«Эўразійцы» (новыя шуканьня расійскай думкі)
«Эўразійцы» (новыя шуканьня расійскай думкі) Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч 1922 Крыніца: Беларускі сьцяг. - 1922, №4 |
Катастрафічнае здарэньне ў жыцьці Усходу Эўропы — Расійская Рэвалюцыя — пачынае ўсё глыбей і глыбей уходьзіць у сьвядомасьць сучаснага пакаленьня. Сэнс і значэнне Рэвалюцыі, прычыны выклікаўшыя яе і вынікі, якія яна з сабой нясе, пачынаюць вырысоўвацца прад вачыма сучаснікаў ва ўсім сваім неабнятным розмаху, ва ўсім сваім неабмежаным разьліве. Праблема расійскай рэвалюцыі пачынае захопліваць ня толькі палітыкаў і ня толькі гісторыкаў, яна трывожыць філёзафаў і паэтаў, маралістаў і духоўнікаў, усіх тых, хто жыве ня хлебам адзіным і барацьбой за яго, ўсіх тых, хто шукае сьцежак праводчых і імкнецца надаць сэнс свайму жыцьцю ў страшных падзеях штодзённасці. У гэтым усвядомленым, ў гэтым захопленым адбываецца поўная перэацэнка цэннасьцяў: адны знаходзяць ў гэтай пераацэнцы свой смяротны засуд, — другія запаветы Новага Жыцьця; адных яна прымушае адмовіцца ад старых лятуценьняў, падрэзае ім скрыдлы — другіх акрыляе надзеямі, падымае над руінай, адкуль адкрываюцца шырокія і сьветлыя гарызонты. На асновядзі трагічных фактаў Рэвалюцыі, ў яе упадках і ўздоймах, у яе “разрывах і зьвязях” шмат што безпаваротна загінула, але заразам шмат што нарадзілася, каб зазіяць сьвятлом нязвычным.
Тыя, хто назваўся непрывычным найменьнем „эўразійцаў”, належаць да апошніх шчасліўцаў. Тое, што робіцца з Расіяй, не забіла ў іх духа жывога, не запужала іх да страты чалавечага аблічча, не прымусіла адмовіцца ад павагі да саміх сябе і да людзей наагул. Яны не праклінаюць слепа Рэвалюцыі (“змагацца з ей і вінаваціць яе бязмэтна і неразумна”), але разам з тым яны ня мірацца з яе агідным абліччам. У тым, што дзеецца, ў тым, што умірае і нараджаецца, яны з прасьвятлёнаю, крытычнай мудрасьцю адсейвюць добрае ад благога, чалавечае ад зьверачага, дробнае і чванае — ад вялікага і узвышаючага. У хаосе дзейнага, сярод безнадзейнай цемры, ў якой замецяны ўсе шляхі і перасыпаны капцы і ў якой зловеслівы крывавы сутон сьведчыць ад заходзе іх бацькаўшчыны, — яны знайходзяць „свой шлях", свой сьвет, свае хоць і далёкае і труднае, але запраўднае Царства — і сярод цемры, сярод выцежы алюцейшых, стануўшых на заднія лапы, пабратымаў — спакойна і з верай запаляюць светачы сустрэчы Новага Жыцьця.
У рэдакцыйнай прадмове да свайго першага зборніка[1] — «Исход к Востоку», эуразійцы з задаваляючай паўнатой тлумачаць сваё разуменьне сучаснасці, свой пагляд на сэнс і значэньне Рэвалюцыі і, разам з тым, на будучыну Расіі. Іх светагляд злажыўся ў «атмасфэры катастрафічнага светаадчування». Той не значны шмат часу, які праходзіць на нашых вачах, разглядаецца імі «ня толькі як пераходны, але як паваротны час». У тым, што дзеецца, яны ўглядаюць “ня толькі скаламут, але крызіс”, яны “чакаюць ад наступаючага глыбокае зьмены прывычнага обліку сьвету”
“У катастрафічнасці дзеячагася мы ўглядаем", кажуць эўрэзійцы, “азнаку дасьпеваючага перэсяленьня культуры. Культура ўяўляецца нам у заўсёдным руху і безупынным абнаўленні... Мы ня верым, каб істнавалі народы, празначаныя навекі быць выбранцамі і носьбітамі культуры... Гісторыя ёсць для нас свабодная і творчая імпровізацыя, кожды момант якой мае сваё (аддзельнае ад іншых) значэнне."
Азнака часу заключаецца ў тым, што Захад Эўропы клоніцца да ўпадку і мейсца яго павінен заняцьУсход. Романа-германская культура, якую ўсе, ў тым ліку эўразійцы, “чцяць” у прошласці і ў сучаснасці” — адыходзіць ў гістарычны пантэон, ня ей належыць будучына. Эўразійцы адчуваюць, што “гісторыя стукаецца ў нашый вароты" (Герцэн), — ў вароты народаў усходу Эўропы. Той паварот, які мы перажываем, уяўляецца як гістарычны катаклізм, кшталтам таго, які адбываўся ў часе заваяваньня Александрам Македонскім Малой Азыі, ці ў часе Вялікага перасялення народаў. “Мы знаем, што гістарычная спазма, аддзеляючая адну эпоху ўсесьветнай гісторыі ад другой — ужо пачалася. Мы не сумняваемся, што зьмена заходна-эўропэйскаму свету прыдзе са Усходу”.
Зразумела тут ня можна вымагаць точных доказаў. Пераконаньня падобнага зьместу могуць зьявіцца ў выніку толькі інтуітыўнага адчуваньня, ў аснове якога ляжыць тая ці іншая частка веды. Аднак нешта ад чыстай навукі эўразійцы прыводзяць. Так напр. доследы П. Савіцкага: “Міграцыя культуры”, “Континент-океан” і інш, пераконваюць аўтара, што “перамешчаньне культурных цэнтраў адбываецца са старон з цёплым кліматам у староны з халодным кліматам” (Нінівія, Вавілон, Багдад, Фівы, Троя, Афіны, Рым, Парыж, Бэрлін). Так сама доследы П. Сувчынскага над сучасным станам літэратуры, будаўніцтва і інш; прыводзяць яго да вываду, што мы ўступаем у новую паласу — крушэння матэрыялізму і пераможства веры. “Эпоха навукі ізноў зьменяецца эпохай веры”, ня ў сэнсе зьніжтажэньня навукі, але ў сэнсе прызнаньня бязсільля спроб вырашыць навучнымі сродкамі аснаўныя, канечныя праблемы істнаваньня. Дзякуючы гэткаму адчуваньню эўразійства і робіць у сваіх разважньнях галоўны націск на “пачуцьцё”, а не на веду, на містную прасьвяду, а не на эмпірычны досьлед: “Тайна нашае натхнёнае эпохі раскрываецца ў безбярэжным разьліве містычных адчуваньнеў". Рэвалюцыя, разам з руйнацыяй старых палітычных форм, кладзе канец рацыналізму, безжыццёвым матэрыялістычным тэорыям. Гэтай зьмене асноў сучаснага духовага жыцьця прысвячана ў эўразійцаў не адна страніца. Пры чым яны ня толькі ставяць на першы пляц містыку, інтуіцыю, веру наагул, у іх чыстым неаформленым выглядзе, але імкнуцца давесьці, што гэтыя новыя начаткі жыцьця павінны быць зафіксаваны, павінны выявіцьца “ў строгіх формах Цэрквы”. (П. Сувчінскій — “Эпоха Вери”; Георгій В. Флоровскій: — «Хитрость разума»; П. Сувчінскій: “Вћчный устой” і інш.). “Толькі ў зьеднаньні містыкі і рэалізму ў адно арганічнае цэлае, толькі ў рэальнай рэлігійнай культуры, г. зн. ў містычным ажыцёўленьні многааблічнасьці жыццёвай практыкі збаўленне і выхад з тупіка і бязодні сучаснаснай заблуднай культурна-духовай сьвядомасьці... Пытаньню падобнай рэконкрэтызацыі містыкі, зьяўляючайся слабым мейсцам евразійства, і апраўданьню царкоўнага культу, прысьвячаны так сама спэціальны трактат А. Карташева: “Реформа, реформація и исполненіе Церви”.
З прыведзеных данных ясна зарысоўваецца зьвязь эўразійства, як пэўнага грамадзкага цячэньня, са старым славянафільствам. Ідэолёгічная зьвязь гэта заключаецца перш за ўсё ў тым, што эўраэійцы, як і славянафілы, вызнаюць самаістую цэннасць расійскай нацыянальнай стыхіі, веруць, што Расія, “так сама, разкрые сьвету нейкую агульначалавечую праўду, як разкрывалі яе вялічайшыя народы пройшлага і сучаснага”. Яны не ўглядаюць у Расіі “правінцыі Захаду”, што паўтарае яго зады і таму яны далёкі ад быўшых „заходнікаў”. З апошнімі эўразійцы зыходзяць толькі ў дзедзіне эканамічнай: яны мысьлюць, што расійская “община” нічога не дасьць, што на „общинных” начнатках няможна будаваць эканамічны быт Расіі. Зьяўляючыся пасьледавацелямі гістарычнага індывідуалізму, эўраэійцы скэптычна ставяцца да эканамічнага колектывізму і тым самым да практычнага яго выражэння — соцыалізму. Паводле іх слоў — Рэвалюцыя перажываная намі ёсць нішто іншае, як “опытное опроверженіе соціалистических ученій”. Яна зацьверджае процілежны прынцып — індывідуальны, іначэй кажучы, прыватна ўласны, на аснове якога прынцыпу эўразійцы лічуць магчымым будаваць праграму адраджэньня Рассіі. Ласьне, свядомасць эканамічнай прымітыўнасьці Усходу і вяжэ эўразійцаў з “заходніцтвам”, і яны імкнуцца пазбыцца гэтай прымітыўнасьці шляхам гаспадарчай творчасці аддзельнай асобы, росквітам эканамічных сіл краю.
У артыкуле П. Савіцкага «Поворот к Востоку», мы знайходзім тлумачэньне арыгінальнага тэрміну — “эўразійцы”. “Расія ёсьць ня толькі Захад, але і Усход, ня толькі “Эўропа”, але і “Азыя” і нават зусім не Эўропа, але «Эўразыя»... “У працэсе вайны і рэвалюцыі “эўропэйскасьць” Расіі пала, як падае з твару маска. І калі мы ўбачылі облік Расіі, не прыкрытый тканіной гістарычных дэкорацый, - мы ўбачылі Расію двулікай”. Пры гэтым аўтар успамінае словы Уэльса аб тым, што Горькага як кашмар гняце страх перад паваротам Расіі на Ўсход”. Эўразійцы не баяцца гэтай магчымасці, наадварот, — яны яе вітаюць, бо ў павароце Расіі на ўсход ляжыць збаўленьне яе ад смерці, і знайходжаньне яе заданьня ў будучыне: „Ці шмат знойдзецца ў Рассіі людзей”, пытаецца адкрыта аўтар, „ў жылах каторых не цячэ хазарская, ці палавецкая, татарская, ці башкірская кроў? Ці шмат рускіх зусім пазбаўлена печаткі усходнага духа, яго містыкі, яго любві да разважаньня, ўрэшці яго созерцацельнай лені”.
Яшчэ больш рашуча кажа кн. Н. Трубецкой, «Верхи низы русской культуры. Этническая база русской культуры»: Расійскі народ не зьяўляецца выключна прадстаўніком „славянства". Расійцы разам з угрофінамі і з волжскімі тюркамі твораць асобную культурную зону, маючую зьвязь і з славянствам і з „туранскім" усходам, пры чым трудна сказаць, якая з гэтых зьвязей больш трывалая і сільная. Зьвязь расійцаў з „туранцамі" замацавана ня толькі этнографічна, але і аптрополёгічна, бо ў расійскіх жылах безумоўна цячэ угрофінская і тюркская кроў".
А калі так, калі гэткіх людзей чыстай славянскай крыві мала, калі Расія па духу свайму блізка ўсходу, дык німа чаго хавацца за старыя забабоны, а сьмела ісьці на аб’еднаньне з гэтым аграмадным, яшчэ не паказаўшым сябе, сьветам. Ня трэба турбавацца тым варункам, што і сама Расія і ўвесь Усходны Сьвет у параўнанню з Эўропай культурна слабы, культурна бедны. У культурнай слабасці, ў культурнай адсталасьці Расеі і народаў усходнай Эўропы і Азыі — зарука іх сусьпеху ў барацьбе з трухлеючым заходным, рамана-германскім сьветам. Эўразійцы ў гэтым пункце з асаблівай глыбінёй захопліваюцца аргумэнтацыяй славянафілаў, раскаяўшыхся “заходнікаў", заснаўцоў народніцтва і, наагул, усіх тых расійскіх мысьліцяляў, што займаліся горкім і пякучым для іх пытаньнем, пытаннем аб культурнай адсталасьці Расіі. У гарачай стацьці „О народах неисторических", Ф. Флоровскі прыводзіць думкі, знаёмыя расійскай літаратуры за часаў Чаадаева. („Философическая письма" „Апологія сумашедшаго"): „мы, расійцы, нічога не рабілі ў тую пару, калі ў барацьбе энэргічнага барбарства паўночных народаў з высокай думкай хрысціянства, складалася храміна сучаснай цывілізацыі... Ніводная карысная мысьль не радзілася на нашым, грунце!!. Увесь час Расія зьяўлялася культурным жабраком бяз роду і племені. Аднак гэта не засуджае яе на ролю заўсёднай прыслужніцы Заходняй Эўропы. Наадварот, прад Захадам ужо німа жыцьця — ён пражыў яго — будучына належыць усходу. „Захад – гэта забытак, сакрофаг, пышны сьлед мінулага жыцьця" (Герцен), і ў гэтым значэнні, як сказаў Вл. Соловьев, „вецер з заходнай стараны сьлёзы навевае"... Захад — страна толькі мінулага, страна астоіўшагася і таму ўжо не парушаючаяся больш. Усе сілы яе уходзяць на ахоў дзедаўскіх багацьцяў і на чыстку музэеў.
„Стары грунт занадта насычан „успамінамі", занадта засьмечан адкідзьзямі доўгіх векаў жыцьця, і новым растком прыходзіцца ўзыходзіць на вынішчаным грунце, прабівацца паміж застарэўшых атожылкаў. Цягар векавых набыткаў, спадчынных забабонаў, збытых і разбітых надзей, заўсёды гняце і абярэмяняе мысьль, заўсёды паралізуе тропатнасьць творчага шуканьня". Маладыя народы Усходу Эўропы пазбаўлены гэтага цэннага, але заразам і цягнучага на дно, багажа. Яны – вольны ў сваіх парываньнях, яны нічым нестрыманы, гэта — іх вэксаль на будучыну. Так „адсутнасьць гістарычнай спадчыны абертаецца ў неацэннае багацьце“.
Ўспамінаюцца словы Заратустры: „Нядоўга яшчэ чакаць — і новыя народы ўзьніхнуць"... І прад вачамі эўразійцаў адчыняецца пэрспэктыва адраджэньня іх зьневажанай, абяднеўшай, даведзенай да апошняй ступені ўпадку Бацькаўшчыны як новай старонкі. На зьмену Старога Сьвету прыдзе Эўразія — комплекс народаў, сярод якіх Расія займае серадзіннае палажэньне (Амэрыка, як процістаўленне Старому Сьвету, так сама залічаецца эўразійцамі ў „староны будучага", з чым быў згодзен яшчэ Гегель).
Гаворучы аб набліжаючымся адраджэнні Расіі (славянафільскага „трецьцяга Рыму"), эўразійцы годзяцца, што іх настроі, адчуванні і вера ёсьць сваеаблічнае выяўленне нацыаналізму. Але яны далёкі ад нацыяналізму ідэолёгаў „вялікай і недзялімай" Расіі. Не для таго, кажуць яны, стукаецца гісторыя ў нашы вароты, каб парадзіць якое небудзь зоолёгічнае нашэ самаазначаньне, а для таго, каб у вялікім высілку Расія дала сьвету новыя цэннасьці. „Не аб Вялікай Расіі павінна гарэць наша сэрца, але перш за ўсе аб ачышчэньні памеркшай ў бязодні Рэвалюцыі расійскай душы”. У стацьці кн. Н. Трубецкого „Истинный и ложный націонализм“ ёсьць прызнаньне, што ,,праўдзівы нацыяналізм, які цалком аснованы на самапазнаньні і які вымагае ў імя самапазнаньня перабудовы расійскай культуры, быў у Расіі удзелам толькі адзіничных асоб”. Ня ў тым, каб крозіць аб вялікадзяржаўі, а ў тым, каб „знайсьці сябе" — задача расійскай думкі. А знайсьці сябе Расія можа толькі ў аб’еднаньні са ўсходам.
Згодна пераконанню эўразійства, Расія павінна пайсці са ўсходам яшчэ з другіх, на гэты раз чыста практычных прычын. Выплываюць яны з таго, што ўзвароту да старога ўжо німа, што ён немагчымы. „Адбудаваньне Расіі ў тым выглядзе, як гэта рысуюць сябе расійскія палітычныя эмігранты, ёсць нішто іншае, як цуда. Адной пекнай раніцы мы прачнёмся і даведаемся, што ўсё, што адбываецца цяпер у Расіі, было толькі цяжкім сном і што гэта разам куды-сь згінула". Праўда, цуды бываюць, але кн. Трубецкой не будуе на ім свайго палітычнага прагнозу. На гэта ў яго знаходзяцца больш празаічныя абасновы: „Вайна і бальшавікі давялі Расію да гэткай ступені занепаду, што падняцца з яе можна толькі паволі і пры дзейнай дапамозе чужаземцаў. Апошнія безумоўна прыдуць на дапамогу Расіі, але, канешне, ня з тым, каб адбудаваць яе мінулую моц: Эўропа прыдзе ў Расію, каб абярнуць яе ў сваю калёнію. Калёніяй Заходняй Эўропы Расіі суджана быць пасьля бальшавіцкай Рэвалюцыі пры ўсіх коньюктурах — ці спраўдзяцца надзеі бальшавікоў на ўсесьветную рэвалюцыю, ці не. „Бяз гэткай Рэвалюцыі Расія будзе калонія буржуазных рамана-германскіх старон, а пасьля гэтай Рэвалюцыі — калонія комуністычнай Эўропы. „Але калоніяй яна будзе як пры тэй, так і пры другой комбінацыі. „Страніца гісторыі, на якой напісана „Расія — вялікая эўропэйская дзяржава" раз на заўсёды перэвярнулася“... „Адцяпер Расія ўступіла ў новую эпоху свайго жыцьця, ў эпоху ўтраты сваей незалежнасці. Будучая Расія — калёніальная старана, кшталтам Індыі, Эгіпту, ці Марокко".
Аднак эўразійства не прыходзіць ад гэткай панурай прагнозы ў роспач. „Калёніальнасьць" будучай Расіі не выклікае ў іх стыда за яе, яны ўжо пазбаўлены фальшывай саромлівасьці. Для каланіяльнай Расіі яны знайходзяць вялікую задачу на аграмадным Эўразійскім контынэнце, якая задача дыктуецца зьвязаннасьцю яе з усходным сьветам, і якая можа прывесьці да зусім неспадзеваных вынікаў.
„Уступленьне Расіі ў сямью калёніальных старон адбываецца пры спрыяючых аўсьпіцыях. Аўтарытэт романа-германцаў у калёніях за апошнія часы значна падае. Пагарджаныя „туземцы" паўсюды паволі пачынаюць падымаць галовы і ставіцца крытычна да сваіх паноў. І трэба вызнаць, што бальшавікі, якія сваімі экспэрымэнтамі прывялі Расію да неўнікнёнасці абярнуцца ў загранічную калёнію — падгатавалі яе заразам да ролі павадыра за вызваленьне калёніальнага сьвету ад романа-германскага ярма. „У сьвядомасьці значнай часткі „азіятаў" бальшавікі, а разам з імі і Расія, крэпка злучыліся з ідэямі нацыянальнага вызваленьня ад эўропэйскай цывілізацыі. Адцяпер інтарэсы Расіі непарушна зьвязаны з інтарэсамі Турцыі, Пэрсыі, Афганістану, Індыі, магчыма, Кітаю і іншых старон Азыі... У перамогадайным выніку гэтага змаганьня — адзіная надзея на ўратаваньне Расіі."Яна павінна стаць на чале сваіх азіяцкіх сясьцёр у іх сумеснай барацьбе супроць рамана-германцаў і эўрапэйскай цывілізацыі.
Гэткі апошні практычны вывад і погляд эўразійцаў на сучаснасць і бліжэйшую будучыну. Кажучы праўду, да падобных мысьляў трэба прывыкнуць, асабліва ўсім нам, углядаўшым (ды і ўглядаючым!) у Расіі толькі імпэрыалістычную сілу, славэтную „турму народаў”. Расія на чале паняволеных нелегальных нацый — гэта так неспадзявана, так нязвыкла, супярэчыць нідаўнаму прошламу, што адразу неяксьці не паддаецца да ўразумення. Аднак падобныя цьверджаньня, выказаныя найбольш аўтарытэтнымі прадстаўнікамі расійскай філёзофска-палітычнай думкі, павінны навесьці кождага чытача на глыбокую сумленную развагу.
Карэнні крытычнага стасунку эўраэійства да сучаснасці і агульны характар яго цьверджань, можна прасьледзіць у расійскай літаратуры яшчэ некалькі гадоў назад. Так напр., пропаведзь барацьбы Эўропэйскага усходу супроць рамана-германскай культуры мы ў перш знайходзім у таго-ж кн. Н. С. Трубецкога ў яго працы: „Европа и человћчество” (Софія 1920 г.), дзе аўтар зазначае што “думкі ў ей зазначаныя зьявіліся ў яго яшчэ 10 гадоў таму назад”. Галоўнай ідэяй аўтара лёгшай у аснову сучаснага эўразійства была мысль аб тым, што Эўропа прысвоіла сабе якуюсь гегемонію над сьветам (культурны эгоцэнтрызм) і што чалавецтва, якое складаецца ня толькі з рамана-германскай расы і якое тоіць ў сабе цаннейшыя элементы рознаякай культуры, павінна пазбавіцца гіпнозу „добрасьцяў эўрапэйскай цывілізацыі”. Цьверджаньне Эўразійцаў аб адсутнасьці ў гісторыі „апошніх слоў” і выбраных народаў, можна паставіць у зьвязь з тымі шуканьнямі ў дзедзіне філёзофіі права, якія пачаў у 1909 г. вядомы расійскі праўнік проф. П. Новгородцев у сваіх працах, „Кризис современнаго правосознанія” і, асабліва, ў сваёй знамянітай працы выйшоўшай сёньня трайным выданьнем: „Об общественном идеалћ”. (1917, 1919 і 1921). Яго тэорыя свабоды безканечнага развіцця і бліскучы досьлед аб „разпадзе утопій зямнога раю”, як можна заўважыць, паслужылі адным з грунтоўных аргумантаў для эўразійства ў развенчваньні стодахвальства прад рацыоналістычным Захадам і прычыніліся лішнім доказам бязсільля матэрыялістычных, у тым ліку соцыалістычных, марксісцкіх тэорый. У заходнай літаратуры ў самай безпасярэднай зьвязі з эўразійствам стаіць Spengler: „Der Untergang des Abendlandes", 1921, сваімі сінхроністычнымі табліцамі даводзячый, што Заходныя дзяржавы знайходзяцца на перадодні гістарычнага занепаду. Безварункова значную ролю павінны былі адыграць у сьветапаглядзе эўразійцаў навейшыя творы ў французскай літаратуры, насамперад тыя, ў якіх праводзіцца сваей адмены поэтызацыя усходу, яго глыбіні і вялікасці (напр. Ch. Diche “Bysance”, 1919).
Як відаць з параўнаньня імён супрацоўнікаў першага зборніка з другім, лік пасьледавацеляў эўразійства павялічваецца незначна (прыбавіліся А. Карташев, — яго стары багаслоўскі трактат ад 1916 г. і П. Біцілі). Аднак папулярнасць эўразійскіх цьверджань надзвычайная, што можна бачыць з таго, што першы зборнік ужо разышоўся. Сярод сучасных пісьменікаў вельмі блізка да эўразійцаў стаіць Ів. Бунаков (“Пути Россіи”, Соврем. Записки, 1921-1922 кн. 3, 4, і далей, які прыводзіць яшчэ больш дэтальны агляд мінулых шуканьняў расійскай думкі (Чаадаев, Герцен, Міхайловскій, Чернышевскій і інш), які так сама годзіцца, што „ў Расіі німа прошлага, што прошлае яе пустое беднае і абмежанае — і ў гэтым яе перавага”. Ён так сама склонен думаць, што хоць у Чалавецтве шляхі Расіі не асобныя, але для Захаду – Расія скажа своё новае слова! Разам з эўразійцамі Ів. Бунаков годзіцца, што будучына Расіі — на вялікім Эўропэйска-Азіяцкім контынэнце і што адраджэньне яе можа паўстаць не праз народніцкую “грамаду”, а звычайным “эўропэйскім” шляхам, толькі са усходнымі асаблівасцямі (“Расіі належыць цяжкі і мучыцельцы шлях новага гаспадарчага увасходжаньня к Захаду”). Ів. Бунаков нагэтулькі блізка (у яго разважаньнях адсутны рэлігійны момант) стаіць да эўарзійцаў, што ня будзе нічога дзіўнага, калі ў бліжэйшым часе мы ўбачым яго сярод іх. Крытыка сустрэла эўразійцаў з вялікай зацікаўленасцю. Само сабою, што аднадумнага адношэньня да проблем, імі закранутых, у крытыцы німа, як німа у ёй наагул чаго-небудзь акрэсленага, агульна прынятага ў стасунку да падзей сучаснасці, асабліва да Рэвалюцыі. Найбольш рашуча выказаўся аб эўразызме Пётр Струвэ („Россія”, Русская Мысль, 1922, Март, стр. 104-105). Ён прытасоўвуе да яго тэрмін “гібрыднай ідэолёгіі, пароджанай Рэвалюцыяй" і робіць спробу паставіца да яе іранічна параўнаньнем эўразійскай тэорыі да дактрыны „аднаго славянскага ненавісніка Расіі, нейкага паляка Духінскага, які больш чым 50 гадоў таму назад прапаведваў, што „маскавіты”, гэта усходная туранская раса толькі зьверхне стыхнуўшаяся з Заходнай, славянскай культурай” (F. N. Duchinski de Кіеw. Peuples Aryas et Taurans... etc. Paris, 1864). Ад паборніка „новой жизни и старой мощи” (гл. П. Струве — „Размышленія о русской революціи“) іншага чакаць ня можна; але можна адзначыць, што іронія яго няшкодная, бяззубая: як мы бачылі, эўразійства ў сваім ўздойме над фактамі сучаснасці перешагнула ўчарайшыя патрыотычныя шпаргалкі аб „адзінай недзялімай” і яго падобнымі закідамі не парушыш. Ня могуць давесьці „бездарожыцы” эўразійцаў і нацыанал-бальшавікі (сьменавехаўцы), для якіх „апраўданьне“ октября, становіць офіцыальную задачу.
- ↑ Эўразійскіх зборнікаў дацяпер вышла два: „Исход к Востоку". Предчувствія и свершенія. Утвержденіе евразійцев. Софія, 1921 г. стр. 125. Другі — „На путях". Утвержденіе евразійцев. Изданіе Геликон, Москва — Берлин, 1922. Стр. 355 Стацьці Петра Савицкаго А. Карташева, П. Сувчинскаго, кн. Н. С. Трубецкого, Георгія Флоровскаго, П. Бицилли.