Аб беларускай драме

Аб беларускай драме
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1924
Крыніца: Голас Беларуса. 1924. 22 лют

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У нядзелю, 17 лютага, у Драматычнай майстроўні адбылася першая лекцыя з абвешчанага цыклю. Чытаў А. Луцкевіч аб беларускай драме.

Лектар, адзначыўшы, у чым істота драматычнае творчасьці наагул і ў кароткіх словах намеціўшы два шляхі разьвіцьця сусьветнае драмы: адзін — ад антычнае грэцкае драмы — праз Шэксьпіра да нашых часоў, другі — драма царкоўная, створаная ў сярэдніх вякох, — паказаў, як гэтыя шляхі адбіваліся на гістарычным разьвіцьці беларускае драмы.

Драма сярэднявечная царкоўнага зьместу (містэрыі) прыйшла да нас у XVII— XVIII сталецьцях. З тых часоў вядомы ў нас такія духоўныя драмы, як драма ражственская, як «Восіп, сын Ізраілеў», «Жаласьлівая камэдыя аб Адаме і Еве», «Аляксей, чалавек божы» і др. Але побач з тым бачым у гэныя даўныя часы як быццам зачатак і беларускае сьвецкае драмы: гэта — інтэрмэдыі, ці дробныя бытавыя сцэнкі з жыцьця «простых людзей», пераважна камічнага зьместу, якія ўстаўляліся паміж актамі духоўнае драмы дзеля разьвесяленьня публікі. Аднак з гэтых зачаткаў нічога тады ня вырасла: дзеля таго, каб драма сьвецкая магла разьвівацца, патрэбна разьвітае грамадзянскае жыцьцё, — а беларускае грамадзянскае жыцьцё якраз у XVII ст. пачынае занепадаць і зусім заняпала ў XVIII ст. Уся інтэлігенцыя была дэнацыяналізована, далёка адышла ад свайго роднага караня, і не было каму разьвіваць гэную галіну беларускае мастацкае творчасьці. Дык уся астача ў нас ад нашае старое драмы, створанае пад уплывам духоўнае драмы, гэта — народная батлейка.

Наша сучасная драма ёсьць адбіцьцё заходнеэўрапейскае сьвецкае драмы. Пачатак ей паклаў у сярэдзіне ХІХ ст. Вінцук Дунін-Марцінкевіч, які напісаў опэру «Сялянка» (музыку да яе даў Ст. Манюшка) ды камэдыі «Залёты» і «Пінская шляхта». Усё гэта — драмы бытавыя, неглыбокія, бо за часоў Марцінкевіча не было йшчэ шырэйшага беларускага грамадзянскага жыцьця. Блізкая да марцінкевічаўскіх і драма Ядвігіна Ш. «Злодзей», напісаная ў 90-х гадох мінулага сталецьця, праз паўвеку пасьля Марцінкевіча. Запраўднае разьвіцьцё беларускае драмы пачынаецца ў сувязі з магутным узростам нашага адраджэнскага руху. Праўда, і Каганец, і Купала, і Аляхновіч — тварэц мяшчанскае драмы, і Альбэрт Паўловіч — усе яны йшчэ даюць дань бытавой драме. Але адначасна вырастае і драма ідэйная, у якой адбіваюцца ўсе праявы нашага нацыянальнага жыцьця. I тут закрануты глыбокія агульналюдзкія сацыяльныя праблемы (Купалы «Адвечная песьня» і «Сон на кургане», Аляхновіча «Цені»), і барацьба народу за сацыяльнае, палітычнае і нацыянальнае вызваленьне (Купалы «Раскіданае гняздо»; Аляхновіча «Калісь», «Няскончаная драма»; Галубка «Апошняе спатканьне», «Бязьвінная кроў» і др.; Міровіча «Костусь Каліноўскі»; Гарбацэвіча — драма на фоне польскае акупацыі ў Меншчыне; Цішкі Гартнага «На хвалях жыцьця»; Дылы — драма з паўстаньня беларускага сялянства проці панскага прыгону; Якуба Коласа — з часоў імпэрыялістычнае вайны і г. д.). Урэшце бачым нарадзіны і палітычнае сатыры (Аляхновіча «Пан Міністар», Сучаснага «П. С. X.»). Ды шмат дробных рэчаў даюць і Родзевіч, і Гарэцкі, і многа-многа іншых. Урэшце творыцца спэцыяльна дзіцячая драматычная літаратура (Лейкі «Снатворны мак», Алеся Гаруна «Дзіўны лапаць», «Шчасьлівы чырвонец» і др.).

Усе гэта вырасла на грунце іменна нашага грамадзка-нацыянальнага і культурнага росту, і ёсьць у нас запраўдныя цэннасьці ў драматычнай літаратуры, ёсьць запраўдныя таленты з Аляхновічам наперадзе. Тэатр стаўся ў беларускім жыцьці ўжо неабходнай патрэбай, і гэтая патрэба — раз існуюць магчымасьці тварэньня беларускае драматычнае літаратуры — будзе зьяўляцца для нашых пісьменьнікаў магутным пабудзіцелем да працы. Ды ў гэтым — залог разьвіцьця і расцьвету беларускае драмы. Хаця публіка на гэту лекцыю (пасьля ішоў канцэртны аддзел і скокі) дапускалася толькі па запросінам дырэкцыі «Драматычнае Майстроўні», саля была поўная. Спадзяемся, што добры пачатак «Майстроўні» будзе мець усьпех і далей. Чародная лекцыя (у нядзелю, 24 лютага) будзе дапаўненьнем першае: чытаць будзе Ф. Аляхновіч аб гісторыі беларускага тэатру.

Трэба прывітаць навіну, якую ўвяла дырэкцыя «Др. Майстроўні»: лекцыя пачалася, як і было абвешчана, роўна ў 7 гадзін.