«Родные зьявы» (Ластоўскі)
«Родные зьявы» Рэцэнзія Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1914 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 41, 16 кастрычніка 1914 г., б. 2-3 |
„Родные зьявы“.
Тарас Гушча. Вільня 1914 г., выданьне «Беларускаго Выдавецкаго Таварыства у Вільні».
«Прозы, прозы добрай, мастацкай прозы беларускай дайця нам!»
«Каб на стале у нас, каля тоўстай кніжкі вершоў «Шляхам жыцьця» лежала-б не цянейшая кніжка прыгожай прозы…»
Гэтак не спаўна год таму ташнаваў маліўся М. Горэцкі у «Вялікоднай пісанцы на 1914 г.» І яго жаданьня збылося: побач мастацкіх вершоў Янкі Куцалы, сабраных у тоўстую кніжку «Шляхам жыцьця», ужо цяпер беларус можэ палажыць на стале тоўсты том мастацкай прозы—гэта зборнік апаведаньнёў Тараса Гушчы «Родные зьявы».
І ня толькі палажыць, але і сказаць сьвету, што у нашай маладзенькай літэратуры ёсць ужо не мала свайго, не пазычанаго, не мала прыгажосьці узятай з родных ніў і сяліб, з абшароў палёў і з нетр лясоў, і з душы беларускай, такой багатай як у маркотнасьці так і ў вясёласьці і такой глыбокай у думе.
Не дармо-ж Беларусь была крыніцай романтызму польскаго і калыскай польскаго рыцарства… Ходкевічы, Сапегі, Радзівіллы, Чарнецкіе калісь паўставалі з разлогоў зямлі беларускай і на саколіх крыльлях гусарскіх ўслаўлялі свае імёны і… чужынцоў. Паўставалі і прарокі слова, а імя ім легіон, і ішлі… ішлі ад нас.
Чэсьць ім, пабітым ў імя Ваала, чэсьць ім, што не змарнавалі таленту закапаўшы ў зямлю, чэсьць ім і апраўданьня, бо яны не зналі імені Бога свайго, каторы іх завёў у палоненьне вавілонскае.
Чэсьць, бо доля наша, акрадзеная на раздарожы доля, набірала ў сябе безбярэжнае морэ сьлёз, бязмер болю, і яд сатыры, каторай голас меўся стацца голасам арханельскай трубы, маючай сілу ўваскрэсаць пабітых духам.
О, душа беларуская! благаслаўляй балючую і сьлёзную сваю мінуўшчыну, благаслаўляй церні і дубцы, каторые убічэвалі цябе, благаслаўляй тых, каторые выдалі і асудзілі на сьмерць цябе!
Бо ты сьмерцьцю сьмерць пабіваць імеш…
Бо ты цяпер носіш у сабе бязцэнную пэрлу, каторая толькі з болю, с цярпеньня родзіцца.
І дужаючыся, пабіваючы сьмерць, ты дасі яе сьвету.
Скарбоў у табе скрытых ня злічэ аж той «хто горы злічыў!»
А знакі таго чулае вока пабачыць на зямлі і небі, і ў пошуме бору, і ў шэптаньні таёмна збожным зельля, на капцах—валатоўках, там дзесь у гушчэчы, у пустэчы, дзе земля з небам гаворэ ды ў сумных думах гуслярных, ды ў гудзьбе свадзебнай, ды ў гульні вясельнай, ды за мужэваньнем мужоў статочных, спаважных… А ўсе тые знакі, праўда ня «поўнымі формамі», а «як у дзяўчынкі маладзенькай» адбіваюцца у нашай літэратуры. А кожны пісьменьнік як пчолка Божа у вулейчык, зносіць у родную пісьменнасць мёд душы сваей і воск дум сваіх і гэтаго у нас, дзякаваць Богу, ўсё болей і болей, рой наш павялічываецца і гранкі вузы белай напаўняюцца залацістым мёдам
Адзін, як напр. М. Горэцкі, уносіць у родны вулей глыбокіе думы містычна-таёмные, пытаньня глыбокіе; іншы песьні агністые—палкіе, а іншы сьпякоту упальную летнюю, сьмех дзявочы звонкі, кепкаваньне падуфалае дзядзькі ці цёткі з неўдалаго дзяцюка, ці сварлівых братоў раздзельнікоў. І з гэтай разнароднасьці пачуваньнёў-перэжываньнёў мала-па-малу у нашай літэратуры дабіраецца поўная гамма усіх тоноў і пералівоў жыцьця душы беларускай.
Творыцца працікавая, і прапрыгожая ды новая літэратура беларуская, каторая мае сказаць сваё вялікае слова сьвету ўсяму і Белай Русі…
Творы Тарасы Гушчы у нашай пісьменнасьці займаюць пачэснае мейсцо і лішне вядомы а найлепшаго боку шырокім кругам чытаючаго і жывога беларускаго грамадзянства праз тое, што аўтор адзін с першых выйшоў на ніву родную, каб сеяць зярно добрае. Працаваў ён ад першаго клічу аб адраджэньні Беларусі, не як найміт і не дзеля заплаты, але як сын гаспо́дара у вінніцы сваей, і за гэга належыцца яму падзяка і чэсьць ад добрых людзей і ад бацькоўскіх касьцей і ад на патом будучых векоў.
С чым-жэ ішоў ён да родных ніў і сяліб і што прыносіў пад струпехлые стрэхі старэнькіх, бядненькіх хатак беларускіх?
«Спытайся у хваёвых крыжоў. Яны табе скажуць пра думкі мае. Мае думкі напісаны сьлязьмі, а сьлёзы разам з думкамі разліліся у рэчцы. Вецер—песьняр мой.»—Атказывае сам аўтор за сябе. І во, са сьмехам скрозь сьлёзы ішоў аўтор пад саламянне стрэхі. Сьмех і слёзы чуваць у «Родных зьявах» у кожным апаведаньні… Сьмех і сьлёзы! Сьмешные, а такіе праўдзівые здарэньня малюе аўтор адно за адным, але пазагэтым сьмехам чуваць горкіе, набалеўшые ў душы сьлёзы за нашу цяжкую долю—«Думкі ў дарозе», «Казкі жыцьця», «Дудар», на нашэ няўмецтва—«Выбар старшыны», за нашэ паніжэньне -«Зло не заўсёды злом»—за тандэту духа і заморэнные цяжкімі варункамі жыцьця душы і сэрцы людзей, «Дзеравеншчына», «З днеўніка пана Жалака» і інш.
А сколькі праўдзівай-праўды псыхолёгічнай у творах Т. Гушчы і як ён умее схапіць яе! Як дзіўна праўдзіва схоплены перэжываньня Сцепана у «Старых падрызьніках», катораго высокіе парываньня душы былі зусім панівэчэны жыцьцёвай практыкай, або тыпы у апаведаньнях «Недаступны», «Знайшлі», «Выстагнаўся», ды інш!..
А сколькі сонца, жыцьця!
Запраўды багата душа беларускаго народу, калі можэ выдаць с сябе такіе таленты… Вяліка будучына народу, каторы ў досьвітках свайго, адраджэньня кідае такіе пэрлы!
А Тарас Гушча не сказаў ешчэ свайго апошняго слова; яго талент с кожным годам набірае большаго напружэньня і большай развітасьці ў вясёлкавых пералівах гумару і ў зіхаценьню чыстых сьлёз, каторымі перэсыпае гумор. Трэба спадзевацца, што імя Т. Гушчы с часам будзе вядома далёка пазамежамі нашымі; ўслаляючы імя беларускае, яно пойдзе далёка па сьвету, бо ў творчасьці Гушчы, апрача фактычнай сьмешнай стараны, скрыта глыбіна думкі, падобна як гэта бачым у украінскаго пісьменніка Стэфаныка, да катораго мейсцамі аўтор набліжаецца, — ды ў расейскаго пісьменніка Чэхова. Але Т. Г. не патурае ім, а творыць сваё, творыць новую цэннасьць, выснаваную с характару душы беларускай.
Канчаючы агляд гэты, варочаюся, і ешчэ раз благаслаўляю сьлёзную нашую мінуўшчыну, у каторай, як у гарне, перапалялася душа беларуская, каб зайскрыцца на сонцы, калі дух народу ўваскрасьне.
Власт.