«У зімовы вечар»
«У зімовы вечар» Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1916 Крыніца: Гоман. 1916. 10 лістап. |
Другі ў гэту восень спэктакль, уладжаны беларускай драматычнай дружынай у Вільні 5 лістапада, складаўся зь дзвьвёх п’ес: Э. Ажашковай «У зімовы вечар» і камэдыі «Міхалка».
Першая — поўны настраеньня і з глыбокай думкай драматычны абразок з жыцьця нашай вёскі. Сын гаспадара Сымона Мікулы, баронячы сваю вёску ад зьдзеку расейскіх чыноў, папаў за гэта ў вастрог. Вастрожнае жыцьцё згубіла яго: яно здэмаралізавала маладога хлопца, навучыла яго благіх рэчай. І, вярнуўшыся дадому, ён доўга там не астаўся: за розныя благія паступкі бацька пачаў яго неміласэрна біць, і Янка — так яго звалі — уцёк з роднай хаты і пачаў вясьці разбойніцкае жыцьцё. Ды ўсё ж лепшая частка душы ў яго захавалася, і гэты вядомы сьвету разбойнік Рысь захацеў вярнуцца да справядлівага жыцьця, пабачыць родну старонку. Так і зрабіў: прыстаў на работу недзе ў суседняй вёсцы і там укрываўся ад пагоні людзкой справядлівасьці. Але нехта пазнаў яго, — і зноў яму прыйшлося ўцякаць. Перад тым, як кінуць сваю бацькаўшчыну, яго пацягнула пабачыць апошні раз бацькаву хату, — і вось ён заходзіць туды як падарожны падчас вечарніцы.
На сцэне якраз адбываецца вечарніца ў хаце Мікулы. Тут сабралася ўся сям’я і госьці — хлопцы і дзяўчыны. Пяюць песьні, гутараць, Апавядаюць аб слаўным разбойніку Рысю, каторага паліцыя загадала лавіць. І вось зьяўляецца падарожны — той самы Рысь. На яго робіць страшэнна сільнае ўражаньне родная хата, від блізкіх людзей, каторыя яго не пазнаюць. Але бацька такі пазнаў, — да сам веры сабе даць ня хоча. А Рысь, забыўшыся аб тым, што яго могуць пазнаць, раскрывае перад бацькай сваю душу, вылівае горыч жыцьця, выказвае жаль з прычыны таго, што зблудзіў, што многа благіх дзел учыніў. І калі хлопцы, западозрыўшы зь яго слоў, хто ён, нападаюць на яго, каб зьвязаць і аддаць у рукі паліцыі, — стары Мікула вызваляе яго і выпраўляе з хаты з благаслаўленьнем: «Ідзі — і больш не грашы».
На фоне звычайнага хатняга жыцьця на сцэне фігура Рыся выдзялялася вельмі ярка. Тып Рыся быў схоплен артыстам правільна і праведзен натуральна ад пачатку да канца. Толькі прыпадковыя недахваткі пастаноўкі аслаблялі ўражаньне: так, у самы глыбокі, самы сільны мамэнт, калі бацька пазнае блуднага сына, хор пяяў лішне голасна і глушыў гутарку, ведзеную між бацькам і сынам цішком. Іншыя артысты справіліся са сваімі ролямі даволі ўдачна: і поўны задору Аляксей, і Наста, каторая пекна расказала казку, і характарыстычны на пагляд дзед — Мікула, і другія. І хоць відаць было, што іншыя з артыстаў на сцэне — людзі новыя, быт беларускай хаты яны адтварылі добра.
Спэктакль закончыўся вясёлай камэдыяй «Міхалка», каторая вызывала нямоўкнуўшый сьмех у салі. Бо ж і ўсе чацьвёра іграўшых патрапілі даць жывыя тыпы: як вяртлявая Юлька, так пастрэўшая ў дзеўках Адэля, хлапатлівы бацька яе — Язэп Карыта і наіўна-хітры Міхалка Багдалеўчык. Ігралі жыва, безь ніякіх замінак.
Спэктакль пацьвярдзіў яшчэ раз тую думку, якую вызвала пастаноўка «Хама»: беларуская драматычная дружына мае грунт дзеля разьвіцьця, патрэбна толькі праца, праца, праца.