Ў няволі цяжка (Шаўчэнка/Бядуля)

Ў няволі цяжка
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў няволі цяжка... Хоць і волі,
Сказаць па праўдзе, не было.
Ды ўсё сяк-так жыццё плыло,
Хоць на чужым, але на полі...
Цяпер жа злой ранейшай долі
Чакаць, як бога, прыпякло.
Яе чакаю, выглядаю,
Дурны свой розум праклінаю,
Што даўся дурням абдурыць,
У лужы волю утапіць.
Аж стыне сэрца, як згадаю,
Што не ў Ўкрайне пахаваюць,
Што не ў Украйне буду жыць,
Людзей і госпада любіць.

У каземаце 1847