Ён не хацеў здавацца нам

Ён не хацеў здавацца нам
Аўтар: Мікола Сурначоў
1942

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ён не хацеў здавацца нам,
Гранатай біў браню і потым
Бег напрамкі к чужым гаям
І ледзь не захлынуўся потам.
Шляхі яго не павялі,
Не захаваў пад лісце доннік.
Яму заслужаны разлік
Прынёс на піцы рускі коннік.
Другія за кусок зямлі
Тры дні трымаліся заўзята,
Тут ярасна тры дні гулі
Над імі нашыя гарматы.
Яшчэ адзін быў. Ён за ўсіх
Не пажадаў адказваць чэсна.
Рашыў паміж кустоў чужых
Схавацца ўпотай пад арэшняй.
Над ім прайшоў шрапнельны град.
Ён паў, накрыты чорнай пенай,
Чупрынай рудай да гармат,
Нагамі ў выцвілае сена.