І залацісьцей і сталёвей (1926)/Сьцежкі васільковыя/Пацеркі лілёвыя

І жыцьцё снавалася Пацеркі лілёвыя
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
Асыпае чэрвень белы сад

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЦЕРКІ ЛІЛЁВЫЯ.


∗     ∗

I.

Ён з далёкіх пуцін
вярнуўся ў родны край.
Цяжка было ісьці —
цяпер супачыць пара.

Хацелася ўсё вітаць,
хацелася нанава жыць…
А людзі сказалі так:
Ён для нас чужы!..

І пайшоў ён зноў у сьвет,
у сьвет, знаёмы даўно —
на брылянцістай расе
пакінуў адбіткі ног.


∗     ∗

II.

Нам нявесела жыць —
мы шукаем забаў:
Вечна у нас імжыць
тонкім туманам журба.

Змоўклі струны жыцьця,
акамянеў язык.
Зубы шчыльней зацяць
і завінціць мазгі!..

Думае кожны няўзнак:
— Умеў я жыць і любіць —
па завулках ганяў сабак,
шыбы каменьнямі біў!..


∗     ∗

III.

Вось і памёр поэт
і адзьвінела жыцьцё.
Ветра лёгкі павеў
чуць скалыхнуў трысьцё.

Адны сказалі — вар‘ят,
другія сказалі — сьвяты,
і кожны бясконца рады,
што жар нязнаны астыў.

Зьвіла любімая косы,
другому сябе аддала
раньнем мутным і росным,
калі гусьцела імгла.

18—X—25 г.