Аб значэньні слова «бонда»

Аб значэньні слова «Бонда»
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 3, жнівень 1923 г., б. 51-52
Што трэба разумець пад найменьнямі — Паляне, Дрыгвічы, Дрэўляне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб значэньні слова „бонда“. Ужо Чэчот („Piosnki wieśniacze z nad Niemna i Dźwiny“ Вільня 1846 г.), зрабіў памылку ў тлумачэньні слова „бонда“, ў слоўнічку даложаным да вышэй названай яго кнігі. За Чэчотам абмылку паўторыў Насовіч; за Насовічам пайшлі іншыя, як, прыкладам, выдаўцы кнігі праф. Янчука „Нарысы па гісторыі беларускае літэратуры. Старадаўны пэрыод“. Менск 1922 г.), дзе слова „бонда, ў вынасцы, тлумачыцца так:—„бочка, кадь (укр. бодня), дзе хаваецца асабістая маемасьць і харчы; часамі значыць, выслужаная ўласнасьць — зямля“.

Тлумачэньне гэтае ўзята з Насовіча, які кажа: — Бонда, ы. с. ж. 1) Бочка, кадь. 2) Хлѣбъ печеный. 3) Вь нѣкоторыхъ западных частях Бѣлой Русі: выслуженная доля земли. Выслуженная бонда“. (Стр. 31).

Слова „бонда“ вельмі пашыранае на ўсім абшары Беларусі і даўно ўжываецца ў беларускай пісьменнасьці. Гэтак, у „Судзебніку Казіміра“, выданым у Вільні В. Кн, Літоўска-Беларускім Казімірам, 29 лютага 2468 году пішацца: „А коли чіи паробки украдуть што у кого… коли первое украдеть, ино его не вѣшати, а заплатити бондою его; а не будеть бонды, ино осподар его за него заплатить, а паробка сказнити[1] и пробити“. (Янчук, Нарысы па гістор. бел. Літ. стр. 49).

Гэты тэкст „Судзебніка“ для нашага народу і цяпер саўсім зразумелы, бо і сягоньня яшчэ аплата парабка бывае траякая: а) аплата бондай, б) умоўленай сумай грошы і бондай, 8) толькі грашмі, гатоўкай. Трэба думаць, што даўней, пры натуральнай гаспадарцы, аплата працы прадуктамі зямлі была найболей пашыранай формай, цяпер гэта форма сустрачаецца толькі мясцамі, як перажытак. Пры разрахунку з парабкам „бондай“ за яго працу ў гаспадара, робіцца умова аб тым, якую часьць ураджаю атрымае парабак за вядомы пэрыод працы, або якая часьць зямлі будзе дадзена парабку на яго долю. Парабак дае толькі сваю асабістую працу, гаспадар дае зямлю, інвэнтар, харчы і насеньне. У меншых гаспадарках,— на адну, дзьве, тры сахі,—найчасьцей, парабак вытарговывае, як „бонду“ сабе часьць ад агульнага ураджаю, часам нават, пры умове на—2—3 гады, ў парабкаву „бонду“ ідзе часьць і прыплоду ад скаціны. Гэта форма аплаты наёмнай працы ў народзе вядома пад названьнем „служыць з бонды“.

Другая форма—аплата парабка, грашмі і бондай, да нідаўна яшчэ была вельмі пашыранай, а ў малых гаспадарках практыкуецца і цяпер. Мае яна галоўным чынам на мэце „шчырасьць“ у працы„старэннасьць“ і „прыхільнасьць“ увайшоўшага ў сямью чалядніка. Калі гэта парабак, то яму, акром пэнсыі гаспадар за „старэннасьць“ абяцае даць „бонду“ бульбай або збожжам; калі нанімаецца дзеўка, то ей даецца „бонда“ зазвычай лёнам „на кашулі“, калі—пастух, то яму як „бонда“ паступае парасё ці ягнё. У гэтым здарэньні „бонда“ зьяўляецца добравольным наддаткам да пэнсыі найміту, для заахвоты яго „да шчырай працы.“

У селянскіх семьях, асабліва вялікіх семьях, дзе жывуць разам, на непадзеленай гаспадарцы жанатыя браты, кожды працаздольны семьянін мае сваю „бонду“ ў агульнай гаспадарцы. Падрастаючым дзяўчатам засяваюць гарнец, другі лёну „на палотны“, акром таго даюць ў „бонду“ цялушку, парасёнка. У прыпадку выхаду замуж „бонда“ дзяўчыны зьяўляецца яе пасагам, ею самой запрацаваным. Падрастаючым хлапцом даюць у „бонду“ гадаваць жарабёнка, а ўзросламу „дзяцюку“ даюць мерку, другую збожжа на яго безкантрольныя выдаткі. Пры падзеле братоў, „бонда“ падзелу не падлягае.

Пры пячэньні хлеба, з паскорбкаў дзяжы, гаспадыня лепіць маленечкую булачку, якая завецца „бондачка“ г. зн. піражок, які традыцыйна пячэцца на долю пастуха выходзячага ў поле—„пастуская бондачка“, „каб лепш пасьвіў:“

У гаспадарках, дзе практыкуецца хатняе рэмясло, напр. бондарства, ці выраб лыжак, найміт, за падмогу ў гэтай рабоце, дастье „бонду“ вырабамі, паводле яго „працавітасьці“ незалежна ад пэнсыі.

„Бондай“ кождага семьяніна, ў нашых селян, зьяўляецца яго адзежа, часам рамесьленны інструмант, Слова „бонда“ гэткім чынам тасуецца да ўсякіх рэчэй і прадуктаў, абазначаючы іх выключнасьць з агульна—сямейнай ўласнасьці.

У часе гэтай вайны нашы селяне, разумеючы саму істоту слова, ўжывалі, саўсім правільна слова „бонда“ замест, нічога іх сэрцу і розуму негаворачага, расійскага—„паёк. Атрымала бондачку; выдалі бондачку і г. п. (Барысаўскі павет, а такжа каля Оршы).

Што датыча слова „бодня“, то яно у нас мае больш разьвітыя формы чым у Украінцаў, у якіх маецца толька адна форма для абазначаньня вялікага бондарскага начыньня. Мне здаецца, што больш правільна „боднар“ чым „бондар“. Бо „бадніна агульнае называньне начыньня боднарскай работы, „баднаўё“, зборнарнае названьне боднарскіх вырабаў.

Л. А.

Зноскі

правіць
  1. Слова—казна, казьня ўжывалася ў старой Беларусі ў значэньні „кара“; „Прабіць“—знача кляйміць прабіцьцем дзіркі на вуху або ноздры.