«Шляхам жыцьця» (рэцэнзія)

(Пасля перасылкі з «Шляхам жыцьця»)
«Шляхам жыцьця»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1913
Крыніца: Наша Ніва. 1913. 26 крас.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Выйшла з друку новая беларуская кніжка, выданая вельмі артыстычна, - "Шляхам жыцьця" - зборнік вершаў нашага песьняра Янкі Купалы.

Кніжка цешыць душу кожнага шчырага беларуса. Гэта ужо сур'ёзны здабытак беларускай літаратуры. У аб'ёмістым зборніку (260 стр. вялікага фармату) лепей, як у асобных творах, выяўляецца творчаская сіла і талент Купалы, і мы можам сьмела казаць, што пясьняр Маладой Беларусі займець пачэснае месца ў гісторыі беларускага адраджэньня.

"Шляхам жыцьця" - гэтае названьне дужа добра падходзіць да кніжкі. У пекных, зычных, шчыра і з размахам напісаных вершах адбіваецца жыцьцё нашага народу, шэрай беларускай вёскі, захованай негдзе між лясоў і балот. Многа гора, многа бед, крыўды. Многа смутку і жалю, што так цяжка, так дрэнна жывецца народу, каторы нічым не заслужыў на гэткую долю. Але ўжо нейкая новая сіла пачала разварачываць той стары ляд, пры каторым дыхаць нельга. Хваля чыстага, сьвежага паветра пракацілася па ўсей старане. Народ будзіцца ад сну. Пачынаецца новае жыцьце. І вось у вершах Купалы ўсё часьцей і часьцей - поруч з сумнымі настраеньнямі - зьвініць нотка бойкая, жывая; відаць, што сіла кіпіць і рвецца да дзела. Чуваць радасьць жыцьця - радасьць, каторая абыймае душу здаровага сільнага чалавека. Даючы сумныя абразы гора і нядолі народнай, кніжка Купалы родзіць веру, што будзе лепей, што папраўдзе блізка ўжо часіна адраджэньня забытых і забітых беларусаў. І самі сабой успамінаюцца тыя моцныя, быццам з граніту выкаваныя словы Купалы:

К свабодзе, роўнасьці і знаньню

Мы працярэбім сабе сьлед!

І будзе ўкукаў панаваньне

Там, дзе сягоньня плача дзед!

"Шляхам жыцьця" ідзе Купала, але ў кніжцы яго відаць, што той шлях цягнецца далёка-далёка ў будучыну, і пясьняр прарочым словам прымушае верыць, што, ідучы сваей дарогай, мы дойдзем урэшце да лепшай долі.