Ў. Дубоўка («Credo», «Наля»)

***
Публіцыстыка
Аўтар: Майк Йогансен
Крыніца: Узвышша, 1927 - 5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў. Дубоўка («Credo», «Наля»)[1]

It is safer to commend the dead then the living [Народная прыказка]

Калі я вяртаўся ў 1926 з Менску, у мяне ў портфэлі была маленькая, у пярэстай вокладцы, кніжачка беларускаю моваю. Доля гэтае кніжачкі была досыць нязвычайная.

Хутка яна зьнікла з майго портфэлю і аддалася на волю лёсу ў вандраваньні. Адзін тыдзень яе чытала вясёлая компанія маладых мовазнаўцаў, далей яе праглынула кішэня вядомага ўкраінскага прозаіка, пасьля яна мільганула ў рэдакцыях некалькіх газет і, нарэшце, у вялічэзным портфэлі санітарнага доктара, вялічэзнага дзядзькі і лірычнага поэты, узялася езьдзіць па станцыях, паўстанках і пляцформах, падтрымоўваючы санпоэту ў яго ўпартым змаганьні з контрсанытарыяй ды антыгігіенай.

Якая ж гэта кніжачка была беларускаю маваю, — да якой мы ўкраінцы ўмеем ставіцца таксама, як расейцы ставяцца пакуль што да «малорусского языка», — што здолела ўразіць сэрцы столькіх людзей, якія раней беларускіх кніг ня чыталі?

Дзіўна, але гэта былі вершы. Гэта была Дубоўкава кніжачка «Credo».

Наш камсамолец, звычайная рэч, нічога ня чуў пра Ўладзімера Дубоўку. У той час ён добра азнаёмлены на шляху офіцыйнае рэкамэндацыі з Жаравым і Кірылавым, а потайкам чытае Есеніна. І гэта шкода, бо ёсьць сапраўдныя поэты для камсамольца (не жалю вартыя бяздарнасьці накшталт Кірылава і не люмпэнсяляне накшталт Есеніна); адным з такіх ёсьць Ўладзімер Дубоўка.

Калі пачаўся росквіт маладой рэволюцыйнай беларускай літаратуры, гаварылася так:

— Хто ж у вас? — адзін Дубоўка!

Цяпер ёсьць багата, але Дубоўка ўсёж-такі адзін.

Ужо кніга «Трысьцё» поруч з вялічнымі песеннымі мэлёдыямі

Пачынаецца з-пад хмар вандроўных,
пачынаецца з лясоў шумлівых.
Захадзіла сонца ціха-роўна.
. . . . .
І замоўклі дразды над балотам,
і ў лесе сівакракі замоўклі…

поруч з легендаю пра «Дзяўчыну», пабудованаю ў лад усёй беларускай народнай песьні ды народніцкай літаратуры, зьяўляюцца зусім новыя, неспадзяваныя гарэзныя ноткі:

Што складаць пра каханьне вершы:
Госіздат друкаваць ня будзе.
Бо ня нам на сьвеце першым
цісьне траўнем жыцьцё на грудзі —

для таго, каб скончыцца самым кволым акордам, узятым у самай немажлівай, самай дзівоснай галіне:

Шчыра ўспомніць адна дзяўчына
і здалёку адна паклічыць!
Засьпявае: «Ой, рана, рана»…
А калі сашчэпіць рукі:
«Іх гей аройс афн ганэкул
ды штэтэлэ бакукн»…
Засьпявае: «Ой, рана, рана»…
А ўспаміны сьлязьмі набракнуць:
«Іх гей аройс афн ганэкул
ды штэтэлэ батрахтн»…

У «Credo» гэтыя ноткі пераважаюць. Гэта сапраўды «Credo» — політычная кніжка, пляцформа ўчынкаў і поэзіі. Але з надзвычайным тактам Дубоўка аддзяліў у ёй лірыку ад філёзофіі, ужыўшы для гэтага просты і гарэзны спосаб: ён выклаў філёзофію… прозаю. Праўда, гэтую прозу ён тож неяк разьбіў на радкі і нават спарудзіў для яе пару якіхсьці рыфм, але ён ніколькі не хавае ад чытача, што гэта ёсьць проза. Дубоўка хоча, каб усё было на чыстату, у яго ёсьць якаясьці прынцыповая, адчайная, абсолютная шчырасьць з людзьмі і нават… з самім сабою.— Вы хочаце ведаць мой сьветагляд — вось ён — каб было больш ясна і больш дакладна, я выклаў яго прозаю.— Вы хочаце зазнаць маёй лірыкі — каб яна была пышнейшай і п’янейшай — я не пхаў туды навукі, а казаў, што нарадзілася ў радку. Вось яны поплеч, мой сьветагляд і мае вершы — вось маё «Credo». Вось сцежка (верш «Сьцежка») гэтага «Credo»:

Гэты верш ёсьць ня лірыка і не філёзофія. Гэта чысты жыцьцяпіс, і то ня толькі мінулага, а й наступнага поэтавага жыцьця. І лірыка гэтай кніжкі даводзіць, што сапраўды: «Нішто ня зьвяжа мужыцкую галаву яму».

Я маю на воку іншыя сьцежкі поэтавага «я», вохкія сьцежкі яго любоўнай лірыкі. Гэта верш «Вохкія сьцежкі».

Я ня маю магчымасьці прыводзіць тут гэтую надзвычайную рэч, бо пераважную тэму маю тут становіць апошняя Дубоўкава кніжка «Наля». Скажу толькі, што ня часта даводзіцца чытаць такія моцныя рэчы. Гэты верш трактуе ня больш ня менш, як сэксуальны акт. Але ўражаньне ад усяго твору такое романтычнае, такое ўзьнеслае, такое сапраўды моральнае (наўсупор усім сьвятошам і фабрыкантам фігавых лісткоў), што я ўважаю яго за шэдэўр поэзіі. Звычайная ж рэч, падобныя такія Шэршэневічавы спробы выдаюцца нам порнографіяй у шэрагу з гэтым Дубоўкавым вершам.

Чытач прачытае гэту поэмку сам і пераканаецца, што ён мог бы даць яе сваёй дванаццацігадовай сястры бяз шкоды для яе моральнасьці.

Поруч з гэтым у кніжцы «Credo» ёсьць просьценькая проза, пра якую мы згадвалі вышэй. Прыкладам:

А перад тым так і проста «падмацавана» паўстаронкі «адпаведнаю цытатаю» з Цішкі Гартнага. Іншая справа апошняя Дубоўкава кніжка «Наля»

сказаў Дубоўка раней і гэтую кніжку пра каханьне выдаў ужо «Центриздат» народаў СССР.

Дубоўкава кніга «Наля» больш сьпелая, больш цэльная, чымся «Credo». Уціскі, якія перажываюць беларусы на Захадзе, выклікалі поэму «Плач навальніцы».

З эпіграфам, узятым з Паўла Тычыны, гэтая поэма ўжо не нагадвае філёзофскую поэму ў «Credo». Гэта вагнёвая песьня супроць катаў, супроць польскага панства.

Пачынаецца гэты разьдзел нібы кобзарская «дума» пра трох братоў:

Падам яшчэ некалькі радкоў, каб даць уяўленьне пра фактуру поэмы:

Вось гэта сьмелая трактоўка мэтру да дзе якой меры новая для Дубоўкі. Як ўсякі добры поэта ён і раней карыстаўся леймічным вершам, але тут мы бачым комбінацыю двух разьмераў, як можа ў лірычных ходах грэцкай трагэдыі. Поэма стварае ўражаньне сымфоніі на тэму «анапэст адменлівасьці».

Вядомы Дубоўкаў верш «О Беларусь мая шыпшына» перадрукаваны тут. Замест няўдалага робленага канца, які гэты верш меў у сваёй первястковай форме, мы знаходзім паўтарэнне пачатковага мотыву: і гэтая рэч высьпела і стала больш суцэльнай у кніжцы «Наля».

Але найбольшага стопню дасьпеласьць, поўная сакавітасьць дасягае ў трыпціху, асабліва ў I і II яго ходах. Ня могу не падаць першы ход:

Я сумысьля падаў гэты ўзор строгага цячэньня вобразу ў важкай урачыстай паўторнасьці трыпціху, каб перайсьці да тых плыняў, дзе найбольш выяўляецца надзвычайная лірычная сіла Дубоўкі, як поэты. Асабіста я ўважаю за адзнаку лірычнае сілы вольнае і адначасна пераможнае (удалае) абыходжаньне з словам-вобразам.

Сам па сабе вобраз «месяц рваў арэхі з куста» ня выходзіць за межы таго, што ўжо далі ў свой час найлепшыя поэты, але за адзнаку лірычнае сілы я ўважаю менавіта лёгкасьць пераходу да таго ці іншага вобразаў. Чытача зацягвае, захлынае рытмічная хваля, у якой ён ня зьдзівіцца пабачыць самыя рознастайныя, феерычныя, дзівосныя відовішчы.

Гэтыя цудоўныя радкі вельмі добра формулююць вышэй пададзеную думку. З супакойнаю ўпэўненасьцю поэта далучае да «Слова» «гальлё сасновае», як рыфму. Так можа рабіць толькі той, хто пачувае ў сабе не абы-якую сілу. А далей слова «сасновым» вымагае граньня на гуку «с», і вось з тэй жа самаю сілаю і ўпэўненасьцю нараджаецца новы радок:

Ды, бадай, ці ня самае цудоўнае тое, што, пачаўшы з сымболю, кінуўшыся наўцям, аддаўшыся на волю лёсу ў сасновае гальлё, у яго сьвіст і сычаньне, думка поэты натуральна і проста вярнулася да таго самага сымболю.

Вось гэта во самае, што топіць навака-вершавальніка, выносіць угору майстра. Тая самая здрадная рыфма, якая псуе верш гэнаму, гэтаму дае надта харошы персьцянковы ход.

Характарнаю для новай кніжкі Дубоўкі, поруч з дасьпеласьцю яе цела, яе мускулаў ёсьць утопічная накіраванасьць шмат якіх тэм. Поэту захапляюць больш шырокія далягляды, бо стаў дужэйшым:

Дубоўка ўсё яшчэ ідзе наперад, угору. Усё больш іншых поэтаў адгукаецца ў яго радкох і ўсё больш гармонічна сплятаюцца ў адну цэласьць. Яго лірычная сіла надзвычайная, доўгіх поэм у яго становіцца што раз менш. І хоць Дубоўка яшчэ і зараз жывы, усё ж ніякага страху не пачуваеш, што ён ухіліцца ў бок ці перастане зрастаць, бо

М.

  1. Рэцэнзія надрукавана ва ўкраінскай літаратурна-мастацкай часопісі Вольнай Акадэміі Пролетарскай Літаратуры «Вапліте», №4. 1927 г. ст.ст. 223-226