Інтэлігэнцыя і народ
Інтэлігэнцыя і народ Публіцыстыка Аўтар: Фабіян Акінчыц 1934 год Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 7 (9) ад 25.X.1934 г., б. 3-4 |
У кожным нармальна арганізованым грамадзянстве інтэлігэнцыя, будучы клясаю асьвечанаю і ўмыслова разьвітаю, стаіць наперадзе народу, надаючы галоўны кірунак усім праявам грамадзкага жыцьця.
Усё новае і лепшае, што можа быць застасавана і што можа прынесьці народу маральныя, грамадзкія, або якія іншыя карысьці — яна павінна папулярызаваць сярод масаў, стараючыся, каб гэта новае і лепшае было імі зразумела і прынята.
Інтэлігэнцыя павінна быць народнаю, мець з народам пастаянную сутычнасьць і жыць ягонымі інтарэсамі.
Гэта, аднак, ня значыць, што яна мусіць патураюча адносіцца да ўсіх ад‘ёмных праяваў характару народных масаў, або плясьціся ў хвасьце гэтых апошніх, выконваючы іхнія „дырэктывы“.
Быць з народам — гэта значыць пазнаць усе ад‘ёмныя і дадатнія бакі ягонай душы, зразумець народную псыхіку і старацца накіраваць яе на адпаведны шлях.
Ад запраўднага інтэлігэнта, які мог-бы з пасьпехам выконываць падобную ролю, вымагаецца, каб ён уяўляў з сябе пэўную ідэолёгічную і маральную вартасьць, і каб меў зусім скрысталізаваныя і цьвёрдыя пераконаньні, а перадусім быў чэсным і самаахвярным у грамадзкім жыцьці.
Толькі такая адзінка адыгрывае позытыўную ролю ў грамадзянстве і толькі яна можа мець уплыў на крысталізацыю душы свайго народу.
Наш Зах.-Беларускі грунт вельмі надаецца да вытварэньня падобнага тыпу людзей.
Трэба не забываць, што мы апынуліся ў жорсткіх абставінах бязлітаснай барацьбы, дзе права на сваё нацыянальнае існаваньне трэба браць боем, дзе ўсё скірована на тое, каб зьнішчыць нас маральна і нават фізычна.
Пры гэтакіх умовах загартовываецца дух чалавека і павялічваюцца ягоныя маральныя вартасьці. Барацьба, будучы добраю грамадзкаю школаю, вытварае моцных і ідэёвых людзей.
Праўда, шмат гіне безнадзейна, ня вытрымаўшы бязлітаснага жыцьця, пхаючага нас да нэндзы і маральнага ападленьня. Але затое, тыя адзінкі, у душы каторых сьвеціць „іскра Божая“, выходзяць з гэтакай барацьбы яшчэ мацнейшымі. Яны набываюць такую сілу, каторая з лішкай пакрывае слабенькія сілы людзей, маральна згінуўшых.
Мы, беларусы, можам быць гордымі з тае хаця-ж бы прычыны, што нашая інтэлігэнцыя разам з народам высоўваюць з пасярод сябе гэтакіх нацыянальных байцоў у той самы час, калі інтэлігэнцыя пануючай, напрыклад, нацыі, адарваўшыся ад народу, запэўніўшы сабе матар‘яльны дабрабыт і замкнуўшыся ў сфэры сваіх чыста эгоістычных інтарэсаў, пачынае ў грамадзкім адношеньні гнуснець.
На шляху да вытварэньня з нашага серадовішча моцных кадраў нацыянальнага актыву стаіць вельмі многа розных перашкодаў, каторыя творацца ворагамі беларускага адраджэньня.
Галоўнае свае заданьне яны бачаць у тым, каб забіць „клін“ паміж Беларускім народам і нацыянальнаю беларускаю інтэлігэнцыяю.
Гэтым самым яны хочуць павесьці цёмную і нясьведамую частку народу за сабою і замацаваць над ім сваё панаваньне.
Над „завастрэньнем“ кліну працуюць польскія шовіністы, жыды, камуністы і наагул усялякія цёмныя сілы, каторым выгадны грамадзкі і нацыянальны заняпад таго народу, сярод каторага яны жыруюць.
Але няма на сьвеце нічога вечнага…
Мы верым, што наступіць час, калі нават самыя цёмныя масы, здэмаралізаваныя і зьбітыя з толку цяжкімі абставінамі жыцьця, рашуча і сьведама адкінуць фалшывых „прарокаў“ і пойдуць усею сваею масаю за тымі людзьмі, каторыя вядуць іх да нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня.
Значная частка нашага народу ўжо цяпер пачынае разумець, што толькі беларуская нацыянальная інтэлігэнцыя, вышаўшая з нетраў Беларускага народу і верная беларускай справе зьяўляецца ягоным прыродным павадыром і што ўсё чужое і не беларускае павінна быць адкінена раз назаўсёды. Мы добра ведаем, што шлях, па катораму мусіць ісьці кожны нацыянальна сьведамы і чэсны беларус, цярністы і вельмі цяжкі, але такі ўжо наш лёс, што прайсьці яго мусім.
Ня боймася што нас пакульшто мала. Няпраўду кажуць людзі, быццам адзін у полі не ваяка.
Наадварот. І адзін можа змагацца і павінен гэта рабіць, калі абставіны таго вымагаюць.
Гісторыя дае нам тысячы прыкладаў, як моцныя і захопленыя сваею ідэяю адзінкі вялі за сабою цэлыя натоўпы людзей і тварылі ў грамадзкім жыцьці перавароты.
Такія адзінкі адыгрывалі і будуць адыгрываць у жыцьці людзкой грамады вялікую ролю.
Толькі трэба, каб яны дзеялі няўпынна, сыстэматычна і самі былі захоплены сваімі перакананьнямі, сваею вераю ў лепшую будучыню, і тады іх не перамогуць ніякія варожыя сілы якімі-б моцнымі яны ня былі… У кожнай барацьбе патрэбна добрая зброя, а калі чалавек яе мае, той адзін можа змагацца і быць ваякай. А такою зброяю ў грамадзкай і нацыянальнай барацьбе ёсьць нашы перакананьні, сьведамасьць таго, што робім і вера ў канчальную перамогу.
Ідэолёгічна азброены нацыянальны актыў, зложаны з такіх адзінак і дзеючы на чале свайго народу, створыць цуд, у каторы ня хочуць верыць людзі маладушныя і слабыя…
Ф. А.
Арыгінальны тэкст
правіцьU kożnym narmalna arhanizowanym hramadzianstwie intelihencyja, budučy klasaju aświečanaju i ŭmysłowa raźwitaju, staić napieradzie narodu, nadajučy haloŭny kirunak usim prajawam hramadzkaha żyćcia.
Usio nowaje i lepšaje, što moża być zastasawana i što moża prynieści narodu maralnyja, hramadzkija, abo jakija inšyja karyści — jana pawinna papularyzawać siarod masaŭ, starajučysia, kab heta nowaje i lepšaje było imi zrazumieła i pryniata.
Intelihencyja pawinna być narodnaju, mieć z narodam pastajannuju sutyčnaść i żyć jahonymi intaresami.
Heta, adnak, nia značyć, što jana musić paturajuča adnosicca da ŭsich adjomnych prajawaŭ charaktaru narodnych masaŭ, abo pliaścisia ŭ chwaście hetych apošnich, wykonwajučy ichnija „dyrektywy“.
Być z narodam — heta značyć paznać usie adjomnyja i dadatnija baki jahonaj dušy, zrazumieć narodnuju psychiku i staracca nakirawać jaje na adpawiedny šlach.
Ad zapraŭdnaha intelihenta, jaki moh-by z paśpiecham wykonywać padobnuju rolu, wymahajecca, kab jon ujaŭlaŭ z siabie peŭnuju ideolohičnuju i maralnuju wartaść, i kab mieŭ zusim skrystalizawanyja i ćwiordyja pierakonańni, a pieradusim byŭ česnym i samaachwiarnym u hramadzkim žyćci.
Tolki takaja adzinka adyhrywaje pozytyŭnuju rolu ŭ hramadzianstwie i tolki jana moża mieć upłyŭ na krystalizacyju dušy swajho narodu.
Naš Zach.-Biełaruski hrunt wielmi nadajecca da wytwareńnia padobnaha typu ludziej.
Treba nie zabywać, što my apynulisia ŭ żorstkich abstawinach biazlitasnaj baraćby, dzie prawa na swajo nacyjanalnaje isnawańnie treba brać bojem, dzie ŭsio skirowana na toje, kab źniščyć nas maralna i nawat fizyčna.
Pry hetakich umowach zahartowywajecca duch čaławieka i pawialičwajucca jahonyja maralnyja wartaści. Baraćba, budučy dobraju hramadzkaju škołaju, wytwaraje mocnych i idejowych ludziej.
Praŭda, šmat hinie bieznadziejna, nia wytrymaŭšy biazlitasnaha żyćcia, pchajučaha nas da nendzy i maralnaha apadlieńnia. Ale zatoje, tyja adzinki, u dušy katorych świecić „iskra Bożaja“, wychodziać z hetakaj baraćby jašče macniejšymi. Jany nabywajuć takuju siłu, katoraja z liškaj pakrywaje słabieńkija siły ludziej, maralna zhinuŭšych.
My, biełarusy, możam być hordymi z taje chacia-ž by pryčyny, što našaja intelihencyja razam z narodam wysoŭwajuć z pasiarod siabie hetakich nacyjanalnych bajcoŭ u toj samy čas, kali intelihencyja panujučaj, naprykład, nacyi, adarwaŭšysia ad narodu, zapeŭniŭšy sabie matarjalny dabrabyt i zamknuŭšysia ŭ sfery swaich čysta ehoistyčnych intaresaŭ, pačynaje ŭ hramadzkim adnošjeńni hnusnieć.
Na šlachu da wytwareńnia z našaha sieradowišča mocnych kadraŭ nacyjanalnaha aktywu staić wielmi mnoha roznych pieraškodaŭ, katoryja tworacca worahami biełaruskaha adradżeńnia.
Haloŭnaje swaje zadańnie jany bačać u tym, kab zabić „klin“ pamiż Biełaruskim narodam i nacyjanalnaju biełaruskaju intelihencyjaju.
Hetym samym jany chočuć pawieści ciomnuju i niaświedamuju častku narodu za saboju i zamacawać nad im swajo panawańnie.
Nad „zawastreńniem“ klinu pracujuć polskija šowinisty, żydy, kamunisty i naahuł usialakija ciomnyja siły, katorym wyhadny hramadzki i nacyjanalny zaniapad taho narodu, siarod katoraha jany żyrujuć.
Ale niama na świecie ničoha wiečnaha…
My wierym, što nastupić čas, kali nawat samyja ciomnyja masy, zdemaralizawanyja i źbityja z tolku ciażkimi abstawinami żyćcia, rašuča i świedama adkinuć fałšywych „prarokaŭ“ i pojduć usieju swajeju masaju za tymi ludźmi, katoryja wiaduć ich da nacyjanalnaha i sacyjalnaha wyzwaleńnia.
Značnaja častka našaha narodu ŭžo ciapier pačynaje razumieć, što tolki biełaruskaja nacyjanalnaja intelihencyja, wyšaŭšaja z nietraŭ Biełaruskaha narodu i wiernaja biełaruskaj sprawie źjaŭlajecca jahonym pryrodnym pawadyrom i što ŭsio čużoje i nie biełaruskaje pawinna być adkiniena raz nazaŭsiody. My dobra wiedajem, što šlach, pa katoramu musić iści kożny nacyjanalna świedamy i česny biełarus, ciarnisty i wielmi ciażki, ale taki ŭżo naš los, što prajści jaho musim.
Nia bojmasia što nas pakulšto mala. Niapraŭdu każuć ludzi, byccam adzin u poli nie wajaka.
Naadwarot. I adzin moża zmahacca i pawinien heta rabić, kali abstawiny taho wymahajuć.
Historyja daje nam tysiačy prykładaŭ, jak mocnyja i zachoplenyja swajeju idejaju adzinki wiali za saboju cełyja natoŭpy ludziej i twaryli ŭ hramadzkim żyćci pierawaroty.
Takija adzinki adyhrywali i buduć adyhrywać u žyćci ludzkoj hramady wialikuju rolu.
Tolki treba, kab jany dziejali niaŭpynna, systematyčna i sami byli zachopleny swaimi pierakanańniami, swajeju wieraju ŭ lepšuju budučyniu, i tady ich nie pieramohuć nijakija warożyja siły jakimi-b mocnymi jany nia byli… U kożnaj baraćbie patrebna dobraja zbroja, a kali čaławiek jaje maje, toj adzin moża zmahacca i być wajakaj. A takoju zbrojaju ŭ hramadzkaj i nacyjanalnaj baraćbie jość našy pierakanańni, świedamaść taho, što robim i wiera ŭ kančalnuju pieramohu.
Ideolohičńa azbrojeny nacyjanalny aktyŭ, złożany z takich adzinak i dziejučy na čale swajho narodu, stworyć cud, u katory nia chočuć wieryć ludzi maładušnyja i słabyja…
F. A.