ЗЬВІНІЦЬ ПРАСТОРАМІ ТУГА.
Зьвініць прасторамі туга
і кут далёкі бліжай, бліжай.
Ізноў асінавая гаць
мае напевы закалыша.
Ў зялёных пацерках бяроз,
сьвятлей ад раньня і ад сонца,
маячыць сівы вербалоз,
сасонка туліцца к сасонцы.
О, маем вытканая сінь!
Які напеў, якія словы,
каб шалясьцелі каласы
і бор гудзеў сінягаловы.
Ужо цяпер — ня тыя дні.
І я прышоў сюды з паклонам.
І будзем думаць мы адны
не пра тугу і не пра клёны.
Успомнім, колькі мы прайшлі,
якія зналі пуцявіны —
пабеды звон і славы кліч —
шлях вінаватых і нявінных.
Ўсё помню я… І цьмяны бор…
І мост, і пруд паміж чаротаў…
О, як прайсьці з такой журбой
скрозь сівер люты, стынь і слоту?
Гатоў загінуць на мяжы,
гатоў і плакаць і сьмяяцца.
І хочацца ня дарам жыць,
але гарэць і разгарацца.
Прайду праз гаць, праз строй асін
з дарог прывычных і далёкіх.
Пачну сьпяваць пра тую сінь,
што першую спаткала вока,
Ізноў асінавая гаць
мне тыя казкі наварожыць,
што пачала глушыць туга
напевам сумным і варожым.
Пра маем вытканую сінь
скажу я зноў такія словы,
каб шапацелі каласы
І залацісьцей і сталёвей.
|