Ідэолёгічная дрыгва

Ідэолёгічная дрыгва
Публіцыстыка
Аўтар: Фабіян Акінчыц
1934 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 6 (8) ад 20.IX.1934 г., б. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ідэолёгічная дрыгва

У сучасную эпоху ўсеагульнага крызысу ня толькі эканамічнага, але й грамадзка-палітычнага, людзкая грамада патрабуе „пераацэнкі ўсіх вартасьцяў“ і над тым, чаму раней пакланялася—ставіць цяпер вялілі знак запытаньня.

Страціў свой прываблівы бліск дэмакратызм з ягонымі псэўда-свабодамі і сумліўнай роўнасьцю, ня вытрымаў спробы ў сваім практычным застасаваньні і марксызм, у выніку чаго ідэолёгічную гэгэмонію абыймаюць іншыя кірункі грамадзкай і палітычнай думкі.

Ідэолёгічны крызыс захоплівае і галіну маральную, дзе мы наглядаем пашырэньне сэктанства і розных іншых праяваў шуканьня „праўды і справядлівасьці“ побач з распаўсюджваньнем рэлігійнага нігілізму.

Вельмі цяжка быць прарокам, асабліва ў сучасную хвіліну, і таму нельга адказаць якія формы пры канчальным разрахунку прыме грамадзкае жыцьцё навет у бліжэйшую будучыню.

У адным толькі можна быць пэўным, што народы нацыянальна-сьведамыя і добра сарганізаваныя хутчэй перажывуць гэты крызыс і хутчэй упарадкуюць свой грамадзкі, палітычны і рэлігійны лад.

Ужо цяпер мы бачым, як некаторыя народы, пераняўшыся здаровымі кіраўнічымі ідэямі, і адпаведна арганізаваўшыся ўступілі ў новую фазу разьвіцьця, маючы шырокія гістарычныя пэрспэктывы.

Кіраўнічая ідэя, творчая і здольная да зьдзейсьненьня патрэбна кожнай нацыі, бо яна адухаўляе яе жыцьцё і дае сэнс і зьмест гэтаму апошняму. Шмат якія народы ня маюць яшчэ такой ідэі, каторая-б была здольнаю захапіць іх і павясьці за сабою.

Але ўсё прамаўляе за тое, што большасьць цывілізаванай людзкасьці яе знойдзе.

Перамогшы ў гэтакі спосаб ідэолёгічны крызыс, нам ня будзе такім страшным і крызыс эканамічны, які, фактычна, разбурвае ўсе падставы сучаснага грамадзянства і вядзе яго да заняпаду.

На вялікі жаль, да ліку народаў не знайшоўшых яшчэ сваей скрысталізаванай агульнай нацыянальнай ідэі трэба залічаць і беларусоў, сярод якіх наглядаецца запраўдная ідэолёгічная дрыгва. Галоўная прычына гэтаму знаходзіцца ў тых палітычных і эканамічных абставінах, якія ў працягу стагодзьдзяў укладаліся на Беларускіх землях.

Трэба не запамінаць і пра тое варожае этнічнае акружэньне, у якім апынуліся беларусы і якое сьведама і плянова ўстрымлівае наш поступ. Гэтакаму акружэньню залежыць каб мы не ўзмацнялі сваей нацыянальнай сьведамасьці і ня вытварылі агульча-нацыянальнай ідэолёгіі.

Шляхі беларускага адраджэньня, запраўды, вельмі цяжкія і цярністыя і няма нічога дзіўнага, што народ пры гэтакіх абставінах дэмаралізуецца і траціць ня толькі свае нацыянальныя вартасьці, але й агульна-людзкія.

Дзякуючы полёнізацыі з аднаго боку і збальшавізаваньню з другога—ён ператвараецца ў нешта тупое і аслабленае.

Траціць давер да ўсіх і носіць у сваёй душы вялікі запас ненавісьці і злосьці, каторая можа выліцца на вонкі пры першай спрыяючай да таго акалічнасьці.

Адначасна з гэтым пад уплывам розных інтрыгаў і сыстэматычнай прапаганды частка народу адвярнулася ад сваіх прыродных павадыроў, беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, і падпала пад уплывы чужынцаў.

Проці інтэлігенцыі, вернай нацыянальна-беларускім ідэалам, выступаюць супольным фронтам усе ворагі нашага адраджэньня.

Яе топчуць у балота, зьдзекуюцца і стараюцца зьнішчыць фізычна і духова.

Так, на вялікі жаль, абстаяць справы на нашых землях…

А народ усё глыбей падае ў прорву безнадзейнай нэндзы і беспрасьветнай цемры. Цяжкімі абставінамі ён змушаецца да ілжы: крывіць душою, калі запісваецца „ў палякі“, лжэ тады, калі „ахвотна“ пасылае сваё дзіця ў чужацкую школу, лжэ, нарешце, калі кідае „рускую“ веру і пераходзіць у „польскую“.

Народ прывык лгаць навет тады, калі гэта датычыць сьвятая сьватых душы чалавека.

Справядліва казаў у свой час Бокль адносна гэткага распаўсюджанага ў нас зьявішча:

„Калі людзі змушаны бываюць замаскоўваць свае думкі, то ў іх набываецца прывычка забясьпечваць сябе пры дапамозе абману і купляць бясьпечнасьць цаною ілжы; ілжа для іх робіцца аднэй са штадзённых патрэбаў, а крывеньне душой—адным са звычаяў; агульны дух і стан думак нацыі падлягае сапсуцьцю і сума існуючых у ёй дрэнных прыкметаў і памылкаў страшэнна павялічваецца“. (Бокль Історія цивилизаціи в Англіи, стар. 74 выд. 1896 г.)

Вось гэта ўсё, аб чым кажа нам ангельскі гісторык і філёзоф, даецца поўнасьцю заўважыць сярод Беларускага народу, каторы ў ілжі змушаны бачыць адзіны сродак фізычнага самазахаваньня.

Няма чаго ўкрываць, а трэба адкрыта прызнацца, што й сума грамадзкіх недахопаў сярод нашага народу страшэнна павялічылася, што ў сваю чаргу пагражае яму вялікімі і прыкрымі насьледкамі.

„Дрыгва“ можа зацягнуць яго ў прорву чыста зоолёгічнага існаваньня, без сэнсу і зьместу, ператварыўшы ў звычайную жывёлу, каторая існуе на сьвеце толькі для таго, каб карміць сваіх гаспадароў.

Гэтаму ўсяму мусіць, нарэшце, наступіць канец, калі мы ня хочам закончыць сваё нацыянальнае жыцьцё самагубствам.

Беларускае грамадзянства павінна пераняцца нейкаю грамадзкаю ідэолёгіяю, такою ідэолёгіяю, каторая давала-б яму выразныя нацыянальныя і соцыяльныя пэрспэктывы і з ёю ісьці ў народныя гушчы.

Такою ідэолёгіяю зьяўляецца нацыянальны соцыялізм, каторы стаўшы вераю Беларускага народу, адродзіць яго нацыянальна, маральна і палітычна.

Гэтая вера дасьць нашаму народу надзею на вызваленьне, узмоцніць ягоныя духовыя сілы ў змаганьні за лепшую долю і разбудзіць нацыянальны гонар.

Тым самым наш народ здабудзе элемэнтарныя грамадзкія здольнасьці, так патрэбныя яму ў сучасную пераламовую хвіліну, калі пачынае развальвацца стары сьвет, ачышчаючы мейсца для новага…

Ф. Акінчыц.