Ўсебеларускі Зьезд 1917 г.

Ўсебеларускі Зьезд 1917 г.
Артыкул
Аўтар: Макар Краўцоў
1921
Крыніца: Беларускі звон, 1921. — №11—14
(Рэфэрат чытаны ў Лодзі для афіцэраў Беларускіх Вайсковых Аддзелаў і служачых Беларускай Вайсковай Камісіі 27 кастрычніка 1920 г.).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Веча — старадаўняя Беларуская Улада. — “Рэвалюцыйная Грамада” 90-х г.г. мінулага веку, з 1902—03 г. “Соцыялістычная Грамада”. — Камітэт помачы пацярпеўшым ад вайны — “Сацыялістычная Грамада” 1917-га году ў Менску. — “Нацыянальны Камітэт” у Менску ў сакавіку 1917 г. — Красавік 1917-га году. „Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацыяў". — 3-я сэсія Цэнтральнае Рады ў кастрычніку 1917 г. і пастанова аб утварэньні Нацыянальна - Дзяржаўнае інстытуцыі. — Прызнаньне гэтай пастановы Беларускімі Вайсковымі Зьездамі: а) Заходняга фронту ў Менску, б) Паўночнага фронту ў Віцебску. в) Румынскага фронту у Адэсе, г) Паўднёвага фронту у Кіеве. — зьезд у Маскве бежанскіх Беларускіх Арганізацыяў, настаўніцкія зьезды і коопэратарскія. — „Вялікая Беларуская Рада” і пры ёй аўтаномная „Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада”. — „Усебеларускі Зьезд” 18 (5) сьнежня 1917 г. — „Совет Народных Комнссаров Западной Области и фронта” — Пастанова Зьезду аб падзеле на фракцыі: а) раскол— правыя і левыя, б) зямлячествы і злучэньне Зьезду, в) „Областной Белорусскій Комітет при Всероссійском Совете Крстьянских Депутатов з Петраграду”. — Нацыяналізацыя Менскага Шляхоцкага дому. — Разгон Зьезду бальшавікамі 30—31 (17—18) сьнежня 1917 г.: а) Тэзісы абвешчаньня Беларускай Рэспублікі (дарадчы пакой), б) Прамова Начальніка Менскага Гарнізону Крывашэіна і атака „Перваго Революціоннаго Полка” на Зьезд, в) Аблога Шляхоцкага дому (Беларускага Нацыянальнага Дому), у якім засядаў Зьезд у часе разгону. — „Рада Зьезду і Выканаўчы Камітэт”.

Адзін малады наш гісторык дзеліць гісторыю Беларусі на чатыры пэрыяды: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі й Рускі.

Да гэтых чатырох пэрыядаў сучасныя нам дні дапісваюць ужо пяты пэрыяд роднай гісторыі—пэрыяд барацьбы за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Тэмаю нашаю зьяўляецца пачатак гэтага пятага пэрыяду беларускай гісторыі—тая крыніца, адкуль ён пачаўся й мы пастараемся падзяліцца тымі асабістымі ўспамінамі, якія ёсьць у памяці, бо ў поўнай меры ахапіць гэтае заданьне няма ніякай магчымасьці тут, на чужыне, ня маючы ўсіх, патрэбных дакумэнтальных і іншых пісаных даных.

* * *

І вось дзіўная рэч: калі кінемся думкаю ў сівую нашу мінуўшчыну, калі ад сказанага намі пятага пэрыяду Беларускай гісторыі перакінемся да першага— Полацкага пэрыяду, дык пабачым, што ў абодвых гэтых страшэнна далёкіх адзін ад аднаго, пэрыядах ёсьць нешта агульнае, аднолькавае. Аднолькавасьць гэтая—нішто іншае,як усенароднасьць улады; ў Полацкі пэрыяд улада Беларускага Народу спачывала ў яго самога, ў асобе Ўсенароднага Веча. Зямля Полацкая кіравалася гэтым Усенародным Вечам, або Сходам, на Сход гэты зьбіралася досіць вялікая грамада людзей і агулам рашала ўсе дзяржаўныя справы. Полацкага гарадзкога веча слухаліся, так званыя, „прыгарады", альбо ваколіцы, ясьней кажучы, вечы ваколічныя, прыгарадныя, провінцыяльныя.

Сьмешна было-б гаварыць аб усенародным вечы Беларускага шматмільённага Народу ў нашыя дні, бо часы зьмяніліся, мільёнаў людзей ня можна склікаць на адзін агульны сход—на усенароднае веча—бо людзі размножыліся, засялілі вялізныя абшары, набудавалі моц гарадоў, мястэчак і вёсак.

Усе культурныя народы выказваюць сваю законадаўчую волю, сваю ўладу ў нашыя дні праз сваіх выбарных, што засядаюць у Соймах, або парлямэнтах, а грунтоўныя законы (або дзяржаўная констытуцыя) вырабляюцца Устаноўчымі Соймамі, зложанымі, гэтак сама, з выбарных усяго народу.

Гэткім чынам, у нашыя часы захоўваецца, ўсё-ж такі, ўсенародны характар устаноўчае і законадаўчае ўлады.

Не закінуў гэтага прынцыпу й наш Беларускі Народ, пачынаючы пяты пэрыяд свае гісторыі, калі, дзякуючы вясьнянай расейскай рэвалюцыі 1917 году, ён пачуў волю й патрэбу самому каваць сваю долю і сабраўся, як яго полацкія продкі, ў асобе сваіх выбарных на Ўсебеларускім Конгрэсе, або Зьезьдзе 5 сьнежня (ст. стылю) таго самага 1917 году.

* * *

Адкуль-жа йдуць карэньні ідэі самога Ўсебеларускага Зьезду? Якія арганізацыі згуртаваліся ў гэтым Вялікім Сходзе Беларускага Народу, як нарасталі сьвядомыя нацыянальныя сілы, якія выклікалі самую патрэбу Зьезду і якое значэньне мае гэты Зьезд у нашай гісторыі?

На гэтыя пытаньні пачнём адказаваць, азірнуўшыся далёка назад на тыя часы, калі па ўсёй быўшай Расеі загарэўся вызваленчы рух, або рэвалюцыйная работа, якая падточвала, як чарвяк, шматвекавы застой расейскага царызму.

Чацьвёрты,—рускі,—пэрыяд Беларускай гісторыі ёсьць самаўладнае панаваньне расейскіх цароў над Беларусьсю; край наш падзелены на такія самыя губэрні, як і чыста-велікарускія землі; ўсюды йдзе гвалтоўнае выцісканьне ўсяго беларускага ў нашым краі, ўсё перакручваецца на маскоўскі лад; цэрква, школа, адміністрацыя носіць звычайны расейскі характар, беларускаю застаецца толькі цёмная сялянская, хлебаробная маса, сыны якой, прайшоўшы ў расейскіх школах маскоўскую вырабу, робяцца „панамі” ў вачох простага народу, гавораць маскоўскаю моваю й адшчапляюцца ад роднага народу, яго быту, звычаяў, інтарэсаў.

Але ня ўсіх можа назасёўды адарваць ад свайго народу чужацкая выраба.

Ўжо ў 90-я гады мінулага сталецьця гуртуецца грамадка сьвядомых беларускіх людзей, якія ясна зразумелі, што, ня гледзячы на расейскую, ці іншую вырабу, яны былі й застаюцца дзяцьмі таго народу, зямля якога зьяўляецца іх роднаю зямлёю, а народ, іх спарадзіўшы—іх родны народ. Завязваецца гурток „Беларуская Рэвалюцыйная Грамада”, які, павялічыўшы свае сілы за ня надта доўгі час, ў 1902—3 годзе прымае назву „Беларускае Соцыялістычнае Грамады”.

Грамада гэта разумела ясна, што толькі праз рэвалюцыю ў Расеі, праз поўнае разьбіцьце сілы чужацкага царызму, Беларусь выйдзе на вольны шлях свайго адраджэньня.

Рэвалюцыйна-Соцыялістычная Грамада раскідала шмат адозваў на беларускай мове ў вялікіх местах і ў самых глухіх куточках Беларусі ў часе першае расейскае рэвалюцыі ў 1905—1906 г.г., пабуджаючы народ да адкрытага выступленьня проці тагочаснага царскага рэжыму.

Але рэвалюцыя 1905—6 г.г. не ўдалася. Паўстаньні на Беларусі, як і ўва ўсёй Расеі, былі крывава патушаны. Аднак нейкая здабыча ад гэтай няўдачнай рэвалюцыі мусела дастацца й на нашу долю. Зьявілася ўсё-ж такі, да тых часаў забароненая, магчымасьць пачаць беларускі друк і сілы „Сацыялістычнай Грамады* былі скірованы на культурную працу.

Пачала выходзіць у Вільні першая беларуская газэта .Наша Доля", хаця, пасьля першых чатырох нумароў, яна была закрыта ўсясільнаю ўладаю верных царскіх слугаў. «Нашу Долю» замяніла ўсім вядомая «Наша Ніва», якая выходзіла аж да 1915 г. і зьбірала вакол сябе ўсё новыя й новыя сьвядомыя беларускія сілы.

* * *

На ўвесь сьвет разьлёгся магутны гром Вялікай Вайны ў 1914 годзе.

Ўсе ведалі, якія страшэнныя ахвяры нясе кожнаму народу вайна і загадзя пачалі рыхтавацца да падмогі гэтым ахвярам.

Заснаваўся ў Вільні й „Беларускі Камітэт помачы пацярпеўшым ад вайны”.

А вайна рабіла сваё. Хутка яна перакінулася сваім цяжарам на землю беларускую і ўвосень 1915 г. дакаціліся нямецкія войскі да Вільні. Ў пачатку верасьня расейцы пакінулі Вільню. Беларускі камітэт помачы пацярпеўшым ад вайны частку сваіх сяброў пакінуў у Вільні, другая частка (найбольш вайсковыя) перакінулася ў Менск.

Ня вельмі вялікі гурток—гэты «Камітэт помачы пацярпеўшым ад вайны» быў, немаль што, адзінаю беларускую арганізацыяй, якую застала ў сакавіку 1917 г. ў Менску Вялікая Расейская Рэвалюцыя.

Ўрачысты дзень 6 сакавіка 1917 г., ў які адбылася агульная, нябывалая дасюль, маніфэстацыя ў Менску, быў адсьвяткованы й беларусамі, аб’яднанымі ў „камітэце помачы ахвярам вайны”. Беларускі штандар, тады яшчэ чыста белы, відаць было сярод чырвонага мора рэвалюцыйных штандараў нялічаных арганізацыяў, што паўсталі дзякуючы рэвалюцыі. На беларускім штандары з аднаго боку былі толькі два моцныя, многазначныя словы «Жыве Беларусь» (гражданкаю) і з другога боку — „Witajma Wolu narodu!” (лацінкаю).

Гэтымі двама, ня надта громкімі, лёзунгамі быў зазначаны пачатак новага—на наш лік—пятага пэрыяду гісторыі Беларускага народу.

Ясна, што Камітэт помачы ахвярам вайны, як арганізацыя, заложаная, дзеля спэцыяльных, філёнтропічных мэтаў, ня мог далей іграць якую-небудзь палітычную ролю, але ён воляю лёсу стаў тым цэнтрам на Бацькаўшчыне, вакол якога пачалі складацца й беларускія палітычныя думкі; сьвядомыя сілы беларускія расьлі не днямі а гадзінамі і ўсім стала ясным, што трэба, не чакаючы заснаваць паважную палітычную нацыянальную арганізацыю.

Па старой традыцыі пачала зьбірацца й набываць новай сілы „Беларуская Сацыялістычная Грамада”, якой праз год суджана было ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі сказаць адважна новае, стаўшае лёзунгам нашых дзён, слова — «незалежнасьць Беларусі».

Не марудзячы, ў сакавіку месяцы 1917 г. пасьля конфэрэнцыі сьвядомых беларусаў, паўстае „Беларускі Нацыянальны Камітэт” у Менску з вялікім абшарнікам Раманам Скірмунтам на чале.

Ці падходзіла, ці не асоба Скірмунта да яго ролі—старшыні Нацыянальнага Камітэту аб гэтым кожны судзіць пасвойму.

На нашае зданьне—Скірмунт ніякае шкоды беларускаму руху тады прынесьці ня мог, а наадварот: яго імя, як вялікага земляўласьніка, можа й без яго на гэта жаданьня, зрабілася страшэнна популярным, хаця популярнасць гэту кругом талкавалі не на карысьць беларускага руху.

„Дазвольце,—чуваць было ўсюды,—як можа вялікі абшарнік вясьці за сабою сярмяжны беларускі народ, як можа пан быць мужыцкім павадыром?”

Насколькі сам Скірмунт дамагаўся гэтага павадырства відаць з таго, што ён ані ня ўпіраўся, калі яму было проста сказана, што яго пэрсона не саўсім на месцы ў ролі Старшыні Нацыянальнага Камітэту.

Каб ня спыняцца доўга на пэрсонах, мы адно можам толькі сказаць, што, зьявіўшыся ў кожнага на вуснах, імя Скірмунта ў той, ці іншы бок,—гэта ня так на гэты час было важна,—разносіла ўсюды хоць і сярдзітыя галасы пра беларускі рух і рух гэты сам сабою пашыраўся й мацнеў, ня гледзячы на ўсялякія пэрсональыыя погаласкі.

Першыя мітынгі, скліканыя ў Менску Нацыянальным Камітэтам, ня гледзячы на гэткага „буржуазнага” старшыню яго, набіралі поўныя салі народу. Вялізарны сход у кіно-тэатры “Гігант” на Захараўскай вуліцы вынес аднагалосна рэзалюцыю аб поўнай аўтаноміі Беларусі. Цікава, што на гэтым мітынгу яшчэ зьліваліся, калі так можна сказаць, абодва полюсы Камітэту: старшынёй мітынгу быў сам Скірмунт і тут-жа гарачыя прамовы запушчаў будучы бальшавік — Фабіян Шантыр

Калі Скірмунт, быўшы сябар, калі не памыляюся, 1-е Гасударсьцьвенае Думы, ў кожнае слова стараўся ўлажыць праграму, дык Шантыр сьпяваў гымны рэвалюцыі проста за тое, што яна ўжо сталася, што яна ёсьць. Абодва яны былі тады разам, за адным столікам прэзыдыуму.

Праца Нацыянальнага Камітэту не магла абмяжоўвацца толькі аднымі менскімі мітынгамі. Як і Камітэт Помачы, Нацыянальны Камітэт хутка скончыў сваю ролю, даўшы месца болей моцнай і шырокай арганізацыі.

За вельмі кароткі час Нацыянальны Камітэт зрабіў вялікую справу тым, што вёў самую шырокую рэестрацыю ўсіх беларускіх арганізацыяў, якія толькі дзе засноўваліся на вялізных прасторах быўшае Расеі. Арганізацыі гэтыя закладаліся ўсюды, дзе толькі былі, закінутыя лёсам, беларусы. Самы моцны рух быў сярод войска. На усіх тагочасных расейскіх фронтах, апрача Каўкаскага, былі беларускія арганізацыі, якія давялі справу ў канцы 1917 году да франтавых беларускіх зьездаў. У Маскве утварылася моцная арганізацыя „Беларуская Народная Грамада”, ў Петраградзе—цэнтр „Соцыялістычнае Грамады”, існавала там старая арганізацыя „Загляне сонца і ў наша ваконца” і розныя беларускія рабочыя арганізацыі.

Менш, як праз месяц працы Нацыянальнага Камітэту ў Менску, выявілася, што яго рамкі надта вузкія дзеля таго, каб ахапіць і сцэнтраваць у сабе тагочасны беларускі рух. Насьпела гарачая патрэба скліканьня конфэрэнцыі ўсіх зарэестрованых у Нацыянальным Камітэце арганізацыяў.

Конфэрэнцыя гэта зьбіраецца й выбірае „Цэнтральную Раду Беларускіх арганізацыяў”. Улетку 1917 году адбываюцца дзьве сэсіі Цэнтральнай Рады і на 3-яй, апошняй яе сэсіі ў кастрычніку прымаецца пастанова аб патрэбе утварэньня нацыянальна-дзяржаўнай інстытуцыі.

Гэта прынцыпіяльная пастанова знайшла магутны одгук і падтрыманьне сярод усіх беларускіх арганізацыяў і асабліва гэткіх вялізных сходаў, як вайсковыя беларускія зьезды быўшых расейскіх фронтаў.

Франтавыя беларускія зьезды адбыліся:

1) Заходняга фронту ў Менску з 5—11 /XI —1917 г.

2) Паўночнага фронту ў Віцебску з 2— 7/ХІ —1917 г.

3) Румынскага фронту ў Адэсе з 3— 8/ХІІ—1917 г. і 4) Паўднёвага фронту ў Кіеве з 3— 8/ХІІ—1917 г.

Як бачым, апошнія два зьезды адбываліся ў адзін і той самы час з 3 —8/ХІІ 1917 г. Гэта лішні раз сьведчыць аб сіле і росьце нашага руху, калі ўзяць пад увагу, што на кожны з гэтых зьездаў Цэнтральная Рада выдэлегоўвала сваіх сяброў, каб быць на месцы і ўзаемна інформавацца.

Падтрымаў пастанову Цэнтральнай Рады й вялікі, скліканы ў Маскве Народнаю Грамадою зьезд беларускіх бежанскіх арганізацыяў, а так сама шмат зьездаў настаўніцкіх, коопэратарскіх і інш. прылучыліся да насьспеўшае думкі стварыць свой беларускі нацыянальна-дзяржаўны орган.

Нарэшце, думка гэта прыняла зусім рэальныя формы. На месца Цэтр. Рады беларускіх арганізацыяў паўстае “Вялікая Беларуская Рада”, зложаная з прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацыяў, як грамадзкіх, так і вайсковых, Вайсковая частка “Вялікай Рады” працуе аўтаномна, як “Цэнтральная Вайсковая Беларуская Рада", стараючыся стварыць нацыянальную аружную сілу, для наданьня „Вялікай Радзе" патрэбнай рэальнай вагі і моцы.

Вялікая Беларуская Рада, напярэдадні скананьня Часовага Расейскага Ўраду Керанскага, ўходзіць з ім у зносіны, выдзяліўшы з сябе „гэнэральных камісараў" на розныя галіны адміністрацыі. Але зносіны гэтыя нічога ня былі вартымі праз тое, што сапраўды часовы ўрад Керанскага быў ужо скінуты бальшавіцкай рэвалюцыяй уночы з 25 на 26 кастрычніка (ст. стылю) 1917 году.

Яшчэ Нацыянальны Менскі Камітэт прабаваў завязаць адносіны з першым рэвалюцыйным расейскім урадам князя Львова, але там панаваў дух цэнтралізму і дэлегацыя беларуская князем Львовым была ўсё-ж такі выслухана, але й толькі таго. Самі капрызы расейскае рэвалюцыі давалі ясна зразумець згуртованаму беларускаму грамадзянству, што яно можа рахаваць толькі на ўласныя сілы свайго Народу, будзячы яго да сувэрэннага жыцьця. Трэба было, як мага шырэй, паклікаць да працы над будовай новага лёсу Бацькаўшчыны самі народныя масы, каб сам Народ мог скантраляваць датыхчасовую працу сваіх правадыроў і даў падмогу для новае ўдачы, новай барацьбы.

Вялікая Рада, доўга не чакаючы, паклікала на „Усебеларускі Зьезд“ усе арганізованыя сілы свайго Народу.

Покліч гэты быў недарэмны.

Як у сівыя часы старадаўняе Полаччыны на Усенароднае Веча зьбіраліся ўсе жывыя сілы народу, так і ў наш час сабраліся яны ў 1917 г. ў Менску.

На Ўсебеларускі Зьезд сабраліся прадстаўнікі ўсіх земстваў: губэрнскіх, павятовых і валасных, прадстаўнікі культурна-прасьветных беларускіх арганізацыяў, палітычных партыяў, бежанскіх, вайсковых і іншых беларускіх арганізацыяў, агулам 1167 дэлегатаў з пастанаўляючым голасам. Да гэтага трэба дадаць 705 дэлегатаў з дарадчым голасам і, такім чынам, цэлы зьезд даходзіў амаль што да 2000 дэлегатаў.

Дарэмна мы шукалі-б, сярод гэтае масы народных выбарных, прадстаўнікоў буржуазнае клясы—іх тут ня было аніводнага. Шэрыя фігуры выбарных адпавядалі тэй шэрай рабочай, сялянскай і салдацкай масе беларускай, якая іх на зьезд паслала. Адарваная ад Народу, чужая клясавым і нацыянальным інтарэсам Яго, буржуазія Беларусі не падала ў гэты гістарычны момант ніводнага голасу. Сам гаротны Народ, як умеў, так і рашаў сваю ролю.

Ня гледзячы, аднак, на такі магутны рух, на вялізную арганізацыйную работу Вялікай Беларускай Рады, сама Рада гэтая ня была фактычнаю ўладаю Беларусі.

Незабаўна пасьля 25 кастрычніка—пасьля бальшавіцкага перавароту ў Петраградзе, — ў Менску адбыўся, калі так можна назваць, краёвы, мясцовы бальшавіцкі пераварот. Бальшавікамі Заходняга фронту і Менскага гарнізону быў утвораны гэтак званы „Совет Народных Комиссаров Западной области и фронта" на чале з нейкім Ляндэрам, быўшым вураднікам Ўсерасейскага Земскага Саюзу.

Як-жа адносілася гэтая фактычная, ўсё-ж такі, ўлада, гэтая „Рада Народных Камісараў" да Вялікай Беларускай Рады, да нацыянальнага беларускага органу, які зьбіраў Усебеларускі Зьезд?

Трэба сказаць праўду, што адносіны бальшавікоў да Вялікай Беларускай Рады ня былі, ў кожным разе, абсолютна варожымі.

Менскія народныя камісары сядзелі ня надта моцна на сваіх крэслах, бо бальшавікі наагул былі вельмі слабымі; яны мелі за сабою ані нязначны процэнт грамадзянства, немаль што нікога й нічога, апрача разбэшчанага, здэморалізованага фронту. І дзеля гэтага толькі яны глядзелі на Вялікую Раду надта нявыразна, хаця і стараліся быць, як кажуць, у курсе ўсяго, што яна тварыла.

Трэба адзначыць, як цікавае зьявішча, тое, што бальшавікі, стаўшы ўладаю, былі спачатку вельмі мягкімі й ня надта хутка дадумаліся да сучасных нечалавечых формаў чырвонага тэрору.

Пад носам менскіх народных камісараў доўгі час істнаваў падгалосак кераншчыны менскі камітэт расейскае партыі соцыялістых-рэвалюцыянэраў і вырабляў штучкі іншы раз ня вельмі смачныя для бальшавікоў. Камітэт расейскіх эс-эраў меў сваю газэту, якую бальшавікі пачалі закрываць толькі пасьля разгону Ўсебеларускага Зьезду.

Пабеларуску тады выходзіла ў Менску толькі часопісь „Вольная Беларусь”, на якую наложана была народным камісарам латышом Рэзаускім яго асабістая цэнзура.

Апрача „Вольнай Беларусі” выходзіла парасейску „Беларуская Рада”—орган Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады.

Расейскія эс-эры ўвесь час дзяўблі ў сваёй газэце, што ўся ўлада ў Расеі павінна належаць Гаспадару Зямлі Рускай—Устаноўчаму Сойму і ў гэтым самым духу выпушчалі на вялізных аркушох адозвы, якія часта спрытна наклейваліся на дзьверы кабінэту самога Мясьнікова бальшавіцкага камандзера Захадняга фронту, быўшага прапаршчыка.

Прыхільнасьць расейскіх эс-эраў да беларускага руху, якую яны стараліся паказваць у гэты час, можна вытлумачыць толькі страшэннай нянавісьцю іх да бальшавікоў.

Аднак, нянавісьць гэту бальшавікі досіць доўга і цярпліва зносілі.

Адносячыся гэтак да эс-эраў, якіх панаваньне Керэнскага намножыла бяз ліку, бальшавікі не маглі горш адносіцца й да беларускага нацыянальнага цэнтру—Вялікай Беларускай Рады.

Наадварот, у адным прыказе бальшавіцкага камэнданта аб ваенным палажэньні ў горадзе, ясна было зазначана, што з пропускамі Вялікай Беларускай Рады, гэтак сама, як і з бальшавіцкімі, можна зьяўляцца на вуліцы і пасьля забароненага часу.

Яшчэ цікавей, што ўсялякія зьезды былі бальшавікамі забаронены, а Вялікая Беларуская Рада, ігноруючы гэтую забарону, склікала Ўсебеларускі Зьезд ды годзі.

З гэтым бальшавікі ўжо нічога не маглі парадзіць. Хаця з дакумэнтаў, надрукованых у адзіным (першым) нумары газэты „Бѣлоруская Земля”, выпушчанай у сьвет Старшынёю Першага Беларускага Ўраду (Народнага Сэкрэтарыяту) Язэпам Варонкаю, відаць ясна, што бальшавікі стараліся панасылаць на Зьезду сваіх агентаў, каб зрабіць там „переворот умов”. Але нічога з гэтага ня выйшла.

* * *

5-га (на новы стыль 18-га) сьнежня 1917 году Веча Беларусі—Першы Ўсебеларускі Зьезд урачыста быў адчынены ў будынку Менскага Гарадзкога Тэатру.

Пачаліся нялічаныя прывітаньні, з якіх найгорачэйшым было слова старшыні менскае украінскае грамады.

«Наша гора—ваша гора


Наша сьвята—ваша сьвята»...

раздаліся братэрскія, шчырыя словы украінца, выклікаўшы неапісальны гром аплёдысмэнтаў і воклікаў: “Хай жыве вольна Украіна“, „Гэть насільніків“... і. г. д.

Прадстаўнік, здаецца, што „Rady Polskiej ziemi Minskiej“, вітаючы Зьезд, скончыў сваю прамову словамі: „Niech zyje niepodlegla Rzeczpospolita Polska! Niech zyje niepodlegla Rzeczpospolita Bialoruska!“ (Хай жыве незалежная Рэспубліка Польская! Хай жыве незалежная Рэспубліка Беларуская!).

Гісторыя ўжо паказала наколькі шчырымі былі ў другой сваёй часьці пажаданьні польскай менскай рады.

Прадстаўнік іншай нейкай дэмократычнай польскай арганізацыі вітаў Зьезд на беларускай мове.

Прадстаўнік арганізованых татараў Захадняга фронту, вітаючы зьезд, заявіў што 35 тыс. мусульман-вайсковых гатовы ў кожную мінюту актыўна падтрымаць Усебеларускі Зьезд. Але-ж гэта мусі былі толькі моцныя словы маладога „быўшага" афіцэра.

Віталі Зьезд прадстаўнікі менскага Губэрнскага Земства, Гародзкай Думы і інш. інстытуцыяў часаў Керэнскага.

Віталі і бальшавікі—самі народныя камісары— Бэрсон (нацыянальных справаў) і Рэзаўскі (ўнутраных справаў). Першы ад імя Р. Р. S. левіцы, а другі ад менскага камітэту партыі бальшавікоў.

І рамова Бэрсона прайшла досіць спакойна, а Рэзаускага два матросы, дэлегаты Зьезду, проста вывялі пад рукі, калі ён абазваў беларускі штандар, вісеўшы над трыбунаю, „трехцветной тряпкою" і рэкамэндаваў замяніць яго „красным знаменем интернаціонала".

Прывітаньняў саміх дэлегатаў ад розных беларускіх арганізацыяў нельга й пералічыць.

Адзначыць варта нязвычайную па сіле й праграмнасьці прамову поэта Алеся Гаруна (нябожчыка Аляксандра Прушынскага), які вітаў Зьезд ад імя менскае арганізацыі „Беларускай Соцыялістычнай Грамады". А. Гарун тады толькі што вярнуўся з Сыбіру, дзе адбываў палітычную ссылку; ён заклікаў усіх дэлегатаў да будаваньня лепшай будучыны нашае Бацькаўшчыны-Беларусі, якая павінна мець шчыра народную ўладу, дэмократычны лад і парадак, пры якім былі-б забясьпечаны правы ўсіх народаў Беларусі.

Грамавыя воклікі й аплёдысмэнты былі адказам на прамову поэта.

Прывітальныя прамовы аднялі шмат часу; аднак канец іх быў прысьпешаны і Зьезд падыйшоў да цяжкае практычнае працы.

Заснаваліся розныя, як іх называлі „дзелавыя" сэкцыі Зьезду й некаторымі з іх была зроблена нялёгкая работа. На ўсе балючыя пытаньні, якія сталі перад Зьездам, трэ‘было знайсьці адказ. А пытаньняў гэтых было шмат.

Нямецка-расейскі фронт разрэзаў Зямлю Беларускую на два кавалкі. Царскі Урад выгнаў з Горадзеншчыны і часьці Віленшчыны (Дабраных немцамі) каля 1½ мільёна сялянства, якое распарушылася па ўсёй Расеі, не вылучаючы Сыбіру й Сярэдняе Азіі.

Гэту вялізную грамаду людзей трэ' было вярнуць на свае попелішчы, падняць на ногі, адбудаваць зруйнованыя вёскі й мястэчкі.

Замест разьбітага адміністрацыйнага апарату царскае улады, зараз-жа трэ' было нарыхтаваць новы.

Трэ’ было скінуць цяжкае бярэмя вайны і даць магчымасьць кожнаму залячыць раны, зробленыя ёю: прытуліць сіротаў, удоваў, калекаў і г. д.

А тым часам на Бабруйшчыне стаяў корпус польскіх легіянэраў гэнэрала Довбор-Мусьніцкага, аточаны зусюль бальшавіцкімі недабіткамі разбэшчанай расейскай арміі. Насяленьне Бабруйскага павету стагнала пад, свайго гатунку, ваеннай дыктатурай польскага гэнэрала, што трымаў свой корпус цяжкімі рэквізыцыямі, бранымі з няцэлага аднаго павету.

Трэ’ было й гэтае хворае месца залячыць.

Трэ’ было, ачысьціўшы ад расейскае анархічнае армейскае масы родную зямлю, папрасіць і польскі корпус выбрацца на сваю бацькаўшчыну.

Ў Берасьці адбываліся міравыя перагаворы бальшавікоў з немцамі. Вайна Расеі з Нямеччынай, так ці йначай перарвалася на землях Беларусі і Беларусь, як зацікаўленая старана, павінна была мець слова на гэтых перагаворах.

Аб гэтым праве Беларусі бараніць самой сваю долю Зьезд мусеў сказаць і сказаў сваё аўторытэтнае слова.

Трэ-было лічыцца ўсё-ж такі з фактам існаваньня „Совета Народных Комиссаров Западной области и фронта" і не заплюшчаць вачэй на магчымасьць няроўнае барацьбы з ім.

Трэ‘ было з гонарам выйсьці з нязвычайна цяжкага палажэньня.

Праца перад Зьездам паўстала цяжкая і да яе трэ‘ было падыйсьці добра згарганізаваўшыся.

Каб пастановы прымаліся больш арганізованна і хутка, Зьезд пастанавіў разьдзяліцца на фракцыі.

Але з гэтай зусім разумнай пастановы дэмагогічныя асобы зрабілі бязглузды раскол, які немаль што не давёў да поўнага развалу Зьезду.

Беларускі пісьменьнік, вядомы яшчэ „Нашай Ніве" нябожчык Фабіян Шантыр, — які ня раз ужо заяўляў перад Зьездам, што ён бальшавік, але беларускі бальшавік,—адарваў немаль што большую палову дэлегатаў ад рэшты Зьезду простымі крыкамі; „Хто за савецкую ўладу—да мяне”... і інш.

Раскол гэты адбыўся ў Шляхоцкім Доме проці Гарадзкога Тэатру і Шантыр, падтрыманы поклічамі другога скарасьпейнага бальшавіка—Фальскага, пацягнуў за сабою частку Зьезду ў Губэрнатарскі Дом на Пляцы Волі (пры немцах і палякох—Катэдральны Пляц).

Зьезд раскалоўся, але не разарваўся саўсім.

Частка, пацягненая Шантырам улева, мела ў сабе сьвядомых бальшавікоў рабочых-беларусаў з петраградзкіх заводаў, але сярод сялянскае, салдацкае і іншае, асобна нез'арганізованае, масы дэлегатаў бальшавікі не маглі быць большасьцю.

„Правая” частка Зьезду ня мела аднаго пэўнага лідэра і складалася ў значнай меры з працоўнае інтэлігэнцыі.

Шантыр дашчэнту асіп, бяз толку агітуючы сярод паверыўшых яму людзей, каб выступалі за савецкую, хоць і беларускую, ўладу.

Нарэшце, яму ўдалося камічна ахрысьціць сваю фракцыю, назваўшы яе: „левое течение" Ўсебеларускага Зьезду.

Калі імя гэткае было стаўлена на галасаваньне, дык раздаліся зусім зразумелыя пытаньні: «Куды-ж зацячэ гэтае цячэньне, што за праграма ўкладаецца ў словы „левае цячэньне?”.

Аднак опозыцыя гэта не набрала большасьці і, пасьля ўвагі Шантыра, што ён праграму апрацуе, прапазыцыя яго, каб быць «левым цячэньнем», а ня іншым чым, была прынята.

Проці гэткай недапусьцімай работы Шантыра выступалі: ваш пакорны слуга, пскоўскі дэлегат Хаценка (быўшы рэдактар аднэй віленскай газэты) і Асьвяцімскі—цяперашні дзеяч Случчыны.

Моцная опозыцыя Шантыру ў левым яго цячэньні хутка перамагла яго, пакінутага Фальскім, і само „левае цячэньне”, страціўшы павадыра, не магло нікуды йначай цячы, як на агульную працу з кірункам, калі так можна назваць яго, правым.

Пачуцьцё нацыянальнае еднасьці й вялікай адпавядальнасьці перад ідэяй адраджэньня брала сваё й раскол Зьезду быў толькі нейкім выпадковым непаразуменьнем.

Ня больш, як толькі два дні Шантыр меў нязьмерную ўдачу ў сваёй фракцыі і гэтыя два дні опозыцыя ня мела сілы зваліць яго. За гэткі кароткі час Шантыр пасьпеў выдрукаваць бязграматную, прынятую большасьцю яго фракцыі, рэзалюцыю, пайшоў з ёю да народнага камісара Бэрсона і іншых. Там з расколу вельмі цешыліся, аднак рэзалюцыя была бальшавіком гэтак нясмачнаю, што яе прыказана было конфіскаваць. Шантыру, відаць, недвазначна было сказана, што калі Зьезд не пагодзіцца з народнымі камісарамі, дык ён будзе сілаю разагнаны.

Знаёмячы з гэтым сваю фракцыю Шантыр не адважыўся запрапанаваць згоду з бальшавікамі-камісарамі, але не прапанаваў таксама адкінуць усялякую думку аб перагаворах з імі.

Гэтая апошняя прапазыцыя была выстаўлена тымі, хто ўвесь час выступаў у „левым цячэньні“ проці Шантыра і тут яго павадырская роля была скончана. Фальскі тут-жа адрокся, як ен сказаў «от демагогіи товарища Шантыра» і, бліснуўшы яркай лідэрскай маланкаю, Шантыр за адну ноч зьнік, выехаўшы ў Бабруйск, адкуль ён быў дэлегаваны на Зьезд.

Апрача расколу на правых і левых, Зьезд пачаў дзяліцца на зямлячаствы—дэлегаты з Магілёўшчыны складалі Магілёўскае замлячаства, дэлегаты з Меншчыны—Менскае зямлячаства і г. д.

Зямлячаствы шмат памаглі злучэньню Зьезду, бо ў іх сходзіліся і, так званыя, левыя і правыя і пераконваліся, што яны ня маюць за што сварыцца.

Мелі зямлячаствы і свой слабы бок, як напрыклад, выстаўляньне сваіх дробных, провінцыяльных інтарэсаў, але гэтым займалася, наколькі помніцца, толькі немалы што адно Магілёўскае зямлячаства.

Самі ж магілёўцы й выдумалі гэты спосаб—арганізоўвацца ў зямлячаствы.

На гэтых аўторах зямлячастваў і на самых зямлячаствах мы мусім крыху затрымацца.

Рэч у тым, што на Зьезьдзе яны выказвалі адкрытае масквафільства, але яно тлумачылася проста.

Рэч у тым, што аўторы зямлячастваў складаліся на Зьезьдзе з тае групы, якая прыехала ў Менск з Петраграду, як „Областной Белорусскій Комитет при Всероссійском Совѣтѣ Крестьянских Депутатов”. Гэту групу на Зьезьдзе так і называлі „областниками”. На чале іх стаялі змаскалеўшыя беларусы — Вазіла, Канчар і інш. «Областники» былі павадырамі свайго—магілёўскага—зямлячаства і перлі ў Маскву сьлепатою.

Вазіла, трапляючы да трыбуны (а ён любіў яе) дэклямаваў вершы... Некрасава і іншыя расейскія народніцкія творы, але гэта дэклямацыя падабалася шчыра толькі двом-тром яго земляком з народных вучыцялёў, моцна змаскаленых пабеданосцаўскімі школамі.

Нельга абмінуць таго, што магілёўцы з «Областного Комитета при Всероссійском»... і г. д., апынуўшыся ні пры чым пасьля бальшавіцкага перавароту ў Петраградзе, пасьпешна залажылі там-жа свой «Областной Комитет» і, не прызнаючы, пакуль што, за цэнтр „Вялікай Беларускай Рады" прабавалі з Петраграду склікаць у... Менску Усебеларускі Зьезд, гэта значыць, якраз тое самае, што ўжо рабіла Вялікая Рада.

На скліканьне зьезду Канчару было зыдана на рукі з Смольнага Інстытуту (бальшавіцкі цэнтр у Петраградзе) 50.000 рублёў. Трэба сказаць праўду, што частка гэтых грошай, пасьля няудачы магілёўцаў склікаць «свой» Зьезд, была аддана Канчарам на расходы па арганізацыі, ўжо скліканага Вялікаю Радаю, Усебеларускага Зьезду, на які былі дапушчаны і «областники». Сярод гэтае групы была грэнадзерскага выгляду, паненка Юр'ева, якая ўжо навет пачала,—галоўным чынам сялянам,—раздаваць „свае" дэлегацкія білецікі на Зьезд, але ў гэта ўмяшаліся сябры Зьезду беларусы-матросы з Петраграду і, растлумачыўшы сялянам у чым рэч, прыгразілі Юр'евай, што яе правакацыя будзе спынена, калі гэтага трэ’ будзе, сілаю. Сшытак нарыхтованых білетаў «областников* быў пераданы прэзыдыуму Зьезду і гэткія штукі больш не паўтараліся. Магілёўцы з петраградзкага абласнога камітэту зьехалі да першых роляў у сваім зямлячасьцьве і там маглі сабе дэклямаваць аб Вялікай Расеі, сколькі хацелі. Сьледам за магілёўцамі пачалі гуртавацца ў зямлячаствы: менчукі, віцебляне, віленцы, віленцы, горадзенчукі.

Зямлячаствы пачалі рыхтаваць свае дэклярацыі, раскол Зьезду на правых і левых, пасьля банкруцтва Шантыра, сам сабою ліквідаваўся, чаму памаглі шмат два вольных даклады - лекцыі: 1) ксяндза Гадлеўскага аб полацкім пэрыядзе беларускай гісторыі і 2) вялікага вучонага-беларуса проф, Карскага аб асаблівасьцях беларускай мовы, тэрыторыі, этнографіі Беларусі і інш.

Нельга абмінуць аднаго дробнага здарэньня, якое гэтак сама моцна памагло Зьезду зьліцца ў адно цэлае—гэта нацыяналізацыя Менскага Шляхоцкага Дому.

Па прапазыцыі П. Аляксюка Зьезд аднагалосна пастанавіў абвясьціць Шляхоцкі Дом уласнасьцю Беларускага Народу.

Гэтае пяцьмінютнае здарэньне давяло ўсіх да зразуменьня таго, што ўсе сябры Зьезду—дзеці аднаго народу. Ніводзін голас проці нацыяналізацыі панскага дому не протэставаў, бо ніводнага пана на Зьезьдзе ня было.

Такім чынам, Зьезд усе неспакойныя моманты перажыў і хутка падходзіў да свайго апошняга слова — да галасаваньня тых палажэньняў, якія былі апрацованы ў сэкцыях, камісіях, фракцыях, зямлячаствах і Радзе Зьезду.

Зямлячаствы ўжо агаласілі на Зьезьдзе свае дэклярацыі. Дэклярацыя магілёўскага зямлячаства выйшла, як і раней думалася, моцна масквафільская; крыху мягчэйшаю ў гэтым сэнсе была дэклярацыя віцеблян. Найбольш „сэпаратызму" мела ў сабе дэклярацыя горадзенскага зямлячаства, якое мела ў сабе гэткіх сяброў, як Язэп Варонка, аб якім казалі, што ён ужо з тыдзень насіў у кішані „самастойніцкі” унівэрсал, які зьбіраўся падаць на галасаваньне Зьезду. За горадзенскім ішлі: віленскае, смаленскае і менскае зямлячаствы з крыху слабейшымі, ў незалежніцкім сэнсе, дэклярацыямі.

Зьезд прыняў да ведама ўсе гэтыя дэклярацыі, якія, паступіўшы ў Раду Зьезду, паслужылі новым матар‘ялам да агульных палажэньняў апрацованай Радаю рэзалюцыі.

Апрача гэтага цяпер, пасьля злажэньня дэклярантаў зямлячаствамі, выявілася, што на зьезьдзе будуць змагацца, не якія-нібудзь „правыя“ і „левыя“ кірункі, а, галоўным чынам, два нязгодныя кірункі: 1) ўсходні, або масквафільскі начале з абласьнікамі-магілёўцамі і 2) заходні, больш нацыянальна сьвядомы й больш незалежніцкі на чале з элемэнтамі, згрупаванымі ў Вялікай Радзе, якая склікала самы Ўсебеларускі Зьезд.

Мы спамянулі некалькі разоў аб Радзе Зьезду. Аб ёй цяпер мусім сказаць крыху ясьней.

Рада Зьезду была зложана, як толькі Зьезд сабраўся. Ў Раду Зьезду ўходзілі прадстаўнікі ўсіх чыста групіровак, быўшых на Зьезьдзе. Найбольшыя фракцыйныя і партыйныя групы, а нароўні з імі і самыя дробныя лікам аб‘яднаньні мелі сваіх прадстаўнікоў у Радзе Зьезду.

Гэткім чынам, Рада Зьезду зьяўлялася, як-бы Малым Зьездам, органам больш рухавым у практычнай працы і спачатку яна гэтак, навет і называлася Радаю Старэйшых (сеньёрэн-конвэнт).

Рада Зьезду, разумеецца, не магла выносіць тых, ці іншых пастановаў ад імя Зьезду без агульнага (пленарнага) пасяджэньня яго.

Але гэты, проста утвораны, орган вельмі прыдаўся пасьля таго здарэньня, якое нікім тады, напэўна, ня было прадугледжана.

Здарэньне гэтае—гвалтоўны разгон Зьезду бальшавікамі.

Самы момэнт разгону Зьезду апісаны мною ў артыкуле „Разгон", зьмешчаным у журнале „Беларускае Жыцьцё" № 7 (29) за 18 сакавіка 1920 году і тут мне прыдзецца коратка паўтарыцца.

Ўсебеларускі Зьезд займаў амаль што лепшыя будынкі ў Менску. У тэатры „Акварыум" на Юраўскай вул. была арганізована дарэмная сталоўка для сяброў Зьезду. Сэкцыямі, камісіямі і фракцыямі Зьезду займаўся быўшы Губэрнатарскі Дом, што на Пляцы Волі (Катэдральны Пляц), агульныя (пленарныя) пасяджэньні Зьезду адбываліся ў Гарадзкім Тэатры і, калі тэатр бываў заняты, ў Шляхоцкім Доме. Абодва гэтыя апошнія будынкі зьмяшчаюцца адзін проці аднаго па Петрапаўлаўскай вуліцы.

Ў гістарычны дзень свайго разгону Зьезд засядаў у быўшым Шляхоцкім Доме.

Рада Зьезду ўжо ня мала часу разважала ў бакавым пакоі вялікай залі над тэзісамі агульнае рэзалюцыі, якую меў прыняць Зьезд. Абласьнікі цьвёрда трымаліся сваіх масквафільскіх паглядаў, іх праціўнікі цягнулі ў іншы бок, у бок найбольшае самастойнасьці Беларусі.

Пакрысе, адна старана збліжалася да другой ў аснаўных пунктах і, нарэшце, агульная мова была знойдзена, хаця спрэчныя месцы ў рэзалюцыі яшчэ былі. Гэтыя спрэчныя месцы Рада пастанавіла вытлумачыць Зьезду праз двох аратараў: аднаго з абласьнікоў і аднаго з праціўнікаў іх.

Да гэткага рашэньня Рада Зьезду прышлі каля першае гадзіны ўночы з 17 на 18 дзень сьнежня (ст. ст.).

Агульная рэзалюцыя была агалошана на Зьезьдзе цалком і, перад тым, як галасаваць яе па пунктах, слова было дана аднаму з масквафілаў-абласьнікоў.

Ў залі запанавала нейкая ўрачыстая ціша, якраз, як часам бывае перад бураю.

Толькі падыйшоў да трыбуны аратар і сказаў некалькі слоў, як раптам пратарахцела нейкая лёгкая трывога. Ўсе неяк замітусіліся, напружыўшы нэрвы. Да стала прэзыдыуму Зьезду падыйшлі дзьве шэрыя фігуры ў салдацкіх шынялёх. Старшыня Зьезду грам. Янка Серада пытаецца ў іх дакумэнтаў. Фігура ў новай шапцы з вельмі даўгім брылём голасна заяўляе: „Я начальник гарнізона”... ды яшчэ нешта, але нічога ня чуваць, бо ў залі даволі значны неспакой, усе абураны тым, што „начальнік гарнізону" гаворыць, ня зьнімаючы шапкі. Гэты начальнік гарнізону ён-жа і часовы камандуючы Заходнім фронтам,—народны камісар Крывашэін. Ён скідае шапку пасьля таго, як раздаюцца галасы, “скінуць шапку!” Пачынае гаварыць; але сіплівасьць відочна паянага камісара, агульны гоман і няскладнасьць словаў п’янага начальства дае толькі магчымасьць чуць першыя словы Крывашэіна, якія ён кажа, зьнімаючы шапку. Чуваць толькі: ...„под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели”... І далей: ..„призываю президіум к... порядку-...

Другая фігура ў стаўбунаватай шапцы з нейкае рыжае скуры—народны камісар унутраных справаў Рэзаўскі, бачачы гэткі слабы толк у прамове Крывашэіна, прапануе Старшыне Зьезду: „Лишмте его слова"... І пасьля агалашае: „Об'являю С‘езд роспущенным, а президіум арестованным"...

Тады ўжо пачынаецца гэткі галас, што нічога разабраць не ўдаецца.

Адным з таварышоў Старшыні за сталом прэзыдыуму быў, „областник" Вазіла.

Нягледзячы на тое, што Старшыня (Серада) яму не перадаваў свае ролі, Вазіла хапаецца за звончык і сваім пісклівым голасам крычыць: „Об‘являю заседаніе закрытым”...

Гэта выклікае страшэны гук протэсту ўсяго Зьезду і Серада абвяшчае, што пасяджэньне цягнецца далей. Вазіла ўдае, што ен нібыто абамлеў. Чуваць галасы: „вады, вады!" Магчыма, што й сапраўды Вазіла аслабеў, але з якой прычыны?

Тым часам, трэцяя шэрая фігура з шашкаю пры баку і „наганам" у руцэ праціскалася йдучы да прэзыдыуму праз густую масу сяброў Зьезду, гэтак сама, шэрых сялян, рабочых і салдатаў. Гэтым трэйцім быў не народны камісар, а проста камандзер „Першага Рэвалюцыйнага палку імя Менскае Работніцкае й Салдацкае Рады" Ремнёв, быўшы штабс-капітан (голас з месца: „прапаршчык, са мною ў адным полку служыў!")

Ўся шэрая маса дэлегатаў Зьезду шчыльна стулілася ў купу, паўставаўшы з сваіх крэслаў, не даючы Ремнёву магчымасьці прайсьці да Прэзыдыуму. Ремнёв паднімае ўгару „наган*, паціскае за цынгель, але рэвольвэр чамусьці не страляе.

Ўсё завалтузілася, загуло, як пчолы ў вульлі. Пачалася арыгінальная барацьба ўзброеных і безаружных шэрых фігураў паміж сабою. Некаторыя з сялян папрытуляліся ў куткох, але адважная іх большасьць зьмяшалася разам з рабоча-салдацкімі дэлегатамі і шчыльнаю сьцяною загароджвае „рэвалюцыйнаму палку" дарогу да Прэзыдыуму.

Адзін селянін, стаўшы на крэсла, з каменным спакойствам шле пракленствы збройцам, паказваючы ім свае мазольныя далоні. Яго не чапаюць. Дзе-хто з сялян з халопскай пакорнасьцю моляць і просяць, каб іх выпусьцілі, бо яны, быццам, ня ведаюць, што тут робіцца... І, апынуўшыся ўжо каля дзьвярэй, Крывашэін літасьціва пацягвае іх за рукавы: „Проходите… проходите"..

Прэзыдыум, такі, арыштоўваюць і выводзяць. Разьлягаецца дружны сьпеў „Марсэльезы"; ў кутку сьпяваюць марсэльезу беларускую: „Адвеку мы спалі"...

Загрымелі крэслалі, складаючы барыкады пасярод залі. Ў мінюту выбіраецца новы Прэзыдыум.

З аднаго боку барыкадаў новы прэзыдыум абвяшчае рэзалюцыю протэсту, а з другога боку Крывашэін, Ремнёв і Рэзаўскі абмяркоўваюць свае стратэгічныя пляны.

Больш ніхто ўжо не пакідае сходу, ўсе цеснаю грамадаю стуліліся, слухаючы рэзалюцыю протэсту.

Нягледзячы на тое, што камісар Резаускі запрапанаваў „товарищам, стоящим на стороне советской власти“ пакінуць Зьезд, — яны, гэтыя таварышы-бальшавікі, найбольш протэстуюць. Сам народны камісар апекі (призренія) матрос Муха (беларус) тут-жа заяўляе, што ён нязгодзен з гэткім гвалтам і, дзеля гэтага, надаецца ў адстаўку. Слова сваё Муха датрымаў. Ён выйшаў са складу народных камісараў „Заходняй обласьці і фронту“.

Заява Мухі ня спыняе Крывашэіна і ён далей камандуе арыштаваць новы прэзыдыум Зьезду. „Полк“ Ремнёва разьбірае крэслы, абаронцы барыкадаў іх ізноў складаюць. Ізноў разьлягаюцца рэвалюцыйныя гімны... „Полк“ адходзіць назад да дзьвярэй... Кінуўшыся ўперад, Ремнёв ізноў вядзе яго ў атаку... Лезуць праз барыкады, хватаюць новы прэзыдыум, хватаюць, каго могуць, ды выпіхаюць у дзьверы...

Зразумеўшы, што далейшая барацьба дарэмная, Зьезд выходзіць, сьпяваючы „Жалобны марш".

„Полк“ акружыў усіх і падпіхаў з-заду ў дзьверы.

На сходах стаялі на боках выстраіўшыся салдаты „рэвалюцыйнага палку". Пры выхадзе з дзьвярэй на Падгорную вуліцу можна было бачыць чалавек дваццаць бальшавіцкай кавалерыі на белых конях і два панцырных самаходы.

Арыштованых павялі па Падгорнай вуліцы да Комэрцыйнага вучылішча, дзе зьмяшчаўся „Совет народных комиссаров". Гэтае вучылішча беларусы называлі, жартуючы „Менскім Смольным Інстытутам".

Большасьць дэлегатаў Зьезду пайшла за арыштованымі, сьпяваючы рэвалюцыйныя песьні.

Разгон адбыўся пасьля больш, як 3½ гадзін арыгінальнае бяскроўнае барацьбы.

Арганізованая воля беларускага народу бароцца за сваю лепшую будучыну была парушана, але ня зьнікла яна зусім.

Рада Зьезду ня ўся была арыштавана і яе вольная частка пастанавіла сабраць Зьезд у той самы дзень 18 сьнежня (ст. ст) для перадачы ёй,—Радзе Зьезду, — поўнамоцтваў на далейшую барацьбу за ідэалы беларускай дзяржаўнасьці.

Зьезд сабраўся, тайна ад бальшавікоў, у будынку чугуначнага дэпо і Рада Зьезду была упаважнена стварыць выканаўчы орган і забраць у патрэбны момант уладу ў свае рукі.

Гэтага моманту прышлося чакаць ня надта доўга.

Рада Зьезду выбрала з ліку сваіх сяброў „Выканаўчы Камітэт", на які ўпаў цэлы цяжар беларускае нацыянальна-дзяржаўнае справы.

Але аб працы Рады Зьезду і Выканаўчага Камітэту мы яшчэ пагаворым другім разам на тэму «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі».