Ізноў у хаце
Проза
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1921 год
Крыніца: Газэта «Маладое жыцьцё» (Вільня), 7 красавіка 1921, № 2, б. 6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ізноў у хаце.

Апошняя лекцыя цягнецца нязвычайва доўга. „Хутчэй-бы званок,“ думаець Васіль, гімназіст III кл., ня слухаючы аднатоннай гутаркі вучыцелькі-немкі, якая пераводзіць трудназразумелую стацьцю. Ён ўвесь затоплен ў свае думкі аб тым, як ён выйшаўшы з мураваных сьценаў гімназычнага будынку, стане вольным ад пастаяннага нагляду наглядчыка. Думае таксама аб сваіх бацькох, якія чакаюць яго пасьля чатырох месячнай разлукі. Уваччу стаіць паездка дамоў па чыгунцы, сустрэча з бацькамі, якія з цёплаю радасьцю прыймаюць яго. І здаецца яму, што аддаў-бы ён ўсё, каб толькі не зьняважаць сваіх дарагіх бацькоў.

„Дзын-дзын-дзын…“ раздаецца званок і прарывае думкі Васіля. Кляса напаўняецца шумам, крыкамі і пяяньнем вучняў равесьнікаў.—„Каб толькі не спазьніцца на чыгунку“—мармоча Васіль, зьбіраючыся ў дарогу. «Але ўсё роўна да палудня дырэктар не адпусьціць», мільгнула ў яго думцы і ён крыху супакоіваецца Пасьля палудня цэлая „армія“ гімназістаў з кошыкамі высыпалася на вуліцу і абчапіла вагон конкі, толькі што адпраўляўшайся на станцыю.

Селі. Праз вакно відаць было як звошчыкі сьпяшаючыся, едуць на станцыю з багажом, што яшчэ больш не дае супакою маладым пасажырам. Прыехаўшы на станцыю яны засталі цягнік хутка адходзячым і толькі дзякуючы помачы насільшчыкаў, здужалі нашы пасажыры ўбіцца ў вагон. Радасьці Васіля ніхто ня мог-бы зразумець. Тут няма ўжо больш паглядаў наглядчыка, ані свайго бацькі, які заўсёды яго праводзіў да мейсца. Вясёлы гоман вучнёўскай моладзі прымушаў зварочываць на сябе ўвагу пастаронных пасажыраў, якія, бачучы вясёлы настрой дзяцей, радаваліся разам з імі. У вясёлай гутарцы ня ўгледзілі і часу калі трэба было Васілю пакінуць частку сваіх сяброў, а самому зьлязаць. Ужо і кандуктар пачаў адбіраць білеты, кажучы, што цераз тры мінуты будзе астаноўка. Васіль зусім згубіўся: ён пачаў разьвітывацца з сябрамі, абяцаючы на сьвята да іх пісаць лісты, ўмовіўшыся, каб і яны яму пісалі

Вось замігалі нявыразныя ачартаньні правінцыяльнага места. Цягнік звальняе пакрысе ход і хутка зусім застанаўліваецца. На плятформе стаіць гурба народу, сярод каторай Васіль распазнае і свайго бацьку.

„Як, гэта ты, тата!“—ускрыківаець Васіль і кідаецца, па вылазцы з цягніка, на бацькаву шыю. — Цягнік адходзіць і Васіль, дастаўшы з кішаня хустку, махае сваім таварышом датуль, пакуль цягнік не пачаў хавацца з ваччу. Бацька тымчасам наладжывае сані, садзіць гасьця і яны ўжо едуць дамоў па добра знаёмай дарозе. Вёрсты астаюцца ў тыле і праз некаторы час паказываецца будынак хаты Васілёвага бацькі, а каля хаты маленькія браты і сёстры вазіняюцца на санкох. Яны пабачылі свайго брата здалёку і ймкнуць навыперадкі, насустрэчу гасьцю,

Цэлая ватага з шумам уваліваецца ў хату. Радасьцям хатніх, як і Васілёвай няма канца… Усім сабраўшымся на вячэру было вельмі вясёла з прысутнасьці ўрэшці ўсіх членаў сям‘і. Васіль з жарам апавядаў аб гімназычных здарэньнях, аб вучыцялёх, вучнях і інш…

Змораны дарогаю і перажыўшы шмат трывожных хвілін, Васіль гэтага вечара доўга не сядзеў і лёгшы ў прыгатаваную пасьцель, адразу заснуў. Сьнілася яму гімназія, срогі наглядчык. Чуў Васіль званок, прымушаючы йсьці ў клясу, ускаківаў з ложка, але… кругом было ўсё роднае, з дзяцінства знаёмае…

Дзякуй Богу!—казаў Васіль і йзноў засыпаў салодкім сном.


1920 г. 19 II. 21.

М. Іль—ч.