Ў 70-я угодкі беларускага сацыялістычнага друку

Ў 70-я угодкі беларускага сацыялістычнага друку
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1933
Крыніца: Золак, 1933. — №3. — с. 9—13

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1863 год на Беларусі застанецца ў памяці стагоддзяў. Папершае – гэта быў год вялікіх надзей і чаканьняў, а па-другое – адважнай спробы вызвальнага змаганьня. Гэты год мае вялікае значэньне ў гісторыі разьвіцьця беларускай нацыянальнай і сацыяльнай сьвядомасьці.

Яшче не ўстаноўлена напэўна, калі - ў канцы 1862 ці то на пачатку 1863 каландарнага году - пачалі зьяўляцца на сьвет невялікія адбіткі ў беларускай мове, друкаваныя ў відзе адозваў-праклямацыяў, пад агульнай назваю “Мужыцкая Праўда”. Гэта была першая беларуская сацыялістычная часопісь, першая часопісь ў беларускай мове наагул. Колькі ўсяго выйшла нумароў - няма ведама, захавалася толькі сем, якія зьяўляюцца вялікім помнікам нашай мінуўшчыны.

Рэдактарам і выдаўцом "М.Пр.” быў Кастусь Каліноўскі, - Яська Гаспадар з-пад Вільні, як падпісваўся ў "Муж. Пр.", - чалавек асьвечаны і сільвай волі. Меў навуковаю годнасьць кандыдата адміністрацыйнага права пецярбургскага універсытету. Мог заняць высокую пасаду дзяржаўнага урадоўца ў царскай Расіі .Але пакінуў гэта. Рэшыў служыць свайму народу. Вярнуўся на бацькаўшчыну, адзеў сярмягу і пайшоў на вёску, у народ, ў асяродзьдзе запрыгоненага сялянства, дзе прабыў аж тры гады, вандруючы з месца на месца, ад хаты да хаты, як апостал новай .праўды. Кароткі зьмест свайго навучаньня падаў у часопісі "Мужыцкая Праўда".

Але нельга уважаць, што ўсе нумары "М.Пр." належаць пяру Каліноўскага. Былі і іншыя супрацоўнікі яе - Фэлікс Тамашэўскі і Мацей Пятроўскі. Ім належыць, між іншым, аўтарскае права шостага нумару. Асаблівую ўвагу трэ’ зьвярнуць таксама на апошні – сёмы – нумар. Апісваюцца ў ім здарэньні, якія адбыліся, калі ўжо Каліноўскі ня мог актыўна праявіць свае дзейнасці: быў зьняволены у вастрозе, або мо’ ня быў ужо і сярод жывых. За сваю дзейнасьць Каліноўскі быў засуджаны рускай уладай на кару сьмерці. Акт прыгавару быў выкананы 7(19)III.1864 г., ў Вільні, на Лукішскім пляцы.

Галоўны зьмест “М.Пр.” ёсьць гэткі: 1. Загрыміць наша праўда! – 2. Народ наш быў калісьці вольны! – 3. Каб і мужык быў чалавекам вольным! - 4. Не народ для ўлады, а ўлада для народу! – 5. Будзе вольнасьць. - Рабеце так,як вам сумленьне кажа! - Ідзеце там, дзе дамагаюцца волі і праўды!

Як можна бачыць, мужыцкая праўда Каліноўскага ня толькі назва часопісі, яна мае глыбейшае значэньне: зьяўляецца сыстэмаю навучаньня аб волі, роўнасьці і справядлівасьці.

Яшчэ вялікі наш гуманісты Францішак Скарына вучыў, што ёсьць дзьве праўды: адна праўда – боская, а другая - жыцьцёвая. Але абедзьве праўды маюць адну этычную мэту - служыць дабру паспалітага люду. Кожная праўда, дзеля гэтага, мае асьведчыцца у жыцьці, ў добрых паступках. У практычным жыцьці ня мае значэньня у каго якая праўда, - рэлігійная, ці філязофская, хто якой веры ці-то бяз веры, - значэньне мае толькі добрае паступованьне, якое ў сваім выніку вядзе да пашырэньня добрых звычкаў, а тым самым і да збольшаньня магчымасьцяў зьдзейсьненьня дабра паспалітага люду.

Этычная мэта служэньня дабру паспалітага люду лягла у аснову разьвіцьця беларускага гуманізму. Скарынінскім шляхам ішлі ўсе выдатнейшыя прадстаўнікі беларускае культурна-грамадзкае думкі: Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мікола Радзівіл, Леў Сапега - ў старым часе, Ян Чачот, Баршчэўскі, Рыпінскі, Марцінкевіч - ў новым часе. Пашыралі асьвету і добрыя звыкі, гэткім спосабам служылі дабру паспалітага люду.

Але інакш ўзіраўся на справу Кастусь Каліноўскі. Ён значна паглыбіў і сканкрэтызаваў ідэалы беларускага гуманізму. У яго навучэньні адна ёсьць толькі праўда - жыцьцёвая, праўда з жыцьця і для жыцьця - ня жыцьз чужой крыўды. Гэта ёсьць праўда - справядлівасьць. Дзеля гэгага, там дзе няма справядлівасьці, няма і праўды. Справядлівасьць - крытэры й жыцьцёвай праўды.

Спасьцерагаючы ўзаемаадношаньні паміж паасобнымі станамі ў суспольстве, - як і хто з чаго жыве, - Каліноўскі прыйшоў да высноўку, што адны толькі сяляне- мужыкі жывуць бяз крыўды іншых: ні над кім не глумяцца і не займаюцца ніякім зьдзірствам. Інакш жывуць паны. Абшарнікі праз цівуноў і камісараў глумяцца над мужыком, а цар з санатам нарабілі розных канцэлярый, прысустваў, пасадзілі у іх шмат розных пісароў пасрэднікаў, асэсараў і усё дзеля таго, каб дзерці скуру з мужыка, цягнуць падаткі, браць рэкрута. Якаяж тут справядлівасьць, калі ўсё цяжкае ўзвальваюць на мужыка, калі з яго дзяруць апошнюю кашулю, б'юць і плакаць не даюць?!

Калі этычная мэта, паводле Скарыны, - служэньне дабру паспалітага люду, то, паводле Каліноўскага, глум і здірства паноў над мужыкамі выключаюць этычную мэту: несправядлівасьць ніколі ня можа стаць справядлівасьцю, а без справядлівасьці ня можа быць і дабра. Паны, застаючыся панамі, ня могуць служыць дабру паспалітага люду. Для дабра паспалітага люду адна ёсьць толькі праўда - мужыцкая, бо яна справядлівая, дзеля гэтага, хто хоча служыць дабру, павінен ісьці з мужыкамі. Калі паны ўзапраўцы хочуць дабра для мужыкоў, то павінны зрабіць па справядлівасьці - перастаць быць панамі, а калі не, то яны ёсьць ворагамі мужыкоў.

Народ наш калісьці быў вольны - і багаты. Ня помняць гэтага ўжо ані бацькі нашы, ані дзяды. Але аб гэтым ёсьць напісана ў старажытных кнігах, дзе кожны можа прачытаць. Паншчыны тагды ня было ніякай. І няма чаго дзівіцца: было шмат лесу, поля сколькі хочаш, а людзей мала, кожны мог сабо выцерабіць кавалак лесу, паставіць хату і загаспадарыць. Мінулі тыя часы. Насталі войны. Адны ішлі ваяваць, а іншыя - працаваць. Хто пайшоў на вайну, дастаў шляхецтва, стаў панам. Хто-ж працаваў на зямлі, той застаўся мужыком. Згэтуль павялася і паншчына. Пасьля цар маскоўскі падбіў наш край, завёў свае парадкі, - яшчэ больш замацаваў паншчыну ды ў супалцы з панамі гняце наш народ.

Чалавек мае ўжо такую натуру, што калі нічога ня ведае то нічога ня хоча і мець, а калі даведаецца, то хоча зразумець і атрымаць усё, што яму належыць. Нявольнік думае, што ён створаны быў толькі для таго, каб служыць паншчыну і быць нявольнікам. Ён так думае, бо нічога ня ведае, а таму і нічога мець ня хоча. Але зьмяніліся ўжо тыя часы,калі мужык нічога ня ведаў і нічога не хацеў. Даведаўся мужык, што ўсе людзі паходзяць ад вольных продкаў, значыць і яго продкі былі калісьці вольнымі людзмі. А чалавек вольны - гэта калі ён мае кусок свае зямлі, за якую ні чыншу ня плаціць, ні паншчыны ня служыць, калі і плаціць якія-небудзь падаткі, то не на царскія забавы, а на патрэбнасьці ўсяго народу, калі і дае рэкрута, то не на тое, каб нямаведама куды і нямаведама за што ісьці ваяваць, а толькі на тое, каб бараніць свой родны край, калі нападзе непрыяцель.

Жывучы пад уладаю маскоўскага цара, няма што спадзявацца ні на паноў, ні цара. Ўсе царскія маніфэсты - адна толькі хітрасьць, каб ашукаць народ. Не маніфэстаў, а вольнасьці нам трэба! І то вольнасьці не такой, якую цар з панамі хоча даць, але якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо. Ні ад кога няма чаго нам ждаць, бо толькі той жне, хто пасеяў. Дык няхай кожны вясковы дзяцюк сее поўнай рукою, хай не шкадуе свае працы, каб і мужык быў чалавекам вольным!

Няма куска зямлі на сьвеце, дзеб усе людзі былі як адзін справядлівыя, каб не хацелі жыць з чужой крыўды. Для таго, каб была справядлівасьць і праўда на сьвеце, а злыя людзі не збыткаваліся і крыўды не рабілі іншым, а злыя людзі не збыткаваліся і крыўды не рабілі іншым, патрэбна ўлада, што бярэ падаткі, робіць школы, навучае кожнага жыць па праўдзе, становіць суд. А калі гэта не памагае і надалей чыніцца несправядлівасьць, то стварае войска і гэткім спосабам сьцеражэ кожнага ад ліха і здзірства. Дык вось на што патрэбна ўлада. Добрая ўлада павінна дбаць аб шчасьці людзей, слухаць народ і ўсё рабіць так, як лепш народу, каб ніхто з нікога ня сьмеў дзерці. І ня дзіва; бо не народ для ўлады, а ўлада для народу!

Каб здабыць зямлю і волю, ўсе мужыкі павінны ўзяцца за рукі і трымацца разам. Пакуль мужык здужае трымаць касу і сякеру, ён заўсёды патрапіць бараніць свайго і ні у кога ня будзе прасіць ласкі. І будзе вольнасьць тагды ў нашым краі!

Мінула ўжо тое, калі здавалася, што мужыцкая рука надаецца толькі да сахі. Настаў ужо такі час, калі мужыкі самі могуць пісаць, і то пісаць аб праўдзе справядлівай. Дык няхай загрыміць наша праўда і як малана праляціцца сьветам! Няхай пазнаюць, што мужыкі ня толькі кормяць сваім хлебам, але яшчэ і вучаць сваей мужыцкай праўдзе.

Гэткая ў аснаўных рысах ёсьць навучаньне Кастуся Каліноўскага. Лёгка заўважыць, што ў яго этычнай сыстэме займае вызначнае месца праблема веданьня: ведаць, каб хацець! Сяляне на ўласным жыцьцёвым досьведзе навучаюцца ведаць, што значыць праўда і што значыць крыўда. Апазнаўшы праўду, ня могуць больш ужо цярпець, бо цярпець зло — гэта ўсё роўна, што патураць злу, нават і пасіўна, але быць зучасьненым на несправядлівасьці.

Усё цячэ, усё мінае. Нязменнай застаецца толькі праўда – справядлівасьць, найвялікшы закон людзкой маралі, які зьяўляецца махавіком гісторыі, - ня жыць з чужой крыўды! Гэту праўду маюць сяляне. Сялянства, паводле Каліноўскага, зьяўляецца носьбітам этычнае праўды - справядлівасьці ў жыцьці суспольства. Згэтуль асаблівая роля сялянства ў гісторыі: быць волатам, які зьнішчыць людзкую крыўду і завядзе лад новага жыцьця, пры якім ужо ня будзе ні цароў, ні паноў, ня будзе ні глуму, ні зьдзірства, а ўсім людзям будзе дадзена роўная воля і праўда!

У гэтым сваеасаблівым сялянскім мэсыянізме - крыніца натхненьня ў вызвольным змаганьні і вера ў перамогу. З намі праўда! З намі справядлівасьць!

Мужыцкая праўда Кастуся Каліноўскага загрымела па ўсім абшары Беларусі ад Лаваці аж да Мухаўца - там, дзе жыве беларускі народ. Шляхам Каліноўскага пайшоў Францішак Багушэвіч, Ян Неслухоўскі і ўсе нашы народнікі. Беларускае сацыялістычнае народніцтва бачыць у Каліноўскім свайго вялікага пачынальніка.

Аднак, нельга не зрабіць адно заўважаньне: праўду - справядлівасьць маюць ня толькі сяляне, але ўсе працоўныя, ўсе, хто ня жыве з чужой крыўды. Таму не адны сяляне, але і работнікі, і працоўная інтэлігэнцыя зьяўляюцца героямі гісторыі. Ім, працоўнаму народу, належыць будучыня!