Аб назовах «Крывія» і «Беларусь»
Аб назовах «Крывія» і «Беларусь» Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1925 Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 364—378. |
Імя Крывія, як назоў тэрыторыі, занятай племем крывічоў, выступае разам з першымі пісанымі гістарычнымі помнікамі на ўсходняй славяншчыне. Знае крывічоў і іх тэрыторыю рускі Пачатны летапіс, які, апавядаючы аб тым, як род Рурыкаў заснаваў сваё княжэнне ў палянаў, зазначае пры гэтым, што побач з падбітымі палянамі іншыя плямёны былі яшчэ незалежнымі, мелі свае княжэнні: «в Деревлях свое, а Дреговичи свое, а Словене свое в Новегороде, а другое на Полоте еже есть Полочане; от их же Кривичи, иже седят на верх Волги и на верх Днепра, их же град Смоленск [град сей от них создан (Пераяслаўскі спісак)]: туде бо седят кривичи; таже Север от них» (Спіскі: Лаўрэнцьеўскі, Іпацьеўскі, Нікан[аўскі], Васкр[асенскі],Тверскі, Сафійскі, Наўгародскі і інш.).
Найменне «крывічы» было вядомым і нямецкім гісторыкам. Гэтак, кронікар Дусбург (Dusburg, caрit. 315) пад 1314 годам піша: «Frater Henricus Marschalcus… venit ad terram Crivitae, et civitatem illam, guae parva Nogardiadicitur cepit». Гэта знача: «Брат Генрык Маршалак… прыйшоў у зямлю Крывіція і места яе, каторае Новагародкам завецца, здабыў».
Імя крывічы ведама было і ў Італіі: у жыццяпісе св. Параскевіі (Pаrаxеdis), князёўны полацкай, пісаным па-лацінску, полацкая князёўна названа «Rеginа Кrivitае» — каралеўна крывічоў (Kazanie na Pogrzeb Maryanny Korsakуwnej. Люблін, 1687. Б. II, 49).
Усе выдатнейшыя вучоныя, згодна гістарычным даным, тэрыторыю крывічоў абазначаюць па верхнім Нёмане, па Дзвіне, Дняпры і верхняй Волзе. У ліку крыўскіх гарадоў называюць: Смаленск, Ізборск, Полацак, Менск, Новагародак.
Ізборск і Смаленск вельмі рана, у X стаг., былі падбіты вайсковымі дружынамі нарманаў, якія слылі ў нас пад імязовам «русь», узятым з фінскай мовы. Чужынцы-заваёўнікі імя «русь» пачалі ўжываць дзеля акрэслення падуладнасці падбітых плямён, пераносячы гэтае імя і на падбітыя крыўскія землі. Асабліва ж пашырылася ў нас імя «русь», калі пачалі заводзіць хрысціянства, якое на ўсходнеславянскіх землях у X—XI стст. было верай пануючых сфер і гарадскога жыхарства, а знача — у пераважнасці верай тых самых варагаў-русі і верхаводзячых у рэлігійных справах грэкаў. «Русь» было імем не толькі новабудаванай варагамі дзяржавы, але і назовам новай хрысціянскай веры ў адрозненне ад славянскага паганства. І вось усё, што не ўкладалася ў рамкі хрысціянства, як яго разумелі візантыйцы (і варагі-русь), лічылася адрынутым, «бесаўскім». Усякае выражэнне дахрысціянскага верання, безумоўна, асуджалася і праследавалася, як чартоўскае… Пад гэтае паняцце (чартоўскага, процілеглага хрысціянству і варажскай над славянамі ўладзе) падтасоўвалася і праяўленне народнасці (гэта знача, — мова мясцовых плямён, іх звычаі, абычаі і нацыянальныя імёны). Словам, у варагаў-русі прынцып народнасці быў падменены прынцыпам праваслаўя і варажскай улады, а адно і другое выражалася ў імені «русь». Такжа даволі рана праз хрысціянства, якое раr еxсеlenсе было верай рускай, і праз пануючую напаўкрыўскую, напаўваражскую (Рагнеда — крывічанка, Валадзімер — вараг) дынастыю гэтае імя «русь» пачало прыліпаць і да крывічоў, не падбітых варагамі (полацкіх).
Калі ў XIII ст. крыўскія землі апынуліся пад панаваннем літоўскай дынастыі, нашы прашчуры імязовы «літва», «літвін» прынялі як тэр[мін] для абазначання дзяржаўнай прыналежнасці. Кожны крывіч з роду і племені быў «літвіном» па дзяржаўнай сваёй прыналежнасці і «русін» па веравызнанню.
Так разумелі тэрмін «русь» вялікія князі літоўскія і нашы крыўскія пісьменнікі ўключна з Францішом Скарынам. Так, в. кн. Казімір у акце 1440 года падзяляе сваіх падданых: «ляхь, літвін, витблянин, русин (кіеўшчына) или с иных наших земль». З гэтага бачым, што толькі адна Кіеўшчына, як быўшы цэнтр і гняздо варагаў-русі, насіла назоў «русь» у палітычна-тэрытарыяльным значэнні. Праглядаючы акты і дзяржаўныя дакументы б. Вял. Кн. Літоўскага, раз-пораз сустрачаем гэткія акрэсленні: «Шляхта литовского и руского народа» ў значэнні каталікі і праваслаўныя, або «панове и шляхта обоего закону и веры хрестиянское: римского закону — литва и греческого — русь» (Первольф. Славяне. Т. III. Ч. II).
Географ і гісторык В. Кн. Літоўскага, Гвагнін, італьянец, які жыў у канцы XVI ст., гаворачы аб Вільні, кажа: «…у гэтым горадзе святынь рымскай і рускай веры, мураваных і драўляных, маецца каля 40; такжа мітрапаліт рускі, у царкве рускай вялікай, прысвячонай Прасвятой Дзеве, якую яны называюць Прачыстай, мае сваю сталіцу. А ва ўсім Княстве Літоўскім сем рускіх уладык: полацкі, львоўскі, валадзімерскі, пінскі, луцкі і кіеўскі». («Кrоnіка» надрукавана па-лацінску ў 1578 годзе, а ў перакладзе на польскую мову ў 1611 г.)
З першапачатнага назову «русь», пад уплывам візантыцкага канцылярскага стылю, вытварыліся назовы «Русь Белая, Чорная, Вялікая і Малая» (глядзі стаццю Первольфа ў Аrсhiv fur Slаv. Рhilоlоgiе «Аб назовах Русь (Россия) Вялікая, Малая, Белая»).
Назоў «Белая Русь» найраней выступае ў прускіх немцаў як тэрмін геаграфічны, але пад гэтым геаграфічным назовам яны разумелі не крыўскія землі, а землі, распаложаныя на ўсход ад Белавозера. На адной з першых друкаваных карт наогул і першай друкаванай карце Нямеччыны ў асобнасці, апрацаванай кардыналам Мікалаем Кузанам у 1460 годзе і адбітай у 1491 годзе, паказаны: Роlоniа, Рrussia, Sаmоgitiа, Livоniа, Littuaniа, Роdоliа, Russiа (Галічына) i Albа Russiа sivе Моsсоviа (Белая Русія, або Масковія). Гэтакім чынам, у канцы XIII і пачатку XIV ст. назоў «Белая Русь» немцы лічылі паралельным назовам для абазначання Масковіі. На некаторых картах XIV ст. назоў «Белая Русь» аднесена яшчэ далей на поўнач, на адну шырыню з Халмагорамі; гэткае палажэнне мае «Белая Русь», прыкладам, на карце Масковіі італьянскага географа Якуба Гастальдзі 1548 года, дзе мы бачым на далёкай поўначы Russia biаnka (Белая Русь), а на поўдні з правай стараны Дняпра — Russia Rossa (Чырвоная Русь). (Гл.: Курс белоруссоведения: Лекции, читанныя в Белорусском народном университете в Москве летом 1918 года. М., 1918—1920. Б. 95—96. Стацця праф. Анучына.) У XVII і XVIII стст. Белая Русь саўсім немаль зыходзіць з геаграфічных карт. А гэта вось чаму.
Масковія пасля слаўнай перамогі над татарамі на Куліковым полі (1380 г.) замест наймення «Чорная Русь» (нявольная) пачала сябе называць «Белай Русью»[1] ў значэнні вызваленай з-пад татарскага ярма. Гэты назоў праўдападобна за ёй і астаўся бы назаўсёды, каб не другая важная падзея ў жыцці Масковіі. Такой важнай падзеяй было сужэнства маскоўскага в. князя Івана III з грэцкай царэўнай Аленай.
Да заваявання туркамі Візантыйскай імперыі грэцкае праваслаўе мела апору ў візантыцкіх імператарах. Пасля ж заваявання туркамі Візантыі адзіным незалежным праваслаўным манархам астаўся цар маскоўскі. Жаніцьба з грэцкай царэўнай як быццам ставіла яго ў палажэнне спадкаберцы візантыцкіх імператараў. Так, прынамні, глядзела на гэта маскоўскае і часцю грэцкае духавенства, што дало свае вынікі.
Іван III прымае тытул цара (у дакументах пісаўся нават «цесарь») і прысвайвае сабе візантыцкі герб двухгаловага арла. А каб апраўдаць гэты амбітны назоў, грэкі падсоўваюць Маскве мысль гістарычнага яе пасланніцтва ў аб’яднанні ўсіх усходнеславянскіх аднаверцаў пад сваёй уладай, у чым Царгародскі патрыярхат абяцае сваю дапамогу «Трэцяму Рыму».
З гэтай мэтай усю «русь» (па веры) падзяляюць на царкоўныя правінцыі, у выніку чаго паяўляецца ў пачатках ХVI ст. на свет канкрэтная царкоўна-адміністратыўная тэрміналогія: Русь Вялікая (Масковія), Русь Малая (Украіна) і Русь Белая (крыўскія землі, якія ўходзілі ў склад В. Кн. Літоўскага).
Гэту царкоўна-адміністратыўную тэрміналогію ахвотна прымае (пакуль што — прыватна) толькі маскоўскі ўрад, абазначаючы тэрмінам «Белая Русь» крыўскія землі толькі да Дняпра, а пасля паходу Івана Грознага на Полацак, — пашыраючы гэты назоў да Дзвіны і Бярэзіны. Ужо Іван IV даводзіў: «Вся руская земля наша вотчына». Знача, ужо ў канцы XVI ст. замысл хітрых грэкаў увайшоў у пераконанне маскоўскіх цароў. Пры гэтым Масква пачала называць крыўскую пісьменную мову «белоруской», і гэты назоў яна мела толькі ў Масковіі і нідзе больш (гл.: Первольф. Славяне. Т. III. Ч. II. Б. 168). У нас у той час яна называлася «рускай», бо літары (славянскія), якімі выражалася крыўская мова на пісьме, былі прыналежнасцю «рускай» царквы. Усё гэтае імязоўніцтва ведама было толькі Маскве, да другіх краёў даходзіла яно туманнай легендай.
Гэтак Гвагнін так піша: «Руская зямля, якую здавён Раксаланіяй называюць, ляжыць ад усходу сонца пры Белым возеры, пры рацэ Танаіс (Дон), якая Еўропу ад Азіі аддзяляе; на захад — да граніц Валахіі і Малдаўскай зямлі; з поўдня гранічыць з горамі Татрамі. А ёсць траякая: адна Белая — каля Кіева, Мозыра, Мсціслаўля, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска, Северскай зямлі, якая здавён да В. Кн. Літоўскага прыналежыць; Чорная — у Маскоўскай зямлі, каля Белавозера і там усюды да Азіі: Чырвоная — пры горах, якія Татрамі называюць…» (Кrоniki Sаrmacii Europ. Бал. 323).
Падобна Гвагніну, «Чорнай Руссю» называе яшчэ Масковію Стрыйкоўскі. Сымон Старавольскі (у «Gеоgrаfii Роlskiej», выданай у 1656 годзе па-лаціне ў Wolfenbüttl) тлумачыць: «Русь… паложаная за Донам і на́чамі Дняпра здавён-даўна празываецца Чорная Русь, а пазней яе пачалі зазвычай называць Масковіяй. Царства гэтае ад горада і ракі Масквы атрымала назоў, а перш называлася Азіяцкая Сармація, а Дняпроўская Русь — Еўрапейская Сармація, а сама Польшча Вандаліяй называлася».
Усе гэтыя гісторыкі жылі ўжо ў часы, калі Масковія была вызвалена з-пад татарскай няволі, але яны памяталі аб яе ранейшым паярэмленні і дзеля гэтага зазначалі: «Даўней называлася Чорнай Руссю, а цяпер Масковіяй», яўна блутаючы пры гэтым разнародныя тэрміны: царкоўна-адміністратыўны тэрмін (Белая Русь), народна-гістарычны (Чорная Русь) і палітычны (Масковія). Дый не дзіва, што чужыя збіваліся, калі збіваліся ў гэтых назовах і самі народы, якім імязовы гэныя былі гісторыкамі прыпісваны.
Затое добра разбіраліся ў гэтым маскоўскія «собиратели Руси»: яны разумелі, што Маскве трэба аберуч трымацца імені «русь» і што ўсе ўсходнеславянскія землі, дзе жывуць праваслаўныя, падлягаючыя зверхнасці маскоўскіх патрыярхаў, трэба хрысціць афарбоўкамі і памерамі гэтага імені для палітычнай экспансіі.
Першы раз старакрыўская мова была назвала «беларускай» у кнізе «Kazanie św. Cyrylla patryarchy Jorozolimskiego» (1596), у прадмове да якой аўтар яе, Сцяпан Зізаній, кажа, што выдаў ён тое ж самае і ў мове «bіaloruskіej». Калі прыняць пад увагу, што абодва браты Зізаніі-Кукелі (трава кукаль па-грэцку — зізані) былі як змагары за праваслаўе цесна звязаны з Маскоўскім патрыярхатам[2], то будзе ясна, скуль гэты тэрмін трапіў першы раз у польскую кніжку. Па-за гэтым адзіночным прыпадкам, у краёвай пісьменнасці не сустрачаецца ў такім азначэнні «Белая Русь» да другой палавіны XVII ст. Лаўрын Зізаній у 1596 годзе старакрыўскую мову называе «літоўскай» («Катехізис, по-литовски — оглашение»), гэтаксама называе яе і Памва Бярында ў сваім слоўніку 1653 года («Петел: Ческі і Рускі, когут. Волынски, певень. Литовски — петух», бал. 133).
Тэрмін «Белая Русь» пачынае ўходзіць у жыццё пасля таго толькі, калі цар Аляксей Міхайлавіч (1645—1676), заваяваўшы немаль усю Літву, да Коўны і Берасця ўключна, прыбірае тытул «Царя и самодержца всея Великия, Малыя и Белыя Руси». Андрусаўскім мірам 1667 г. былі далучаны да Масковіі ўсходнекрыўскія землі — Смаленшчына і Севершчына. Гэта быў першы падзел крыўскіх зямель. Як пры ўсякім падзеле суцэльнага народнага арганізма, так і ў гэтым здарэнні пайшлі перабежчыкі. Нашых перабежчыкаў у Масковіі сустрачалі вельмі прыхільна, бо яны былі, па-першае, культурным элементам, якога Масковіі не хапала, а па-другое, былі праваднікамі «сабірацельскай» палітыкі Масковіі. З гэтага часу назоў «Белая Русь» (усё яшчэ як тэрмін царкоўна-адміністратыўны) пачынае пранікаць і на захад ад лініі Андрусаўскай угоды.
У 1772—1796 гадах усходнекрыўскія землі былі далучаны да Расійскай імперыі. Царыца Кацярына любіла называць нованабытыя землі «от Польши возвращенными», але ўзварот гэты расійцы разумелі ў той спосаб, што Полацак, Менск, Магілёў і др. гарады становяць спадак па патомках Валадзіміра, прадстаўніцай якіх быццам была царыца Кацярына. Апіраючыся на царкоўна-адміністратыўны назоў, царыца Кацярына актам, выданым 6 лютага 1774 года, першы раз у гісторыі надала крыўскім землям дзяржаўна-адміністратыўны назоў Белай Расіі («некоторыя провинции, общеназываемыя Белой Россией»).
У кацярынінскай «Белой России» было ўстаноўлена Беларускае генерал-губернатарства і для даследавання нованабытага краю — навуковая ўстанова «Белорусское Вольно-экономическое общество» ў Віцебску. Беларускім праваслаўным біскупам быў назначаны вядомы Юрый Каніскі, беларускім уніяцкім архібіскупам — Іраклій Лісоўскі, а такжа была заснавана новая каталіцкая беларуская архібіскупія ў Магілёве, з архібіскупам Богуш-Сестржанцэвічам на чале.
Гэткім чынам у канцы XVIII ст. з’явілася на свет не існаваўшая датуль дзяржаўна-адміністратыўная адзінка — Беларусь у складзе Расійскай імперыі.
Пасля першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе ва ўсёй Еўропе ўзрасло зацікаўленне як гісторыяй Польшчы, так і гісторыяй крыўскіх зямель, далучаных ад яе да Расіі пад імем Літвы. Самы грунтоўны дослед даў у канцы XVIII ст. англійскі вучоны гісторык Ватсан[3], які на аснове філалогіі і гісторыі давёў, што славянская часць Літвы няправільна называецца «Літвой» ці «Русью», а што істотным імем славянскай народнасці, засяляўшай Літву, ёсць імя «крывічы».
Аб’ектыўныя довады Ватсана і праца Шафарыка мелі ўплыў на расійскага гісторыка Карамзіна і на гісторыка Літвы Нарбута. За Карамзіным і Нарбутам пайшлі немаль усе расійскія і польскія гісторыкі першай палавіны XIX ст. (да 1860-х гадоў).
Аднак як Карамзін, так і Нарбут высказаліся даволі неакрэслена, дзеля гэтага да 60-х гадоў XIX ст. адміністратыўная адзінка «Белая Россия» і афіцыяльна лічылася ў расійцаў «Літвой», а заходная часць — нават «Польшей».
Дзеля заслуг езуітаў, якія прычыніліся да таго, што крыўскія землі былі далучаны да Расіі без закалотаў і пратэстаў, — Кацярына пакінула шырокія правы памешчыкам, якія, як адзіная інтэлігенцыя ў краю, з каторай рэкрутавалася і чыноўніцтва, ад 1772 да 1830 года вытвараюць «беларускую» пісьменнасць. Уся гэта «беларуская» пісьменнасць была друкавана ў чыстай польскай мове, а толькі па тэрытарыяльнай прыналежнасці аўтараў і па месцу выхаду кніг названа «беларускай». Гэткім чынам у ўтвораную царыцай Кацярынай «Беларускую правінцыю» палякі й езуіты ўлілі польскі змест, гэта ім было лёгка зрабіць, бо над шырокімі народнымі масамі крыўскага сялянства Расія аддала ўладу ў рукі памешчыкаў-палякаў, а апошнія прадстаўлялі край перад дзяржавай.
Калі ў 1831 годзе выбухла польскае паўстанне, то расійскі ўрад пабачыў, што Беларусь з’яўляецца аб’ектам польскіх прэтэнзій. Ні палякі, ні расійцы не лічыліся з аграбленым і абязволеным крыўскім народам, які знаходзіўся ў прыгоннай залежнасці. Ні адным, ні другім не прыходзіла ў галаву прызнаць за гэтым «простым» народам хоць цень самаістасці. Аб Беларусі ставілася толькі пытанне ў плашчыні — Польшча гэта ці Расія? Палякі даводзілі, што мова «тутэйшага» народа ёсць правінцыянальная адмена польскай мовы, расійцы ж наадварот, што гэта — правінцыянальная адмена «русскаго языка». Палякі ў гэтай спрэчцы мелі моцны аргумент — вытвараную імі «беларускую пісьменнасць», чаго ў расійцаў яшчэ не было.
У кожным здарэнні пасля 1831 года стаў для расійцаў ачавістай бессэнсоўнасцю назоў «Беларусь» з яго польскім зместам, — і цар Мікалай перамяноўвае «от Польши присоединенныя провинции» ў «Западную Россию».
Але ў «рускасці» крыўскіх зямель расійскі ўрад не меў пэўнасці. Вельмі характэрны выпадак апавядае Доўнар-Запольскі (Исследования и статьи. Кіеў, 1909. Т. I. Б. 337): «У 1835 годзе вядомы гісторык Устралаў вылажыў обер-пракурору святарнейшага сінода Пратасаву і міністру народнай асветы Увараву, што Літоўскае княства — такжа Русь. Пратасаў, для якога гэта было важна „дзеля палітычных меркаванняў“, і Увараў прыйшлі ад гэтага „ў захват“ (выражаючы яго ў французскай мове), яны пастанавілі „тотчас же“ далажыць аб гэтым цару».
Пасля гэтага спрытнага «адкрыцця» па нейкім часе была распачата праца па даследаванню «Западно-русского» краю. Праца гэта была даручана тром найпаважнейшым навукова-дзяржаўным установам: Расійскаму Геаграфічнаму таварыству, Статыстычнаму камітэту і Расійскаму Генеральнаму штабу. Першым прыступіла да працы Расійскае Геаграфічнае таварыства, якое вырабіла падробную праграму даследавання краю і разаслала яе ўсім урадавым установам для выканання. Сабраныя матэрыялы былі апублікаваны ў «Этнаграфічных зборніках» гэтага таварыства (1853—1864 гг.) пад рэдакцыяй Кавеліна. У першым зборніку, у стацці самога Кавеліна, крыўская мова названа «тамошней». У трэцім зборніку знаходзім стаццю «Заметки о западной части Гродненской губернии», у якой надрукаваны слоўнік «Белорусско-кривичанскаго языка» (б. 193—201) і сабранне «Крывічанскіх песен» (б. 201—276). У 1857 годзе выйшла з друку першая гісторыя Беларусі Турчыновіча (Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен, СПБ., 1857). Турчыновіч побач з назовам «беларусы» ўжывае назоў «крывічы» нават у агалоўках часцей свае кнігі, прыкл., «Книга третия. Литва покоряет Кривския земли». Крыху раней, у 1855 годзе, паяўляецца праца генерал-маёра Бэз-Карніловіча «Историческия сведения о примечательнейших местах в Белоруссии», дзе, між іншым, саўсім слушна кажа: «Народ кривичанский занимал всю Витебскую губернию, южную часть Псковской, северо-западную часть Смоленской и северную половину губерний Могилевской и Минской, к чему неоспоримым доказательством служит самое наречие белорусскаго языка, до сих пор оставшееся в разговорном, хотя обруселом языке, употребляемом жителями тех мест».
Побач Геаграфічнага таварыства працаваў Дэпартамент Генеральнага штаба, які ў 1857, 1858 і 1859 гадах рассылае апрацаваныя ў папярэднія гады асобныя інструкцыі і праграмы для даследавання нашага краю. У 1861 годзе выдана было Штабам апісанне Віленскай губерні, якое напісаў Корэва (Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генеральнаго Штаба. Виленская губерния. Составил генеральнаго штаба капитан А. Корева. СПб., 1861. VIII, IV; 804 балоны). У гэтай саліднай кнізе аўтар так характарызуе жыхарства Віленшчыны: «Славяне, населяющие Виленскую губернию, кроме выходцев из Великороссии, великороссиян, разделяются на белоруссов, черноруссов и кривичей» (бал. 290). Для характарыстыкі пераважаючай мовы ў Віленшчыне аўтар падае адрыўкі «из песен славян», якіх называе «племенем кривичанским». Усе прыведзеныя песні даюць пробкі крыўскай (беларускай) мовы.
Другім выданнем Генеральнага штаба было апісанне Гарадзенскай губерні (Материалы для географии и статистики России, собранныя офицерами Генеральнаго Штаба. Гродненская губерния. Составил член Имп. Рос. Геогр. О-ва генеральнаго штаба подполковник П. Бобровский. СПб., 1863. У дзвюх часцях: I-я XXII+866 б.; 2-я VIII+1074 балоны). Хоць пад уплывам ужо абрусіцельнай палітыкі расійскага ўрада ён запэўняе, што Гарадзеншчына была і ёсць «русская», але пры гэтым тлумачыць, што беларусы ёсць патомкамі крывічоў (б. 622—623).
Статыстычны камітэт распачаў сваю работу па даследаванню нашага краю ў 1835 годзе (услед за «адкрыццём» Устралава) і вёў яе ў прадоўжанні 1840-х гадоў. Урэшце, пад рэдакцыяй М. Лябёдкіна выдрукаваны былі вынікі працы Камітэта пад агалоўкам «О племенном составе народонаселения Западнаго Края Российской империи» (у «Записках Геогр. О-ва», 1861, кн. III). Паводле гэтай афіцыяльнай статыстыкі ў 1830—1860-х гадах 26 106 душ яшчэ лічыла сябе крывічамі.
Пад уплывам паўстання 1861 года стаўся гвалтоўны паварот: у Маскве і Петраградзе раптам загаварылі аб прадвечнай рускасці крыўскага краю і адначасна аб абрусенні яго. «У ўсіх на вуснах было слова абрусенне… „западно-рускаго края“», — іранізуе расійскі вучоны Пыпін. Побач з бязлітасным нішчаннем польшчыны на крыўскіх землях Расія энергічна выступіла і супроць першых проблескаў нацыянальнага адраджэння крыўскага і ўкраінскага народаў. Пыпін так аб гэтым апавядае («Белорусская этнография»): «Няведама, па якому сігналу пачаліся гэтыя нападкі, але яны выйшлі з усякай меры прыстойнасці і пісьменніцкай годнасці. Смерць Шаўчэнкі, у каторым пры ўсёй непрыхільнасці да характару яго твораў, нельга было не прызнаць выдатнага паэты, утрата якога выклікала многа гарачага спачуцця і ўспамінаў паміж яго пабратымцаў, —для „Вестника“ (Вестник Северо-Западной России. 1862—1863. Т. IV, апрель IV , б. 32 —42) паслужыла прычынай да стацці сапраўды агіднай („гнусной“): гэта быў цэлы паток лаянкі, і галоўнай прычынай усіх недастаткаў Шаўчэнкі аказывалася тое, што ён быў не „благородного“ паходжання. Мысль аб выданні кніг для народнага чытання на ўкраінскай мове, якую выкладаў Кастамараў у „Основе“, сустрэчана была градам абвінавачань, як мысль шкодная і ледзь не здрадная. Тут ужо было сказана, што мысль аб кнігах на ўкраінскай мове ідзе „не ад Бога“ (дык?), а хутка пасля і ў другіх стаццях было вытлумачана, што ўкраінафільства ёсць акурат галіна польскай інтрыгі — славэтная тэма, якая пасля многа разоў паўтаралася і шчасліва дажыла, са сваімі вынікамі, да нашых дзён».
Пад рубрыку «польскай інтрыгі» было падведзена і крыўскае адраджэнне. Пацверджанае доследамі многіх расійскіх вучоных і такіх грунтоўных навукова-дзяржаўных устаноў, як Географическое общество, Статистический комитет і Генеральный штаб, — існаванне наймення «крывічы» для абазначэння нашага народа і краю было асуджана, адкінута і прыпісана польскай інтрызе[4]. У гэтым паходзе супроць найменняў «крывічы» і «ўкраінцы» прымала ўдзел усё расійскае грамадзянства, як лібералы, так і чорнарэакцыйныя кругі: усе, з славянафіламі на чале, згаджаліся і напіралі на абрусенне крыўскіх зямель. Замест найменняў «крывічы» і «ўкраінцы» расійская прэса і ўвесь дзяржаўны апарат прапагавалі найменні «белоруссы» і «малоруссы», якія павінны былі абазначаць толькі этнаграфічную адмену «адзінага расійскага народа». Прычым гэтыя тэрміны не былі пашыраны на займаныя «белоруссами» і «малоруссами» тэрыторыі: для апошніх былі прыняты «раз назаўсёды і беспаваротна» тэрміны «Северо-Западный» і «Юго-Западный край».
Аднак трэба было і для сябе і для заграніцы абаснаваць, на што апіраецца назоў «белоруссы». Зрабіць гэтае абаснаванне ўзяўся прускі немец, які быў на расійскай службе, — Экерт. Гэты апошні прыйшоў да выснаўку, што нішто так выразна і праўдна не вызначае граніцы паміж народнасцю «рускай» і «польскай», як веравызнанне. Гэткім чынам у «Западной России» ўсе тыя, якія вызнаюць праваслаўную веру, павінны лічыцца рускімі, а тыя, хто вызнаюць каталіцтва, — палякамі (у прадмове, напісанай Экертам да «Атласа народонаселения Западно-Русскаго края по вероисповеданиям». СПб., 1861). Пры гэтым Экерт, разлічаючы на народную цемнату, кажа: «Чым ніжэй ступеня асветы, на якой стаяць народы, параўнаныя паміж сабой з нацыянальнай стараны, тым важней і больш рашуча значэнне веравызнання, як спосабу разгранічэння народнасцяў» (б. 10). А ўрэшце канчае Экерт свае меркаванні гэткай мудрай мыслю: «Калі беларусы і не называюць сябе гэтым імем, то яны гавораць па-беларуску, а знача, чуюць і думаюць „по-русски“».
Запачаткаванае маскоўскімі дзеячамі 1860-х гадоў абрусіцельства крыўскіх зямель агульнымі і аднадушнымі высілкамі расійскай публіцыстыкі, навукі, школьніцтва і адміністрацыі было замацована на працягу наступных 60-ці гадоў: назоў «крывічы» быў выціснуты з жыцця і немаль з пісьменнасці. Вытварана была расійскімі вучонымі тэорыя аб «общеруссах», малодшай галіной якіх сталіся «белоруссы».
Імя «крывічы» зрэдку толькі і нясмела паяўляецца сярод крыўскіх адраджэнцаў-паэтаў: Марцінкевіча, Каганца, Купалы, К. Буйло, Бядулі, Ластоўскага, Езавітава і некаторых паэтаў з малодшага пакалення.
З павыжшага агляду мы павінны зрабіць вось які вывад: усе старыя народы, якія маюць за сабой тысячалетнюю гісторыю, носяць па некалькі імёнаў, каторыя адбіваюць яго гістарычную долю. Прыкладам, народы нямецкага племя справеку былі ведамы лацінцам пад найменнем германцаў. У славянаў яны называліся немцамі, у французаў — алеманамі, а ў літвіноў — vokieèiai, а самі сябе яны называюць розна, залежна ад гістарычнай мінуўшчыны паасобных галін нямецкага племя, як то: готы, швабы, саксы, а пасля наогул усе — deutsche. Хто ж пры здаровым розуме будзе цвердзіць, што германцы, немцы, алеманы і дойтшы не адзін і той жа народ ад самага свайго пачатку?
Гэтаксама народы чудскага, або фінскага, племені самі сябе называюць суомі (suomi), суомаляйсет (suomalaiset), немцы ж іх называюць фінамі, славяне — чуддзю. Эстонцы самі сябе завуць дваяка: suomelased і esti; у латышоў яны — ігауні (iggauni), у чухонцаў — віроляйсэт (wirolaiset).
Скандынаўцы — у сябе свеоны (sweoni), а ў чухонцаў, фінаў і эстаў — руоці (ruoci). Жыхары Даніі называюць сябе донамі, а ў фінаў яны называюцца ютамі.
Народы кельтыцкага племя ў сябе называюцца галамі, геламі (gaelі), а ў немцаў — wälsche, у славянаў — влахі, валохі.
Маскалі самі сябе называюць рускімі, а ў нас і ў украінцаў яны — маскалі, у чухонцаў — веннелясэд (wennelassed).
Палякі ў сябе — поляцы (polacy), у нас — палякі, а даўней у нас і ў украінцаў называлі іх — ляхі, у літвіноў яны — lenkai.
Таксама і наш народ у сваёй тысячалетняй гісторыі насіў тры імені: крывічы, літвіны, русь. Разбіраючы гэтыя тры імені па іх гістарычнаму значэнню, згодна ўсім даным, толькі першае імя ёсць імем нашым уласным, самім народам сабе дадзеным (крывічы — родныя сабе па крыві, сваякі), а другія два былі нам накінуты са стараны.
Сягоння, калі народ сіліцца адрадзіцца ад самых каранёў сваіх і шукае старанна кожнага ценю свае індывідуальнасці (у мове, у абычаях, у мастацтве і пісьменнасці), важна прыпомніць яму яго ўласнае імя, у дадатку — імя, каторае гаворыць аб лепшых днях жыцця нашага народа, з яго вольнымі вечамі і слаўнымі змаганнямі за сваю незалежнасць. Важна самым іменем народа зазначыць, што ён — не фарбаваная адмена чыейсь індывідуальнасці, а сам па сабе індывідуальнасць. Гэта не значыць, што мы павінны выракацца назоваў «Беларусь, беларусы», дый гэта не ў нашай моцы, бо і апошнія замацаваны за намі 100-летняй гісторыяй, цэлай гарой пісьменнасці, і ўрэшце, так называлі і будуць называць нас маскалі і нашы ж памаскаленыя «землякі», якім так дорага гістарычнае ярмо і звязаная з ім няволя, што не здужаюць здабыцца на вольную думку.
Звыш усяго сказанага трэба дадаць, што апошнімі часамі за граніцай намножылася асаблівага кірунку «беларусаў», якія, прыналежачы да абозу чорнай расійскай рэакцыі, даволі ахвотна называюць сябе «белымі русамі», прыдаючы гэтаму імю значэнне, процілеглае «чырвоным» русам. Гэткая ігра словам «белы рус» замацоўвае ў вачах загранічнікаў за нашым адраджэннем апінію чорнай рэакцыі, апінію, вельмі шкодную нам і нічога супольнага з нашым адраджэннем не маючую.
Часцю з рэакцыйных крыніц, а часцю на грунце зменавехаўства людзей, па складу душы свае чорных, якія свежа перамаляваліся ў «чырвоных», падняўся гвалт супраць імён «Крывія, крывічы». Свежыя адэпты «чырвонасці» з роспаччу хапаюцца за белы фігавы лісток «общерусскости», як за апошні ратунак ад паглынаючай іх чырвонасці. З гэтага абозу пасыпаліся аргументы ад Ілавайскага, нясмачныя «перасцярогі», лаянка і г. пад.
Адкідаючы без адповедзі гэныя выступленні, на адну рысу з тых нападак мы павінны звярнуць увагу. Не маючы аргументаў, каб запярэчыць ачавістай праўдзе, што імя «крывічы» ёсць стары і ўласны назоў нашага народа і краю, які мае не толькі роўнае права на існаванне з іншымі навейшымі і са стараны накінутымі нам назовамі, але больш таго, як назоў самаістны, можа павясці крывічоў да акрэслення свае нацыянальнай істоты, без наменклатурнай залежнасці ад «общерусскости», — праціўны абоз падсоўвае нашым ворагам мысль разбівання крыўскага адраджэння пры помачы племяннога дзялення адзінага і суцэльнага крыўскага народа. Метад гэты ў свой час пробавала тасаваць да ўкраінцаў царская Расія, памыкаючыся замест адзінага ўкраінскага руху вытвараць мясцовы сепаратызм — кацярынаслаўскі, харкаўскі, кіеўскі, валынскі, кубанскі. Гэтага метаду хапаюцца цяпер элементы, якія ўціснуліся ў наш адраджэнчы рух, але для якіх рух гэты чужы. Яны разважаюць самі ў сабе так: калі гэта мае быць самаісты народ, а не набела фарбаваная русь, то хай жа ён разаб’ецца на дробныя сепаратныя адзінкі і згіне. Дзеля гэтага крычаць нашы фарбаваныя русы аб дрыгвічах, драўлянах, радзімічах і інш., стаўляючы іх побач з агульнанацыянальным імем «крывічы». Так на саламонавым судзе фальшывая маці вымагала расцяць жывое дзіцё надвае, каб толькі яно не дасталося праўдзівай маці.
Калі ворагі нашага адраджэння стараюцца адарваць ад нас Палессе пад імем драўлян, то з гэтай прычыны няма што цешыцца. Пробы такія былі, ёсць і будуць, але дагэтуль такім спробам з адраджэнчага абозу яшчэ ніхто не патураў. Прыпісванне грам. Ластоўскаму жадання разбіць крыўскі адраджэнчы рух ёсць брыдкая выхадка. Жаданне паставіць на годную вышыню імя «крывічы» лагічна выплывае з разумення адраджэнча-нацыянальнага руху, які павінен апірацца на гістарычную мінуўшчыну і самаістную індывідуальнасць нашага народа, а не на расійскія русіфікатарскія традыцыі. Усякая абарона русіфікатарскіх традыцый, хоць бы з адраджэнчага абозу, з’яўляецца рэакцыяй, якая ў дадатку чапляецца за палітыку царскай улады, хіба ў тайнай надзеі на ўзварот той улады. Збіваючы крывічоў на ролю правінцыянальнай адмены «агульнарускага» пня, нашы пазаднікі гэтым самым пазбаўляюць наш народ яго самаістай гісторыі, яго асобнай культуры і ў будучым — дзяржаўнага адраджэння. Бо якое ж апраўданне могуць мець у вачах усяго свету на асобную самаістную культуру і на асобнае дзяржаўнае існаванне русы ад русаў (белыя ад вялікіх)?!
Нашае адраджэнне ад самых сваіх пачаткаў (ад Марцінкевіча, Багушэвіча і Купалы) было «крыўскай прапагандай», бо імкнулася раскрыць самаістыя сілы і рысы нашай духовасці, нашай гісторыі, словам, — нашай народнай істоты ў мінуўшчыне і будучыне. Крыўскае адраджэнне ад сваіх першых пачаткаў мае на мэце злучыць разбіты гістарычнымі падзеямі вялікі і слаўны крыўскі народ духова і фізычна, а не разбіць яго. Прыняць той ці іншы назоў для абазначэння сябе залежыць ад нас саміх, а не ад тых ці іншых чужынцаў.
Будучыню перад сабой мае толькі той народ, каторы мае ясна выражаныя індывідуальныя рысы, а не рысы, якія з’яўляюцца адбіццём чужой індывідуальнасці ў мове, у гісторыі, у творчасці і сваім нацыянальным імені. Гэта будзе не індывідуальнасць, а паводле акрэслення Бяссонава — «промежуток и недоумок». Як «беларусы» мы — толькі адбіццё агульнарускай індывідуальнасці, нейкі «промежуток и недоумок», але як «крывічы» — мы асобны індывідуум, асобнае славянскае племя са сваёй багатай мінуўшчынай, сваёй асобнай мовай, тэрыторыяй і духовай творчасцю.
Здаровая логіка гісторыі, інтарэсы і традыцыі нашага адраджэння кажуць: Крывія, Русь (Беларусь), Літва — імёны, пад якімі мы ведамы ў гісторыі, але з гэтых імёнаў толькі першыя — крывічы — нашае ўласнае імя. Дык не выракаючыся пражытых у мінуўшчыне імён, не маем права выракацца імені, пад якім выступілі мы на гістарычную арэну, імені, якое акрэслівае нашу нацыянальную індывідуальнасць і з’яўляецца запарукай самаістасці ў будучыне.
Хай сабе палітычныя інтрыганы, заскорбшыя ў паняццях колішняга расійскага царызму і маскоўскага «собирательства», крычаць і пеняцца, — гэта звычайна: так сустрачала рэакцыя ўсе вялікія праўды, — мы ж цвёрда пераконаны, што лепшыя, перадавыя сілы з намі, што адраджэнне нашае пойдзе і далей шляхам вызвалення, а знача, — не ўнікнёна да свае індывідуалізацыі пад імем «крывічы».
- ↑ Первольф (Славяне. Т. III. Ч. II. Б. 188) так кажа: «Название „Белая Русь“ форма книжная; оно сначала означало Русь Московскую (не Литовскую, не Польскую); так и называлась она, напр., у прусских крестоносцев, у разных книжников средней Европы, в Польше (примером, у архиеп. Яна Ласкаго, 1514 г.) да и в самой Москве; но позже, со второй половины XVI ст., „Белая Русь“ — это земли литовско-русские по Двине, Березине, Сожу и верх. Днепру, около Мстиславля, Могилева, Рши (Орши), Свислочи, Режицы, Мозыря, Бобруйска; около 4 волостей „русских“ в отличие от 4 волостей литовских — около Новогрудка, Слонима, Гродно, Минска».
- ↑ Брат Сцяпана, Лаўрын Зізаній напісаў для Масквы катэхізм, прагледзеўшы які, маскоўскі патрыярх Філарэт надрукаваў у Маскве ў 1627 г. (гл. Сопиков. Опыт Росс. библиографии. СПб., 1813. Б. 124).
- ↑ Гл.: O sławianach i ich pobracimcach. Część I, obejmująca rozprawy o języku Samskryckim, tudzież o literaturze Indian, przez W. S. Majewskiego. Варшава, 1816. А такжа «Teka Wileńska». 1857, № 1. Бал. 225.
- ↑ Цяпер расійская рэакцыя найменні «крывіч», «Крывія» таксама тлумачыць польскай інтрыгай, прыдаўшы ёй назоў «крыўскай акцыі».