Іван Іванавіч царэвіч

Іван Іванавіч царэвіч
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://kazki.unicef.by/kazki.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў сабе цар у якімсьці гасударстве, у якімсьці царстве, і быў у яго сын, Іван Іванавіч — царэвіч. Цар яго не пускаў нікуды гадоў да васемнаццаці, каб не заглядаўся ні на што, не балаваўся. А сын ужо давай прасіцца:

— Бацюхна родны, пусціце свету пабачыць.

Цар яму даў роту салдат, даў каня, збрую, меч і ружжо. Ездзіў-ездзіў царэвіч, паляваў-паляваў па лясах ды па пушчах, пасля выязджае ён на палянку, ды шукае, дзе б яму адпачыць. Ажно на той палянцы Баба Яга Касцяная Нага раскапала ляда, засеяла ільном. Паслала яна ў лён трох дачок: дзвюх родных, а трэцюю — падчарку. Лён палоць. Убачылі яны царэвіча, а ён — іх. Яны паглядзелі, што ён такі прыгожы маладзец, дык большая дачка і кажа:

— Ах, які добры маладзец! Харош-прыгож! Каб ён мяне ўзяў за сябе, то я б яму вышыла такі дыван, што ён ва ўсім царстве не знойдзе!

А сярэдняя дачка гаварыла:

— Гэта твая не казка, а прыказка! А вось мая загадка. Каб давялося яму ўзяць мяне, дык я б адной пакулінай адзела б роту салдатаў, сама б адзелася і яго б адзела.

А ён усё гэта чуе. Трэцяя тады, падчарка, гаворыць:

— Гэта вашыя ні казкі, ні загадкі. Вось мая казка і загадка: калі б суджана было мяне яму ўзяць за сябе замуж, дык я б яму нарадзіла дванаццаць сыноў — голас у голас, волас у волас, у ілбе зоркі, у патыліцы месяц, ногі па калені ў золаце, а рукі па запясцях у срэбры.

А ён усё гэта чуў. Тады ён выслухаў, узяў сваю армію і паехаў дадому.

Прыязджае дадому, а цар пытае:

— Ну што, сынок мой любы, дзе бываў, што бачыў? Дзе чуў якое дзіва?

А ён тады гаворыць:

— Ну вось, бацюхна, нідзе я не бываў, нічога не чуў, а толькі бачыў. У пушчы-лесе Баба Яга Касцяная Нага раскапала ляда, насеяла ільну і паслала дачок той лён палоць. Як убачылі мяне, што маладзец такі ўдалы, прыгожы ды харошы, дык большая дачка казала, каб я яе ўзяў за сябе замуж, яна б мне дыван вышыла: такога ва ўсім царстве, ва ўсім гасударстве не знайшоў бы! А сярэдняя сказала, што большую загадку мне загадала б: адной пакулінай роту салдат адзела, сама адзелася б і мяне адзела. Ну а трэцяя, падчарка, кажа, што гэта ні казкі, ні загадкі. А яна б мне нарадзіла дванаццаць сыноў-сакалоў: волас у волас, голас у голас, па запясці рукі ў срэбры, па калені ногі ў золаце, у ілбе зоркі, у патыліцы месячык.

Тады цар гаворыць:

— Лепш, сынок, гэтую ўзяць, каторая родзіць дванаццаць сыноў-сакалоў: волас у волас, голас у голас, па запясці рукі ў срэбры, па калені ногі ў золаце, у ілбе зоркі, у патыліцы месячык. У нашым царстве багатыроў мала, тады ж болей будзе. То ўжо будуць не простыя, а сапраўдныя багатыры.

Тады царэвіч кажа, што яна ў дрэннае адзенне ўбраная ды гэта нягожа. А бацька тады кажа:

— Нічога, сынок, бяры. Калі ты царэвіч, то і яна будзе царыцаю. Вядома ж — у мачахі жыве. Яна яе затым так дрэнна і ўбірала, каб ніхто не заглядаўся.

Паехаў той царэвіч да Бабы Ягі ў сваты. Яна ж адбіла яго, што падчарка нічога не ўмее рабіць. А ён сустрэўся з падчаркай, і яна яго вучыць:

— Глядзі ж, яна паставіць мяне за трэцім дзесяткам у лепшым адзенні, дык ты мяне так не вызначыш. А муха заўецца ад цябе цераз маю галаву, так ты мяне і бяры. Баба Яга будзе цябе адбіваць, але ты не слухай яе. Усё ж такі бяры мяне.

Баба Яга два разы выводзіла па дзесятку дзяўчат, але царэвіч ніводнае не выбраў.

— Няма тут, — кажа, — той, што мне трэба.

Тады яна вывела трэці дзесятак. Так муха ад вуха яго завілася цераз яе галаву, і ён узяў яе, вывеў за рукі і кажа:

— Во гэта мая. Болей аніякай я не хачу.

Узяў царэвіч яе ажаніцца за свой кошт, як няродную дачку. Як згуляў ён вяселле, дасылае нейкі цар ліст: хоча ваяваць з ім. Ён, як атрымаў паперу ад таго цара, што ўжо хоча ваяваць з ім, узяў сваю армію і паехаў ваяваць з ім на мяжу. А жонка за два дні да гэтага зацяжарыла. Царэвіч і кажа бацьку:

— Бацюхна радзімы, як народзіць мая жонка — ці жывое ці мёртвае, ці худое ці добрае — дык прышліце мне курʼера веставога на мяжу, каб я ведаў.

Пайшла яна ў стайню нараджаць. Калі нараджала, мачаха-змяя ў сароку перакінулася і адзінаццаць сыноў схапіла, а дванаццатага тая падчарка сабе ў падол узяла, у сваю палату занесла. Ён там стаў плакаць-кугакаць, усе пачулі і паглядзелі: ажно ў яе дзіцё такое, як яна казала, толькі адно.

Зараз жа бацька піша паперу сыну на мяжу, што нарадзіла яго жонка сына, якога абяцала: волас у волас, голас у голас, па запясці рукі ў срэбры, па калені ногі ў золаце, у ілбе зоркі, у патыліцы месячык. Ды толькі аднаго нарадзіла, а не дванаццаць.

А яна — ведзьма тая — ведала, што будуць ісці паперы да Івана Іванавіча на мяжу. На дванаццаці бальшаках паставіла дванаццаць шынкоў — хто будзе ехаць, дык яна паперу прачытае.

Едзе генерал на мяжу з лістом да сына. Едзе, а ведзьма выйшла і гаворыць:

— Добры дзень, нашага свата чалавек і пасланец! Заедзь да нас нанач, мы вас пачастуем, напалім лазню, загадаем прыслузе выпарыць вас. Каню дадзім сена і аўса.

Ён паслухаў ды заехаў. Так яны напалілі лазню, ён схадзіў выпарыўся, прыйшоў. Яны накармілі-напаілі генерала і спаць палажылі, а каню далі сена і аўса. Ну, як ён заснуў, яны ўзялі тую паперу, што бацька дасылаў, ды ў печ укінулі. А ў другую самі напісалі: «Сынок мой любы! Нарадзіла твая жонка няма што: ні то парася, ні то шчаня — зусім не чалавек. Дзе тое загадаеш падзець?»

Той генерал устаў раніцай, паперу — у кішэню, і пайшоў. Думаў, што тая ж самая. Прыязджае генерал да сына царскага на мяжу. Шапку здымае здалёку. Падʼязджае бліжэй, кланяецца:

— Добры дзень, Іван Іванавіч!

— Здароў, генерал веставы!

— Што, з паперамі да мяне?

— З паперамі.

Царэвіч тады ўзяў тую паперу і чытае, што нарадзіла яго жонка ні парася, ні шчаня, няма што — зусім не чалавека. Маўляў, што загадаеце з ім рабіць? Ён як прачытаў, за галаву схапіўся і заплакаў. Піша Іван Іванавіч тады бацьку адказ: «Бацька родны! Што ж рабіць, хто ні ёсць — ахрысціце да майго прыезду».

Так гэты генерал, як ліст заваротны ў рукі атрымаў, выправіўся ў сваю старану. А тыя злыдні зноў выйшлі на дарогу і кажуць:

— Заедзь да нас нанач, васпан, нашага свата чалавек!

Ён зайшоў да іх. Яны яго напаілі, накармілі і спаць палажылі. А як ён лёг, яны ўзялі ў яго гэты ліст, прачыталі ды спалілі. А самі напісалі: «Бацька мой родны, калі мая жонка нарадзіла не тое, што абяцала мне ў дзеўках, дык дзе хочаце дзеньце, каб яе дзіцяці па маім прыездзе вочы мае не бачылі! Калі яна не так нарадзіла, як абяцала!»

Веставы генерал назаўтра рана сеў на каня і паехаў. Прыязджае ён дадому, а цар пытае:

— Ну што, генерал веставы, ці ўсё добра на мяжы ў сына?

— Дзякуй Богу, усё добра.

І падаў цару ліст. Бацька ўзяў той ліст, разламаў пячатку і, як прачытаў, заплакаў. Тады сабраў сенат.

— Дзе падзець яе з дзіцём? Сын загадаў, каб дзіцяці не было, пакуль ён вернецца з вайны. Дзе хочаце, маўляў, падзеньце жонку з дзіцём.

Тады адзін сенатар падняўся і кажа:

— Трэба шкляную бочку зрабіць, жалезныя абручы нагнаць, смалою асмаліць і ў мора пусціць. Няхай плыве куды паплыве. Вырашылі так і зрабіць, як сенатар сказаў. Шкляры зрабілі шкляную бочку, пасадзілі яе туды з дзіцём, кавалі акавалі бочку, засмалілі смалою і пусцілі ў мора.

Сын вярнуўся з вайны. Моцна затужыў ён, як даведаўся, што зрабілі з дзіцём ягоным ды жонкаю. Доўга ездзіў ён каля мора — нідзе не знайшоў, сплыла бочка. Заплакаў з гора ды паехаў тады да Бабы Ягі той самай, ды… узяў замуж яе родную дачку. А сын, што паплыў з маці, плыў-плыў колькі там і рос ні тыднямі, ні днямі, рос гадзінамі. А маці ўсё плакала і наплакала поўную бочку слёз. Так, што яны тонуць у слязах. Тады сын, як прыйшла бочка да нейкага берага, і кажа:

— Матуля ты мая радзімая, блаславі ты мяне, каб шкляная бочка і жалезныя абручы рассыпаліся!

А яна кажа:

— Бог цябе блаславіць, сынок!

Ён як рыкне маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, шкляная бочка ды жалезныя абручы, рассыпцеся зараз жа! Дакуль мая матуля будзе журыцца? Хутка мы ўтопімся ў матчыных слёзах!

Тады — пок! пок! — абручы і рассыпаліся. Бочка на макавае зерне пасыпалася. І тады ўзяў маці сын за рукі і павёў. Узвёў на такую высокую гару, што ні здумаць, ні згадаць, ні ў казках сказаць. Называецца яна Будай-гара. Зняў там план, узяў маці за руку і абвёў вакол гары, а тады гаворыць:

— Матуля, блаславі мяне, я буду на гэтай гары Будай-горад ставіць.

А маці яму кажа:

— Дзіцятка маё міленькае, дзіцятка маё даражэнькае, чым ты будзеш горад будаваць? У нас жа тут нічога няма, толькі адна душа.

А ён кажа:

— Матуля мая даражэнькая, блаславенне тваё мне толькі важнае.

Як выйшаў ён за дзве гадзіны да свету, сыйшоў з гары ўніз, як крыкнуў маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, каб бочка золата ды бочка срэбра прыкацілася да мяне!

І прыкацілася і бочка золата, і бочка срэбра. А тады ён гаворыць маці:

— Матуля мая любая, грошы ў нас ужо ёсць. Цяпер блаславі ты мяне, каб да нашай Будай-гары лес прыплыў.

А маці адказвае:

— Бласлаўляю цябе, дзіцятка маё.

Тады ідуць морам баркі з лесам, бруссем, латамі, дошкамі — ад цара, ад бацькі. Ён ведае, што яго сын жывы, дзе адгукнецца-абʼявіцца.

Выйшаў сын на гару, убачыў тыя баркі ды як крыкне маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, купцы-купцы, грабцы-грабцы, грабіце да маёй крутой гары, я буду тавар купляць! Пацэнна даваць, вашаму цару гасцінца дасылаць!

Прычалілі баркі да берага. Тавар звалілі ля крутой гэтай гары, ён заплаціў купцам у дзве цаны і гасцінца іх цару даслаў. Яны паехалі дадому, а сын кажа:

— Матуля мая радзімая, блаславі ты мяне дазнацца, што там будуць бацька з мачахай гаварыць, як прыедуць купцы.

— Сынок мой любы, бласлаўляю цябе.

Тут ён пракінуўся ў голуба і паляцеў услед за купцамі. Прыязджаюць гэтыя купцы да свайго цара, а ён іх пытае:

— Ну, купцы, дзе вы бывалі, што бачылі?

А яны кажуць:

— Ваша вялікасць, бачылі крутую гару, што ні здумаць ні згадаць, ні ў казках сказаць — якой вышыні, якой шырыні! І да той гары нейкі купец усе баркі прычальвае — тавары, лес купляе. Кажа, будзе Будай-горад ставіць. Ён нам у дзве цаны заплаціў і вам гасцінец даслаў.

Цар на тое і кажа:

— Пэўна, гэта мой сын. Трэба паболей яшчэ даслаць, каб хутчэй горад ён будаваў.

А сын тым часам паслухаў тое і паляцеў голубам да маткі, тут зноў стаў малайцом, выйшаў на гару і крыкнуў маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, дзе ёсць цесляры, тапорнікі, сталяры, кавалі — усе збірайцеся да маёй крутой гары! Я буду пацэнна плаціць, Будай-горад ставіць!

Як крыкнуў ён — сабраліся да яго пільшчыкі, цесляры, муляры, кавалі — усе-усе. Ён абвёў план і стаў горад будаваць. І за паўтара месяца збудаваў горад — лаўкі, цэрквы! Тады ізноў едуць гэтыя купцы з таварамі. Ён выйшаў, як крыкне маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, купцы-купцы, грабцы-грабцы, грабіце да маёй крутой гары, мне трэба Будай-горад будаваць!

Яны лес яму і звалілі, а ён ім у дзве цаны заплаціў, накарміў-напаіў і дадому адпусціў. І яшчэ цару гасцінец даслаў. Ну тады ж яны і паехалі, а ён скінуўся зноў галубом і паляцеў за купцамі. Пакуль тыя купцы прыехалі, а ён ужо і слухае.

Прыязджаюць, цар пытае:

— Што, купцы, па якіх гарадах, па якіх краінах ездзілі? Што чулі, што бачылі?

А яны кажуць:

— Ваша сіяцельства, далей Будай-горада нідзе не былі. Той купец і не пускае далей!

Ну цар і гаворыць да мачахі:

— Пэўна, гэта мой сын праявіўся!

А мачаха кажа:

— Гэта не дзіва, а паўдзіва, што Будай-горад пастаўлены моцна і прыгожа. Ёсць у маёй матулі ў трыдзевятым царстве на трыдзесятай зямлі горад большы за Будай — вакол сцяна ў тры аршыны глыбіні і шырыні. А на стайні ёсць пара такіх жарабцоў — як пойдуць гуляць, дык іскры наскрозь сцяну ў тры аршыны прабіваюць.

А сын той з галубамі сядзіць ды ўсё слухае. Тады прыляцеў да матулі і стаў малайцом. А маці пытае:

— Што, мой сынок любы, што там бацька з мачахай казалі?

А ён кажа:

— А вось як прыехалі купцы, ды сталі хваліцца, што далей нідзе не былі, толькі ў Будай-горадзе ў крэпасці, дык мачаха казала, што гэта не дзіва, што Будай-горад — вялікая крэпасць. А ў яе ў маці ёсць горад — у тры аршыны сцяна глыбіні і шырыні. Ды яшчэ ёсць у яе на стайні пара жарабцоў. Як пойдуць па горадзе гуляць, дык іскры наскрозь сцяну прабіваюць.

Тады ён кажа:

— Блаславі мяне, матуля, каб за ноч тая сцяна ад Бабы Ягі перайшла да мяне, стала кругом горада майго, і каб тая пара жарабцоў у маёй стайні стаяла і па маім горадзе так гуляла!

За дзве гадзіны да свету выйшаў ён на крутую гару і як крыкне маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, дзесьці ў трыдзевятым царстве на трыдзесятай зямлі ў Бабы Ягі ёсць каменная сцяна ў тры аршыны шырынёй і глыбінёй! Прыбудзь да мяне, стань кругом майго горада, і каб пара тых жарабцоў была!

Як крыкнуў ён — усё тое, што ў Бабы Ягі, і сталася. Тады даслаў ён цару ліст, каб прыслаў ужо краснага тавару — рыбы. Цар, канечне, прыслаў. Тады ён гэтых купцоў пачаставаў і гасцінца цару даслаў. Купцы тыя паехалі, а ён скінуўся галубком і паляцеў за імі. Прыязджаюць яны дамоў, ён сеў з астатнімі галубамі ды сядзіць. А бацька пытае ў купцоў:

— Ну што, купцы, дзе бывалі, што бачылі? Па якіх гарадах, па якіх краінах ездзілі?

А яны адказваюць:

— Далей Будай-горада не пускае той купец! І вось вам гасцінчык даслаў. Тое, што вы тут сказалі з жонкай — там усё праявілася. І тая сцяна ў тры аршыны шырыні ды глыбіні, і пара тых знакамітых жарабцоў — як пойдуць па горадзе гуляць, дык заднімі нагамі сцяну могуць праламіць. Гэткая чысціня!

Гэты цар і кажа:

— Трэба мне туды зʼездзіць паглядзець — пэўна, гэта мой сын!

А мачаха, жонка яго, кажа:

— Гэта не дзіва ды не паўдзіва! У маёй матулі ў трыдзевятым царстве на трыдзесятай зямлі стаіць пад горадам дуб — ні здумаць, ні згадаць. На тым дубе — дванаццаць кокатаў[1], на тых кокатах — дванаццаць катоў. Як угору ідуць — байкі баюць, як уніз ідуць — на гуслях граюць. Вось дык чысціня ў маёй матулі!

Паслухаў тое сын ды паляцеў да сваёй маці, а яна й пытае:

— А што, мой сынок, што там бацька з мачахай гаварылі?

— Як прыехалі купцы ды сталі хваліцца, што далей за горад Будай не былі, і ўсё, што гаварылі, там стала — і сцяна, і жарабцы такія — чысціня! А мачаха тады і кажа, што, маўляў, гэта ж не дзіва, а паўдзіва, бо ў ейнай маці ў трыдзевятым царстве ў трыдзесятай зямлі — дуб, а на тым дубе дванаццаць кокатаў, а на тых кокатах дванаццаць катоў. Угору ідуць — байкі баюць, уніз ідуць — на гуслях граюць. Блаславі мяне, матушка, каб і ў мяне быў такі дуб.

Выйшаў ён тады за дзве гадзіны да свету на крутую гару ды як крыкнуў маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, недзе ў трыдзевятым царстве на трыдзесятай зямлі ў Бабы Ягі ёсць дуб на дванаццаці кокатах, ды на тых кокатах дванаццаць катоў! Прыбудзь да мяне!

Ну толькі ён крыкнуў — і ўсё тое ёсць.

Ідуць зноў па моры купцы з таварамі, ён выйшаў на гару і крыкнуў маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, купцы-купцы, грабцы-грабцы, грабіце да маёй крутой гары, я тавар купляю, пацэнна плачу! Вас напаю-накармлю і цару гасцінчык дашлю!

Тады яны тавар пазвальвалі, грошы атрымалі, ён іх напаіў-накарміў і гасцінца цару перадаў. Сам скінуўся галубом і паляцеў.

Прыляцеў на двор, сеў незаўважна з птушкамі ды слухае. Прыязджаюць купцы, і цар пытае:

— Што, купцы, дзе праязджалі, што чулі, што бачылі?

А яны кажуць:

— Ваша сіяцельства, далей таго горада не былі, бо купец нас той не пускае — ён у нас тавары адкупіў, пацэнна заплаціў, накарміў нас, напаіў і вось гасцінца вам даслаў. І што вы з жонкай казалі, што дуб пад гарою стаіць — дванаццаць кокатаў, на тых кокатах дванаццаць катоў, усё такое — дык і гэта ёсць! Такое хараство!

Цар тады кажа:

— Пэўна, гэта мой сын. Трэба зʼездзіць і паглядзець!

Тады жонка стала адгаворваць яго:

— Ну гэта не дзіва, а паўдзіва, — кажа. — У маёй матулі ў трыдзевятым царстве на трыдзесятай зямлі ёсць цуда-вопер[2]. Ён па горадзе ідзе, лычам арэ, нагамі скародзіць, вушамі сее і вее: як пройдзе па горадзе — хлеба няма куды падзець.

Паляцеў ён да маці.

— Ну, што бацька з мачахай гаварылі?

— Бацька хацеў ехаць, а мачаха кажа, што гэта не дзіва, а паўдзіва. А ў яе маці ёсць цуда-вопер, па гораду ідзе, лычам арэ, нагамі скародзіць, вушамі сее і вее. Як пройдзе па горадзе — хлеба няма куды падзець. А ў нас, матуля, хлеба якраз мала. Дык блаславі мяне, каб ён да нас прыйшоў, такі вопер.

— Бласлаўляю.

Ён тады за дзве гадзіны да свету выйшаў на гару і як крыкне маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, дзесьці ў трыдзевятым царстве на трыдзесятай зямлі ў Бабы Ягі ёсць цуда-вопер. Ён лычам арэ, нагамі скародзіць, вушамі сее і вее. Як пройдзе па горадзе — хлеба няма куды падзець. У мяне хлеба няма, прыбудзь да мяне, сюды, у горад Будай!

Раз! — вось ужо і той вопер ідзе, лычам арэ, нагамі скародзіць, вушамі сее і вее! Як прайшоў па горадзе — хлеба няма куды дзець! Па хлебе ездзяць, як па мосце.

Ну тады купцы гэтыя едуць па моры зноў. Ён ужо выйшаў, крычыць маладзецкім голасам, багатырскім посвістам:

— Гэй, купцы-купцы, грабцы-грабцы, грабіце да майго Будай-горада! Я тавары купляю, пацэнна плачу.

Вось яны тавар звалілі, ён іх накарміў, напаіў і гасцінца цару даслаў. Сам галубом скінуўся і паляцеў. Прыляцеў на двор і слухае. Прыязджаюць тыя купцы, а цар пытае:

— Ну што, купцы, дзе ж бывалі?

А яны кажуць:

— Ізноў далей горада Будая нідзе не былі. Той купец тавар у нас увесь адкупіў, пацэнна заплаціў, нас накарміў-напаіў і вам гасцінчык даслаў. І той цуда-вопер, чыста, што вы гаварылі з жонкай, там у яго!

Цар кажа:

— Мабыць, гэта мой сын, трэба зʼездзіць да яго.

А жонка яго стала зноў адгаворваць:

— Гэта, — гаворыць, — не дзіва, а паўдзіва. Вось у маёй матулі ў каменных палатах адзінаццаць малайцоў, па дванаццаць пудоў булавы. Як пойдуць па гораду малаціць, дык яна смачна спіць у каменных палатах.

Цар тут асеўся, не паехаў да сына. Тады сын прылятае ў двор і стаў малайцом, а маці пытае:

— Ну што, сынок мой, што там бацька з мачахай гаварылі?

— Як прыехалі тыя купцы, сталі расказваць, што яны далей нідзе не былі, толькі ў горадзе Будаі, той купец, казалі, тавары купіў, пацэнна заплаціў, іх накарміў-напаіў ды гасцінец цару даслаў. Бацька кажа, што, пэўна, гэта яго сын, і трэба зʼездзіць да яго, а мачаха стала адгаворваць яго і сказала, што гэта не дзіва, а паўдзіва. А ёсць у яе маці-матулечкі ў трыдзевятым царстве на трыдзесятай зямлі каменныя палаты, а там адзінаццаць малайцоў, па дванаццаць пудоў булавы ў іх — як пойдуць па горадзе малаціць, дык яе матуля моцна ў каменных палатах спіць.

І заплакаў. А потым далей кажа:

— Гэта ж мае браты так цяжка пакутуюць! Матуля, спячы дванаццаць прасфорак і са сваіх грудзей малака дадай ў іх, а я паеду да каваля булаву каваць.

І заказаў сабе на дарогу булаву ў дванаццаць пудоў вагою. Узяў гатовую булаву, выйшаў за горад і кінуў яе ўгару за воблакі. Яна там лётала-лётала ды прыляцела ўніз. Ён выставіў правую далонь, булава як ударылася, так і рассыпалася. Тады ён пайшоў назад да кавалёў, ды яны перакавалі яму — палавіна жалеза, а палавіна сталі. Выйшаў ён за горад, новую булаву кінуў угару за аблокі, яна там лётала-лётала, а потым ляціць уніз. Ён узяў шапку, насунуў ды выставіў лоб. Яна як ударыць яму ў лоб, ды толькі ўвагнулася.

Тады ён гаворыць:

— Вось гэтая булава добрая!

Прыйшоў у двор, узяў дванаццаць прасфорак, развітаўся з маткай і пайшоў да Бабы Ягі ў трыдзевятае царства ў трыдзесятую зямлю. Як ісці дык ісці — скора кажацца, ды не хутка робіцца. Прыйшоў урэшце да Бабы Ягі. А яна спіць, дый асілкі тыя адпачываюць — толькі булавы на гары тырчаць. Ён узяў прасфоркі, на булавы ўсклаў, а сам за камень схаваўся. Ну тады яны — тоўх! тоўх! — адзін другога:

— Будзем, браткі, ўставаць малаціць!

Убачылі яны на булавах сваіх прасфоркі, зʼелі, вецер як дунуў, дык яны пачулі матчыну кроў.

— Гэй, — кажуць. — Брат у госці прыйшоў!

Ды ён выйшаў і кажа:

— Пакажыце мне яе!

А яны кажуць:

— Брат, уцякай!

А ён адказвае:

— Не, толькі пакажыце мне яе! Дапамажыце мне і я яе пайду сваёю булавою біць!

Яны тады яму паказалі ведзьму, а самі пайшлі малаціць.

Прыходзіць ён туды да яе, а Баба Яга тая яшчэ спіць. З ноздраў дым шыбае, з рота полымя, з вушэй іскры сыплюцца. Прыйшоў ён, раз трэснуў па ілбе — не чуе ведзьма, другі раз трэснуў — пачула і падхапілася. Ды пачалі біцца. Яна яго агнём паліць, дымам душыць! Ён тады клікнуў братоў — браты падскочылі і забілі яе! Ён узяў вазоў пяць саломы, палаты яе запаліў, братоў узяў за рукі і павёз у сваю старану, у сваё царства.

Прыводзіць ён іх дадому, яны пакланіліся маці, павіталіся — і жывуць у Будай-горадзе з братам. Як пойдуць па горадзе гуляць — голас у голас, волас у волас, у ілбе зоркі, у патыліцы месячык, па запясці рукі ў срэбры, па калені ногі ў золаце — дык увесь горад ззяе.

Пасылае цар сваіх купцоў з таварамі. Едуць купцы па моры, а сын ягоны выйшаў на гару, крычыць маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Гэй, купцы-купцы, грабцы-грабцы, грабіце да майго горада, я тавар пацэнна купляю! І вас напаю-накармлю і цару гасцінца дашлю!

Яны падʼязджаюць, тавар звалілі, тады ён іх напаіў-накарміў, цару гасцінцы перадаў ды дадому адпусціў. І кажа матцы:

— Матуля мая радзімая! Я братоў адшукаў, а як бы бацьку ў свой Будай-горад звараціць? Ці ёсць там у мачахі якія загадкі, ці няма?

Тады ён ізноў скінуўся галубом і паляцеў да бацькі.

Купцы як прыехалі, цар пытае:

— Ну што, купцы-грабцы, дзе бывалі? Па якіх гарадах, па якіх краінах ездзілі? Што чулі, што бачылі?

Тады яны кажуць:

— Ваша сіяцельства! Далей таго горада той купец, ці хто ён, не пускае! І што вы з жонкай тут гаварылі — і тое там праявілася! Там дванаццаць братоў стала!

Мачаха, як пачула, што яны знайшліся і што яе маткі ўжо на свеце няма, дык схапіла нож і закалолася. А тады ўжо цар кажа:

— Дзякуй табе, Госпадзі, што апрастаў маю галаву ад акаяннае сілы. Паеду я да сваёй сапраўднай жонкі ды сваіх дзетак!

Тады сын паляцеў дадому, прыляцеў, стаў малайцом, і маці кажа:

— Ну, што ты чуў?

А ён кажа:

— Вось што я чуў! Як прыехалі купцы ды сталі расказваць, што бачылі ў Будай-горадзе дванаццаць братоў — голас у голас, волас у волас, у ілбе зоркі, на патыліцы месячык, па запясце рукі ў срэбры, па калена ногі ў золаце — як пойдуць па горадзе гуляць, дык увесь горад ззяе. Як пачула тая мачаха, зразумела, што яе матку забілі, дык нажом сябе закалола. Бацька падзякаваў Госпаду, што апрастаў яго галаву ад акаяннае сілы, цяпер пойдзе да сваёй сапраўднай жонкі і сваіх дзяцей. Бацька ў госці к нам заўтра будзе! Матуля, блаславі мяне, каб за дзве гадзіны да свету правесці дванаццаць вёрст дарог, выбіць чырвоным сукном і цераз мора мост паставіць — залатая масціна і сярэбраная масціна, залаты слуп ды срэбны слуп!

За дзве гадзіны да свету выйшаў на гару і як крыкне маладзецкім голасам ды багатырскім посвістам:

— Я дажыдаю бацьку ў госці! Каб да свету цераз мора мост вымасціўся! І каб была дарога на дванаццаць вёрст і гэтую дарогу чырвоным сукном выслалі.

Як толькі ён тое сказаў, так адразу зʼявіліся майстры і ўсё гэтак зрабілі!

Чуюць дзень, едзе цар да жонкі сваёй у госці. Прыехаў, павітаўся з жонкай і дзецьмі — і стаў жыць у Будай-горадзе. І зараз там жывуць.

Слоўнік

правіць
  1. Кокат — сук на дрэве.
  2. Вопер — вяпрук, кабан.