Аб «славянстве» маскалёў

Аб «славянстве» маскалёў
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926
Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 382—383.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каланізацыя ўсходняй часці вялікай усходнееўрапейскай раўніны — гэта адна з самых велічэзных гістарычных падзей ва ўсёй светавой гісторыі. На жаль, расійская навука чамусьці скромна абыходзіць гэту вялікую падзею. Прычына, чаму расійская гісторыя або замоўчвае гэтае здарэнне, або паспешна абыходзіць яго, упамінаючы некалькімі кінутымі мімаходам словамі, ясная. Уся маскоўская славянафільская тэорыя распадаецца ў нішто, калі праўдзіва асвятліць каланізацыю цяперашняй Масковіі (Вялікарасіі). дзеля гэтага тым большая павіннасць крыўскай навукі пры кожным здарэнні паказваць, кажучы словамі вялікага гісторыка Ранке, «на тое, што было».

У часы Карла Вялікага (канец VIII і пачатак IX ст.) уся цяперашняя Вялікарасія (Маскоўшчына) скрозь была заселена фіна-мангольскімі плямёнамі. У гэтым часе мясцовасць, дзе цяпер стаіць «матушка Москва», была таксама велікарускай, або славянскай, як у 1700 годзе тая мясцовасць, дзе цяпер Ленінград (Петраград).

Часы Карла Вялікага — гэта рэакцыя на вялікае перасяленне народаў, якое адбывалася чатырыста годаў перад ім у кірунку еўрапейскага поўдня і захаду. цяпер (у VIII і IX стст.) адбываецца перасоўванне народаў у паваротным кірунку — на ўсход і паўночна-ўсход. Гальскія плямёны адпіхаюць нямецкае племя франкаў і займаюць іх землі, адначасна з тэрыторыяй прымаючы новае імя — французы. Немцы выцясняюць славянаў з балтыцкага памор’я, а такжа прусакаў з балтыцкага ўзбярэжжа паміж Віслай і Нёмнам, славяне націскаюць на фінаў і манголаў.

Немцы, пры помачы нямецкай мовы і каталіцкай царкоўнай арганізацыі, спярша ўзалежняюць ад сябе, а пазней абнямечваюць славянскія плямёны паміж Лабай (Эльбай) і Віслай. Аславяніўшыяся ў крывічоў і палянаў (украінцаў) варагі пры помачы набранай вольніцы ў крывічоў і палянаў, пад прэтэкстам хрышчэння заваёўваюць фінаў і манголаў, навязваючы ім адначасна славянскую літургію і славянскую мову ў адміністрацыі, славянізуюць фіна-мангольскія плямёны на берагах Акі, Волгі, Камы, Пячоры, Паўночнай дзвіны і дону.

Нягледзя на націск адміністрацыі, школы і царквы, маскоўскаму ўраду за тысячу гадоў не ўдалося яшчэ саўсім «аславяніць» тамтэйшае мясцовае жыхарства. Нават афіцыяльная народная перапісь 1897 г. прызнае, што ў «истинно-русских» губернях, прылягаючых да «матушки Москвы», маецца дагэтуль «коренное не русское население». У губернях цвярской аказваюцца цэлыя воласці, заселеныя карэламі! «Истинно русская» Ніжагародская губерня акром «велікарусаў» заселена яшчэ мард вой, чарамісамі і татарамі! У Пензенскай губерні маюцца разлеглыя мясцовасці, заселеныя мардвой, мяшчэрай і татарамі! У тамбоўскай губерні афіцыяльная статыстыка прызнае «коренное» насяленне, зложанае з велікарусаў, мардвы і татараў! толькі ў Маскоўскай губерні, калі верыць афіцыяльнай статыстыцы, «туземное инородческое население» знікла бясследна, г. зн. прыняло з велікарускай мовай і праваслаўем велікарускі выгляд, астаючыся па крыві фіна-манголамі.

Што цяперашняя «Велікарусія» не славянскі край, аб гэтым сведчыць не толькі неславянскі тып велікарусаў (пастаўце поплеч менчука з пензенцам і параўнайце: дзве саўсім іншыя расы людзей!), але і неславянскія імёны рэк і азёр. Нават «матушка Волга» носіць не славянскае, а фіна-мангольскае імя!

Цікаўнае параўнанне: прусакі, гэта мешаніна немцаў, прусакаў (літвіноў) і славянаў, выдаюць сябе за «истинно немцаў» і крычаць аб сваім нямецкім прызванні.

Велікарусы, гэта мешаніна варагаў, крывічоў, украінцаў на 999/1000 фінаў і татараў, выдаюць сябе за «истинно славян» і крычаць аб сваім славянскім прызванні (параўнай пажаданне Пушкіна2, каб усе славянскія руччы зліліся ў рускім (маскальскім) моры).