Абмылкі ў выданьнях твораў Багушэвіча
Абмылкі ў выданьнях твораў Багушэвіча Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1924 Крыніца: Сын Беларуса. 1924. 27 жн. |
У першых загранічных выданьнях твораў Францішка Багушэвіча, сабраных у зборніках «Dudka Bieіaruskaja Macieja Buraczka» (Krakуw, 1891) і «Smyk Bieіaruski Szymona Reuki spad Barysawa» (Poznaс, 1894), зроблены некаторыя друкарскія абмылкі, якія зьмяняюць і скажаюць сэнс і тлумачацца незнаёмствам карэктароў зь беларускай мовай. Абмылкі гэтыя рэзка кідаюцца кожнаму ў вочы, і іх у новых выданьнях, робленых ужо ў краю пад кіраўніцтвам саміх беларусаў, лёгка было ўсьцерагчыся. Аднак выдаўцы, відаць, не адважыліся на такі рашучы крок, як папраўляньне Багушэвіча, хаця ў гэных абмылках аўтар, безумоўна, не вінаваты і напэўна сам бы іх паправіў, калі б доля судзіла яму дажыць мамэнту скасаваньня забароны беларускага друку у межах Расеі.
Абмылкі гэтыя зроблены ў двух вершах: у «Дудцы» — у вершу «Maja chata» і ў «Смыку» — у вершу «Niа curajsia», бадай што самым папулярным пасьля «Chreњbina» Maciuka».
У «Маей хаце» ёсьць два такія радкі:
Nie pajdu, nia treba, bo kaћuc zajedzi
Ad czuћoha chleba drasny absiadajuж...
Вось жа, на канцы першага радка абмылкова пастаўлена коска, а ў другім замест слова «drasny» павінна быць «dziasny», і гэтыя радкі трэба чытаць так:
Не пайду, ня трэба, бо, кажуць, заедзі
Ад чужога хлеба дзясны абсядаюць...
Справа разьвязваецца вельмі проста, бо карэктар лёгка мог не дагледзіць такое, на пагляд, дробнае абмылкі, як «drasny» (слова таксама беларускае) замест «dziasny».
У шостым выданьні «Дудкі», выпушчаным у Менску ў 1922 г., ёсьць першая спроба паправіць, скажоны тэкст, але рэдакцыя, не дагадаўшыся, што абмылка датычыць толькі дзьвюх літэраў у слове «dziasny» — «zi», замененых на «r», зьмяніла ўсё гэнае слова і паставіла слова «губы». Па сэнсу замена даволі блізкая, але ня точная, дый фактычна заедзі бываюць на дзёснах, а не на губах. Другое скажэньне тэксту знаходзім у «Смыку» ў вершу «Ня цурайся», дзе ёсьць ажно дзьве абмылкі. Тут ува ўсіх выданьнях чытаем:
Ej, њmialej adkrywaj haіawu,
Ja pakіon moj tabie da ziamli...
Вось жа гэтыя незразумелыя радкі зробяцца зразумелымі, калі ў першым радку адкінем канцавую коску, а ў другім у слове «Ja» замест «J» паставім, як і павінна быць, «N». Тады сэнс будзе зусім ясны:
Эй, сьмялей адкрывай галаву
На паклон мой табе да зямлі...
У тым жа вершу ніжэй ёсьць такія радкі:
Kab umieu kirawaж ja piarom, —
Ja by ksionћki sczyrkau, jak papar,
Ja b tym, jak my siejem arom
I jak kosim i ћniom boћy dar.
Вось жа ў пачатку трэцяга радка зроблена такая друкарская абмылка: «Ja b» замест «J ab». Калі яе паправім, дык сэнс ізноў станецца ясным:
Каб умеў кіраваць я пяром, —
Я бы ксёнжку счыркаў, як папар,
Й аб тым, як мы сеем, аром
І як косім і жнём божы дар.
Усе гэтыя скажэньні тэксту праз друкарскія абмылкі былі паўтораны пецярбурскай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца» ды зь яе лёгкае рукі іх паўтаралі ўсе пазьнейшыя выдаўцы, ды ў скажоным відзе папалі яны і ў вучнёўскія хрэстаматыі, стаўляючы ў дужа прыкрае палажэньне як вучняў, якія вучацца гэных вершаў на памяць, не разумеючы іх, так і вучыцялёў, якія ня могуць растлумачыць, чаму «драсны» вырастаюць недзе ад «чужога хлеба» і г. д.
Радзім усім, хто вучыць у школах, зрабіць паказаныя тут папраўкі ў сваіх кніжках ды сказаць зрабіць тое ж вучням.