Аб камянях-краўцах

Аб камянях-краўцах
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 46-47

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В — т.

Аб камянях-краўцах

Героі і магуты становяць у міфалогіі пераход ад багоў да людзей. Гэтак, мы бачым ў эпічнай творчасьці чыста мітычную сілу і дзеяньні апяваных магутаў. Магутамі-ж у гэтай творчасьці зьяўляюцца арганізатары плямён і заснаўцы дзяржаў, ці іх абаронцы. Іхнія дзеяньні ў вуснах пяўцоў вырастаюць да дзеяньняў багоў, а іх імёны прыймаюцца за назоўныя для славіўшых іх народаў. Памяць аб гэткіх героях-прашчурах захавалася да нашых дзён ў найменьнях народаў, якія утвораны ад ўласнага назоўнага, бацькаўскага з канчаткамна іч, ічы. Нэстар апавядае: „былі два браты ў ляха, Радзім а другі Вятка; і прыйшоўшы аселі Радзім па Сожу, празваліся Радзімічы, а Вятка асеў з родам сваім па Ацэ, ад яго празваліся Вяцічамі“. Гэта ўжо вельмі позны адгалосак эпічнай повесьці; ня ўходзячы цяпер ў яго ацэну, нам гэта повесьць важна як пацьверджаньне вышэй высказанай мысьлі, што найменьні народаў з канчаткам, на іч ічы, утварыліся з назоўнага бацькаўскага. З назоўнага бацькаўскага утварылася, праўдападобна і най-меньне—Крывічы.

Эпічныя Волаты і магуты, паводле народных пераказаў, паперакіданы былі ў камяні і скалы.

Гэта апошняе цьверджаньне насувае дагадку, што нашы камяні-краўцы, не былі першапачаткова камянямі-краўцамі, а—эпічнымі магутамі. З выміраньнем родчай старасьвеччыны, асабліва з разпадам быліннага Эпосу на казкі, гэткая замена крыўца на краўца вельмі лёгка магла стацца, дзякуючы падобнасці гэтых двох слоў. Наша этнографічная літэратура перапоўнена апавяданьнямі аб камянях-краўцах, ў якіх ня трудна заўважыць загадковую мітычную постаць. Для прыкладу падаю тут адну з гэткіх аповясьцяў. Каля дарогі зв. Стары Пагост (Дзіс пав.) у засценак Замосьця, ляжыць на пожанцы даволі вялікі камень, блізка ў рост чалавека: Гэта камень-кравец. Калісь у камяні бытцам было аконца ў якое, калі палажыць тканіну і сказаць што пашыць, то на другі дзень знойдзеш пашытае. Дзеялася гэта датуль, пакуль нейкая ліхая баба не накідала ў сярэдзіну аконца навозу, кажучы пашыць ёй чаравікі. Бабу на месцы-ж скорчыла; але аконца зачынілася і ніхто ўжо больш ня бачыў яго. Побач з гэтай легендай, істнуе аб гэтым камяню і другая,

Відаць з ранейшага пэрыоду, што камень-кравец хадзіў па сьвеце. Вось абрывак апавяданьня з гэтых падарожаў: Дзесь, у якімсьці горадзе будавалі царкву і што не навозяць людзі каменьня, то чорт, за ноч, і паперакідае іх на другі бок ракі. Людзі вельмі непакоіліся гэтым; калі дачуўся камень-кравец аб прайдоху-чорце, перакінуўся з камяня ў магута і пайшоў на тое мейсца, дзе чорт бузаваў. І, вось, што чорт перакіне праз раку камянь, то ён яму назад кіне два камяні, чорт сколькі це стараўся, ня мог асіліць „краўца“, і ўрэшце, здаўся: А ад гэтай гульні собралася там, дзе патрэбна было, гэтулькі каменьня, што з яго і пабудавалі царкву.

Гэта аповесьць пазваляе нам бачыць ў краўцу магута, нязвычайнай сілы, які перамагае, праціўную, благую сілу. Падобных рысаў „краўцоў“ можна сабраць шмат, навет унадрукаванай крыўска-беларускай этнографічнай літаратуры, ў народзе-ж іх шмат больш.

Відаць спачатку гэтым камяням крыўцам,—а не краўцам,—складалі ахвяры. Пацьверджаньне гэтай думкі знаходзім ў Романава („Бѣлорусскій Сборнік“ Вып. IV. Витебск. 1891. стр. 172), дзе ён апавядае вось што: „Каля в. Камяня, камянецкай вол. і в. Загорья, шуміхаўскай вол, Себежскага пав. Віц. губ. ёсьць камяні Пястун і Бабка, якіх багомяць акалічцыя сяляне. Камяням гэтым складаюць ахвяры: кавалачкі хлеба, дробныя манэты, палатно, ягады і стужкі. Паводле народнай пагудкі абодвы камяні—скамянеўшыя людзі“.

З гэтай зьменкі мы даведываемся ня толькі аб тым што гэткім камяням складаліся ахвяры, але, ў дадатку, што ахвяры складалі палатном і стужкамі. На падставе памяці аб складаным у ахвяру палатне, лёгка адбылася замена імён, тым больш, што праўдзівае крывец—пакрывалася што раз большай цемрай забыцьця, а другое—кравец,—было саўсім рэальным. Далей ужо, на аснове адносін краўца да палатна, вытварылася навейшая пагудка, што камяні шылі вопратку.

Дык з усей праўдападобнасьцю трэба бачыць ў цяперашніх камянях—краўцах, магутаў крыўцоў, ці крыўца, мітычнага націяцальнага героя нашага крыўскага племя. Дзеля гэтага на абавязку беларускіх этнографаў, якія маюць магчымасьць працаваць у краю, ляжыць сабраць народныя легенды аб гэтых камнях. З абрыўкаў, з аддзельных эпізодаў, можа, з часам злажыцца цэлае, якое будзе адным з найцаннейшых укладаў у націянальную нашу скарбніцу.