Аб «тутэйшых»
Публіцыстыка
Аўтар: Мікалай Шкялёнак
1939 год
Крыніца: Газэта «Беларускі Фронт», № 14 (48), 15 ліпня 1939 г., б. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб „тутэйшых”.

Тэрмін гэты добра ведамы беларускаму грамадзянству. І ня толькі беларускаму. Нашыя суседзі, палякі і расейцы, такжа часта яго ўжываюць. Слова „тутэйшыя“ мае азначаць тых жыхароў-беларусаў нашага краю, якія не патрапяць адказаць, да якой нацыянальнасьці сябе залічаюць. Калі гэтакіх жыхароў пытаюцца, хто яны — палякі, расейцы, літоўцы даецца адказ: „мы не палякі, не расейцы і не літоўцы, мы „тутэйшыя“. Той, хто пачуе гэткі адказ праймаецца грэблівасьцю або літасьцю да людзей, якія гэтак дзіўна азначаюць сваю нацыянальнасьць. Таму тэрмін гэты прыймаецца як доказ адсутнасьці нацыянальнага пачуцьця ў „тутэйшых“ і вельмі нізкай ступені іхняга культурнага разьвіцьця. „Тутэйшых“ гатовы зраўняць нават з якімісь дзікімі плямёнамі, каб гэтаму не перашкаджала адносна высокая ступень іхняе матэр’яльнае культуры, з гледзішча якой „тутэйшыя“ ня розьняцца ад тых, што ўмеюць назваць сваю нацыянальнасьць. Лічучы „тутэйшых“ у сэнсі нацыянальным безкалёрнай масай, бальшыня тых, што з імі стыкаліся, выказвае думку, што толькі шляхам пашыраньня асьветы з „тутэйшых“ можна будзе зрабіць сьведамую нацыянальна масу. І наадварот, кажуць, быццам, чалавек, атрымаўшы нейкую асьвету, не ўспамінаючы ўжо аб сярэдняй і вышшай, ніколі ня будзе называць сябе нацыянальна „тутэйшы“. Нейкая асаблівая грэблівасьць лучыцца з гэтым словам, грэблівасьць, якой ня чуецца, прыкладам, адносна тых аўтахтонаў нашага краю, каторыя сваю нацыянальнасьць азначаюць, скажам, паводле веры. Бязумоўна, асьвета можа вельмі прычыніцца да нацыянальнага асьведамленьня „тутэйшых“. Але ня кожная асьвета… Расейцы і палякі пашыралі і шыраць, прыкладам, між „тутэйшымі“ сваю асьвету і падсоўваюць ім свае нацыянальныя пашпарты, аднак, „тутэйшыя“ астаюцца „тутэйшымі“. Можа толькі адзінкі з іх „самаазначыліся“ нацыянальна і зрабіліся палякамі або расейцамі. Але маса асталася таясамая, чужая для расейцаў і палякоў. Каб выясьніць нашую думку, што ня кажная асьвета можа нацыянальна асьведаміць „тутэйшых“, трэба спыніцца над сутнасьцю самога паняцьця „тутэйшасьці“, бо яно зусім ня ёсьць такое простае, як гэта на першы пагляд магло-б здавацца.

Наўперад трэба сказаць, што „тутэйшыя“ спатыкаюцца ня толькі сярод сялянскай або мяшчанскай масы, але і сярод інтэлігэнцыі, і, як ня дзіўна, часта з вышэйшай адукацыяй! Афіцыяльная дэклярацыя сваей нацыянальнасьці, скажам, як польскай, часта яшчэ нічога не даказвае! Я нядаўна спаткаў старога ўнівэрсытэцкага калегу, з якім разгаварыўся на тэму нацыянальнасьці нашага краю. З гутаркі між іншым выясьнілася, што гэтая асоба, асыстэнт унівэрсытэту, з дактаратам, маючая 45 гадоў жыцьця і зьлягка пасівеўшыя валасы, увесь час блыталася ў вазначэньні свае нацыянальнасьці. На пытаньне, чым гэта тлумачыцца, асыстэнт і доктар выясьніў так:—„Я аўтаматычна дэкляраваўся паляком, дзе было трэба, а ў душы лічыў сябе заўсёды „тутэйшым“. Пазьней я задумаўся над тым, які нацыянальны зьмест трэба ўлажыць у паняцьце „тутэйшы“ і прышоў да вываду, што найбліжэйшым да яго ёсьць не паляк або расеец, а толькі беларус. Таму ў вапошніх часох я назваў сябе беларусам, з чаго меў вялікія прыкрасьці“. Думаю, шмат хто з беларусаў спатыкаўся з гэткімі праявамі „тутэйшасьці“ сярод лічучых сябе палякамі або расейцамі. Моцныя сьляды гэтай „тутэйшасьці“ можна было заўважыць у „Przeglądzie Wileńskim“ ды і ўва ўсіх „краёўцаў“. А ці-ж уся творчасьць А. Міцкевіча ня сьведчыць аб „тутэйшасьці“ яго душы? Наагул, як правіла, можна сказаць, што шмат у каго з тутэйшых аўтахтонаў, ня гледзячы на атрыманую асьвету і пададзеную чужую нацыянальнасьць, дзесьці на дне душы блытаецца „камплекс тутэйшасці“, які пры аказіі дае аб сабе знаць.

Дык калі сярод інтэлігэнцыі можна спаткаць „тутэйшых“ няма дзіва, калі яны ў значна большай колькасьці спатыкаюцца ў вёсцы, або горадзе. А ўжо сам факт існаваньня „тутэйшае“ інтэлігэнцыі паказвае, што да гэтага зьявішча ня можна падхадзіць лёгкадумна.

Наступна, калі сялянская або гарадзкая маса падчырквае сваю „тутэйшасьць“, ня можна казаць, што з гледзішча нацыянальнае сьведамасьці яна зьяўляецца зусім безкалёрнай. „Тутэйшая“ маса цалком сьведама адгараджвае сябе ад нацыянальнасьці расейскай, польскай, або якойсь іншай. Ужо гэты нэгатыўны бок у вызначэньні сваей нацыянальнасьці мае вялікае значэньне. Але слова „тутэйшы“ мае і пазытыўны зьмест. Яно не тасуецца масай да кажнага, хто прыплёўся ў край і тут жыве. Яно азначае толькі такога жыхара, які зьяўляецца ў поўным сэнсі слова аўтахтонам краю, які зросься з краем і зьяўляецца яго гаспадаром. Ці можна казаць, што даўнейшыя назовы беларускіх плямёнаў, як крывічы, дрыгавічы, радзімічы і г. д. маюць глыбейшы сэнс ад слова „тутэйшы“? Або, скажам, назовы польскіх, ці ўкраінскіх плямёнаў? Назоў „тутэйшы“ ў палякаў або расейцаў выклікае да сябе таму грэблівае адношаньне, што „тутэйшыя“ ня хочуць прызнавацца да польскасьці або расейскасьці. Дзеля гэтых прычын „тутэйшыя“, з гледзішча нацыянальнае сьведамасьці, стаяць бязспрэчна вышэй ад тых беларусаў, каторыя сваю нацыянальнасьць азначаюць паводле веры. Гістарычна гэты тэрмін такжа зьяўляецца зразумелым. Ведама, што беларусы да канца XVII ст. жылі сваім гаспадарственым жыцьцём і нацыянальна былі цалком сьведамымі, падчыркваючы сваю розьніцу з палякамі і расейцамі. Калі-ж беларусы згубілі сваё гаспадарства і амаль дзьве сотні гадоў знаходзіліся ў духовай і фізычнай няволі (утрата сваей інтэлігэнцыі і прыгон), яны забыліся аб сваей нацыянальнасьці, аднак шматвяковае самастойнае жыцьцё, відавочна, пакінула свае сьляды ў форме пачуцьця сваей нацыянальнай апрычонасьці ад суседзяў. Маса ня ведала свайго нацыянальнага назову, сваей мінуўшчыны, але дасканальна ведала, што яна не зьяўляецца ані польскай, ані расейскай, ці якойсь іншай. Таму і паўстаў назоў „тутэйшы“, на азначэньне адвечных гаспадароў тутэйшай зямлі. А калі разросься беларускі нацыянальны рух і масы „тутэйшых“ знайшлі ў ім адбіцьцё сваей нацыянальнае індывідуальнасьці, тлумачэньне сваей мінуўшчыны, сваіх патрэб, яны шырокім рэчышчам уліліся ў гэты рух і зьмянілі свой назоў „тутэйшы“ на „беларус“, „беларускі“.

З гэтых разважаньняў бачым, што „тутэйшасьць“ зусім не зьяўляецца аж натолькі ўжо паняцьцем прымітыўным, як думаюць некаторыя. Спатыкаюцца „тутэйшыя“ і сярод інтэлігэнцыі, а самы гэты назоў з гледзішча азначэньня нацыянальнасьці, зусім ня ёсьць такім ужо беззьмястоўным. Ён добра ад-.дае нацыянальную апрычонасьць „тутэйшых“ з боку нэгатыйнага („не паляк не расеец ніхто іншы“) ды мае даволі глыбокі пазытыўны сэнс (адвечны жыхар гэтага краю, яго гаспадар).

Па гэтых увагах вернемся цяпер да пытаньня, шляхам пашырэньня якой асьветы „тутэйшыя“ могуць быць нацыянальна асьвядомлены? Адразу для нас робіцца ясным, што ані асьвета польская, ані расейская ня могуць быць асьведамляючым нацыянальна дзейнікам, бо само паняцьце „тутэйшасьці“ паўстала як проціўстаўленьне да польшчыны або расейшчыны! „Тутэйшасьць“ зусім ня ёсьць tabula, на якой першы лепшы можа без перашкод напісаць сваю нацыянальнесьць. Гэта паняцьце азначыла дакладна тое рэчышча, якім мае цячы нацыянальнае асьведамленьне, а нават азначыла яго сутнасьць. „Тутэйшыя“ могуць зрачыся свайго назову толькі на карысьць тае нацыянальнасьці, у якой знойдуць сябе. Гэткай нацыянальнасьцю для іх ёсьць нацыянальнасьць беларуская. Усе сьвядомыя беларусы гэта тыя-ж „тутэйшыя“, толькі асьвечаныя, г. зн. ведаючыя мінуўшчыну і сучаснасьць, патрэбы і мэты „тутэйшых“. Калі ўсе „тутэйшыя“ асьвядомяцца ў гэтым сэнсі, яны аўтаматычна будуць лічыць сябе беларусамі. І наадварот, пакуль „тутэйшыя“ ня будуць ведаць хто такія беларусы, яны будуць проціўставіцца нават ім! І гэткае іхняе становішча будзе зусім правільным. Бо калі-б „тутэйшыя“, ня ведаючы хто такія беларусы, беларушчыліся, тады яны маглі-б лёгка палянізавацца або русыфікавацца, а гэткае зьявішча было-б надта небясьпечным для беларускага руху. Значыцца, толькі асьвета беларуская можа нясьці „тутэйшым“ нацыянальнае асьведамленьне. Польшчына або расейшчына ня могуць іх асьведаміць, г. ё. адкрыць ім хто яны. Чужая асьвета можа толькі спалянізаваць або зрусыфікаваць адзінкі, так як можа спалянізаваць ці зрусыфікаваць беларуса, літоўца, немца і інш. Правільнасьць гэтай спасьцярогі пацьвярджае і рэчаістасьць. У той час, калі з разьвіцьцём беларускага нацыянальнага руху мільёны тутэйшых назвалі сябе беларусамі, толькі адзінкі іх спалянізаваліся або зрусыфікаваліся.

Дык ня кажная асьвета можа прычыніцца да нацыянальнага асьведамленьня „тутэйшых“, а толькі асьвета беларуская. І таму мыляюцца тыя чужыя „культуртрэгэры“, якія, лічучы „тутэйшых“ у сэнсі нацыянальным нулём, намагаюцца шырыць між імі сваю культуру, ды яшчэ выводзяць з „нацыянальнай прымітыўнасьці“ тутэйшых свой „маральны“ абавязак да пашыраньня гэтай чужой культуры! Гэткая „асьветная“ акцыя чужых культуртрэгэраў ёсьць супярэчнай з сутнасьцю самога паняцьця „тутэйшасьці“, і зьяўляецца толькі грубым ламаньнем ды нішчэньнем душы „тутэйшага“.

Напасьледак скажам некалькі слоў аб тым, як павінна беларускае грамадзянства аднасіцца да „тутэйшых“. За прыкладам чужынцаў часта і сярод беларусаў можна заўважыць грэблівы і лёгкадумны пагляд на гэта пытаньне. Падобнае становішча ёсьць недапушчальным з боку беларускага. Трэба ведаць, што „тутэйшасьць“ згуляла нязвычайна вялікую ролю ў жыцьці беларускага народу, бо яна абараніла беларускую нацыянальнасьць ад зьнішчэньня ў найгразьнейшым пэрыёдзе яе існаваньня. Дзякуючы „тутэйшасьці“ беларускі народ пратрываў гэты час у сваей гісторыі і дачакаўся адраджэньня, пры якім зьнішчэньне беларускай нацыі ёсьць ўжо немагчымым. Вялікая шкода, што мы так мала ведаем аб „тутэйшасьці“ і не маем ніякіх прац на гэту тэму, а ўжо вялікім грэхам з боку беларускага было-б успомненае лёгкадумнае адношаньне да гэтага дзейніка, так дасканальна консэрваваўшага беларускую нацыю. За „тутэйшых“ беларусы абсалютна ня маюць чаго стыдацца і павінны сьмела аб іх гаварыць, а нават гардзіцца, бо праяў гэты ёсьць доказам жывучасьці беларускага народу і яго прыроджанага розуму. Дык гістарычна рэч бяручы ацэна „тутэйшасьці“ беларусамі павінна быць толькі пазытыўная.

А як трэба аднесьціся да „тутэйшых“ у сучаснасьці, калі побач з імі разьвіваецца сьведамы беларускі рух? Ці магчыма таляраваць гэты праяў тады, калі ўжо беларускі рух можа пахваліцца вялікімі здабыткамі, калі „тутэйшасьць“ як-бы замінае разьвіцьцё беларускага руху? У прынцыпе на гэта пытаньне трэба адказаць, што беларусы павінны імкнуцца да ліквідацыі тутэйшасьці. Аднак, у залежнасьці ад абставінаў, тактыка тут павінна быць розная. Там, дзе сярод „тутэйшых“ ёсьць досыць беларускіх сілаў і магчымасьцяў, там трэба весьці беларускую асьведамляючую акцыю „поўнай парай“. У тых-жа „тутэйшых“ асяродках, дзе беларусы, з прычын ад волі іхняй незалежных, ня могуць весьці асьведамляючай акцыі, дзе не даходзіць ніякае беларускае друкаванае слова, там тактыка беларуская павінна быць іншай. Там неабходна падтрымоўваць „тутэйшасьць“, проціўставіць яе чужым нацыянальным уплывам. У гэткіх асяродках „тутэйшасьць“ і ў сучаснасьці павінна згуляць тую-ж ролю консэрватара беларускай нацыі, якую згуляла ў гісторыі. „Тутэйшасьць“ трэба падтрымоўваць там датуль, пакуль ня зьявяцца магчымасьці беларускай працы ў гэткіх асяродках.

Урэшце там, дзе ані беларускай асьведамляючай акцыі, ані „тутэйшых“ няма, а людзі, гаворачыя пабеларуску, або сапсутай беларускай мовай, азначаюць сваю нацыянальнасьць паводле веры, там трэба імкнуцца да стварэньня „тутэйшага“ руху. Найбольш гэткіх асяродкаў ёсьць у нашых гарадох. Паўстаньне „тутэйшага“ руху ў гэткіх мясцох дасьць мацнейшыя фундамэнты да беларускай асьведамляючай працы, чымся безпасрэдная беларуская акцыя.

З усяго гэтага вынікае, што наагул беларускі рух павінен уключыць у свае рамы і рух „тутэйшы“, ды заапякавацца апошнім. Гэта магутны саюзьнік, якога ніяк лёгкаважыць ня можна. Таму неабходна, каб нашае грамадзянства больш зацікавілася гэтай справай, каб у нас зьявіліся навуковыя працы аб „тутэйшых“. Квэстыя ўзаемаадносінаў між беларусамі і „тутэйшымі“, інакш квэстыя тактычнага падыходу беларусаў да „тутэйшых“, патрабуе такжа абдуманьня; бо неразважная тактыка можа больш пашкодзіць, як прынесьці карысьці. Дзякуючы гэтай неразважнай тактыцы, маем часта гэткія прыкрыя выпадкі, што ў ваднэй вёсцы ёсьць беларусы і „тутэйшыя“ і ніяк дагаварыцца ня могуць. „Тутэйшыя“ лічаць беларусаў партыяй, як прыкладам П.П.С., камуністаў і г. д. А ўсё дзякуючы няўмеламу падыходу мясцовых беларусаў. У гэтую беларускую „партыю“ „тутэйшыя“ ня хочуць уступаць! Калі на „тутэйшасьць“ бел. грамадзянства зьверне большую ўвагу, тады выясьняцца і найлепшыя шляхі, каторыя прывядуць да поўнага ўліцьця „тутэйшага“ руху ў беларускі.

М. Ш.