Іван прыўкрасны і князь Ладымір
Іван прыўкрасны і князь Ладымір Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://kazki.unicef.by/kazki.html |
Жыў-быў сабе Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і служыў ён па князях, па панах і па ўсіх багатырах. Не меў ён сабе ні адзення багатага, ні слова добрага. Наняўся ён да князя Ладыміра, кіеўскага самадзержца мнагалітасцівага. Праслужыў ён у князя тры гады — ды ўсё так сама не меў ні адзення батага, ні слова добрага.
Даждалі Вялікадня. Князь Ладымір стаў сваіх слуг, што былі ў яго, збіраць. Быў у яго Алёшка — лёгкі на язык, салодкі на слова. Князь Ладымір і пытае ў Алёшкі:
— Ніхто на нас не крыўдзіцца? Ніводная душа?
— Ёсць у нас Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны! Той крыўдзіцца.
Паклікаў князь Ладымір да сябе Івана і дае яму куні[1] нячыненыя і шубу няшытую.
— Вось табе куні нячыненыя і шуба няшытая. Каб б ты сабе гэтыя куні пачыніў і сабе шубу пашыў, і каб са мною на завутрань паспеў!
Атрымаў тое Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і горка заплакаў. Пайшоў ён да ракі Дняпро і думае сам сябе загубіць. А тут бач — зʼяўляецца да яго баба, як сянная капа.
— Чаму ты, Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, журышся? Я твайму гору дапамагу, будзеш мяне за гэта маткай зваць.
— Буду.
— Ну, сядай на мяне.
Баба старая перавезла Івана на той бераг ракі. Там стаіць дом — не ўздумаць, не згадаць, толькі пяром напісаць. Прыносіць баба яго да варотаў, бразнула ў дзверы, выскоквае дзяўчына — Алёна Сівалобаўна.
— От табе друг, будзеш яго сваім мужам называць.
— Буду.
— Вось ты яму куні пачыні і шубу пашый. І выправі з князем Ладымірам на завутрань.
— Кладзіся, друг мой Іван Прыўкрасны, спаць, — гаворыць Алёна Сівалобаўна. А сама выходзіць на ганак ды як крыкне багатырскім голасам! Ідуць да яе ўсе слугі.
— Пра што ты нас пытаеш?
— А вось трымайце, каб б вы куні гэтыя пачынілі і шубу той жа час мне пашылі.
Раніцай Алёна Сівалобаўна стала Івана будзіць:
— Уставай, мой друг, вось шуба гатовая. На завутрань звоняць.
Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, надзеў шубу тую, тады Алёна дае яму тры яечкі.
— Адным ты яечкам князя Ладыміра пахрыстосуй, другім — папа, а трэцяе прывязі ў двор.
Пасля завутрані Алёшка — лёгкі на язык, салодкі на слова — і кажа Івану:
— Пахрыстосуй, брат, і мяне.
Пахрыстосаваў Іван і яго. Прыязджае ў двор, а Алёна і гаворыць яму:
— Хрыстосуй мяне!
— А я, — гаворыць Іван, вочы апусціўшы, — Алёшку пахрыстосаваў…
— От жа дзе дурань. Сабе безгалоўе атрымаеш!
Тады князь Ладымір сабраў багатых і ўбогіх на абед і спытаўся ў багатых:
— Ну, хваліцеся багаццем, буду за багацце хваліць! А ўбогіх — надараць!
Іван Прыўкрасны сядзіць — нічога не адказвае. А Алёшка — лёгкі на язык, салодкі на слова — запышэў і гаворыць:
— Іван сабе жонку знайшоў, прыгажэй за ўсіх на свеце!
А Ладымір на гэта і кажа:
— Паслаць яго да Ваўка Мінчыгрэя па самаграйныя гуслі! Мінчыгрэй яго са свету звядзе, а жонка ў нас застанецца!
Тады напісалі ліст ды паслалі Івана да Ваўка Мінчыгрэя, і сказалі ў дарогу:
— Калі ты не прынясеш нам самаграйныя гуслі, то табе плаха і меч — і галава з плеч.
Узяў той ліст Іван Прыўкрасны, сірата няшчасны, і заплакаў. Прыходзіць ён да Алёны Сівалобаўны, уведала яна пра гэтую гісторыю з князем ды гуслямі і кажа:
— Я табе гаварыла, што будзе табе безгалоўе! Ну, на табе шырынку, кашулю і порткі. Калі ж стане табе зусім кепска, успомні мяне тры разы.
Прыехаўшы да Ваўка Мінчыгрэя, Іван падаў яму ліст ад князя. А Воўк Мінчыгрэй прачытаў ліст і гаворыць:
— У мяне няма гусляў гатовых, трэба каваць. А табе, Іван Прыўкрасны, давядзецца дуць у мяхі на кузні без перадыху трое сутак.
Іван Прыўкрасны тры разы за трое сутак адпачываў, ды Воўк Мінчыгрэй на яго моцна зазлаваў праз гэта і хацеў зʼесці. А Іван Прыўкрасны папрасіў у ваўка сабе лазню, каб на смерць памыцца. Памыўшыся, стаў кашулю апранаць і Алёну Сівалобаўну памінае:
— Дзякуй табе, Алёна Сівалобаўна, што ты мне на смерць кашулечку дала.
А Воўк Мінчыгрэй пачуў і пытаецца ў яго:
— Хто табе Алёна Сівалобаўна?
— Жонка яна мне, — кажа Іван.
— А чаму ж ты мне раней гэтага не сказаў? Яна сястра мне! І ў мяне ёсць гуслі гатовыя.
Воўк Мінчыгрэй і даў Івану гуслі. Ён іх прывёз і аддаў князю Ладыміру. Цераз Алёну Сівалобаўну і застаўся жывым. І цяпер яны жывуць, мёд-віно пʼюць. І я ж там быў, мёд-віно піў — па вусах цякло, а ў рот не папала.
Слоўнік
правіць- ↑ Куні — куніцавыя шкуры