І залацісьцей і сталёвей (1926)/Сьцежкі васільковыя/Ціхазвонныя ды ласкавыя дні…

Сьцежкі васільковыя Ціхазвонныя ды ласкавыя дні…
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
І жыцьцё снавалася
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ціхазвонныя ды ласкавыя дні…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦІХАЗВОННЫЯ ДЫ ЛАСКАВЫЯ ДНІ…

Ціхазвонныя ды ласкавыя дні
У прасторах сінякрылых без граніц.
І мой край цяпер бліжэй мне і мілей,
Песьня родная званчэй і весялей.

Вочы сінія, ды з золота каса…
Як пра шчасьце, як пра радасьць расказаць?
Стануць дні, нібы з асеньніх клёнаў ліст —
будуць песьні чорналесьсе весяліць.

Ціхазвонныя ды ласкавыя дні
плешчуць раніцай з бярозавых крыніц…
Ой, вы песьні… Для сябе і для другіх
сінім сьветам паланеюць берагі,

сінім сьветам мармуровых стромкіх мар.
Палыноў ды буралому больш няма.
Вочы сінія, высокі тонкі стан…
І ўсёроўна ўжо — ці жыць, ці перастаць.

Ціхазвонныя, ды ласкавыя дні…
Буду з песьнямі сваімі гаманіць;
выйдзем мы да сівагрывых дальніх гор,
да жаданых і няпетых берагоў.

2-V-26 г.