«Рэквіем» спазніўся
«Рэквіем» спазніўся Верш Аўтар: Язэп Пушча 1956 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter91 |
Не піў жалобнага віна:
Не ведаю, чыя
Віна,
Што «Рэквіем» спазніўся?
Сам бачыў я,
Як рэактыўны ўзвіўся,
Прапелерам заззяў
І курс на Мінск узяў,
А «Рэквіем» — на борт.
Дамоў я не пайшоў
Цераз Аку уброд,
Пад зорамі стаяў
І слухаў зморанай душой,
Як вецер «Рэквіем» спяваў.
Яго з маланкавым імпэтам
На крылах самалёт у Мінск імчаў —
Ушанаваць народнага паэта —
Якуба Коласа.
Я не маўчаў,
Застаўся аж без голаса,
Пілоту ўсё крычаў:
Імчы,
Уначы
Між зор,
Над хвалямі азёр,
Над шумам баравым,
Дзе праляцелі журавы
І гусі
Цераз прасторы Беларусі!
Каб толькі не спазніцца,
Каб сэрцу не спыніцца
У дзень жалобны!
Якубе, мой ты родны!
Ішоў ты да людзей,
Твой ясны дзень,
Як сонца на гары,
Святлом паэзіі гарэў.
Твой голас волю клікаў,
Пазнаў ты радасць творчасці вялікай.
Калі мы у дарогу выйшлі,
Схіляліся пад цветам яблыні і вішні,
Была вясна,
Агонь паэзіі не гас.
Паэт да нас
Заходзіў на «Узвышша»
Сагрэцца,
І нас сагрэць сваёю ласкай.
Я помню вечар урачысты майскі:
Ад глыбіні душы і сэрца
Мы паднімалі поўны кубак
За свой народ савецкі, за вясну
І за здароўе
Роднага Якуба.
Я радасць гэтую нясу,
Умытую слязой і кроўю,
Як васілёк з радзімай нівы,
Як дарагія сэрцу успаміны.
Марусіць жалем дожджык дробны.
Даруйце мне, сябры,
Што я успомніў словам добрым
Тое,
Мне святое,
Ад чаго язык у крытыкаў свярбіць.
Напевы маладосці
Лісцём ажоўклым не апалі.
Да нас заходзілі у госці
І Колас, і Купала.
Вы гэтага ніяк
Не можаце мне дараваць.
Гары, паэзіі маяк!
Няўмоцы сэрца ад Радзімы адарваць!
Не ўмеў я падаць ніц да ног,—
Кажу я вам не жартамі.
Мне даравалі ўсё даўно
Народ, Радзіма, партыя.
Сказалі мне:
Жыві, працуй, спявай.
Радзіма любая, бывай!..
Я рад сваёй вясне,
Хоць падае на голаў белы снег.
12/ІХ 1956 г.