Песьня (з народнай) Аб мужыцкай долі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Навука
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб мужыцкай долі (Ходзяць гутаркі па сьвеце…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АБ МУЖЫЧАЙ ДОЛІ.

Ходзяць гутаркі па сьвеце
Летам і зімою,
Ад вашэці да вашэці,
Ходзяць чарадою.

Па балючай, па вячыстай
Б’юць усё струне:
Абяднеў мужык дачыста,
Аж чуць-чуць дыхне!

Зьвёў сваю нядолю-долю.
У казіны рог,
Цёплай хаты, ўдоваль поля
Крыў бяднязе Бог.

Скарб адвечны—гаспадарку
Пераеў, прапіў,
Цемнату, бяду на карку
Возіць, як вазіў.

Думкі славы, долі, волі—
Як і ня былі,—
Дрэмлюць недзе ў чыстым полі…
Ўзыйдуць-жа калі?

Трэба злое ўсё растрэсьці,
Сонных разбудзіць,
Трэба новае ўсё ўзьнесьці,
Новы шлях адкрыць.

…Ці што знаюць, ці ня знаюць,
Вось, абы, з бяды!
Так пяюць, так адпяваюць
На усе лады.

Чуе ўсё мужык наш гэта,
Чуе кожны дзень,
Ды ўздыхае з лета ў лета,
Ды снуе як цень.

Ой, ня грэе, хоць і сьвеціць,
Месяц над зямлёй…
Ходзяць гутаркі па сьвеце,
Ходзяць чарадой.

1908 г.