«Mužyckaja Prauda» і «Гомон»

«Mužyckaja Prauda» і «Гомон»
Артыкул
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
Крыніца: [1]
Сінтэтычны нарыс

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У мінулым 1934 г. прайшло 70 гадоў ад смерці слаўнага барацьбіта за вызваленне зямель быўшага Вял. Кн. Літоўскага з-пад маскоўскага панавання Кастуся Каліноўскага, з імем якога звязаны першы ў беларускай мове рэвалюцыйна-вызвольны часопіс «Mužyckaja Prauda». У тым жа мінулым годзе споўнілася 50 гадоў ад часу паяўлення, хоць пісанага па-расейску, але зместам беларускага, такжа палітычна-вызвольнага часопіса «Гомон». З гэтай нагоды часопісам гэным і пасвячаю гэты кароткі, сінтэтычны нарыс свой.

Абодва гэтыя часопісы — гэта першыя ластаўкі беларускага палітычнага вызвалення. Але не паявіліся яны на беларускім небасхіле ні з сяго, ні з таго — зрадзіў іх дух часу, імкненні і ідэалы, якія ў той час панавалі ў Еўропе. Цёплы, поўны жыццёвай радасці і творчых свежых сіл рамантызм, які паявіўся ў канцы XVIII і ў пач. XIX ст., замяніўшы суровы і акасцянелы класіцызм у прыгожым пісьменстве і ў некаторых галінах навукі, узбудзіў новыя літаратурныя і навуковыя творы будзячыхся да нацыянальнага жыцця народаў. У тым жа часе, апрача рамантызму ў літаратуры і навуцы, паявіўся ў Зах. Еўропе і рамантызм народна-палітычны, які, замест песняў аб красе і нядолі жыцця народаў, замест навуковых доследаў над гісторыяй і мовай народаў, радзіў барацьбу за лепшае, вольнае палітычнае і сацыяльнае жыццё іх. Вялікая французская рэвалюцыя, напалеонаўскія войны, нацыянальна-вызвольныя рэвалюцыі многіх паднявольных народаў у Еўропе ў першай палове XIX ст. народна-вызвольныя ідэалы гэтыя разнеслі па ўсім свеце, а ўрэшце — спярша праз Віленскі універсітэт, а пасля праз універсітэты расейскія, данеслі і да Беларусі. «Mužyckaja Prauda» і «Гомон» з’яўляюцца роднымі дзецьмі гэтых рамантычна-палітычных ідэалаў.

Беларускія адраджэнска-вызвольныя імкненні шчыльна звязаны з тым грамадскім класам, на якім беларускае культурнае і палітычнае самастойнае жыццё замёрла. Фармальна палітычная самастойнасць нашага народа перастала існаваць на Люблінскай уніі, а фактычна значна пазней, бо аж да канца XVIII ст. Беларусь і Літва яшчэ шмат мелі палітычных і іншых правоў, якія яны стойка баранілі.

Апошнім, сапраўды дастойным абаронцам астаткаў палітычнай і культурнай асобнасці нашага народа і ўсіх беларуска-літоўскіх зямель быў слаўны Канцлер Вял. Кн. Літ. вялікі Леў Сапега. Беларускія магнаты як пануючы і кіруючы клас у народзе былі апошнімі абаронцамі палітычных правоў беларускага народа. Першымі пачынальнікамі палітычнага адраджэння гэтага народа былі ўжо прадстаўнікі дробнай шляхты, як класа ўсё ж такі асвечанага і вольнага, непрыгоннага, пры тым абяднелага і гэтым збліжанага да народа. Гэтая дробная і абяднелая, аканчальна не апалячаная беларуская шляхта была адзіным свайго роду інтэлігентным класам у нашым народзе, які збярог памяць аб яго мінуўшчыне і аб яго нацыянальнай асобнасці і пры нагодзе ўзноў стаў на чале гэтага народа. Гэткім быў К. Каліноўскі і многія з тых людзей, пры пасрэдніцтве якіх нарадзілася «Mužyckaja Prauda».

  • * *

Часопіс — ці лепш зародак часопіса — «Mužyckaja Prauda» пачала выходзіць у Гарадзеншчыне, праўдападобна ў Беластоку, у 1862 г. Друкаваная яна лацінкай, на двух бачынах аднаго лістка, размерам васьмёркі, у беларускай мове, з асаблівасцямі Гарадзеншчыны, з невялічкай дамешкай полёнізмаў. Крыху большым фарматам розніцца ад іншых нумар сёмы. Наперадзе «Mužyckaj Praudy» азначаны парадкавы нумар, а ў канцы цана: «hrošy 5». Усе нумары падпісаны мянушкай — Jaśko haspadar z pad Wilni. Усіх дагэтуль ведамых нумароў выйшла сем. З ведамых дагэтуль літаратурных крыніц вынікае, што пад успомненай мянушкай крыецца слаўны паўстанец, дыктатар Літвы Кастусь Каліноўскі.

Галоўная палітычна-грамадская мэта «Muž. Pr.», да якой яна заклікае беларускіх сялян, гэта: пазбыцца расейскага цара, пазбыцца паноў і паншчыны, здабыць для сялян зямлю на ўласнасць, не плаціць вялікіх і крыўдных падаткаў, служыць у краёвым войску і ваяваць толькі за волю свайго краю, калі хто на яго нападзе, мець вольнасць трымацца той веры, якой трымаліся прэдкі народа і быць вольнымі людзьмі, як гэта было ўжо ў многіх, а ў многіх заводзілася, дэмакратычных дзяржавах Еўропы.

«Muž. Pr.» заклікае беларускіх сялян да паўстання разам з палякамі проціў расейскага цара і проціў польскіх паноў. Палітычным сваім зместам яна такім чынам адгараджваецца ад Расеі, як такой, з Польшчай жа не зрывае, а зрывае толькі з панскім пануючым класам.

Мэта беларускага ўчасця ў польскім паўстанні — здабыць вольнае і шчаслівае жыццё, вольнае ад паншчыны і вольнае ад палітычнага польска-дзяржаўнага цэнтралізму.

У часопісе гэтым, праўда, не спатыкаем ані разу слоў: Беларусь, беларускі народ. Гаворыцца там толькі аб «нашым народзе» агулам, гаворыцца аб «мужыкох», аб «мужыцкай долі», аб «мужыцкім народзе», аб «нашым краі». Але край гэты і народ ягоны, хоць дужа агульна, дужа асцярожна, разважаецца як нешта асобнае і рознае ад Польшчы і палякаў. Заклікае гэты часопіс беларускіх сялян да паўстання разам з Польшчай, але з той, якая ідзе за «мужыкоў» і якая гарантуе вольнасць беларускаму народу і краю.

Ілюстрацыяй палітычнага і грамадскага характару «Muž. Pr.» няхай паслужаць вось гэтыя з яе выбаркі: «О, zahrytnić naša prauda i jak małanka pralacić pa świecie»… «Ad maskala i panou niema czeho spadziawacisia, bo jany nie wolnaści a hłumu i zdzier- stwa naszeho choczuć… No niedouha jany nas buduć abdziraci, bo my paznali hdzie siła i prauda i budziem wiedać jak rabić treba, kab dastać ziamlu i wolu» (№ 1), «Kab narod nasz na wiek wiekau byu wolny i szczaśliwy» (№ 2).

«Czaławiek wolny, kali maje kusok swajej ziamli, za katoru ani czynszu i abroku nie płacić, ani panszczyny nia służyć»…

«Nam wolnaści treba nie takoj, jakuju nam car schocza daci, no jakuju my sami mužyki pamiež saboju zrobimo… Niama czaho ždaci ad niekaha, bo toj tolki žnie, chto pasieje» (№ 3).

«U nas adno wuczać pa szkołach, kab ty znau czytaci pa maskousku, a to dla taho, kab ciabie sausim pierarabili na maskala» (№ 4).

«…Pad maskalom zabyci treba, szto jość u nas nasza baćkauszczyna» (№ 5).

«…U Polszczy mužyki taksama, jak i wy spadziejaliś na cara…»

«…Pamoh-by i nam Prancuz, jak pamahaje mužykom u Polszczy, ale mužyki mauczać, a car kaža, szto jany dawolny…»

«Nia tak dumali mužyki u Polszczy…»

«Stańmo drużna razom za naszu wolnaść, jakoj nia było naszym dziedam i baćkam» (№ 7).

Беларускі народніцкі характар «Muž. Pr.» пацвярджае такжа і факт адносінаў яе да рэлігіі. Яна (№ 6) горача выступае ў абароне уніі. І гэта зразумела. Праваслаўе было тады, як і цяпер, аружжам маскоўшчыны, а лацінскае каталіцтва аружжам польскасці. Адно і другое было сімвалам народнага ўціску. Унія ж наадварот: гэта была фактычна мужыцкая народная вера, пагарджаная пануючымі, як і сам «мужык» беларускі.

Словам, «Muž. Pr.» гэта тыповы беларускі пачаткованародніцкі часопіс. Праўда, у ім яшчэ пануюць традыцыі Вял. Кн. Літоўскага, але праз гэтыя традыцыі, асабліва на тле часу яго выхаду ў свет, відацца ўжо зародкі новых беларускіх вызвольнанацыянальных ідэяў. «Muž. Pr.» гэта прадвесніца і пачынальніца палітычна-сацыяльнага вызвалення беларускага народа, як складовай часткі ўсебаковага нацыянальнага адраджэння ягонага, гэта ранішняя зорка на беларускім небасхіле, якая азнаямляе беларускаму народу ўсход сонца і будзіць гэты народ да долі і волі.

  • * *

Думка беларускага палітычна-сацыяльнага вызвалення, засеяная «Muž. Praudaj», марна не прапала, а жыла і развівалася далей. На дваццаць другім годзе пасля выхаду яе ў свет паявіўся новы беларускі палітычны часопіс «Гомон». Часопіс гэты сапраўды ёсць прадаўжэннем «Muž. Pr.» і яе дапаўненнем.

«Гомон» быў органам беларускіх народнікаў-рэвалюцыянераў, меўшых сваю секцыю пры расейскай «Народнай волі», сярод якіх бадай галоўную ролю іграў слаўны Ігнат Грынявіцкі, згінуўшы ад бомбы, якую кінуў у цара Аляксандра II у 1881 г. Часопіс гэты выйшаў на трэцім-чацвёртым годзе па смерці Грынявіцкага.

Выдаваўся «Гомон» шапірографскім спосабам, у расейскай мове, фармату больш-менш нармальнага сшытка. Дзе выходзіў — напэўна няведама. Можна дагадвацца, што ў Пецярбургу, дзе быў галоўны цэнтр беларускай студэнцкай рэвалюцыйна-народніцкай моладзі.

Усіх нумароў «Гомону» было толькі два. Ведамым ёсць толькі № 2 з датай 15 лістапада 1884 г. Аб нумары першым, што ён быў выйшаўшы, успамінаецца ў № 2. Ці ён аднак дзе захаваўся — няведама.

Адзін арыгінальны экземпляр «Гомону» нумара другога і такжа адзін экземпляр копіі з яго, — якой я карыстаўся для гэтых нарысаў, — знаходзіцца ў Беларускім музеі ў Вільні.

«Гомон» складаецца з наступных артыкулаў: Белорусское революционное обозрение, Внутреннее обозрение, Корреспонденции і з артыкула неазагалоўленага аб нацыянальнай праблеме.

Ідэёвы змест «Гомона» вылажаны цалком выразна ў артыкуле першым і апошнім — гэта барацьба за палітычную і эканамічную самастойнасць Беларусі ў агульнарасейскай федэрацыі.

Першы артыкул, абгаварыўшы тактыку барацьбы беларускіх нарадавольцаў і іх адносіны да расейскай «Народнай волі» і труднасці, якія яны ў сваіх пачынаннях напатыкаюць, канчаецца гэтак: «Но как бы ни велики были эти трудности, мы, посколько это будет в наших силах, положим первый камень для фундамента федеративной самостоятельности Белоруссии…»

Беларускія нарадавольцы, як гэта відаць з «Гомону», з боку многіх расейцаў напатыкалі нямала перашкод і сумніваў у вартасць іх працы. Ужо тады яны нашых барацьбітоў за Беларусь страшылі нацыяналізмам і сепаратызмам. Вось жа артыкул аб нацыянальнай праблеме адбівае закіды, абасноўвае паняцце нацыі агулам і беларускай у асобнасці, а такжа пасвойму бароніць правоў беларускага народа на палітычную і эканамічную самастойнасць у агульнарасейскай федэрацыі. Вось хоць некаторыя даслоўныя выбаркі з апошняга артыкула ў «Гомоне», які яскрава пацвярджае вышэй сказанае.

«Считаем необходимым энергично защищать Белоруссию как от польского, так и от великороссийского насилия… Все особенности Белоруссии дают право на автономную федеративную самостоятельность в семье других народностей России в будущем…»

У новаўзгадаванай беларускай інтэлігенцыі «не будет того бессознательного узкого национализма, который называется обыкновенно „духом“, — у нее не будет — белорусского духа, — но зато она будет проникнута сознательным народничеством…».

Беларуская інтэлігенцыя павінна звярнуць сваю ўвагу не на «развитие белорусскога языка и на развитие белорусской народной гордости и сепаратизма», але яна павінна выставіць «на первый план экономическое улучшение и политическое развитие страны… При такой постановке белорусского вопроса белорусов нельзя было бы назвать сепаратистами… Нынешний исторический момент является наиболее удобным для пробуждения Белоруссии, которая при дружной работе и борьбе нашей интеллигенции переродится для новой самостоятельной жизни и займет почесное место среди других федераций России на началах свободного соглашения с ними…»

Маем мы ўжо, такім чынам, агульнае паняцце аб «Mužyckaj Praudzie» і аб «Гомоне». Для поўнасці нашых нарысаў дакінем слоў колькі параўнання між імі.

Цэнтрам і апорай імкненняў «Muž. Pr.» была Польшча. Каля яе, як каля свайго ядра, мела тварыцца федэрацыя, — аб якой там яшчэ выразна не ўспамінаецца, — народаў быўшага Вял. Кн. Літоўскага. У «Гомоне» ўжо яўна спатыкаем ідэю федэрацыі, але ўжо з Расеяй, чаго вымагалі тагачасныя гістарычна-палітычныя варункі Беларусі.

«Muž. Pr.» пісалі і выдавалі беларусы-каталікі польскай культуры, а сярод беларускіх нарадавольцаў-гоманцаў ужо паяўлялася беларуская інтэлігенцыя праваслаўная. Першыя яшчэ аглядаліся на Польшчу і на традыцыі Вял. Кн. Літ., а другія лучылі лёс Беларусі з Расеяй і ўжо аб традыцыях Вял. Кн. Літ., калі не лічыць Грынявіцкага, бадай не помнілі нічога. Гэтыя інтэлігенты ўжо не называлі сябе літоўцамі, як гэта рабіў Каліноўскі і нават яшчэ Грынявіцкі, але выразна беларусамі. Яны ўжо перасталі жыць традыцыямі Вял. Кн. Літоўскага.

Можна смела сказаць, што на беларускіх нарадавольцах, што групаваліся каля «Гомону», ці мо яшчэ лепш, на самым «Гомоне» — традыцыі польскія, шляхецкія, літоўскія адмерлі цалкам. Такім чынам «Гомон» — гэта сапраўды далейшы і зваротны пункт у беларускай палітычна-вызвольнай думцы. «Гомон», як мы ўжо бачылі, усе беларускія землі заве беларускімі, а ўвесь народ наш беларускім і снуе выразныя думкі аб яго палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай самастойнасці, чаго так выразна і ў такой меры ў «Muž. Pr.» яшчэ не спатыкаем.

Заходзіць такжа розніца між «Гомоном» і «Muž. Pr.» і што да ідэалагічных асноваў іх. «Muž. Pr.» — гэта часопіс, які можна было б сяння назваць беларускім радыкальным і сялянскім або народным радыкальна-дэмакратычным, а «Гомон» — гэта ўжо часопіс з ідэалогіяй — хоць яшчэ не марксаўскай, — але па-свойму сацыялістычнай, які ў аснову будучай Беларусі кладзе, як выразна аб гэтым сам кажа, «научный социализм».

Калі ж урэшце ідзе аб беларускі нацыянальны элемент, як такі, дык яго ў «Muž. Pr.» можна бачыць толькі ў тым, што яна была пісана па-беларуску і што бараніла палітычныя і эканамічныя правы беларускага народа.

У «Гомоне» ж шмат больш беларускага нацыянальнага «духу», хоць ад гэтага ён энергічна адкараскваецца. У «Гомоне» беларускі народ — гэта народ самастойны, розны ад іншых славянскіх народаў, а такжа мова яго, псіхіка, абычаі, — усё рознае, асаблівае, беларускае. Ужо гэткі пагляд на беларускі народ сапраўды мае ў сабе нямала беларускага нацыянальнага элементу. Праўда, «Гомон» ці з праканання, ці мо з тактычных паглядаў, каб не дражніць расейскіх патрыётаў-імперыялістаў, якія здараліся сярод нарадавольцаў, заяўляе, што Беларусь да сепаратызму не імкнецца, што справу развіцця беларускай мовы і культуры трэба пакінуць «любителям», бо галоўнай мэтай бел. нарадавольцаў павінна быць федэрацыйная самастойнасць Беларусі і эканамічны яе дабрабыт, — то ўсё ж такі гэта ўсё не змяншае ў ім — наадварот, павялічвае — вялікую дозу беларускага нацыянальнага элементу. Сам факт разважання нацыянальнай беларускай праблемы і адгароджванне ад беларускага нацыяналізму гаворыць аб яго існаванні, аб патрэбе з ім лічыцца і аб патрэбе заняць да яго адпаведнае становішча.

Дык пытаем урэшце, што важнейшае для беларускага народа: «Mužyckaja Prauda» ці «Гомон»? Здаецца, не памылімся, калі скажам, што абодва гэтыя часопісы важныя кожны ў сваім часе, у сваіх варунках і ў сваім значэнні. «Muž. Pr.» — гэта першае зерне, першы пачатак беларускай палітычна-вызвольнай думкі, а «Гомон» — гэта той жа думкі прадаўжэнне. Тое, аб чым «Muž. Pr.» пісала дужа агульна, імгліста, «Гомон» называў па імені. «Muž. Pr.» да беларускага нацыянальнага прынцыпу як такога, да паняцця бел. народа як нацыі яшчэ дужа далёка. Зусім да яго блізкі «Гомон», на які прынцып гэны ўжо насядае, хваляй сваёй яго залівае, але і «Гомон» ад яго поўнага зразумення, ад яго прыняцця ў сваю палітычную ідэалогію яшчэ ўхіляецца і адмаўляецца.

Але нядоўга ўжо прынцып беларускай нацыі дабіваўся ў дзверы беларускага вызвалення, каб даць яму новыя творчыя сілы і скіраваць беларускі народ на шлях усебаковага нацыянальнага адраджэння і сацыяльна-палітычнага вызвалення. Калі расейскія нарадавольцы, а ў іх ліку і беларускія, гінулі на царскіх шыбеніцах, тады разлягаўся новы творчы кліч да беларускага народа слаўнага Ф. Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».

Кліч жа гэны якраз і выражае той нацыянальны прынцып, які лёг у аснову сучаснага адраджэння і вызвалення беларускага народа.