Ігнат Буйніцкі (Луцкевіч, ?)

(Пасля перасылкі з Ігнат Буйніцкі)
Ігнат Буйніцкі
Біяграма
Аўтар: Антон Луцкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Буйніцкі Ігнат. Радзіўся ў 1861 годзе ў Празароцкай воласьці Дзісьненскага пав. у шляхоцкай сям’і. Вучыўся ў сярэдніх школах у Рызе, дзе скончыў землямернае вучылішча. Маючы 20 гадоў, дастаў ад свайго бацькі кавалак зямлі — балота і сваей няўтомнай працай, працуючы ўласнымі рукамі, хутка давёў гэты няўжытак да цьвітучага стану. Праца зблізіла яго зь беларускім сялянствам, з каторым Б. вельмі блізка зжыўся. Гэта вызначыла і далейшы жыцьцёвы шлях Б-га: ён самавызначыўся як беларус і далёка адышоўся як ад сваей радні, крэпка спольшчанай, так і ад польскашляхоцкага грамадзянства наагул. Шмат дапамагло Б-му ўнезалежніцца і пайсьці новым шляхам тое, што ён меў пад сабой матэрыяльную базу — гэны самы кусок зямлі, на якім завёў наўзорную гаспадарку.

Б. ажаніўся ў маладыя гады і меў дзьве дачкі. У 1907 годзе, пад уплывам разьвіваўшагася ўсё шырэй беларускага адраджэнскага руху, Б. разам з сваімі хатнімі завіхаецца каля стварэньня ў сваім фальварку Палівачох беларускага аматарскага тэатру. Але галоўную атракцыю прадпрыемства ягонага прадстаўляе не ігра на сцэне, а — балет. Б. разам з сваімі дачкамі захопліваў сялянства сваімі народнымі танцамі, у якіх быў запраўдным мастаком. Зьвязаўшыся з рэдакцыяй «Нашай Нівы», Б. з дачкамі прыняў учасьце ў першым у Вільні публічным беларускім вечары ў лютым (12/25) месяцу 1910 г. Пад той час, як Ал. Бурбіс ладзіў пастаноўку беларускае п’есы, а Л. М. Рагоўскі — выступленьне беларускага хору, Буйніцкі з’арганізаваў балет з шасьцёх пар і сам танцаваў зь незвычайным у гэткія гады жарам і запалам, адразу паставіўшы беларускія танцы на высокамастацкім роўні. У хуткім часе — у тым жа годзе — Б. выступіў з сваім балетам на этнаграфічным вечары ў Вільні1, а празь нейкі час быў запрошаны ў Пецярбург, дзе гэткі ж вечар, толькі абдымаючы ўсе народы Расеі, быў з’арганізаваны т-вам «Вестник Знания»2. Разахвочаны сваімі трыюмфамі на сцэнічных падмостках, Буйніцкі — разам з Бурбісам — арганізуе беларускі аб’езны тэатар і выступае па вёсках і мястэчках Беларусі. Зь вялікшых мест і мястэчак аб’яжджае Вялейку, Дзісну, Ашмяну, Нясьвіж, Слуцак, Клецк, Ляхавічы і інш., а ўрэшце выступае ў Менску, тэй жа Вільні і Варшаве.

У 1913 годзе Буйніцкі, дзеля хатніх спраў, пакідае сцэну і перакідаецца ў галіну эканамічнае працы, каб з’арганізаваць фінансавую самапомач для вёскі. Ён залажыў Празароцкае крэдытнае т-ва, якое абслугоўвала шырака сялянскія масы. даўшы свой фальварак, асеў у Празароках, дзе засьпела яго вайна.

У 1917 г., пасьля выбуху Лютовае рэвалюцыі, Буйніцкі, нягледзячы на свае 56 гадоў, пайшоў на службу на Заходнім фронце, выкарыстываючы гэту службу дзеля беларускае нацыянальнае прапаганды. Неспадзяваная сьмерць ад параліжу сэрца спыніла ягонае жыцьцё 9(22) верасьня 1917 году. Быў пахаваны сьпярша непадалёк ад Палачан, а пасьля первезены і пахаваны на магільніку ў Палівачох.