«У Купальскую ноч»
«У Купальскую ноч» Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1917 Крыніца: Гоман. 1917. 24 чэрв |
У Беларускім клюбе ў нядзелю, 15.IV, быў пастаўлен вельмі сымпатычны сцэнічны абразок «У Купальскую ноч» Янкі Купалы.
Гэта — усцэнізованая байка-легенда аб кветцы папараці, каторая быццам-то зацьвітае на Купальле і дае цудоўную моц і шчасьце таму, хто яе знойдзе.
У байцы Купалы многа сымвалізму. Дзяцюк, каторы шукае цудоўнай кветкі, — гэта сымвол агульналюдзкага жаданьня здабыць шчасьце і волю. Але дарогу да кветкі заступае яму «Дух пушчы», каторы хавае ад людзкога вока гэтае шчасьце. Дарма дзяцюк усей душой рвецца к яму, нягледзячы на ўсе страхі, што бароняць доступу да нетры лясоў, дарэмна яго сардэчная ахвяра, — і дарма ў сьне кружацца над ім русалкі і напяваюць думкі аб яснай будучыні: калі зацьвіла папараць і дзяцюк працягнуў ужо руку, каб сарваць жаданую кветку, — «Дух пушчы» стануў яму на дарозе, кінуў у душу атручаныя зярняты безнадзейнасьці, — і прад вачыма дзецюка разьвеялася мара шчасьця, і, як падкошаны сноп жыта, падае ён на зямлю з распачлівым крыкам «Дайце кветку! Дайце сонца!»
Інсцэнізацыя была вельмі ўдачная. Нягледзячы на маленькую сцэну, на труднасьць пастаноўкі на ёй адпаведных дэкарацый, як сцэны спатканьня дзецюка з «Духам пушчы», так і карагод русалак прайшлі надта добра, пакідаючы па сабе эстэтычнае ўражаньне. Шчырая падзяка належыцца як нашым артыстам, так і рэжысэру — п. Аляхновічу, бо супольнымі сіламі стварылі папраўдзе пекную рэч.
Ня шкодзіла б паставіць «У Купальскую ноч» яшчэ раз.
* * *
У гэту нядзелю, 22 красавіка, у Беларускім клюбе быў пастаўлен ўсцэнізованы абразок «Дзед і Баба» — зь пяяньнем паводлуг музыкі Манюшкі. Музыка вельмі характарыстычная, аснованая на вядомых «дзедаўскіх матывах».
Адыгралі п’еску вельмі міла, дый пяялі добра.
Апрацаваў яе і рэжысэраваў п. Ф. Аляхновіч. Ігралі сілы беларускай драматычнай дружыны.
Саля Клюбу, як заўсёды, была поўная.