«Строма» — Уладзімер Дубоўка
«Строма» — Уладзімер Дубоўка Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1923 Крыніца: Наша Будучына, 1923. 14 лют. |
Сярод беларускіх лірычных паэтаў устанавіўся звычай заўсёды браць дужа сумны, тужлівы, безнадзейны тон. Гэта сталася як быццам традыцыяй. Дый яно зразумела: адбіваючы параважна тыя настроі, якія родзіць акружаючая сучаснасьць, нашы лірыкі не знаходзяць другіх тонаў.
Тым вялікшую ўвагу зварочае на сябе кожын твор, у якім чуецца новы, сьвежы павеў, новыя тоны. Не стагнаць нам трэба, не пяяць аб нашай бядзе і горы, а будзіць сілу жыцьцёвую, шукаць у жыцьці якраз таго, што ў нас адбіраецца. Нельга жыць аднабока, вечна ў адным настроі. Жыцьцё гэтага не цярпіць, яно лішне мнагаграннае, лішне багатае ў фарбы і тоны, каб здаволівацца вечна шэрым, бязрадасным.
Невялічкі зборнічак вершаў «Строма» Уладзімера Дубоўкі якраз зрывае сувязь з традыцыйным стагнаньнем. На вялікі жаль, нам няведама, дзе жыве новы аўтар беларускі, — але той дух, якім пранікнуты яго вершы, прымушае думаць, што ны яны не пад цяжкім ярмом чужацкае ўлады. Столькі тут размаху, столькі моцы і веры ў сваю сілу і сілу народную! Паэт верыць у сьветлую будучыну Бацькаўшчыны і «не жальбуе, тых дзянькоў не шкадуе, што жыцьцё даўно разьвеяла, як дым»1. У ім чуецца маладая нарастаючая сіла, ня зьвязаная з старымі перажыткамі, ён зварочаецца да адраджэнскае моладзі з закліканьнем:
Маладое пакаленьне,
Прачынайся, час прыйшоў.
Залатое Адраджэньне
Кліча ўсіх пад родны схоў.
Нешта сьвежае, запраўды новае нясе пясьняр. І калі маладое пакаленьне беларусаў будзе такім, якім прадстаўляецца аўтар «Стромы», дык можна яго толькі шчыра прывітаць.
«Строма» выдана вельмі пекна, вонкавы выгляд адпавядае зьместу. Праўда, часамі верш крыху кульгае, але нет ведама, ці то віна аўтара, ці недагляд рэдактара. Затрымлівае на сабе ўвагу мілазычнасьць верша ды такія гукавыя эфэкты, як, прыкладам, у вершы на стр. 24:
Мітусіцца лістота мяцеліцай —
Мітульжынная, быццам дзьвіна.
Па аселіцы лёнам пасьцеліцца,
Завіхрыцца квяціста яна.
Шмат сьмелых зваротаў, сьмелых сукладаў слоў, у чым безумоўна адбівае псыхалёгія аўтара. А ўсё гэта робіць зборнічак Уладзімера Дубоўкі цэнным і годным увагі.
У зборнічку ўсяго васямнаццаць вершыкаў. Жменя невялічкая. А ўсё ж ужо па гэтай першай спробе можна судзіць, што новы паэт можа даць шмат яшчэ цэннага нашай літаратуры.