Ірляндзкія Народныя Казкі (1923)/Амадан Цеставік

Плэшэм Амадан Цеставік
Казка
Аўтар: Шамас Макманус
1923 год
Пераклад: Сымон Рак-Міхайлоўскі
Кональ, Дональ і Тэг

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Амадан Цеставік.

Жыў быў кароль, і быў у яго сын Амадан (прыдурнаваты). Памерла маці Амадана, і кароль ажаніўся ў другі раз.

Амадан рос надта скора і з кожным днём рабіўся мацнейшым, дык мачаха стала пужацца, каб ён не пазабіваў яе дзяцей. Дзеля таго, каб ён ня рос гэтак скора і наагул паслабеў, яна карміла яго цестам з сырой мукі, разбоўтанай на вадзе, і ўсе так і звалі яго „Амадан Цеставік“.

Аднак-жа, ад гэтае стравы Амадан рабіўся не слабейшым, а здароўшым і быў такі асілак, што мог лёгка пабіць усіх сваіх зводных братоў разам.

У канцы, мачаха зажадала ад мужа, каб ён прагнаў Амадана. Бацька згодзіўся прагнаць яго. Аднак-жа, Амадан сказаў, што ня рушыцца з мейсца, пакуль бацька ня дасьць яму такі востры меч, каб ён мог разрэзаць пак воўны, які ўпадзе на яго.

Пасьля доўгіх клопатаў і шуканьня бацька знайшоў такі меч і аддаў яго Амадану. Спрабаваўшы меч і пераканаўшыся, што ён добры, Амадан разьвітаўся з роднай хатай і пусьціўся ў дарогу.

Сем дзён і сем ночаў, ён бадзяўся бяз ніякіх здарэньняў і ўжо к вечару на сёмы дзень падышоў да вялікага замку. Увайшоўшы ў замак, ён не знайшоў ніводнае жывой душы, затое ў залі агледзеў надзвычай добрую вячэру, прыгатаваную на стале.

Не марнуючы дарагога часу, Амадан прысеў за стол і пачаў аплятаць вячэру.

Толькі ён скончыў, як к замку пад’ехалі тры маладых прынцы, здатныя, сільныя, лоўкія хлопцы, але-ж былі яны вельмі змучаныя і кроў цякла з іх ран.

Яны ўдарылі ў замак крэменям і ўвесь замак асьвяціўся агнём, быццам яго падпалілі.

Амадан кінуўся на прынцаў, каб іх забіць.

— Як вы пасьмелі падпаліваць замак? — з пагрозай запытаўся ён.

— О, Амадан, — адказалі прынцы, — не перашкаджай нам, мы і так бадай што забіты. Замак не гарыць. Кожны дзень мы выходзім змагацца з трыма асілкамі, іх завуць: Слэт Мор, Слэт Мар і Слэт Біг.

Мы б’емся з імі ўвесь чысьцютка дзень і к вечару забіваем іх. Уночы яны нейкім цудам аджываюць і, калі ня будзе сьвятла ў нашым замку, — яны ўскочаць і заб’юць нас сонных. Дзеля таго мы кожны вечар, як толькі варочаемся з бою, асьвятляем наш замак.

Дзякуючы гэтай асьцярожнасьці мы можам спакойна спаць да раніцы, а з сонейкам зноў выходзім біцца з асілкамі.

Амадан вельмі зьдзівіўся з таго, аб чым яму расказалі прынцы і абвясьціў, што і яму вельмі хочацца памагчы забіць асілкаў. З ахвотай згодзіліся яны прыняць помач ад гэткага добрага малайца і ўмовіліся забраць яго з сабой на другі дзень.

Прынцы вымыліся, павячэралі і пайшлі з Амаданам спаць.

Раніцай яны ўсе чацьвёра пайшлі ў даліну Рэха, дзе і спаткалі трох асілкаў.

— Ну, сказаў Амадан, — вы змагайцеся з двайма меншымі асілкамі, Слэт Марам і Слэт Бігам, а я бяру на сябе Слэт Мора і паклапачуся дакончыць яго.

На тым і пастанавілі.

Аднак-жа, самы меншы з асілкаў быў вялікшы і страшнейшы ад усіх істот, якіх Амадану здаралася бачыць альбо знаць у сваім жыцьці; ці можна сабе ўявіць, які гэта быў асілак Мор.

Але Амадан ня надта аб гэтым клапаціўся. Ён кінуўся на Слэт Мора, і паміж імі завязалася доўгая і страшная бойка. Пад іхнімі нагамі цьвёрдая зямля перараблялася ў гразь, а гразь у крыніцы; скалы

Ён сеў сьцерагчы трупякі асілкаў.


Ён сеў сьцерагчы трупякі асілкаў.

пераварочваліся ў каменьні, а камяньні разьбіваліся на пясок, і пясок сыпаўся па ўсей ваколіцы, як град. Усе птушкі ад канца да канца сьвету, усе прыручаныя і дзікія зьвяры з чатырох канцоў зямлі зьбегліся і зляцеліся глядзець на гэтую бойку; скончылася яна тым, што Амадан праткнуў Слэт Мора мячом і паклаў яго на

мейсцы.

Пасьля таго ён пасьпяшыў к тром прынцам і дапамог ім укласьць астаўшыхся двух асілкаў.

Прынцы сабраліся дамоў. Амадан сказаў ім, каб яны не запалівалі сьвятла ў замку ў гэту ноч, ён будзе сядзець цалюткую ноч над нябошчыкамі асілкамі і сачыць, ці не аджывуць яны,

Прынцы горача прасілі, каб ён гэтага не рабіў, затое, што калі неспадзявана асілкі аджывуць, дык ён загіне, не атрымаўшы падмогі.

Амадан ажно загневаўся і загадаў ім таго-ж часу адыйсьці, а сам усеўся сьцерагчы асілкаў. Затое, аднак-жа, што ён быў цяжка змораны, ён ня прымеціў, як заснуў.

А поўначы, калі Амадан спаў вельмі крэпка, зьявілася старая ведзьма, а з ёй чатырох ведзьмароў. У ведзьмы было пёрка і жывая вада, якою яна і пачала мазаць раны асілкаў.

Двох асілкаў ўжо аджывіла, калі Амадан прачнуўся, а трэці праціраў вочы. Амадан ускочыў на ногі, і ўся кампанія кінулася на яго, — асілкі, ведзьма і ведзьмары.

Цяжка было Амадану днём, але цяпер было ў дзесяць разоў цяжэй. Быў ён сьмелы і адважны хлопец і ня лічыў, колькі яму папала падзатыльнікаў і тумакоў. Доўга яны біліся. Пад іхнімі нагамі цьвёрдая зямля разьмякла, і з яе забілі крыніцы; каменьні рассыпаліся ў пясок; усе птушкі, усе прыручаныя і дзікія зьверы з усіх канцоў зямлі цэлымі стаямі зьляталіся і зьбягаліся паглядзець на вялікую бойку. Аднаго за другім Амадан пратыкаў сваіх ворагаў мячом, і нарэшце, яны ляжалі на зямлі або мёртвыя, або паміраючыя.

Паміраючы, старая ведзьма наклала на яго нярухомы зарок — пад пагрозай, што ад яго аднімуцца рукі і ногі, вочы і памяць, калі ён не адшукае і не заб’е Чорнага Быка з Рудога Лесу.

Ён схаваўся за камянем.


Ён схаваўся за камянем.

Як толькі ведзьма памерла, Амадан узяў яе пяро і памазаў свае раны жывой вадой. У тую-ж хвілю ён зрабіўся сьвежым і здаровым, як быццам з ім нічога і ня было. Захапіўшы з сабой пяро і жывую воду і прывязаўшы з боку меч, пусьціўся ён выпаўняць свой зарок.

Йшоў ён цалюсенькі дзень і, калі стаў змрок, прышоў к хатцы на канцы лесу. Заместа даху над хаткай боўталася адно адзінюсенькае пяро, а ў дзьвярох стаяла тоўстая рудая жанчына.

— Вітаю цябе, — сказала яна, — Амадан Цеставік, сын караля Ірляндыі. Што ты робіш і куды ідзеш?

— У гэту ноч, — адказаў Амадан — я біўся ў вялікім баю і забіў Слэт Мора, Слэт Мара, Слэт Біга, Ведзьму Скалы і чатырох ведзьмароў. Цяпер я даў зарок адшукаць і забіць Чорнага Быка з Рудога Лесу. Ці ня можаш ты сказаць мне, дзе яго адшукаць?

— Магу, — адказала яна. — Але-ж цяпер ужо позны час. Увайдзі, падмацуйся і высьпісь.

Яна паставіла перад Амаданам добрую вячэру, паслала яму мягкую пасьцель. Ён добра паеў і крэпка заснуў у гэту ноч.

Раніцай кабета яго разбудзіла і паказала дарогу к Рудому Лесу, дзе жыў Чорны Бык.

— Я мушу табе сказаць, мой бедны Амадан, — сказала яна, — з гэтага лесу яшчэ ніхто не вярнуўся жывым.

Яна папярэдзіла яго, што калі ён падыйдзе к лесу, бык выскачыць і панясецца на яго, як віхар.

Вось табе плахта, — сказала яна, — кінь яе на камень, каторы там ляжыць. Сам-жа схавайся за гэтым камянем. Бык, убачыўшы плахту, кінецца на яе і разаб’е сабе вочы аб камень. Ты-ж садзіся быку на сьпіну і біся з ім на жыцьцё і на сьмерць. Калі ты астанешся жывы, варочайся да мне, а калі згінеш, я прыду да цябе.

Амадан узяў накідку, падзякаваў кабету, пусьціўся ў дарогу і йшоў да таго часу, пакуль ня прыйшоў к Рудому лесу.

Чорны Бык кінуўся на яго, як віхар. Амадан кінуў плахту на камень і прылёг за ім. Бык гэтак моц: моцна ўдарыў у плахту, што раскалоў камень папалову, а сам асьлепнуў на абодвы вокі.

Ня трацячы часу, Амадан ускочыў яму на сьпіну і стаў калоць і рубіць яго мячом. Але-ж з быком ня так лёгка было ўправіцца і Амадану доўга прышлося біцца. Зямля пад імі разьмякла, і забілі з яе крыніцы. Скалы пабіліся ў каменьчыкі ў пясок, які хмарай насіўся па ваколіцам. Птушкі і зьвяры з усіх канцоў зямлі зьляталіся і зьбягаліся глядзець на гэту бойку.

Нарэшце, Амадану пашчасьціла праткнуць мячом сэрца быка, і бык упаў мертвы. Але перад смерцьцю ён наклаў на Амадана зарок адшукаць і забіць Белага Барана з Гары Вадаспадаў.

Амадан памазаў свае раны жывой вадой і зноў пачуў у сабе сілу і здароўе. А калі вярнуўся да старой кабеты ў хатку бяз даху, дык усё ёй расказаў як было і аб зароку, каторы наклаў на яго Чорны Бык.

— Шкода цябе, мой бедны Амадан, — сказала яна, — бо яшчэ ніхто не варочаўся ад Белага Барана жывым. Пакуль што ўвайдзі, падмацуйся і высьпісь, ты, мусіць, страшэнна змарыўся і згаладаў.

Амадан сытна павячэраў і выспаўся на мягкім ложку, а раніцай кабета расказала яму, як трэба знайсьці дарогу к Беламу Барану з Гары Вадаспадаў.

Яна сказала яму, што скура Белага Барана мацней ад сталі, што няма мяча, каторым можна-б было яе прабіць. Але ёсьць адно мейсца — белая плямачка пад самым сэрцам Барана, дзе і можа прайсьці аружжа. Адзін ратунак для Амадана — гэта папасьць у гэтую плямку.

Амадан падзякаваў і пусьціўся ў дарогу. Доўга ён йшоў, і як толькі паказалася Гара Вадаспадаў, угледзіў ён, што на яго з вялікай злосьцю нясецца Белы Баран. Зямля, якую, баран узрываў рагамі, далятала да самага сонейка і закрывала яго.

Падбліжыўшыся к Амадану, баран запытаўся, што ён зрабіў вялікага, што мае сьмеласьць з’явіцца сюды.

Амадан адказаў:

— Вось гэтым самым мячом я адняў жыцьцё ў Слэт Мора, Слэт Мара, Слэт Біга, Ведзьмы Скалы і яе чатырох ведзьмароў, а таксама ў Чорнага Быка з Рудога Лесу.

— Ну, — сказаў Белы Баран, — больш табе не дастанецца ўжо нікога забіваць і кінуўся на Амадана.

Амадан калоў яго сваім мячом. Але меч адскокваў ад скуры, як ад сталі. Загарэўся страшэнны бой, якого яшчэ ня бачыла да таго часу зямля.

Птушкі і зьвяры зьбегліся з усіх канцоў сьвету паглядзець на страшное пабоішча. Пасьля доўгіх высілкаў Амадану неяк пашанцавала разгледзець белую плямку, аб якой казала яму рудая кабета, і праткнуць яе мячом.

Лёс барана быў вырашаны. Ён аднака-ж перад сьмерцю паклікаў да сябе Амадана і наклаў на яго зарок адшукаць і забіць Жабрака швэдзкага караля. Амадан выняў бутэльку з жывой вадой, памазаў свае раны і вярнуў сабе сілу і здароўе. Пасьля таго ён пусьціўся назад і к вечару прыйшоў да рудой кабеты, каторая чакала яго на парозе сваей хаткі.

Вельмі радая, што ён вярнуўся цэлы і незашкоджаны, накарміла яна яго добрай вячэрай і паклала спаць, раніцай паказала дарогу к Жабраку шведзкага караля.

— Як толькі ты дойдзеш да ўзгорку, — сказала яна, — Жабрак спусьціцца з неба на хмары. Пад нагамі Жабрака ты ўбачыш увесь сьвет, а пад галавой яго ўбачыш нічога.

Калі ён будзе пабіты, дык падымецца ў тумане ў неба, каб адпачнуць і набрацца сіл. У першы раз можаш пусьціць яго, але калі ты яго пусьціш у другі раз, ён напэўна заб’е цябе, як толькі спусьціцца на зямлю.

Памятай гэта. Калі ты астанешся ў жывых, прыхадзі да мяне, а калі загінеш, я прыду к табе.

Амадан падзякаваў, разьвітаўся з ёю, адправіўся ў дарогу і йшоў, пакуль ня прыйшоў к узгорку, аб якім яна яму казала.

Убачыў ён, як з неба спусьцілася вялікая хмара, а калі яна села на ўзгорак і разыйшлася, дык перад ім стаяў Жабрак караля швэдзкага, і пад яго нагамі

Кошка выбегла з пячэры.


Кошка выбегла з пячэры.

Амадан бачыў увесь сьвет, а над яго галавой нічога ня было.

Жабрак кінуўся к Амадану і зароў гэтак страшна, што аж зоркі на небе задрыжалі. Ён запытаўся ў Амадана, хто ён такі і што вялікае ён зрабіў, што пасьмеў зьявіцца сюды.

Амадан адказаў:

— Мяне завуць Амадан Цеставік; я забіў Слэт Мора, Слэт Мара, Слэт Біга, Ведзьму Скал і яе чатырох ведзьмароў, Чорнага Быка Рудога Лесу і Белага Барана з Гары Вадаспадаў, а яшчэ не надойдзе ноч, як заб’ю Жабрака швэдзкага караля.

— Гэта табе ніколі ня здарыцца зрабіць, — сказаў Жабрак, — ты сам памрэш. Выбірай, што табе лепш: ці памерці ў маіх абоймах, ці ад удару мяча.

— Калі паміраць, — адказаў Амадан, — то лепш я памру ад удараў мяча.

— Добра, — сказаў Жабрак і выцягнуў свой меч. У тую-ж хвілю Амадан выцягнуў свой, і пачалася бойка.

Калі ранейшыя бойкі былі цяжкія, то гэтая была страшней ад усіх. Доўга яны біліся. У канцы Жабрак змарыўся і заслаб. Ён сьвіснуў і ля яго пачаў зьбірацца туман. Не пасьпеў Амадан апамятацца, як Жабрак падняўся на неба.

Адпачыўшы крышку, ён зноў спусьціўся на зямлю, кінуўся на Амадана і бойка зноў пачалася. Праз нейкі час Жабрак зноў змарыўся, сьвіснуў, і туман ужо пачаў яго абхінаць.

Тутака Амадану прыйшлі на памяць словы рудой кабеты, ён падскочыў угару, праткнуў Жабраку сэрца і той упаў мёртвы. Аднак-жа, паміраючы, ён наклаў на Амадана зарок, каб Амадан адшукаў і забіў Серабрыстую кошку Сямёх Далінаў.

Амадан залячыў свае раны жывой вадой і здаровым вярнуўся да рудой кабеты. Яна з радасьцю спаткала яго і запыталася, што з ім было.

Амадан сказаў ёй, што ён забіў Жабрака і што той наклаў на яго зарок забіць Серабрыстую Кошку Сямёх Далінаў.

Ён пачаў яе цалаваць.


Ён пачаў яе цалаваць.

— Шкода мне цябе, — сказала яна, — ніхто яшчэ не варочаўся жывым ад Серабрыстае Кошкі. Але-ж ты змарыўся і згаладаўся. Павячэрай і ідзі спаць.

Амадан павячэраў, выспаўся на мягкім ложку, а раніцай старая растлумачыла яму, як знайсьці Серабрыстую Кошку, якая мае толькі адно мейсца — чорную плямку на дне жывата, якую можна праткнуць. А калі ён не пападзе мячом у гэта мейсца, дык Кошка заб’е яго.

— Бедны Вмадан, — сказала яна, — я вельмі баюся, што ўжо цяпер ты ня вернешся жывым. Сама я не магу прыйсьці к табе на помач. Але ў маім садзе ёсьць калодзеж. Я буду глядзець у яго і бачыць, што робіцца з табой. Калі на вадзе буду бачыць мёд, знача ты маеш перамогу, а калі пакажацца кроў, знача — кошка. Калі кроў застаіцца, я буду ведаць, мой бедны Амадан, што цябе ўжо няма на сьвеце.

Амадан разьвітаўся з ёю і скіраваўся к таму мейсцу, дзе Сем Далін зьбягаюцца к мору. Тут была пропасьць, а на дне пропасьці пячэра.

Амадан спусьціўся ў пячэру па вяроўцы і стаў чакаць, калі зьявіцца кошка.

Роўна ў поўдзень кошка выйшла з пячэры. Убачыўшы Амадана, яна гэтак страшна крыкнула, што мора паднялося на чверць мілі ўгару, і запыталася яна ў Амадана, хто ён і адкуль ён узяў сьмеласьць зьявіцца перад яе вачыма.

Амадан адказаў:

— Мяне завуць Амадан Цеставік. Я забіў Слэт Мора, Слэт Мара, Слет Біга, Ведзьму Скалы і яе чатырох ведзьмароў, Чорнага Быка з Рудога Лесу, Белага Барана з Гары Вадаспадаў і Жабрака швэдзкага караля, а пакуль яшчэ не надыйшла ноч, заб’ю Серабрыстую Кошку, што з Сямёх Далін.

— Гэта то табе ўжо не зрабіць, — сказала яна. — Ты сам памрэш. І гэтак сказаўшы рынулася на яго.

Амадан дастаў свой меч, і пачаўся вялікі і страшны бой. Гэтак цяжка Амадану яшчэ ніколі не здаралася і яму стала здавацца, што ён загіне.

Рудая кабета ўвесь час глядзела ў свой калодзеж і моцна ўзрушалася. Праўда, адзін час мёд быў угары. Але потым на яго мейсца ўсплыла кроў. А пасьля кроў і мёд зьмяшаліся. Бачыла яна, што Амадану было цяжка.

Наканец, кроў і мёд зусім зьмяшаліся і ў гэткім стане аставаліся да самага вечару. Яна заплакала, парашыўшы, што Амадан забіты, хаця і забіў Кошку.

Так яно і было. Пасьля доўгай барацьбы Кошка распарола Амадана ад верху да нізу даўгім капцюром, які сядзеў на канцы яе хваста. Пры гэтым яна так шырока разьзявіла свой вялікі рот, што Амадан угледзіў яе нутро да самага дна, а ў ім чорную плямку, аб якой казала рудая кабета. Ён раптоўна ўваткнуў свой меч у гэтае мейсца, і, абодва, Амадан і Кошка, паваліліся мёртвыя.

Рудая кабета ў хуткім часе прыбегла на мейсца пабоішча і ўгледзела труп Амадана разам з трупам Кошкі. Вялікае было яе гора. Раптам убачыла яна на баку Амадана бутэлечку з жывой вадой і пяро. Яна пакрапіла Амадана гэнай вадой, і ён ускочыў на ногі зусім здаровы.

Ад радасьці ён плакаў і цалаваў старую. Забраўшы яе з сабой, ён пусьціўся назад к агнявому замку.

Тутака спаткаў ён трох прынцаў, якія жылі вельмі шчасьліва, пазбавіўшыся ад асілкаў. У прынцаў была сястра прыгажэйшая ад усіх, якіх калі-небудзь бачыў Амадан.

Яны аддалі яе замуж за Амадана і ў нагароду далі яму палову сваей маемасьці.

Вясельле сьвяткавалі дзевяць дзён і дзевяць ночаў. На ім йгралі дзевяцьсот скрыпачоў, дзевяцьсот цымбалістаў і дзевяцьсот трубачоў і кожны дзень вясельля быў весялейшы ад папярэдняга.