзізі па вёсках.

„Ратуй“ заўсягды ахвотна, вітаўся с папугаем і за кожным разам трымаў за пазухай нешта ласае для яго. Ухмыляючыся на ўсю бяззубую губу, ён падходзіў да клеткі, даставаў гасьцінца ды, задраўшы галаву, прамаўляў:

— На, вось схруметай, крысановы!

І Карусь надта спадабаўся папугаю, хоць сам добра ня ведаў папугай, за што больш: за прысмакі, ці за яго вясёлую натуру. Вельмі-ж бо здаўся Ратуй на ўселякіе шкілярства. Ён ні кроплі ня быў падобен на Сёмку: як прыдзе, не сядзе, ня будзе маўчаць. Курыў, праўда, і ён люльку, але змерна і ніколі ня меў нораву штурхацца, як Сёмка, сваім цыбуком. Не, Карусь саўсім другі чэлавек. Ніхто ў карчме не патрапіць гэтак здатна і сьмешна паскакаць ці пасьпеваць, як бязногі Ратуй! Досыць яму, напрыклад, праглынуць чаркі са дзьве, дык ён ужо ня ўрымсьціць на мейсцы. Зараз выходзе на сярэдзіну, шпурае землю кульбаю, на якую досі апіраўся, бярэцца ў бокі, дый пачынае вычвараць, як той камэдыянт:

„Дзяўчыначка чорна брова,
Паехала ў леc па дровы,
Зачапілася за пень
Прастаяла цэлы дзень.
Каб ня тые кавалеры,
Прастаяла-б дзьве нядзелі.“

Трэ’ было самому бачыць, як ён зграбна вырабляў пад песьню уселякіе выкрутасы. Падарвешся, бывала, з рогату, пазіраючы, як ён пачне ешчэ ківаць, падміргіваць ды на ўсе лады майстраваць сваімі кульбамі па падлозе… На што ўжо сур’ёзны быў Сёмка, а і ўтрымацца ня мог: глянуўшы на гэтые штукарства, сьцінаў зубы, аж цыбук трэшчаў, трос галавою, а потым браў чарку ў рукі, бразгаў ёю аб паўпляшкі ды перацінаў у тахту:

— „Вой ты Тодар, я Тадора,
Та-бе ла-паць, мне а-бо-ра.

А Ратуй, кінуўшы сваё, пачынаў затым ўтураваць яму:

Во-й скачыце, майткі мое,
Бо ёсць дома яшчэ трое…

Пад гэту камедыю падыходзіла ешчэ колькі вясковых ягомосьцяў, а сярод іх добра знаёмы папугаю Пранцісь Канцавы. Толькі ня шэньціла Пранцісю: ня доўга ён бавіўся ў карчме. Забегаў ён сюды, як сам казаў, на часінку, на адну хвіліначку, але й тая не праходзіла спакойна, бо хутка чэрці прыносілі Тэклю. Заўсёды, каб яна згарэла, не ў спадзеўкі Пранцісю, як віхрам, расчыняліся дзьверы і на парозі, маўляў ў люстэрцы, зьяўлялася постаць асьпідкі-жонкі. Скаштаваў ад яе Пранцісь гора, пазнаў — ніхай ёй калом земля — пачом хунт ліха! Ведаў ён чымсьці гэткая зьява пахне, але сядзеў ўжо нібыто ня ён, жмурыўся ды чэкаў. Вось гэтак пачувае сябе той, хто рынуўся спотырч галавою ў воду й не чакае сабе ратунку… А Тэкля, схаваўшы пад хвартух мешалку (яна заўсёды, мусі, сьвіням мешала, бо заўсёды, як торкнецца Пранціся, і мешалка, і хвартух, і нават канец носа былі аброблены у муццэ) на момэнт супынялася на парозі ды хістала галавою, мэрам гатуючыся засьпеваць: — „Чэлавечэ-гаспадару, а што-ж ты тут робіш? Дома лінка, дзеткі голы, а ты ў карчму ходзіць!” Ды не ў галаве Тэклі сьпевы, не дзеля гэтаго сюды прымчалася, рынуўшы хату! Яна акідала злосным вокам карчму ды выглядала Пранціся. Агледзіўшы, што той, прытуліўшыся, сядзеў ціхутка дзе-небудзь у куточку, яна куляю, як ястраб на курыцу, шыбалася на гаротнаго гаспадара.

— Зноў піць, каб ты смалы напіўся! — верашчэла яна на Пранціся, ды так спрытна штоўхала мешалкай яго карк, што небарака вокам не пасьпее міргнуць, як заскародзіць носам па ганку… Рогат бразгаціць па карчме, а Тэкля, ўжо галасіла на вуліцы:

— Я й туды, я й сюды — дзе Пранцісь, дзе Пранцісь? Ажно ён у карчме!..

— Дык я-ж на часінку. Хіба… прабуе мяльнуць губою Пранцісь.

— Маўчы ўжо ты!...

II

Самая пацеха пачыналася ня ў будзенны дзень, а ў нядзелю, або ў якое сьвята. Тады кожэн чэлавек мае вольны час і кожэн рупіцца праводзіць яго, як найлепей і весялей. У сьвяты дзень чэлавек пакончэ рахавацца з варункамі будзённаго жыцьця, мае спраможнасць рабіць тое, што яму падабаецца, паведлуг свайго нораву і густу. Дзеля гэтага у карчму пачынаюць збірацца ешчэ досьвіта, чуць золак, як толькі жонкі завінуцца каля печы. Ні дарма-ж у песьні сьпеваецца: „ўстане рана, не хрысьціца, моў, не памятае; ўстане рана, ня моліцца, — да карчмы дыбае“. Гаспадыня, шапочучы пацеры, гатуецца пячы бліны, смажыць верашчаку, а гаспадар нашча падаецца у карчму. У карчме, кінуўшы агульнае „дзень добры“, кожын сам сабе шукае мейсца. Хто захваціцца раней, дык займае лепшае, пачэснае, за сталом, на лаве ці зэдліку; а хто спозьніцца, калі там саўсім патоўпіцца нельга, дык садзіцца на парозі ці проста ў куточку на падлозі, абы „не замінаць вельмі“. Размасьціўшыся, як каму давялося, кураць люлькі, зажываюць табаку, частуюцца тутуном сваей гадоўлі, хваляць добры, ганяць кепскі, а часам і заспрэчаюцца на гэтым грунце:

— Слухаць ня хочу! трасе галавою дзядзька: „Хіба гэта тутун? Гэта — капусьнік, а не тутун! Запробуй майго: уся хата чхае, як крышыць пачынаю! Жонка ка’а, ня трэ’ лепшаго лекарства ад катару“…

— Дарма, ня згоджваецца другі: ў нос то ён бье, але смаку, як сьледна, не мае, дый пяршыць, дзярэ ў горлі…

— Ат, вярзе чэлавек, ажно слухаць моташна! — Базыль! — зьвертаецца ён да другога: ты курыў! няўжож і ты скажэш…

Але Базыль ня слухае, і спрэчка хутка канчаецца. З боку пачалі размову пра чуткі, здарэньня, пра кірмаш…

— Ця-пер і Клецак і Капыль саўсім занепалі: казы добрае, ня то што, купіць не патрапіш! А даўней, яшчэ за маю памяць, — вядзе сівы, с пажоўклымі ад табакі вусамі, дзед: — дык мо’а на ўсём сьвеці гэткаго кірмашу не было… Або вось Мір…

— Дык гібее народ, німа чаго казаць! Я сам памятаю, як у нас зямлі не хацелі браць, падаткаў, ці што баяліся; пашы тае колькі было, быдла! А цяпер земля гэтаго ня родзіць. Я летась — дзе на навозах — насеньня не сабраў!..

— Галеюць людзі да званьня, дадае трэці: розуму не дабярэш, што гэта будзе, як далей жыць давядзецца! Мэрам усё нешта вернецца, руйнуецца і разваліцца ня можэ. Страхоцьця ды годзі! У газэтах вунь…

Гэтта ўсе злучаюцца ў агульнай гутарцы пра сучаснае становішчэ, пра грамадзянскіе справы, пра суседзкіе стасункі. Кожын бажае выказаць свае думкі, паслухаць людзей, прапытацца пра тое, што робіцца на сьвеці. У другі дзень некалі, — за працаю сьвету не бачыш, — дык на сьвята назьбярэцца ці мала справункаў, аб якіх „трэ кончэ парадзіцца с суседам“. Дык людзі гамоняць, бядуюць, уздыхаюць, жартуюць, сьмяюцца. Тым часам адзін выходзіць, другі прыходзіць, і каля карчмы людзі, як каля вульля пчолы, цалюткі дзень то ў зад, то ў перад пахаджаюць. Без пярэстанку бразгае клямка, скрыгаюць завесы, стукаюць дзьверы. Пад паўдня натоўпіцца паўнютка карчма, ні раўнуючы, як на Вялікдзень у цэркву: ані прайсьці, ані прашыцца. Часам, як пашле матка хлопчыка па бацьку, дык той наўперад ужо ведае, што лезьці ў сярэдзіну — ніхай яго агні спаляць: бацькі не знайдзеш, ногі аттопчуць, а назад ня выкарабкаешся. А то ешчэ трапіць на Сёмку, дык не палянуецца, гад, вушы выдзерці, або „квасу даць“. Зараз, каб ён епрогея, запывіць:

— Чэкай-чэкай, жэўжык! Сербані — скажэ — кваску на дарогу.

Уцекай, калі ногі маеш, а то улепіцпа, трасца яго галаве, за лоб ды-й пачне круціць, як шэйну-катарынку, прымаўляючы: „Ішоў чынорык цераз панскі дворык, згусіў сякерку й тапорык… Ці парог, ці качан?“ Крывішся, ведама, ад болю, абмылішся ды як скажэш: качан, — дык ён; „я йзнова пачаў: ішоў чынорык цераз панскі дворык“… Круціць, недаверак, аж покі не схамянешся сказаць: рог. Тады ўжо, тузянуўшы апошні раз, аж слёзы з вачэй пакоцяцца, скажэ: „Ідзі, леўка, за парог!..“ Уцекай не азірайся, а то йшчэ пстрычак надае: гэта ён арэхі, моў, лушчэ. На вуліцы — трасцу-б ён дагнаў, а тут — куды-ж ты ўцячэш?! Дык, каб абмінуць гэтае ліха, хлапчына мяркуе ўскарабкацца — на бочку, каторая заўсёды стаяла каля дзьвярэй; а калі на ёй знайшоў сабе прыпынак дзядзька, або й два, дык ушчэміцца на дзьверы, а ўжо адтуль гукае, бытцым дзе ў лесі, у гушчарне.

— Тата, дзе ты?

— Га, сынку!

— Ідзі, татка, да-дому палуднаваць.

Іншы раз і даклічэшся, асабліва, калі бацька яшчэ ня вельмі выпіўшы. Тады ён прапіхаецца, патходзіць, чырвоны, як з лазьні, да сына, ухмыляецца ва ўсю шчэку, зьнімае яго з дзьвярэй ды кажэ:

— А мой каток, мой памоцнічак! Тату прышоў клікаць? Дай-жэ бусі тату — баню дам.

Ухапіўшы аберуч кручаны абаранак, каторы бацька выняў с кішэні, сынок і памкнецца, даць бусі, але як зачуе з рота ў бацькі сморад гарэлкі, дык толькі нагамі задрыгае: пусьці, моў, — ня хочу!..

— „Сьмярдзіць? — пытае той. — Ну, ідзі, ідзі… Ох, сынок, сынок! Ты-ж думаеш, піў-бы яе, каб людзкае жыцьцё нашэ? Хай-бы яе высмаліла, гэту згубу нашу!. Маленькі ты йшчэ, нічога не цяміш. Расьці, вучыся ды ўцекай адгэтуль… Але хадземо, — матка, нябось прачэкалася“, — канчае ён, ды абое выходзяць за дзьверы.

Яно размова размоваю, а кожэн мае на думцы, што добраму чэлавеку не павінна зашкодзіць, калі дзеля сьвята выпье чарку гарэлкі. Іншы раз больш і не хацеў-бы, Гэтым-бы, здаецца, і здаволіўся, дык як-жэ ты зробіш? Калі — кум стрэўся, с шваграм даўно не бачыўся, сват надыйдзе, брацейнік з заработкаў вярнуўся, і — пачнеш і пачнеш. С тым, з другім, а тым часам к змроку начастуешся, ледзьве ногаеш. Ешчэ, як скародзіш ботамі вуліцу, як дражніш сабакаў спрэчкамі з вугламі, дык нібы крыху памятаеш. Але якім шыхам выбраўся с карчмы, як трапіў да хаты — Бог яго ведае! Не памятаеш, хто распранаў, хто раззуваў, не ў памкі, як і спаць улёгся…

А той ці іншы выпадак здарыцца с кожным можэ, — так не абмінеш, каб не нашлёгацца пад вечар. Тагды ў карчме ушчухаюцца спрэчкі, звадкі, песьні, — такі гоман, што крый Божэ! Гармідасія пойдзе, бадай ці ня гэтак, а можэ й горш, як даўней у Клецку на кірмашы.

— Я яму, як добраму, а ён, трасца яго матары, і нос закапыліў!..

— Выпьемо, кумок! Бог сьвяты ведае, ці будзем жывы заўтра. Пій да свата! Сватка!

— Годзі табе, Габрусь! Вот згінённік!

— Як-то згода?! Ён мяне зневажае, а я буду даровываць? Не дажджэ ён…

— „Я-й пья-ніцаю ра-дзіў-ся, я-й бу-ду ў карчме і ўміраць“, — не пяе, а як не плачэ нехта, уткнуўшыся носам у стол.

На вуліцы курта брэшэ,
А да мяне Янка чэшэ.
Ці ты Янка, ці ты не, —
Спа-дабаўся ты мне —

перацінае пьяны Ратуй, дрыгаючы кульбамі заміж музыкі.

— Моўша! Моўша, каб ты апруцянеў, дзе цябе чэрці дзержаць! Моўша!..

Моўша гасае па карчме, як на пажэжы. Пот з яго ра́гамі ліецца, ярмолка збілася назад і чуць ліпіць на паталіцы. Німа увіхнейшаго шынкара за Моўшу, а і ён не ўпраўляецца ўсім настрэнчыць, за ўсім даглядзець, ды дай ты сьвет! Той крычыць, той гірчыць, той лае, а той, ніхай яму ліха, мяркуе каўхануць знячэўку. Нарэшці — не разарвацца-ж яму? — ён кідае слухаць, а толькі, як вар’ят, бліскае вачыма ды асекаецца ва ўсе бакі:

— Пачэкай!.. Ня ўсе-ж разам, ягомосьці!... Трымайся чаргі, калі ласка!.

Турбація Моўшы дадае шмат клопату і папугаю. Спагадаючы гаспадару, ён метушыцца па клетцы, як непрытомны, злуе, верадуе. Згледзіўшы, што колькі дзядзькоў зляпілася цэлавацца, вытарачыцца на іх ды, як пуп яго ня трэсьне, галасуе:

— Ня ўсеж разам, ягомосьці! Трымайся чаргі, калі ласка!

Але гэта-б ешчэ асьвяціся! Трэ‘ жыць, трэ й патурбавацца. Захочэш есьці, дык знясеш паняверку, перэтрываеш і зневагу. Дарма, кажуць, і каза воўку не скачэ, — разумна разважае Моўша. Толькі не бачыў ён карысьці, не было яму жаднаго рахунку вось с тае завірухі, якую завіналі хлопцы з дзеўчатамі, сеправіўшы пад поўнач ігрышчэ. Не, не, не кажыце, з гэтым Моўша дагэтуль ня хочэ згодзіцца! Круцяць, вернуць голавы, а чаго, каб хто спытаўся? Так, абы бэсьціцца. Німа каму біць…

І, пачуўшы вясёлы малады рогат, ён толькі скрывіцца, як кіслага яблыка зьеўшы, „Пашла верабінавая ноч“, — махае Моўша рукою: „цяпер за якую двузлотку будуць таўчыся да трэйціх пеўнёў“. Каб дарма не турбавацца, дык ён на гэты час кудысь саўсім знікае. Бо — ніхай яго пярун спаліць, — як не ўдыгай, а распустам гэтым, лабатросам не ўнаровіш, а як не трапіш пад густ, дык і па патыліцы атрымаеш. Былі здарэньня, ён не забыўся, памятуе. Ды-й досыць з яго! набегаўся, навярэдзіўся. Гэта ні жарты! — цалюткі дзень як на спружынах: ані зьесьці, ані прысесьці:

Цяпер і цукеркі і іншые дзявочые ласункі прадае сама, Мырка, а застаецца даглядаць за ўсім адзін папугай. Лепшаго вартаўнічаго пашукаць трэба: вока ня спусьціць с таго што творыцца ў карчме. Не першынка яму бачыць. Ігрышчы спраўляюцца амаль ня кожна сьвята, ў зіму на прыклад, але-ж заўсёды яму цікава, усё роўна як і тым дзецям, што на гэты час паўпіраюцца насамі ў шыбы, пішчаць і мітусяцца на прызьбі. Ды й не адны дзеці на ігрышча ідуць паглядзець, ідуць і маладзіцы і нават старые кабеціны. Толькі яны заходзяць у самую карчму, прыпыніўшыся дзе-нібудзь у куточку, на відавоку, яны патпіраюць бароды рукамі, шэпчуцца, ківаюць галовамі ды стрыгуць вачыма. Не адна ўспомніць маладые леты і не раз уздыхае цяжка, глянуўшы на сябе і навокала…

Вось тромкнула іскрыпка, разоў колькі прайшоўся па струнах цымбалісты. Ёкнуда, сэрца ў моладзі. Як маланкаю, асьвяціўся твар у саромлівых дзеўчат. Цясней сціснуліся ў кучку яны, часьцей забілася сэрцэ іх. Бледнасьць ірвецца прэч і раскладваюцца вусны ў шчасьлівую усьмешку.

— Дзядзька, лявоніху! гукнуў нехта с хлопцаў і — „грай музыка, калі граеш, калі добру жонку маеш!“ Не грукацяць гэтак вогіры на стайні, як затупацелі хлопцы абцасамі. Патхапіўшы спаднічкі, распусьціўшы хвартушкі ў пальцах, заружэваўшыся, маўляў, пурышкі на ясным сонцы, — дробна, як бобам, выплюць дзеўчаты. Дэлікатна, лёгка, як птушкі, ўюцца яны каля хлапцоў, не крануўшы, здаецца, чэравікам падлогі. Раз’юшэные павабным мірганьнем, даклярушчым палкім вокам дзяўчыны, ажно жахаюцца хлопцы. Той прысьвісьне, той зашлепчэ, там цокаюць, тут гокаюць, а Сёмка — даруй Божэ цяжкі грэх — узмасьціўся на стол, нахіліў да плеча бубен (трымаць, як трэба, замінала люлька) наўвоч бье па ём цырубалкам ды патцінае:

Ляво-ні-ха; дабра-дзей-ка бы-ла,
За два гро-шы сара-коў-ку дала.
Ой, Ля-во-ніха, бадай це невідаць!
Не: хадзі ма-ей капу-сты ла-маць.

Нехта шэпярнуў штось на вуха цымбалісту, а той, паслухаўшы, аnхіліўшы ў бок галаву, нібыто зненацку сцігануў на „мяцеліцу“ ды — як урэзаў, як уцяў, — дык раптам усё выпынілаcя і замоўкла. Аж у вушшу зазвінела, аж папугай прытаіўся ў клетцы, перэпалоханы апанаваўшаю цішаю. Усё стаяць, чэкаюць, маўчаць… Ніхто не адважыцца пачаць першы. А цымбалы звіняць, гавораць, задораць…

Ба-дай таго ка-ва-ля
Мя-це-лі-ца замела, —

аднекуль з-закутку перарэзаў цішу моцны голас Ратуя.

Што ён мя-не ма-ла-ду
Ды зма-ро-зіў на ля-ду, —

патхапілі хлопцы з дзеўчатамі, цымбалам патсекла іскрыпка, загрымеў бубян і — ў момэнт усё віхрам завалтузілася. Звіняць бутэлькі ў шафі, вокны бразгацяць, пыл курыцца, — карчма ходырам пайшла! Усё збэрсалася, зблуталася ў клубок мятусіны. Ні чуваць, ні відаць нічога, адна лямпа міхціцца, як воўчае вока ў ночы…

— Ці не звар’яцелі яны?! думае папугай і ва ўсё горла лямэнтуе:

— Ня ўсеж разам, ягамосці! Трымайся чаргі, калі ласка!

III

Ня кепска жылося папугаю: не самотна і не маркотна. Спадабалася яму карчомнае жыцьцё з яго гульнямі, ігрышчамі, с тымі сьвяточнымі сэсіямі селян, як іх, жартуючы, называў Моўша. Густаваў ён камедыянства Ратуя, любіў і Сёмку, хоць той ніколі ня песьціў яго і ніколі не патураў яму. Усё гэта агулам рабіла тое, што папугай ня меў ні часу, ні ахвоты марнавацца па даўнейшым жыцьцю а прагавітая цікавасьць да ўсяго нішчыла ў пачатку нуднае пачуцьцё па страчэнай вольнасьці. Калі часам заварушацца дзесь там, на таёмнай глыбіне яго душы, малюнкі прамінулага, калі й заманецца зірнуць на родные абшары, дык варункі жыцьця карчомнаго так збэрсаюць і перакруцяць думкі аб гэтым, што здавалася іначэй, як ёсьць і быць не павінна. Потым сталося тое, што нядолю сваю ён стаў лічыць доляй звычайнаю, а гадкі пра лепшае жыцьцё сярод родных пушчаў, — пустымі, шкадлівымі марамі. Пад гэткім нахілам невялічкая клетка яго мэрам пабольшала і паслабанела, а густые краты перэсталі замінаць і наводзіць журбу на сэрцэ і цяжкі смутак на душу. Нарэсьці, як страціў ўласну гаворку сваю ды злаўчыўся што кольвек выгукваць па чэлавечаму, дык паеднаў жыцьцё сваё з жыцьцём чужаніцы ды сумленна, павэдлуг свайго розуму і спраможнасьці, стаў дбаць на карысць чужое гаспадаркі. Тагды карысьць Моўшы рахаваў за сваю карысьць, а асобнасць ўласных інтерэсаў лічыў маруднаю і не патрэбнаю. Турбаваўся Моўша — клапаціўся ён; рад быў той, дык весяла было яму. І плыў час, і жыў сабе папугай, запамятаўшы нават, што ён — птушка і што за кратамі сьвеціць сонцэ, шуміць лес, сьпеваюць птушкі.

Дык не пражывеш, мусі, на сьвеці, каб не прыдарылася жаднае прыгоды; німа, мусі, гэткаго шляху, каб хібіла на ём каўдобін. Не злітавалася жыцьцё і над папугаем… Вось слухайце.

Аднакраць, раніцаю, йшчэ досьвітку, трапілася Мойшу адвінуцца с карчмы на часіну. Запамятаўся ён, або меўся хутка вярнуцца, ды затрымала што, а толькі дзьверы з надворку не прычыніў. Папугай цеперся ўжо прачнуўся. Ён наеўся, напіўся, прычапурыўся ды шчупаўся паволі у пер’ю, чэкаючы будзённых карчомных зьяваў. З надворку падыхнуло сьвежым прыемным паветрэм. Падняў папугай галаву, зірнуў ды — шусь на ганак, пацікаваць, што робіцца на вуліцы. Каля карчмы, звычайна, як ў будзённую раніцу, нічога асаблівага не было, і папугаю, як ён і сам потым уцяміў, трэ’было вярнуцца назад ды сесьці ў клетку. Дык каб-жэ знацьцё, каб-жэ той розум наўперад, што надыходзіць ззаду! Гэтак ужо вядзецца: пакаштуеш разок таго, што забаранена, ды потым ня лёгка стрымацца, каб не паквапіцца на што-небудзь горшае і шмат шкадліўшае. Патцюкнуў чорт закарцела і папугаю. Сперша боязна ды неяк усьцішна здавалася, але жаданьне навін ды прыродная памаўзлівасьць перэважылі страх. Узмахнуў скрыдламі папугай ды шыбануў пацешыць вока сваё вольным сьветам. У памкі яму гэта раніца, канаючы ня мог ёнзабыцца яе.

Шчэбеталі ластаўкі на кроквах, ціўкалі верабейчыкі па гуменьнях; па дварох пішчэлі гусеняты, гергаталі гусі; моцна прыседаючы кракалі качкі. Мэрам нехаця, с прасоньня, рыпелі на ўселякіе лады вароты, скрыгалі весьніцы і спаважна грукалі засовы. Сціху, нібы прабуючы горла, рыкала быдла, блеялі ягняты, меркаталі авечкі. Недзе здалёк заіржала жэрэбя, яму атклікнулася матка. Скрыпела студня, грукалі вёдры, чулася жаночая размова. Па падворку бегаў хлопчык, ляскаў пугаю па зямлі ды раз-па-раз выгукаў: „Быдла выганя-яй!“ Вёска, прачнулася, гаманіла, гула, як вулей с пчоламі падчас раеньня.

Папугай імчаўся далей, за вёску.

Хмурнеўся навокала маўчозны, насуплены лес. Здавалася, бытцым ішоў ён, спыніўся ды замысьліўся, абступіўпы ваколіцы цёмна зяленымі мурамі. З лесу, як с-пад зямлі, чуць чуваць данасілася кукуваньне зязюлі. Срэбрам блішчэла на сонцы рэчка, абапал абросшая купчастымі вербамі, алешнікам, тонкім гушчар-лазьняком. Сонцэ купалася ў вадзе, і вада зьяла, усміхалася, падобна да люстра, ў каштоўнай зялёнай аправі. Сярод па́расьніку на ўзлесьсі вышэлі магутные дубы, трымаючы на гальлі, як абярэмя ламья на галаве, бусьліные гнёзды. У гнёздах на аднэй назе, як на тонкім чырвоным пруце, стаялі буслы ды, падняўшы ў гару дзюбы, ляскалі з радасьці, мусіць, што даў Бог харошы дзянёк і ў іх ня горш, як у іншых: ёсць і гняздо, будуць і дзеткі. Знізу-ж пад гнёздамі за нешта сварыліся шпакі з верабьямі. Па той бок — распасьціраўся шырокі, роўны луг, прыбраны ў кветкі, як маладая да шлюбу. Гэтта — доўгімі зялёнымі ўстужкамі рунеліся ніўкі з дзікімі грушамі, яблынямі, с кудзёркамі ракітніка па межах. А там — пад гарою, прытуліўся шэры будынак з белым, агорнутым гаем бярэзніка, касьцёлам пасярэдзіні. Адтуль-жэ выбегала, абгароджэная ў дзьве жэрдкі, дарога ды шпарка імчалася па полі. Яна закрыўлялася, выпроствалася, выкручвалася, як вуж, ва ўсе бакі, разбегалася чорнымі сьцежкамі, а потым, стрэўшы другую, пускалася с тою на выпярэдкі, аж покі не зьнікалі абедзьве за песчаным узгоркам…

Сьпевалі жаваранкі, і песьні іх, як нязлічонае мноства срэбных звонікаў, звінелі, зліваліся ў нябёсах, абрываліся, як струны, зноў пачыналіся, а гуртам рабілі адно цудоўнае, благаснае набажэнства, адну велебную ўдзячную канту.

Наагул, усё было аздобна, слічна і пекна, як „у сэрцы чэлавека ў часіну шчырае малітвы“.

Задрымацела серцэ ў папугая ад хараства Божага сьвета! З вялікае, нястрымалае! радасьці ён ня чуў сваіх скрыдлаў: лётаў ў зад, нёсся ў перад, садзіўся, ўзнімаўся, імчаўся ў выш, спускаўся ў ніз і — ня мог нацешыцца, ня мог наглядзецца. Аж покі не супакоіўся на крыжы, што, як сівы дзед, маркотна схіліўся на дарогу, стоючы каля маленькае трухлявае капліцы. Сеў — ды засмуціўся. Чаго? Якая журба агарнула душу яго, які смутак сціснуў сэрцэ яго? Хто гэта скажэ?! Хто можэ ведаць, што дзеецца, на патаёмных закуцьцях чужой душы, хто калі бачыў сакрамэнты чужога сэрца? Мо горкі жаль адзіноцтва апанаваў яго, а мо — сьпевы чужаніцы пабудзілі змоўкшые песьні далёкай бацькаўшчыны і ўскалыхнулі пачуцьцё роднай краіны? Бо нельга забыцца аб тым, што крывавым атрамэнтам упісана ў сэрцэ; немагчымасць нікому й ніколі страціць тые пачуцьця, што агарнулі душу пры яе нараджэньні. Ніхто ніколі, ад скананьня, не забудзе тых журботна-вясёлых песень, якіе сьпевала матка, схіліўшы галоўку над калыскаю свайго дзіцяці! Ёсць можнасць занедбаць, занехаяць; можна прыспаць ўсё гэта, заглушыць, як брыдкае зельля глушэ ніўку у недбалага, але надыйдзе час, страсянецца душа і яно ачнецца, загарыць, запалае, як на ветры ад іскры с попялу патухлае вогнішчэ!..

Зажурбёны, змаркочэны, апанаваны роем нахлынуўшых думак, сядзеў папугай і не ў галаве яму, што сваей яркай адзежкай, сваім незвычайным аблічэм звярнуў на сябе увагу тутэйшаго птаства. Не рад ён быў, што маці справіла яму калёрыстую вопратку, што дала адметную ўроду…

Першы убачыў яго грач. Той з маленства звучыўся шанаваць здароў’е, а дзеля гэтаго меў звычай, устаўшы раніцаю, ісьці на шпацэр па вольным паветры. Заўсёды прыбраны, як грап, у чорны сурдут, ён пахаджае сабе па дарозі, як штосьці заманулося яму глянуць, ці высока сонцэ. Павярнуўшы галаву на бок, ён зірнуў ды — аж прысеў на хвост, згледзіўшы на крыжы папугая. Апамятаўшыся, трэйчы сплюнуў с перэляку ды з гэтым нечуваным дзівам падаўся у бярезняк да сваіх. Неўзабаві, хістаючыся, як на гойдаўцы, шпарка ляцеў, мабыць на крадзеж, стары верабей. На дарозі агледзіўся ён, што забыўся пайстрыць дзюбу, але варочацца дамоў не хацеў, маючы на думцы, што гэта зрабіць можна на крыжы, на якім часта даводзілася спачываць, вертаючыся здалёк да дому. Мейсца было добра знаёмае, ён ужо і лапкі выпрастаў, каб прысесьці ды — як той д’ябал, атхіснуўся ў бок. С сапалоху ён забыў мусі, што мае язык, бо нейкі час метусіўся моўчкі, а потым нарабіў такога гвалту, што з усіх бакоў, як на пажар, пачалі злетацца верабьі, ластаўкі, жаваранкі, сьмяцеі. Страхоцьця, колькі іх назбіралася!

— Уга, уга! дзівіўся папугай, зірнуўшы ў другі бок: там ешчэ чэрада прэцца. Гэта грач сваякоў вёў, а за тымі, бытцым бабы, каўдыбалі вароны; крыху ззаду церушылі скрыдламі, як маладзіцы патсеваючы жыта рэштам, сівабокіе галкі.

— Сварацца яны, жэняцца, ці якое ім ліха? пацягаў плячыма папугай ды чэкаў, што будзе далей. Але чэкаць доўга не прышлося. Распачаў справу той самы жэўжык — верабей. За ім уся гэта арава с піскам, с крыкам рынулася на бедалашчага папугая ды як пачалі пытляваць, як пачалі дубасіць, джгаць, — Божухна мой літасьцівы! Іскры сыпаліся з вачэй, пух ляцеў, як з разпоранае падушкі, ня ведаў бедак, за які бок хутчэй хапацца. Ён зваліўся с крыжа воб зямлю, зашыўся пад плот, пад віткі, але не было ратунку. Ды дзе ў чорта! Йшчэ горэй, бо верабьі, прымасьціўшыся на вітках, дзяўблі з верху па галаве, як кавалі малаткамі па кавадлі…

У гэты момэнт натрапіў сюды Моўша. Ён хутка агледзіўся, што папугай уцёк с клеткі, ды ўжо цеперсі шукаў яго на полі.

— Ой, вэй-мір, вэй-мір! заенчыў ён, ўспляснуўшы рукамі, як угледзіў гэту баталію, Папугай саўсім змогся, аслаб; ён ужо не бараніўся не асекаўся, а толькі як с плачэм, крычаў:

— Ня ўсе-ж разам, ягомосьці! Трымайся чаргі калі ласка!

Я. Лёсік.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.