Ёй
Ёй Аўтар: Гальяш Леўчык 1912 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 276 |
Nocturno |
Не чапай ты мяне, не глядзі ты сюды
І не ведай, што я сумны песні пяю...
Ты ў бядзе не жыла, ты не знаеш бяды;
Наракала ж калі ты на долю сваю?!
Не чапай ты мяне, не глядзі ты сюды —
У ваконца маё і у хатку маю!
І не знай: як жыву, што я хворы, худы,
Што нядолю цярплю, што над прорвай стаю…
Не чапай ты мяне, не глядзі ты сюды
І не знай, як я тут сам працую, раблю...
Ты багата жывеш, ты не бачыш жуды,
Мы не роўны сабе, — я цябе не цярплю!..
Не чапай ты мяне, не глядзі ты сюды,
Адыдзіся і лепш не любі ты мяне!
Прападзе твой агонь, і пагінуць труды, —
Я любіць маю што у сваёй старане!