«Правадыры»
„Правадыры“ Публіцыстыка Аўтар: Арсень Паўлюкевіч 1926 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі Голас», № 27, 20 лістапада 1926 г., б. 3 |
„Правадыры“.
Хто ня ведае рэвалюцыйнага імпэту і запалу, з якім выступаюць „адважныя“ нятыкальныя паслы Грамады на мітынгах і зьездах. Сколькі ўжо сялянсядзіць па турмах за „рэвалюцыйнасьць“ паноў паслоў! Здавалася б што правадырам і выбранцам народу належыць быць з народам заўсёды, а асабліва падчас якога народнага гора, альбо паважных падзеяў. І вось гэткія паважныя падзеі прыйшлі. Паўстаў канфлікт паміж Урадам Бартэля і Соймам. Усе чакалі разьвязаньня Сойму. Чакаў напружана гэтага ўвесь край, чакалі і беларускія выбаршчакі. А паслы „рэвалюцыйнай“ Грамады „адважныя абаронцы“, ў поўным сваім складзе: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, знамянітая Мятла, Валошын і Сабалеўскі сядзелі за граніцай у Гданьску, гдзе роўным чынам чакалі… ці вяртацца да сваей Грамады, калі Сойм ня будзе распушчаны, ці ехаць туды куды надовячы выехаў Аляхновіч, калі-б Сойм быў бы распушчаны і ім (а на толькі сялянам!) гразіў бы арышт, бо амаль не за кожным з іх маюцца справы, за якія іх зараз жа арыштавалі б, як толькі яны перасталі бы быць пасламі. А мітынг, які быў на гэты дзень вызначаны на Наваградчыне пасламі Грамады ня мог адбыцца, бо „абаронцы“ былі ў Гданьску. „Бел. Справа“ на адозву Рады ўжо зарэагавала пішучы, што Рада напісала нібыта брахню на паслоў. Дык катэгарычна заяўляю, што орган грамадаўскіх паслоў лжэ, а моральную адказнасьць за гэтую ілжу нясуць перадусім п. п. паслы.
А каб даць магчымасьць панам паслам за гэтыя мае словы — (калі яны ня правільныя!) пацягнуць мяне да судовай адказнасьці, я падпісываю і яшчэ раз катэгарычна сцьвярджаю, што п.п. паслы Грамады ў момант Соймавага крызіса да Гданьску ганебна ўцякалі.
А. Паўлюкевіч.